Павал
Абрамовіч

Павал Абрамовіч

Літаратурны крытык і журналіст, нарадзіўся ў 1977 годзе ў Койданава. Скончыў журфак БДУ, працаваў выкладчыкам, даследаваў пісьменніцкую крытыку. Піша рэцэнзіі, артыкулы і эсэ для папяровых і электронных выданняў, а таксама інфармацыйных агенцыяў. Спавядае флабэраўскую максыму «Чытаць, каб жыць», галоўную задачу бачыць у пабудове камунікацыі між кнігамі.

Больш не павукі

Колькі тысячагоддзяў існуе на свеце мастацтва, столькі ж існуе і цэнзура.

У ліку творцаў, якія першымі пацярпелі ад яе, была таленавітая ткачыха Арахна. Як цвердзіць легенда, Арахна стварыла палатно з адвольнымі, так бы мовіць, сцэнамі жыцця Алімпу. Багам не спадабалася, і раз’юшаная Афіна ператварыла Арахну ў павучыху. Палатно было зніштожана дашчэнту, каб ніводнай ніткі не засталося, не тое што фрагмента з яскравым малюнкам.

Беларуская літаратура з дзяцінства, першых сваіх крокаў, зведала на сабе жорсткасць цэнзараў. Так, за распаўсюд верша «Бунт хлопаў» і ўдзел у хваляваннях сялян 1828 года Паўлюк Багрым, малады крошынскі паэт і каваль, быў аддадзены пад суд, а ягоны паэтычны сшытак канфіскаваны – толькі адзін верш ацалеў, вырваўся на волю, быццам самотны голуб з ахопленай агнём галубятні: «Зайграй, зайграй, хлопча малы…».

Іншы беларускі паэт, Францішак Багушэвіч, чуў у сваёй галаве металічны лязгат цэнзарскіх нажніцаў кожны раз, як нёс уласныя вершы ў рэдакцыю, аддаваў іх у друк. (У 1880-я беларуская літаратура зазнавала таксама гнёт самацэнзуры, вучылася, каб неяк выжыць, эзопавай мове – нездарма Багушэвіч пісаў і байкі.)

Найчасцей прысуд цэнзараў быў няўмольны, як прысуд Арахне. Прыкладам, калі Багушэвіч перадаў рукапіс свайго зборніка «Беларускія апавяданні Бурачка» ў Віленскую губернскую друкарню, Галоўнае ўпраўленне па справах друку забараніла яго друкаваць. Як і зборнік паэзіі Багушэвіча «Дудачка беларуская». З 1899 года абодва рукапісы лічацца страчанымі.

Але больш суворым для гэтага творцы, верагодна, быў вырак яго сям’і. Родныя Багушэвіча не толькі не жадалі, каб іх муж і бацька пісаў на «мужыцкай» мове, а наагул былі супраць, каб ён «крэмзаў вершыкі». Вось адвакатура – гэта вартая справа!

Супраціў, а не падтрымку, з боку крэўных адчувалі многія беларускія літаратары, прычым з маленства. З ліста Марыі Багдановіч, матулі будучага стваральніка «Вянка», ад 29 траўня 1895 г.: «Вот только плохо, что [мае дзеці] стали говорить по-белорусски и иногда такое словечко выпалят, что хоть сквозь землю провались».

Падвоены супраціў, два вострыя лязы адных нажніц – улада Алімпу і ўласная сям’я.

Ткачыху Арахну пакінулі жыць, няхай тое і было здзекам: цяпер ты павучыха і твае новыя палотны прыдатныя адно для лоўлі мух. Між тым у новых пакаленняў беларускіх літаратараў у 1930-я цэнзары спачатку адбіралі творы, а потым – само жыццё. Альбо рабілі яго невыносным, горшым за смерць – і месца для творчасці ў ім ужо не заставалася. Так адбылося ў выпадку з Міхасём Зарэцкім (раман «Крывія»), Андрэем Мрыем (раман «Мёртвы дом»), Кузьмой Чорным (раманы «Раскрыжаванне» і «Вялікае выгнанне»).

Дзясяткі іншых нашых пісьменнікаў, паэтаў і драматургаў рабіліся адэптамі сервільнага мастацтва. Яны ўключалі рэжым самацэнзуры ці наўпрост пакідалі кнігі няскончанымі. І добраахвотна ператвараліся ў павукоў.

Час незваротна сплываў – гара Алімп рушылася пад цяжарам уласных неспатоленых амбіцыяў і крыважэрнай нянавісці. Гнеў багоў усё радзей выклікаў жах. І калі напрыканцы 1980-х да Міколы Ермаловіча прыйшлі двое ў цывільным з тым, каб узяць рукапіс новай кнігі для «азнаямлення», то гісторык ім папросту адмовіў. Празрыстыя вочы Ермаловіча за тоўстымі лінзамі акуляраў весела смяяліся. І ён, і нязваныя госці – слугі Алімпу – ведалі: рукапісы кніг (не толькі Ермаловіча, але і многіх іншых аўтараў) ужо свабодна абарачаюцца ў падпольным друку.

Цэнзарскія нажніцы шчоўкалі цяпер пераважна ў пустым паветры – не чапляючы кніг, не датыкаючыся пісьменнікаў. І як толькі пачаў разбурацца канон, прадвызначаны багамі мастацтву, беларуская літаратура пакрысе расквітнела.

Паэты ўзышлі на трыбуны, замест зніштожаных паўсталі новыя літаратурныя суполкі.

Аднак зусім хутка рукамі ахвотных пачала насыпацца новая гара, прыдатная для таго, каб кідаць адтуль маланкі і аб’яўляць волю, вышэйшую за шэдэўры мастацтва. «Забі прэзідэнта» – творы з такімі назвамі ў сярэдзіне 1990-х былі кінутыя за краты; многія літаратурныя крыніцы засыпаныя друзам і смеццем. Ізноў пачалі ляскаць цэнзарскія нажніцы, крамсаючы і творы, і жыцці. Усім пісьменнікам загадалі сяліцца бліжэй да гары, у рэзервацыі – холдынгу «ЛіМ».

Ды толькі праз час, зусім не працяглы для гісторыі літаратуры, выявіліся дзівосныя рэчы. Каб абысці цэнзуру, больш не трэба хітрыць – напрыклад, выдаваць беларускія кнігі пад выглядам твораў на балгарскай мове (як было гэта калісьці ў выпадку са зборнікам паэзіі Янкі Лучыны «Вязанка»). І страху перад новым Алімпам больш няма – такога, як раней: моцнага, сціскаючага жалезнымі абцугамі людскія душы, пад уздзеяннем якога творцы і іх крэўныя самі спальвалі рукапісы (як было гэта калісьці ў выпадку са зборнікам паэзіі Язэпа Пушчы «Грэшная кніга»).

У палатне гэтай рэчаіснасці, павыціраным за прамінулыя эпохі і залітым чужой крывёю, – зірні і запамятай! – выявіліся вялікія прарэхі. Праз іх можна пабачыць высокае чыстае неба і свет вольнага жыцця – для сябе, уласных кніг і сваіх чытачоў. Новая лічбавая эра і новыя варункі існавання літаратуры, якія не змог прадказаць нават Жуль Верн, дзьмуць з таго боку, быццам моцны вясенні вецер – чорнае цяжкое палатно вось-вось зваліцца долу…

Колькі тысячагоддзяў існуе на свеце мастацтва, столькі ж існуе і цэнзура.

Незлічоная колькасць творцаў, забітых ці ператвораных у павукоў, можа пацвердзіць гэты факт. Але цяпер – адчуй і павер! – можна павярнуцца спінай да гары і сысці туды, дзе твораць іншыя – не прыгнечаныя Алімпам жыхары рэзервацыі, апошнія прадстаўнікі беларускага афіцыйнага мастацтва, а свабодныя і гордыя людзі.

«…і Цынцынат пайшоў сярод пылу, і зваленых рэчаў, і трапяткіх палотнаў, кіруючыся ў той бок, дзе, мяркуючы па галасах, стаялі істоты, падобныя да яго».

Сёння беларускі літаратар збірае грошы на кнігу праз краўдфандынг у Менску, ладзіць прэзентацыю ў Гародні, стажыруецца ва ўніверсітэце ў Нью-Ёрку, едзе на літфорум у Кіеў, сустракаецца з перакладчыкамі ў Парыжы, праводзіць культурны ўік-энд у Вільні. Нават у глухой правінцыі, куды з квазі-Алімпу ледзь далятае злы голас, які патрабуе «даць раман», цяпер працуецца вольна.

Няўжо панаванне Алімпу робіцца нарэшце гісторыяй?

Хочаш дапамагчы часопicу?

Андрэй Пакроўскі