Адам Глобус

Адам Глобус
Фота Алены Адамчык

Адам Глобус — мастак і літаратар. Сапраўднае імя і прозвішча — Уладзімір Адамчык, які нарадзіўся ў 1958 годзе ў мястэчку Койданава, што пад Міскам у Беларусі. Пад псеўданімам Адам Глобус выйшла 33 кнігі. Тэксты літаратара перакладаліся на асноўныя мовы свету. За сваю літаратурную дзейнасць ён узнагароджаны медалём Барыса Карнілава.

Стральцоў

Iлюзіі

У большасці людзей, хто першы раз сутыкаўся з пісьменнікам Міхасём Стральцовым, узнікала ілюзія, што яны бачаць зусім простага чалавека. Такога сабе прасцячка, якога вельмі лёгка зразумець і зусім не складана падмануць. Нешта падобнае адбываецца і з чытачамі стральцоўскай літаратурнай спадчыны. Наіўным чытачам падаецца, што ў лірычных тэкстах Стральцова ўсё навідавоку, усё зразумела з першага прачытання і нішто не вымагае ўважлівага шматразовага перачытвання. Гэтыя дзве ілюзіі хутка разбураюцца.

Стральцоў быў нэндзам, за яго ўсмешлівасцю і ветлівасцю часта ішлі ныццё і бурчанне. У побыце Міхась Стральцоў быў цяжкім і наравістым. Што да яго тэкстаў, дык усе яны шматпланавыя, напоўненыя таямніцамі і вымагаюць напругі для разумення. Вось чаму вакол Стральцова было шмат самападманутых і шмат тых, хто хутка расчароўваўся ў пісьменніку. Як на мой розум, гэтыя расчараванні – доказ вялікага стральцоўскага літаратурнага таленту.

Чурлёніс

Ёсць шмат згадак пра тое, як у часы майго дзяцінства суседзі хадзілі адзін да аднаго «на тэлевізар». У больш багатых кватэрах гэтыя прыборы з’явіліся крыху раней, і ўладальнікі першых тэлевізараў не адмаўлялі сваякам і суседзям у радасці паглядзець вечарам кіно ці спартыўныя спаборніцтвы. Паходы «на тэлевізар» былі гэткай жа нормай, як і разгляданне чужых бібліятэк з просьбай: «Можна я гэтую кнігу вазьму пачытаць?» Адмовіць гледачам тэлевізара і чытачам кніжак было няёмка, бо падобныя адмовы лічыліся дурнымі мяшчанскімі паводзінамі.

Існавалі і выключэнні... Альбомы з рэпрадукцыямі карцін гаспадары не давалі выносіць з кватэры, але дазвалялі іх разглядаць: гэта нейкім чынам прыраўноўвалася да прагляду тэлевізара. У нашым пад’ездзе самы цікавы альбом быў у дзядзькі Мішы Стральцова. Вялікая папка з творамі Мікалая Чурлёніса мяня вабіла. Асабліва падабаўся стралец з лука, які стаяў на гары пад зялёным зорным небам. Кароль з невялікім сонцам у руках мяне таксама радаваў. Карціны Чурлёніса я разглядаў разам з дочкамі Стральцова, Вікай ды Нікай. Мы выдумлялі сабе і нейкія казкі пра герояў карцін Чурлёніса. Змест іх я ўжо не прыгадаю, але сам казачны настрой помніцца дагэтуль.

Кніга

Бывае, што ў адной кнізе шмат чаго важнага супадзе, праявіцца і пазначыцца. Так было з першай кнігай Міхася Стральцова «Блакітны вецер». На першы погляд – звычайная брашурка з досыць сціплым аздабленнем. Прыглядаешся – і бачыш: густоўная вокладка выканана таленавітым кніжным графікам Барысам Заборавым. Пачынаеш чытаць тэксты, а яны ўсе як адзін выдатныя. Назвы апавяданняў лаканічныя і класічныя: «Дома», «Мацеевы дровы», «Восеньскі ўспамін», «Блакітны вецер», «Двое ў лесе», «Суседзі», «Перад дарогай». Меладычная і празрыстая проза Міхася Стральцова не толькі напісана геніяльнай рукою, але і адрэдагавана рукой дасціпнага і ўважлівага да дэталяў рэдактара – Вячаслава Адамчыка, майго таты. Яшчэ ў першай кнізе Стральцова важная дата яе выхаду ў свет – 1962 год. У той час аслабла імперская цэнзура і шмат хто паспеў сказаць, напісаць і надрукаваць праўдзівыя словы. Такіх узорных кніжак, як «Блакітны вецер», у нашай літаратуры мала. Іх і не можа быць шмат, гэта першыя кнігі нашых класікаў.

Пеньюар

Быў час, калі пісьменнікі з пакалення майго таты сябравалі. Цяжка паверыць, але я сведка таго, што Чыгрынаў, Сачанка, Пташнікаў, Караткевіч, Быкаў, Дамашэвіч, Адамчык, Кудравец, Стральцоў, Наўроцкі сябравалі.

Іван Чыгрынаў часта рабіўся аб’ектам розыгрышаў, кпінаў і жартаў. З Чыгрынава было прыемна жартаваць, бо ён заўсёды бурна рэагаваў. Можна было па некалькі разоў паўтараць адзін і той жа прыкол і атрымліваць чыгрынаўскі крык абурэння. Усе ў студэнцкім інтэрнаце ведалі, што ложак у Чыгрынава прадаўлены. Каб спаць на ім, Іван засоўваў пад расцягнутую сетку ложка свой вялікі дыктавы чамадан. Уласна кажучы, на чамадане і спаў студэнт Чыгрынаў. Раз на месяц нехта з суседзяў па пакоі Івана (а іх было блізу дзесяці) выцягваў з-пад ложка чамадан. Іван сядаў на свой ложак і правальваўся да падлогі. Тут і пачынаўся бясплатны канцэрт з абяцаннямі ўсіх пазатоптваць, пазабіваць і павыкідаць на сметнік.

Жарт з чамаданам быў прымітыўным, а вось розыгрыш з пеньюарам – вытанчаным і шматхадовым. Неяк жонка Міхася Стральцова набыла сабе напаўпразрысты чырвоны пеньюар. Пад яго Галіна апранула чорны станік і чорныя майткі. Абулася яна ў чырвоныя туфлікі на высокіх шпільках. Усе былі ў захапленні ад спакушальнага выгляду Галіны Стральцовай. Нехта (ці не Караткевіч?) сказаў, што Люда Чыгрынава паехала з дзецьмі на вёску, Іван сядзіць дома адзін, таму яго можна разыграць. Пачалося хуткае прыдумлянне сцэнарыя…

Галя ў напаўпразрыстым пеньюары прыйшла да самотнага Івана і сказала, што Мішэль пабіў, абразіў і выгнаў яе з дому: яна набыла для мужа гэты шыкоўны пеньюар, а ён, стыляга і бабнік, выгнаў адданую жонку з дому. Расчулены Чыгрынаў пачаў шчыра шкадаваць Галю і накрываць па-святочнаму на стол. Калі стол быў накрыты, Стральцова падышла да акна і запрашальна махнула рукою. Праз хвіліну ў кватэры зніякавелага Вані Чыгрынава ўжо смяяліся сябры: Валодзя Караткевіч, Мішэль Стральцоў, Чэсь Адамчык і Ніна Глобус. Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў роў, абяцаў усіх пазатоптваць, пазабіваць і павыкідаць на сметнік разам з пеньюарам.

Багдановіч

Міхась Стральцоў у кнізе «Загадка Багдановіча» разважае пра паэзію класікаў беларускай літаратуры, і ў яго атрымліваецца апісаць узаемаадносіны беларускага з агульначалавечым. Пэўна, у эсэ Стральцова самае каштоўнае – агульналюдское, якога заўсёды не стае размежаванаму і паразрыванаму на кавалкі свету.

П’янства

Міхася Стральцова ўсе любілі. Было зроблена ўсё, каб ён стаў прызнаным пісьменнікам. Ён стаў ім і… спіўся. Часам я думаю, што Стральцоў спіўся ад шчасця.

Лячэбна-працоўны прафілакторый – ЛПП

У Барыса Сачанкі ёсць успамін пра Міхася Стральцова «Конь гуляў на волі…». Там апісваецца, як Стральцоў патрапіў у ЛПП і выйшаў з яго:

«Новая яго жонка доўга не важдалася з Міхасём. Як толькі атрымала кватэру, здала яго ў ЛПП.

Я тады працаваў ужо ў Саюзе пісьменнікаў. І шчыра, па-чалавечы хацеў дапамагчы Міхасю – выпусціць з ЛПП як найхутчэй. Дзеля гэтага патрэбна была заява ад таго, хто прасіў туды забраць. Выклікалі жонку, папрасілі напісаць такую заяву. Але яна адмовілася гэта зрабіць. Тады мы паслалі ў ЛПП кагосьці з нашых пісьменнікаў, здаецца, Л. Прокшу, ён дамовіўся з начальствам, каб Міхася перавялі на лягчэйшую працу (яго прызначылі бібліятэкарам), а потым праз нейкі час дамагліся, каб і зусім выпусцілі».

Ні са Стральцовым, ні з Сачанкам я ніколі не гаварыў пра ЛПП – турму для хворых на алкагалізм. З іншымі гаварыў шматразова, а з імі – ніколі.

Перад тым як патрапіць у ЛПП, дзядзька Міша спіўся так, што яго нават цяжка было пазнаць. Многія і не пазнавалі. Аднойчы ён пазваніў да нас у дзверы, я адчыніў. Ён папрасіў паклікаць бацьку ці маці. Я гукнуў тату. Пазней спытаў у яго: «Хто гэта да нас заходзіў?» Тата сказаў, што гэта Стральцоў прасіў на бутэльку. Я страшэнна захваляваўся, бо ў змораным і худым чалавеку не пазнаў дзядзьку Мішу. Не пазнаў, бо ён выглядаў не проста іншым, ён нібыта нават стаў ніжэйшым за сябе ранейшага сантыметраў на дзесяць.

Калі я пачуў, што Стральцоў у ЛПП, не здзівіўся.

Жыццё падобнай установы я назіраў зблізку ў Слабодцы, што пад Браславам. Чалавеку, які туды трапляе, амаль немагчыма дапамагчы. Ён трывае цяжар зняволення, а ты мусіш змірыцца з яго адсутнасцю. Тое, што дзядзька Міша там пакутаваў, зразумела. Шмат хто спрабаваў яму дапамагчы і дапамагаў, гэта вядома. На мой розум, шмат што з той дапамогі толькі ўскладняла бытаванне паэта ў ЛПП.

Крыху суцяшала тое, што Стральцоў дасылаў у Мінск вершы і ў штотыднёвіку «ЛіМ» можна было прачытаць:

Шматок паперы, карандаш,

Яшчэ – цыгарка.

Вось гэты дзень – ён будзе наш,

Навошта сварка?

Начытанасць

Не адзін раз Стральцоў выказваў сваё здзіўленне начытанасцю графаманаў... «Сам не можа просты верш скласці, а разважае пра літаратуру так, нібыта збор твораў выдаў. І гэта ён прачытаў, і тое ён ведае, і гэткае ён прагартаў. Дзіву даешся...» Мяне начытанасць графаманаў здзіўляла значна меней. Міхась Стральцоў усё жыццё прапрацаваў у рэдакцыях, дзе за ворага лічыўся нахабны графаман. Таму нават глыбокія веды пра літаратуру не ўратоўвалі такіх пісак ад жорсткай стральцоўскай крытыкі.

Мяне графаманы не раздражнялі, як не раздражнялі і начытаныя людзі. З дзяцінства я сядзеў у маміных бібліятэках, напоўненых самымі рознымі чытачамі. Найбольш начытанымі з тых, каго ведаў я, былі школьныя настаўнікі. Яны разважалі пра паэзію і прозу так, нібыта ўчора елі дранікі разам з Купалам і Коласам, а Багдановіч з Багушэвічам ім тыя дранікі падносілі на срэбных сподках. Калі школьны настаўнік загаворвае са мной пра Кальдэрона ці Фогельвайдэ, я адразу згадваю Міхася Стральцова з яго буркатлівым абурэннем начытанасцю – і на душы цяплее.

Акудовіч

Працуючы ў часопісе «Нёман», Стральцоў не аднойчы друкаваў там матэрыялы, напісаныя маладым Валянцінам Акудовічам. Той вярнуўся з Масквы і шукаў у Мінску працу ды заробкі. Стральцоў даведаўся, што ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» вызваляецца месца загадчыка аддзела крытыкі. На пасяджэнні ў Саюзе пісьменнікаў Міхась Стральцоў прапанаваў узяць у ЛіМ Валянціна. Не ўзялі, бо Янка Брыль выступіў за тое, каб у «ЛіМе» крытыкай загадвалі беларусы, а не яўрэі. Зразумела, што ўсе мы галасуем абедзвюма рукамі за разумных і за беларусаў, толькі не такім чынам, як гэта зрабіў Брыль, паставіўшы Стральцова і ўсіх тых, хто спрабаваў дапамагчы Акудовічу, у малапрыемнае, мякка кажучы, становішча. Стральцоў заперажываў. Выглядала, нібыта заперажываў значна больш за Акудовіча.

Непераборлівасць

Міхась Стральцоў быў непераборлівым у сяброўстве. Вакол яго заўсёды круціліся нейкія ліслівыя Рыгоркі ды зайздрослівыя Лявоны. Яны яму налівалі лішні куфель піва. Яны яму і падносілі тую чарачку, што абавязкова зашкодзіць. Яны прасілі правіць і перапісваць свае графаманскія віршы. Яны выдурвалі ў яго розныя рэкамендацыі, заступніцтвы, гешэфты. Міхась перапісваў графаманію, правіў бяздарныя рукапісы, перакладаў дзеля заробку. Лісліўцы і зайздроснікі абдурвалі і падманвалі Стральцова. Абяцалі вялікія ганарары, а плацілі майстру, як пачаткоўцу. Казалі пра ўзнагароды ды прэміі, а медалі ды ордэны вешалі на грудзі іншых, нібыта больш вартых людзей. Стральцоў незадаволена бурчэў і наконт малых ганарараў, і наконт графаманаў, і наконт чужых прэмій. Ён бурчэў, але так да канца жыцця і застаўся непераборлівым у сяброўствах ды мяккім у чалавечых узаемаадносінах.

Ці былі ў Міхася Стральцова сапраўдныя сябры? Мусіць, не было. Прыхільнікі яго літаратурнага таленту былі. Такіх не шмат, але яны былі і ёсць. Моднасці сярод чытачоў Стральцоў ніколі не меў. Нават такой беларускай моднасці, якую спазналі Наўроцкі ці Караткевіч. Усё вакол Стральцова было досыць сціплым, нават зайздроснікі і лісліўцы былі невялікія.

Партрэт

Малады журналіст Сяргей Дубавец пайшоў працаваць у рускамоўны часопіс «Нёман» пад кіраўніцтва Анатоля Кудраўца. Сяргея ўзялі ў аддзел крытыкі, дзе некалі працаваў Міхась Стральцоў. Дубавец, седзячы якраз пад партрэтам Стральцова, заказаў мне эсэ. Я напісаў тэкст пра куміраў, пра тое як, хто і нашто іх сабе стварае. Дубаўцу эсэ спадабалася, але яно не глянулася намесніку Кудраўца – Генадзю Бубнаву. Сяргей заказаў мне яшчэ адно эсэ пра беларускіх авангардыстаў 60-х, 70-х і 80-х гадоў. Я напісаў «Беларускі авангард»: пра Караткевіча, Стральцова і Семашкевіча, пра Заборава, Паўлоўскага і Хацкевіча. Змагар з Карлам Марксам Генадзь Бубнаў і авангардыстаў не прапусціў. Дубавец угаварыў мяне зрабіць трэцюю спробу і напісаць пра беларускіх ар’ергардыстаў у манументальным мастацтве. Я напісаў пра халтуршчыкаў, што малявалі і ляпілі Леніна. Ар’ергардысты зусім не спадабаліся пільнаму Бубнаву.

Так бывае, што ў нейкай рэдакцыі цябе не вельмі любяць. Гэта нармальна. Проста не трэба было рабіць тры спробы, каб пераскочыць антымарксіста Бубнава. З падобных рэдакцый варта сыходзіць пасля першай адмовы. Я і сышоў бы, каб не фотапартрэт Міхася Стральцова; цяпер я перакананы, што гэтыя тры эсэ я напісаў для яго.

Літаратуразнаўчыя лішкі

Здараецца, што надыходзіць час, калі архітэктура пазбаўляецца ад лішкаў. З пыхлівага ампіру аблятаюць капітэлі, сандрыкі і пінаклі. Агаляецца і радуе вока чыстая і функцыянальная канструкцыя. У часы суровага стылю, на які прыпала маладосць Міхася Стральцова, так і здарылася. У свеце запанавалі простасць і светласць. Зараз зноў канструкцыі і формы аздабляюцца малапатрэбнымі і малапрыгожымі лішкамі. Кнігі ў гэтых працэсах не з’яўляюцца выключэннем.

Новы том Стральцова ў серыі «Беларускі кнігазбор» аблямаваны літаратуразнаўчымі лішкамі. Ёсць у кнізе прадмова Анатоля Сідарэвіча, з якой больш новага даведваешся пра Сідарэвіча, чым пра класіка Стральцова. Ёсць каментары Міхася Скоблы, у якіх можна дазнацца, што Марк Твэн – англійскі пісьменнік. Ён і сапраўды пісаў па-англійску і можа залічвацца ў пісьменнікі англійскія. Толькі Скобла англамоўнага Стывенсана чамусьці залічвае ў шэрагі шатландскіх пісьменнікаў.

Каб лішкі, напісаныя Сідарэвічам і Скоблам, былі найгоршымі ў новым зборніку Стральцова, я і не засмучаўся б. Ці мала хто пра каго піша і друкуе пустых і недакладных слоў! Самае горшае ў кнізе Стральцова – падборка лістоў. Калі ў прозе і вершах, змешчаных у томе, Міхась Стральцоў геніяльны, дык у лістах ён прагматычны, сухі і не зусім шчыры. Нават злосць, выказаная пісьменнікам у лістах, не выглядае пераканаўча.

«Вунь бабы, Іпатава і іншыя, гвалтам з нашых празаікаў порткі рвуць і падэшвы здзіраюць, а на якога-небудзь Брыля дык ужо нават і не зважаюць: і для пасцелі, маўляў, ужо стары, і пісаць не ўмее, і на хвалу скупы. А папускацца бабам, бадай, не трэба: мала ім таўчы нас у жыцці, дык яшчэ і ў літаратуры», – чытаеш падобнае і не пазнаеш Стральцова. Вядома, я не сумняваюся, што ён такое мог сказаць і напісаць, але ці трэба падобнае ставіць у кнігу з падзагалоўкам «Выбраныя творы»? Зрэшты, які ўкладальнік – такое і выбранае.

Выпіўка

Ёсць людзі, з якімі хочацца выпіць, а ёсць і такія, з якімі выпіць трэба. З кім я толькі не выпіваў!.. Шмат выпіваў, але піць па-чалавечы так і не навучыўся... Злоўжываў. Перабіраў. Напіваўся. Самога сябе не любіў за нястрыманасць у п’янстве. Кідаў піць і кінуў. Згадваючы сваё п’янства, цяпер шкадую, што не выпіў з Міхасём Стральцовым. Калі ён прапаноўваў, я адмаўляўся. Калі мне хацелася прапанаваць чарку яму, Стральцоў ужо завязаў. Нашы п’яныя часы не супалі. Можа, яно і добра, што з Міхасём Стральцовым я ніколі нічога не выпіў мацнейшага за гарачую гарбату. Усе нашы размовы былі крыштальна цвярозымі.

Вальтэр

Разглядаў фотаздымкі і маляваў партрэт Міхася Стральцова. На паперы вымалявалася вальтэраўская саркастычная ўсмешка. На твары Міхася я шмат разоў бачыў іранічную стыльную парыжскую ўсмешку, але стральцоўскі сарказм я пабачыў толькі з вялікай трыццацігадовай адлегласці.

Быкаў

Нельга адначасова любіць творчасць Міхася Стральцова і Васіля Быкава. Можна быць аднолькава раўнадушным да іх літаратурнай спадчыны, гэта цалкам магчыма. Можна імітаваць роўнае стаўленне да абодвух, такое таксама рэальна; але любіць і захапляцца можна толькі адным з іх. Мілітарызм Быкава і асацыяльнасць Стральцова – рэчы несумяшчальныя. Кантрасны, плакатны, дзяржаўны Быкаў і вытанчаны, самотны, жывапісны Стральцоў знаходзяцца на розных літаратурных кантынентах. Калі ты на кантыненце разам з Міхасём Стральцовым, дык паміж вамі і Васілём Быкавым ляжыць акіян. Так што або твой Быкаў і мой Стральцоў, або наадварот; або-або і трэцяга няма.

Стральцоў і Сыс

Лукашэнка ў чарговы раз сустрэўся з тутэйшымі пісьменнікамі і калялітаратурнымі дзеячамі. Зноў вялася гутарка пра нашу беларускую і мясцовую рускую літаратуру. З матэрыялаў, што я прачытаў пра гэты эпізод у жыцці літаратурнай Беларусі, стала зразумелым: кананізацыя творчасці Быкава і Караткевіча завершана. Цяпер надыходзіць час дадаваць новых класікаў у беларускі літаратурны пантэон. На ролю найноўшых класікаў найбольш падыходзяць Міхась Стральцоў і Анатоль Сыс. У іх паводзінах заўсёды была такая актуальная сягоння антыдзяржаўнасць.

Ратаванне

У часы роспачы мяне ратавала легкакрылая проза Стральцова… Ратаваць ратавала, але ніколі не натхняла так, як дзённік Сэй Сёнагон ці занатоўкі Брыля.

Наступнікі

Некалькі разоў, бачачы, што творчасцю Міхася Стральцова зацікавіліся маладзейшыя за мяне літаратары, я з радасцю казаў: «Вось і ўсё! Вось і не трэба мне займацца Стральцовым. Ёсць каму займацца і без мяне…» Праходзіў час, я вяртаўся да спадчыны Міхася Стральцова, яна зноўку прыцягвала мяне…

ДУРАЦІЛА

Святло

Ведаеш, трэба імкнуцца да святла. Нават Дураціла ведае, што варта да святла ісці, паўзці, сунуцца. Ён паважае святло, асвятленне і асвету. Асветнікаў шануе. Эпоха Асветы для Дурацілы адна з узорных. Яна не такая ўзорная, як росквіт у старажытнай Грэцыі, але пасля вялікіх кінікаў у прыярытэтах Дурацілы адразу ідуць магутныя асветнікі. Святло, святлынь, святланоснасць і святладайнасць для Дурацілы найвышэйшыя праявы прыроды. Сонца – ягоны цар, бог і начальнік па-над начальнікамі. Дураціла заўжды і паўсюль ідзе на святло, ён нават праз дарогу ідзе на святло, нават на чырвонае святло ідзе...

Салаўі

Захмялелы лінтаратар Дураціла спыняецца каля мяне і кажа: «Жонка твая – Алена – прыязджала ў Лысагор’е на лецішча. У тры гадзіны дня пыталася ў мяне пра салаўя. Якія салаўі ў тры гадзіны дня? Салаўі…» Тут якраз і жонка мне затэлефанавала: «Дзе ты?» – «Слухаю, як Дураціла спявае пра цябе і салаўёў». – «Свайго жыцця ў чалавека няма, дык ён пра чужое спявае!» – «Дураціла, мая жонка кажа, што ў цябе няма свайго полавага жыцця!» – «А на халеру яно мне трэба…»

Сабакаватасці

Дураціла, безумоўна, мае разумовыя здольнасці, уласцівыя нармальнаму чалавеку. Некаторым падаецца, што здольнасці Дурацілы нават вышэй за сярэднія. Толькі існаванне ў нашым наскрозь ваенізаваным грамадстве патрабуе ад індывіда не толькі яснага розуму, а яшчэ і здаровых зубоў. Калі ты не можаш падтрымаць сваё слова дзеяннямі, грош табе цана. Сабака, які гучна брэша, а пакусаць не пакусае, у гаспадарцы не вельмі каб і патрэбны. У сваіх паводзінах Дураціла хоча быць падобны да Антысфена, пра якога сказалі: «...быў сапраўдным сабакам. Але не зубамі кусаў – бальней біў словам». Біць словам Дураціла спрабуе ўвесь час. Выходзіць у яго кепска, бо б’е слаба і амаль ніколі не патрапляе ў цэль. Затое ў Дурацілы добра атрымліваецца іншая сабакаватасць – ён выдатна віляе брудным і калматым хвастом.

Перакананні

Пытаю ў Дурацілы: «Якія ў цябе палітычныя перакананні?» Простае пытанне. Для ўсіх простае, а для дубаватага Дурацілы – заскладанае. «Шахматыст…» – асцярожна адказвае Дураціла. Не камуніст і не сацыяліст, не злосны нацюга і не салодкі ліберал, не прыземлены з зялёных і не паднебны з брунатных, а шах-ма-тыст. Тут і заманулася мне ўзяць шахматную дошку і гэтую дошку, у чорныя і белыя шашачкі, апрануць на чалавека. Калі на чалавека апрануць шахматную дошку, атрымаецца арлекін! А ў арлекіна, відавочна, ёсць палітычныя перакананні, арлекін – анархіст. П’еро ў сваіх белых апранахах, са сваімі слязьмі і невылечным мінорам, канешне, правы і, зразумела, кансерватар. Арлекін – наватар, эксперыментатар і лявак. Такія думкі наведалі мяне ў час палітызаванай размовы з Дурацілам.

Дым

Бачыў у Мінску старога, пасівелага, бруднага Дурацілу. Ён пазіраў на пляц з-за рога дома, цікаваў за бадзёрай падрыхтоўкай да свята горада. Зайздрасць да маладых выходзіла з ягоных шэрых вушэй сінім дымам.

Смага

Дурацілу смажыла. Так смажыць п’янтоса раніцаю. Дураціла спрабаваў падмануць свой арганізм вадою. Не атрымалася. Давялося выбірацца з бярлога і валачыся ў вёску па самагон. Ліпень выдаўся спякотным. Дураціла ішоў па запыленай дарозе і праклінаў сваю прагу да п’янства. Праклёны крыху супакойвалі, таму Дураціла кляў і кляў сябе на чым свет стаіць. Каля лесу Дураціла пабачыў купку вяскоўцаў. Тыя стаялі над чалавекам, што ляжаў у прыдарожным пыле. «Добра апрануты, мусіць, з пісьменніцкіх дач, што ў Лысагор’і!» – разважаў вясковец у пляскатай кепцы. «Сівы, барадаты, у акулярах. Пэўна, пісьменнік і ёсць», – вяскоўца падтрымала баба ў белай хустцы. Дураціла падышоў бліжэй і пазнаў у выкачаным у пыл чалавеку перакладчыка Зліўчыкава. Радасць ахапіла Дурацілу. Ён вырашыў завалачы перакладчыка дамоў і там атрымаць ад удзячнай жонкі Зліўчыкава заслужаныя сто грамаў на апахмелку. Вяскоўцы добра ведалі п’янтоса Дурацілу, які працаваў вартаўніком на пісьменніцкіх дачах, таму дазволілі забраць упітага да бяспамяцтва чалавека. Сем патоў сышло з неапахмеленага Дурацілы, пакуль ён валок на сабе перакладчыка. Смага не давала Дураціле спыніцца і адпачыць, таму праз чвэрць гадзіны ён ужо грукаў у дачныя дзверы. Узмакрэлы ды задыханы Дураціла і слова не паспеў прамовіць, як на яго палілася брудная лаянка з пашчы спадарыні Зліўчакавай: «А каб ты здох, Дураціла! А каб табе гарэлка колам у горле стала! А каб цябе калатун калаціў і раскалаціў на пыл! Калі ты будзеш спойваць майго Валодзю, я сама цябе раскалачу на шэры пыл. Ты ў мяне зведаеш такую калатнечу, якой Лысагор’е яшчэ не бачыла! Пайшоў прэч, вырадак…» З усяго сказанага жонкай Зліўчакава Дураціла зразумеў адно: не налье. Смага схапіла Дурацілу за сэрца мёртвай хваткай. Давялося вяртацца на пыльную дарогу і калываць у вёску, а там… Там сто грам, і яшчэ сто, і яшчэ… Да забыцця, да нябыту, да новай смагі.

Чорны манах

Учора ў кавярню «Акварыум» заходзіў Дураціла. Усім прысутным ён распавядаў гісторыю пра Чорнага манаха… На Лысагор’і, дзе Дураціла ўжо адзінаццаты год вартуе дачныя дамкі, з’явіўся Чорны манах. Пад раніцу ён выходзіў з лесу і прагульваўся па пустых вуліцах у дачных пасёлках. Дураціла неаднойчы піў усю ноч навылёт і бачыў за вакном Чорнага манаха. Самому Дурацілу той манах-вандроўнік нічога кепскага не рабіў, але лысагор’еўцы пачалі скардзіцца, маўляў, Дураціла як вартаўнік кепска выконвае даручаныя абавязкі, дазваляючы розным валацугам бадзяцца каля дачных садоў. Пасля другой бутэлькі кагора, пасярод кароткай ліпеньскай ночы Дураціла раптам вырашыў пайсці ў Заслаўе да ксяндза, каб той навучыў – як прыбраць Чорнага манаха з дачных вуліц і тупікоў. Узяў Дураціла ліхтарык і пайшоў у Заслаўе. Зайшоў ён у лес, там ліхтарык і згас. Лямпачка стрэслася. Давялося Дурацілу ісці праз лес у шчыльнай цемрадзі. Калі ж ён выйшаў з лесу на поле, дык пабачыў Чорнага манаха. Дураціла – чалавек смелы, але ад страху прысеў, а потым і прылёг. Манах ці то не заўважыў п’янога Дурацілу, ці то зрабіў выгляд, што не заўважыў. Дураціла асцярожна запоўз за прыдарожныя валуны, дзе і праляжаў да раніцы. Калі развіднела і Дураціла наважыўся вызірнуць з-за камянёў, дык пабачыў ядлаўцовы куст замест Чорнага манаха. Усім лысагор’еўцам Дураціла сказаў, што адным сваім намерам звярнуцца ў касцёл ён ператварыў валацугу-манаха ў куст ядлоўцу. Вядома, што Дурацілу ніхто веры не даў, але і Чорнага манаха больш не бачылі ў Лысагор’і.

Свята

На каталіцкі Вялікдзень сустрэў Дурацілу, той завітаў у нашу кавярню «Акварыум». Пасядзелі, пагаманілі пра дзённік Ісікавы Такубоку, напісаны лацінкаю, пра няправільныя і правільныя тэхнікі апахмелу і пра кармічныя хваробы, якія нападаюць на цела сына за грахі бацькі. «Пайду працаваць», – кажу Дурацілу. Той: «Пачакай да дзвюх гадзін, бо нядзеля, светлая нядзеля, свята!» – «Мяне ў праваслаўныя пахрысцілі…» – «Усё адно, пачакай да дзвюх гадзін, а потым працуй». – «Мяркуеш, Бог сядзіць і на гадзіннік паглядае? Думаеш, яму цікава – а якой-такой я пачну працаваць?» – «Не цікава Яму, твая праўда».

Язапад

Дураціла выпіваў з Язападам Попелам-Глінскім. Язапад кульнуў чарку, пашкрэб сівую бакенбарду і прамовіў выкладчыцкі тонам: «Ты ведаеш, Дураціла, як цяжка ябаць маладую жонку?» Дураціла схіліў галаву набок, лісліва заўсміхаўся і спытаў: «Дапамагчы?»

Веды

Больш за суткі Дураціла піў са Славамірам. Пілі яны піва і гарэлку. Пілі і вялі размовы… «Ёсць нешта такое ў свеце, пра што ты нічога не ведаеш?» – папытаў Славамір у Дурацілы. «Няма-а-а!» – упэўнена адказаў той і застаўся сядзець з шырока адкрытым ротам.

Сякера

Часам і Дураціла разумнее. Вядома, калі ён у гадзіну дня, седзячы ў спёку на праспекце Незалежнасці, смокча з рыльца гарэлку, назваць яго разумным цяжка. Таму я і папытаўся, што ён з сабою робіць? Дураціла сказаў, што чакае грыбны суп са смятанаю, каб апахмелкавую гарэлку крыху засёрбаць. Тоўстая афіцыянтка неўзабаве прынесла суп, шчодра забелены смятанай. Дураціла перад першай лыжкай гарачай закускі згадаў маму і сказаў: «Мне маці некалі сказала: сынок рабі, што захочаш, абы пад мостам з сякерай не стаяў!» Дураціла пад мостам не стаіць, людзей сякерай не сячэ і не палохае, гарэлку закусвае… Ён бывае, дзякуючы маці, разумны.

Валасы

Бывае, Дураціла запускае вусы, а бывае і бараду не голіць. Ходзіць Дураціла непастрыжаны і непаголены, як той ваўкалак. Дураціла не кажа, што ён гадуе вусы, як шляхціч. Дураціла прызнаецца шчыра, што не стрыжэцца і не голіцца з-за ляноты.

Верш

Дураціла трапіў у бальніцу. Думаў – капец. Выжыў. Зноў сядзіць каля ўніверсама «Цэнтральны» пад чырвонымі парасонамі кавярні «Акварыум». Гарэлку каўтае. Расказвае пра прыгоду: «З’еў зашмат! Мне пасля абшырнага інфаркту нельга шмат есці. Нажэрся і стала кепска. Выклікалі дактароў. Вязуць мяне ў бальніцу. Адзін доктар стары, а другі маладзенькі зусім – шчаўлік. Абодва кажуць… Мужык, не сыходзь! Чую я іх дуэт. Чую пранікнёнае… Мужык, не сыходзь! Адказваю… Хлопцы, я не збіраюся сыходзіць! Адказваю, а голасу майго не чуваць. Язык не паварочваецца. Толькі ў думках і магу паўтарыць… Мужык, не сыходзь! Выратавалі мяне. Вярнуўся я да жыцця і верш склаў…

Няма таго, што раньш было,

I толькi надпiс «Дураціла»,

На лiпе ўрэзаны ў кары,

Казаў вачам аб той пары.

Расцi, ўзмацовывайся, дрэва,

І манументам паўставай,

Да неба надпiс уздымай».

Пылінка

У Дураціла ёсць сяброўка – Пылінка. У Дурацілы шмат сябровак, але пра Пылінку можна было б сказаць, што яна – Дураціла ў станіку і ў спадніцы. Толькі Пылінка не носіць спадніц і станікаў, яна ходзіць у брудна-сініх нагавіцах ціпа джынсы.

Цукар

Дураціла любіць цукеркі, але грошы, калі толькі з’яўляюцца, адразу ж сыходзяць на гарэлку з закусонам, і на салодкае нават рубля не застаецца. Таму ў кавярнях Дураціла выпрошвае ў знаёмых пакецікі з цукрам. Ён сыпле цукар з надарванага пакеціка адразу ў рот і такім чынам падсалоджвае сваё горкае жыццё.

Сыс

Мароз пад дваццаць, а Дураціла стаіць расшпіляханы на выдавецкім ганку. Чакае пачастунак, бо прачуў, што пісьменнікам выдаюць ганарары. Вялікая справа ў наш час – атрымаць ганарар за кнігу. Хай маленькі ганарар, і ўсё ж. «Пачастуеш?» – спытаўся ў мяне Дураціла. Не хацелася яго частаваць, але радасць мяне перапаўняла, а калі яна пераліваецца праз край – варта падзяліцца. «Пайшлі, куплю бутэльку!» Мы накіраваліся ў краму. Па дарозе Дураціла мяне здзівіў: «Ты напісаў, што Сыс – паэт; а ён не паэт!» – «Калі Сыс не паэт, дык хто тады паэт?» – «Пятро Прыходзька – паэт!» – «Ты сядзь і напішы, што Сыс не паэт. Усе думаюць, ён – паэт, а тут ты са сваім Прыходзькам... Напішы. Сыс варты таго, каб пра яго нават такое пісалі...» – «Ніхто не надрукуе. Нашто пісаць, калі не надрукуюць? Вунь я пра кнігу «Сам-насам» напісаў, і ніхто не надрукаваў... За дваццаць гадоў ніхто нідзе не надрукаваў...» – «Параўнаў ты Сыса з нейкім там Панасам Ананасам. Пра Сыса нават дуроту надрукуюць, бо пра паэта...» – «Ён быў не паэтам, ён артыстам быў. У ім артыстычнага было болей, чым паэтычнага... Памятаеш, як ён усё на сцэну лез? Чаму ты бярэш маленечкую бутэльку? Ты мне вазьмі вялікую!» Мароз на вуліцы такі, што я ўзяў Дурацілу вялікую гарэлкі са свайго маленькага ганарару за кнігу кароткіх казак.

Верш

Пытаюся ў Дурацілы... Хто з нашых паэтаў выпусціў найлепшую кнігу ў 2013-м? Я ва ўсіх знаёмых пытаюся пра паэзію. У мінулыя гады пытаўся яшчэ пра эсэістыку і прозу, а ў гэтым вырашыў абмежавацца адно лірыкай. «Ёсць! Ёсць у нас выдатны паэт... Як жа ягонае прозвішча? Забыўся! Ён з Аксанкай Спрынчан сябруе... Ты яго мусіш ведаць. Выдатны паэт... Зараз-зараз, пачакай. Ну, ён такога, як ты веку. Худы, такі худы, што шчокі запалі, выглядае так, нібыта ў яго зубоў няма...» – «Мо ты ягоны верш які ўспомніш?» – «Які верш? Я імя і прозвішча забыўся, а ты хочаш, каб я ўспомніў ягоны верш!»

Палякі

«Пятровіч не хоча друкаваць Максіма ў сваім часопісе!» – абураецца Дураціла. «Максім напісаў «Пана Тадэвуша», яго ў тэатры нават паставілі, а Пятровіч з Івашчанкам адмаўляюцца друкаваць п’есу нашага Максіма ў сваім «Дзеяслове»! Хіба яны людзі?» – «Можа, таму адмаўляюцца, што Максім не пісаў «Пана Тадэвуша», бо яго напісаў Адам Міцкевіч?» – «Валодзя, Міцкевіч п’есаў не пісаў!!!» – «Ну дык і Максім не пісаў п’есы пра пана Тадэвуша, гэтую п’еску пра Тадэвуша напісаў Сярожка Кавалёў!» – «Во, блядзь, паблытаў! Правільна – Сярожка напісаў «Пана Тадэвуша»!» – «Не, наш Сэрж напісаў пра пана Тадэвуша, а «Пана Тадэвуша» напісаў паляк – Адам Міцкевіч!» – «Ты мяне заблытваеш, знарок!» – «Не я цябе заблытваю, а Сэрж з Максам. Яны пабралі чужыя назвы для п’ес. Міцкевіч, які паляк, а не той, што стаў нашым Якубам Коласам, напісаў «Пана Тадэвуша» і «Дзяды»...» – «Блядзь, правільна! Макс напісаў «Дзяды», а Пятровіч адмовіўся іх друкаваць... Во!» – «Паляк Міцкевіч па-польску напісаў паэмы «Дзяды» і «Пан Тадэвуш», а Макс і Серж напісалі п’есы па матывах гэтых паэм, а Івашчанка з Пятровічам іх, як ты кажаш, друкаваць не хочуць? Можа, ім палякі яшчэ датацый не далі? Можа, як дадуць, дык і п’есы надрукуюцца? Як думаеш?» – «Максіму грошы патрэбны, добра было б, каб палякі якіх злотых яму падкінулі. Мы б на іх гульнулі...»

Апранахі

Ён заўсёды непрыемна здзіўляе апранахамі. Нават не самімі апранахамі, а іх дзікунскімі спалучэннямі. Дураціла сам нічога не купляе, ён даношвае чужое – падоранае знаёмцамі. На Дураціле нават саколка і шкарпэткі з чужога пляча. Таму выгляд Дурацілы нагадвае прыпыленую стракатасць са сметніка. Не буду казаць, што Дураціла ходзіць брудны і ад яго тхне бамжом. Віном і гарэліцай патыхае. Яшчэ не да бамжовага стану ён апусціўся, але ступень апушчанасці вялікая, бо беспрацоўны чалавек нават здалёк пазнаецца, зноў жа з-за гэтага дзікунскага спалучэння чужых апранахаў на няскладным целе. Асабліва цяжка мне было ад таго, што я пазнаў на Дураціле швэдар свайго бацькі нябожчыка. Швэдар той перадала Дурацілу мая маці. Нібыта і ўсё правільна зроблена, ніхто нічога не краў, рэчы не прапалі, яны спатрэбіліся і прыдаліся. Толькі глядзець на Дурацілу, апранутага ў рэчы нябожчыкаў, бывае вельмі непрыемна і нават страшнавата.

Праўда

Дураціла ведае: каб праўду пачулі, яе трэба не гаварыць і не казаць, яе трэба рэзаць. Як людзі прыдумалі – рэзаць праўду-матку. У далёкай працоўнай маладосці Дураціла ўпарта трэніраваўся рэзаць праўду. «Я чытаю свае вершы на заводзе! Я чытаю свае вершы станкам! Яны і толькі яны – станкі – мяне разумеюць!» У краіне, дзе шмат казалася пра дыктатуру пралетарыяў, дзе рабочыя лічыліся авангардам савецкага народа, Дураціла са сваімі станкамі выглядаў арганічна. Выглядаў ён плакатна, але натуральна. У новай палітычнай сітуёвіне Дураціла скаціўся на маргінэс. Замест праўды-маткі ён пачаў трындзець на любую застольную тэму, галоўнае, каб сабутэльнікі яму налівалі дармовыя напоі. З паэта-крыкуна Дураціла стаў трындзюком-шаптуном, які за чарку гарэліцы прашэпча пра ўсё на свеце... Пра грынга ў Парагваі, пра цот і лішку, пра раздваенне адзінага, пра японскі дзённік, напісаны лацінкай... Перабраўшы, Дураціла можа рэзнуць і праўду-матку, але Дурацілава праўда патыхае такім перагарам, што ад яе цягне на ваніты.

Кніжулька

Ён усё сваё жыццё нешта-нейкае пісаў. Зрэдку ягоную пісаніну друкавалі ў мясцовых выданнях. Публікацыі Дураціла старана збіраў і захоўваў, каб у свае пяцьдзясят з доўгім хвастом нарэшце выдаць першую кніжульку. Ён спадзяваўся, што кніжулька атрымаецца рамантычнай і ўзнёслай, а выйшла пошла. Ты здзівішся і спытаеш, чаму менавіта «пошла»? Разумееш, мой дарагі дружа, калі мужчына старана апісвае любоў да ўласных дзяцей, якіх даўно кінуў у Парагваі, а свайго роднага тату паказвае паўдуркам, гэта пошла. Зрэшты, інакш і быць не магло. Дураціла – натура цэльная, ён і пад вокладкай першай кніжуленцыі застаецца Дурацілам-пошлым. Адно, што суцяшае, – ёсць-ёсць у нас сярод чытачоў і аматары пашлаватых тэкстаў.

Прэмія

Дураціла смерць як хацеў атрымаць прэмію за сваю танюткую кніжульку для падлеткаў. Падсоўваўся, падлазіў, падкотваўся да ўсіх, ад каго, на ягоную, Дурацілаву, думку, выдача грашовай прэміі залежала. Ён ліслівіў і прыніжаўся, бо верыў, што ягоная кніжуленцыя з найлепшых. Яшчэ Дураціла верыў, нібыта прэміі прысуджаюцца менавіта за змест кнігі, а не за грамадска-палітычную дзейнасць аўтара, у якой сам ён знаходзіцца на маргінэсе – паблізу ад смуродлівых сметнікаў. Пэўная логіка ў паводзінах Дурацілы ўсё ж была, бо шмат каму ў нашым бязлітасным свеце і сапраўды вельмі хочацца, каб усе беларусы выглядалі чмошнікамі і каб у грамадстве яны займалі найгоршыя іерархічныя прыступкі. Адно да чаго не змагла датумкаць аброслая поўсцю Дурацілава галава, што выдавальнікі прэміі не захочуць стаяць побач з чмошнікам. Побач з карузлікамі ды ліліпутамі, побач з нябогамі ды калекамі любяць пастаяць сапраўдныя каралі, а не выдавальнікі дзесяці тысяч чужых баксаў. Выдавальнікі любяць пастаяць побач з падобнымі да сябе і поплеч з мацнейшымі за сябе, а стаяць побач з Дурацілам ім не хацелася зусім, пра што яны і сказалі яму шмат разоў самымі даходлівымі словамі.

Крытык

Крытык Леанід напісаў, што ў рукапісах Дурацілы ёсць шчырая графаманія. Смела. Не кожны крытык можа так секануць празаіка. Далёка не кожны. Тым больш калі пісальнік шчырай графаманіі відавочна дужэйшы за смелага крытыка.

Парагвай

Пішаш сабе, пішаш партрэт Дурацілы. Надакучвае. Здаецца, што ўсё істотнае пра Дурацілу сказана і можна прызнаць партрэт скончаным, ды не атрымліваецца. Усплываюць новыя эпізоды з бязладнага жыцця антыгероя, пра якія абавязкова трэба расказаць... Ну хоць бы гісторыю з квітком у Парагвай. Дураціла кінуў у Лацінскай Амерыцы жонку з дзецьмі. Уцёк. Не вытрымала беларуская душа і беларускае цела задушлівага парагвайскага жыцця. Збег Вераціла дамоў. З дому ён пісаў у Парагвай лісты. Казаў, што моцна сумуе без дзяцей і пры першай нагодзе іх адведае. Зразумела, што нагода не з’яўлялася.

Падманваў Дураціла жонку, але ж людзі любяць быць падманутымі. Вераць яны ў шчаслівы канец казкі. Так і парагвайка верыла, што Дураціла да яе вернецца.

Заробіць крыху грошыкаў, набудзе квіток на самалёт і пераляціць праз Атлантычны акіян. Пераляціць, каб абняць яе і любімых дзетак. Таму яна і выслала Дурацілу дзве тысячы даляраў на квіток. На той час – вялікія грошы. За іх можна было не толькі заляцець з Беларусі ў Парагвай, а можна было і вярнуцца з таго Парагвая ў Беларусь. Дураціла не паляцеў праз акіян. Ён прапіў прысланыя даляры ў бары «Акварыум». Прапіў разам з падобнымі да сябе дурнямі. Школьны настаўнік Карпейчык моцна абураўся такімі паводзінамі складальніка лжывых лістоў у Парагвай. Карпейчык шмат кім і шмат чым абураўся ў нашым маласправядлівым свеце, а таму Дураціла не звярнуў на ягоныя абурэнні ніякай увагі.

Шлях

Дураціла жыве бажаволкам. Ён не разумее чалавека, у каго ёсць грошы, а на іх той не купляе бутэльку гарэлкі. Дураціла не можа зразумець і таго мужчыну, у якога ёсць бутэлька, і ён не адкаркоўвае яе, каб выпіць. Калі ў Дурацілы з’яўляюцца рублі, а яны часам аднекуль бяруцца, на атрыманыя грошы адразу ж купляецца выпіўка. Калі ў руцэ Дурацілы ёсць бутэлька, яна тут жа ж і адкаркоўваецца. Пакуль Дураціла не зробіць з адкаркаванай бутэлькі глыток, ягоная душа дрыжыць, сціскаецца і ные. Калі бутэлька спусташаецца, Дураціла пачынае марыць пра наступную вялікую бутэльку з моцнай гарэлкай. Да наступнай бутэлькі ён ідзе найкарацейшым шляхам – шляхам бажаволка.

Швейцарыя

Здараецца так, што нехта з беларускіх літаратараў сустракае мяне на вуліцы і знаёміць з замежнымі пісьменнікамі. Артур Клінаў зазвычай знаёміць з немцамі. Сяргей Сматрычэнка – з чэхамі. Юля Цімафеева днямі пазнаёміла са швейцарскім празаікам. Пасля знаёмства я зайшоў у «Акварыум», узяў эспрэса і падсеў за столік да Дурацілы. Каб не маўчаць, я расказаў пра вулічнае знаёмства з празаікам з нямецкамоўнай Швейцарыі. «Гнілая краіна – Швейцарыя!» – зрабіў заяву Дураціла. «З чаго ты ўзяў, што Швейцарыя – краіна гнілая?» – «Людзі там сквапныя. Перспектыў у краіны няма. Грошы тамака не заробіш!» – «Мне Швейцарыя падабаецца. Праўда, я бачыў яе толькі праз самалётны ілюмінатар. Шыкоўныя горы з азёрамі, скажу табе». – «Швейцарцы сквапныя!» – «Мне і швейцарцы падабаюцца. Лайма з Бёрна набыла ў мяне карціну з віленскім краявідам, а потым яшчэ і малюнак з мінскім паркам купіла». – «Мусіць, Лайма твая не швейцарка». – «Лайма з Літвы, але муж у яе самы сапраўдны швейцарац і дзеці ў іх таксама швейцарцы». – «Бачыш, я адразу здагадаўся, што Лайма ў Швейцарыю пераехала. Так што мая праўда: Швейцарыя – гнілая краіна!» Спрачацца з Дурацілам далей не хацелася. Падумаў: у Швейцарыі добра яшчэ і таму, што дурні і дурацілы туды не едуць, бо перакананыя – там зусім кепска. Добра было б зрабіць так, каб розныя дурацілы і дурні кепска думалі і казалі не толькі пра горную Швейцарыю, але і пра нашу азёрную Беларусь. Хай бы сабе верылі ў тое, што Беларусь – гнілая, халодная і цёмная краіна.

Крук

Горка робіцца, калі чуеш, як адзін горкі п’яніца кажа пра другога горкага п’яніцу, што ён яшчэ горшы за яго... п’янтос. Днямі Дураціла казаў пра Крука, што той спіўся ўшчэнт. Крук яшчэ ў маладосці любіў высмактаць з рыльца бутэльку таннага вермуту. Дураціла так і сказаў, што Крук яшчэ са школьных гадоў завярнуўся на любові да таннага віна. Крук сапраўды моцна піў усё сваё самотнае мастакоўскае жыццё. Нічога даражэйшага за бутэльку з саладкаватым віном у Крука не было, няма і выглядае на тое, што і не з’явіцца. Толькі не Дурацілу асуджаць Крука. Не Дурацілу...

Лысагор’е

Дураціла з тых людзей, каму нельга давяраць. Яму нельга даверыць нават выхаванне ўласных дзяцей. Бабе лепей зусім без мужыка, чым з такім мужыком, як Дураціла. Таму бабы і праганяюць яго, каб далей ад дзяцей, каб не нарабіў якой шкоды. Таму Дураціла жыве без бабы і без дзяцей, жыве адзінцом. Там пажыве, там прыткнецца, тут паначуе. З работай у Дурацілы таксама кепска, нешта сур’ёзнае такому не даверыш, нават маласур’ёзнае такому, як Дураціла, давяраць нельга. Здаецца, прасцейшай працы за вартаўніка ў дачным таварыстве і не бывае. Дамок дачнага вартаўніка – самае месца для вечна захмеленага Дурацілы, здавалася. Дурацілу нават узялі вартаваць дачы ў таварыстве Лысагор’е. Не справіўся, не пацягнуў, праваліўся. Каля дамка вартаўніка не было срайні. Дураціла яе паставіў. Праўда, яміну пад срайню ён выкапаў на чужой зямлі. Давялося срайню зносіць, а Дурацілу праганяць. Няма да чалавека даверу і ўсё тут. Такому ж нават вартаўнічую двухстволку не даверыш, бо нешта нейкае сам сабе адстрэліць, далібог адстрэліць сабе які палец на назе.

Шляхетнасць

Падавалася, што кожны з нас добра ўяўляе тутэйшага шляхцюка. Такі сабе чысценькі, дагледжаны, выпешчаны. Вопратку носіць дарагую. Абутак якасны. Сам выкшталцоны – адукацыю атрымаў добрую. Каштоўнасці ў яго традыцыйныя: сям’я, вера, дзяржава. Якія могуць быць варыянты? У нас і варыянтаў няма, варыянт ёсць у Дурацілы. Ён сам сябе лічыць і называе шляхцюком. Дураціла – шляхцюк! Чорт з ім, што голас сіпаты. Бог з ім, што галава не памытая, а барада не расчасаная. Вопратка? Уся чужая. Каштоўнасці? Сям’я? Жонку з дзецьмі кінуў у Парагваі. Вера? Якая вера ў кініка? Хто падасць жабраку, той сёння і найлепшы. Дзяржава? Дураціла наскрозь анархіст. Эгацэнтрычны, брутальны і невыпраўляльны анархіст. Ну і дэмагог, вядома. Інакш ягоную самаабвешчаную шляхетнасць і не вытлумачыш.

Лаліта

Дураціла заваліўся ў кафэ «Акварыум» і на будзённае пытанне пра справы сціпла паведаміў: «Сягоння я здаў у выдавецтва раман!» Ці ёсць на папяровых шкуматах спісаных Дурацілавай рукою раман? Будзем спадзявацца – ёсць. У кожным разе шкуматы засталіся ў дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура». Можа, наша дзяржава зноў выдаткуе грошы на падтрымку літэксперыментаў Дурацілы. Чым толькі чорт не забаўляецца… «Твой раман з чым? – пытаюся. – З какаінам? З гераінам? З клафелінам?» – «Гэта ў Агеева раман з какаінам, а ў мяне раман без какаіну…» – «Можа, гэта Набокаў схаваўся за прозвішчам Агееў? Яму шмат хто прыпісвае «Раман з какаінам»…» – «Не! Там наркаманія апісваецца з глыбокім веданнем справы. Апісваецца чалавекам, які сам прайшоў праз наркату…» – «Набокаў і педафілію ў «Лаліце» апісваў з глыбінным веданнем справы, але сам педафілам, як вядома, не лічыцца!» – «Усім падабаецца маладая скура, грудкі-яблычкі…» Гэткія абагульненне крыху ўзбударажылі сан-лівы «Акварыум». Высветлілася, што далёка не ўсім з прысутных падабаюцца німфеткі, кшталту яблівай малалеткі Лаліты. Большасць нашых застольных мужчын любяць менавіта жаноцкасць, але жаноцкасць адпаведную свайму веку. Дураціла са сваёй нясвоечасовай педафіліяй ажно сумеўся.

Пажада

Дураціла – чалавек без комплексаў і загонаў. Ён адкрыты свету. Таму з ім лёгка гаворыцца на самыя закрытыя тэмы. Можна пагаварыць пра інтым і прыват. Пра мужчынскае жаданне любошчаў, якое нам даводзіцца стрымліваць, і пра жаночую юрлівасць, апетую паэтамі і абсмяяную байкапісцамі. Надоечы Дураціла сказаў, што ягоная баба так расказвала ўнукам пра жаночую жарсць: «Каб мужыкі хацелі ябсціся так, як хочуць ябсціся бабы, дык іх хуямі можна было б зямлю араць!»

Грузды

«Вазьмі мне пяцьдзясят гарэлкі. Галава так баліць, што зараз трэсне, калі не апахмялюся...» – «Вазьму... Ты з якой нагоды так напіўся ўчора?» – «З-за груздоў. Я Максіму слоік салёных груздоў прывёз. Я ж – грыбнік! Я па грыбы хаджу з двума кашамі. Мясціны ведаю і сезоны. Пачынаю напрыканцы красавіка збіраць смарчкі ды страчкі, срачкі ды смаркачкі. Лісічкі-сястрычкі, як для мяне, грыбы найлепшыя, бо без чарвяка. А як прыемна нарэзаць акуратных маслякоў-слімакоў? Здаецца, просценькі грыбок, а прыгажун слімак-масляк, яго яшчэ і лупяком завуць. Ясна, што баравік – цар грыбоў. Баравік – белы грыб – я сушу. Не смажу, не закатваю, не салю, толькі сушка, каб зімою суп варыць з пярлоўкай. Густы грыбны суп з пярлоўкай – смаката. Бабкі і чырвонагаловікі – падосікі і падбярозавікі – я смажу з бульбай і цыбуляй. Залатая бульба і сінія досікі-падосікі – красацень. Сыраежкі бяру. Я ўсе ядомыя грыбы бяру. Шмат якія салю. Салю я грузды, рыжыкі-пыжыкі і свінушкі-таўстушкі. Зялёнкі і падзялёнкі закатваю з чорным перцам і цыбуляй, дробна пакрышанай. Максіму я прывёз беленькіх, салёненькіх, хрумсткіх груздочкаў. Ён пытаецца... Ці не атруцімся? Уяўляеш? Маімі грыбамі ён надумаў труціцца... Дзівак! Не атруцімся, калі гарэлкі вып’ем. Ён бярэ адну пляшку, а я кажу, што трэба дзве, каб нармальную дэзінфекцыю зрабіць. Дэзінфекцыю мы зрабілі такую, што каб не гэтыя твае пяцьдзясят, дык галава дакладна трэснула б, як гнілы арэх пад абцасам».

Ценькнасць быцця

Дураціла пусціў чутку, што не сёння дык заўтра ён памрэ. Людзі казалі, што жыццё Дурацілы трымаецца на ценькнай нітачцы, якая вось-вось перарвецца. Яны казалі, што Дураціла быў мудрым эрудытам і авангардным паэтам, што ён захапляльна распавядаў пра розныя падарожжы, і яго любілі слухаць родныя дзеці. Гаварылі тое, што ў падобных выпадках гаворыцца, вярзлі салодкую ману. Калі я папытаўся, нашто Дураціла запусціў стыдобную чутку пра ўласную смерць, ён закурыў, закашляўся і сказаў: «Ніхто не ведае, калі памрэ. Зараз пандэмія, глянь – колькі людзей падхапіла і разносіць каранавірус, а колькі хварэе, а колькі памірае... Тут я і падумаў, што хачу паслухаць добрыя словы пра сябе, пра сваё жыццё і пра сваю паэзію, бо кепскіх слоў пра сябе мы і так панаслухаліся...»

Партманэты

Дураціла просіць купіць яму сто грамаў. Мне зусім не шкада заплаціць за гарэлку, і я купляў яму гарэлку шмат разоў, але апошнім часам перастаў частаваць Дурацілу алкаголем, бо ён пасля выпітай чаркі нахабна зазіраў у мой партманэт. Я разлічваюся за ягонае пітво, а ён суне нос у мае грошы. «Ты знарок паказваеш мне партманэт! – пачынаў абурацца Дураціла. – Ты знарок паказваеш шмат грошай, каб прынізіць мяне! У мяне няма грошай, а ў цябе яны ёсць, і сваімі грашыма ты спрабуеш мяне прынізіць! Але табе не ўдасца прынізіць мяне!» Надакучылі бязглуздыя размовы з Дурацілам, і я перастаў частаваць яго гарэлкай. Ён просіць, а я спасылаюся на крызіс і адсутнасць фінансаў. Можна было б, як той скульптар Заір Азгур, завесці сабе два партманэты, адзін для дробных грошай, а другі для буйных купюр. Аднак я лепей пашлю ў дупу Дурацілу, але партманэт у мяне будзе адзін.

Рэтраспектыўнасць

У кавярню «Акварыум» зазірнуў Дураціла. Павітаўся з ім толькі я. Ніхто не запрасіў Дурацілу за стол. Вядома, што сядзенне за адным сталом з жабраком Дурацілам шкоднае для кашалька. Дый размовы з Дурацілам даўно вядуцца толькі пра далёкае мінулае. Адносіны з Дурацілам не проста бесперспектыўныя, яны нейкія рэтраспектыўныя. Таму і не вітаюцца з ім людзі, таму і не запрашаюць на чарку і размову. Самотны Дураціла доўга курыў, стоячы на ганку, пэўна, чакаў, што нехта расчуліцца і ўсё ж запросіць яго на чарку. Ніхто не расчуліўся, і Дураціла сышоў прэч, у туман і ў дробны дождж.

Шчасце

Той шчаслівы, хто не бачыць дурняў і дуроты. Таму я і пазбягаю сустрэч з Дурацілам. Таму і тэлевізар не гляджу, а ў Інтэрнэце карыстаюся шматлікімі фільтрамі. Мо праз гэта і не станеш шчаслівейшы, але дакладна зробішся менш няшчасны. Дураціла – знак бяды.

Эскалатар

Днямі бачыў, як адрошаны Дураціла апускаўся на эскалатары ў метро на Кастрычніцкай. Дураціла быў спрэс шэры, нібыта яго з галавы да ног нехта абсыпаў свінцовым пылам. Нават шапка на Дураціле мела мёртвы выгляд. Эскалатар апускаў Дурацілу ў падземныя нетры. Мне захацелася ўзмахнуць рукою і гукнуць: «Гэй, Дураціла, чаго такі змрочны? Абабі пыл з курткі! Абтрасі пыл з шапкі! Абатры твар! Жыццё наперадзе...» Не гукнуў, не ўзмахнуў рукою, не спыніў змрочнага Дурацілу, якога эскалатар пацягнуў уніз.

Пекла

Апошнім часам Дураціла ў Мінску гасцюе гады ў рады. Сядзіць у сваёй вёсцы бязвылазна. Ад сядзення ён моцна патаўсцеў і зрабіўся падобны да Бальзака. Чэрава ў Дурацілы цяперака такое, нібыта ён цяжарная баба на восьмым месяцы. Добра, што ўсё гэта найлепшым чынам адбілася на ягоным выбуховым характары. Дураціла падабрэў і паспакайнеў. Як і заўжды, мы з Дурацілам пагаварылі пра важнае і таемнае, пагаварылі пра пекла і каханне, пра п’янства і блуд. Пагаварылі і забыліся пра наша таемнае і важнае. Можа, Дураціла і не забыўся, але я забыўся – дакладна. Апошняя размова з ім усплыла ў памяці сёння раніцай, калі я згадаў жудасны сон пра пекла… Я ў доўгім палітоне і ботах з высокімі халявамі паспрабаваў перайсці брудную рэчку. Моцная плынь падхапіла мяне і панесла. Я ўчапіўся за нейкі склізкі корч. З берага мне падаў руку малады хлопец – мастак Валера Салавей. Ён даў мне глынуць моцнага віна з рыльца, каб крыху сагрэцца пасля ледзяной вады, і сказаў, што мы ў пекле. Ён нават павіншаваў мяне з гэтай нагоды і суцешыў тым, што тутака многа нашых знаёмых хлопцаў і сумна не будзе. Сон пра Салаўя хутка скончыўся, але застаўся ў памяці. З-за пекла, пабачанага ў сне, мне прыгадалася апавяданне Дурацілы. Ягоная сястра пабачыла бацьку нябожчыка. Той быў радасны і сказаў, што цяпер ён не ў пекле і пра гэта можна расказаць сваякам. «Так і скажаш… Прыходзіў да мяне бацька і сказаў, што ён больш не ў пекле! Зразумела?» Сястра Дурацілы перадала сваякам бацькавы словы. Яна яшчэ паспела спытацца пра пекла, на што бацька сказаў: «Лепш табе не ведаць, што гэта за месца!» Дураціла расказваў мне пра свайго бацьку і піў з рыльца гарэлку. Ён рабіў глыток гарэлкі, а потым закідаў у рот некалькі зялёных вінаградзін.

Рай

«Ты, Дураціла, спадзяешся трапіць у рай?» – «Адназначна, я пайду ў рай. Вялікага паскудства я не нарабіў, жыў, як паэт, мой адзіны грэх – п’янства. Ну хіба гэта грэх?» – «Ты ўяўляеш рай? Ведаеш, што там будзе?» – «Там будзе лазня. Папаруся я. Памыюся і выйду голым на снег. Стоячы на снезе, я вып’ю паўшклянкі густой, як мёд, ледзяной гарэлкі. Закушу яе жменяй снегу. Такі мой рай – закусваць гарэлку снегам. Ледзяная гарэлка, рассыпісты снег, а зубы ад іх не ломіць. Ты ж ведаеш, як ломіць зубы ад калодзежнай вады? Во! У раі зубы ад лёду не ломіць, у раі зубы зусім не баляць».

Ц

1. Маргарыта Мак і кот

Вакол універсама «Цэнтральны» пачаў бадзяцца мужчына ў шэрым палітоне. Ён хадзіў па праспекце і па суседніх дварах ды расклейваў на слупах і дрэвах абвесткі, у якіх пісалася, што прапаў чорны кот па мянушцы Барс. Тым, хто знойдзе і верне жывёлу гаспадару, абяцалася ўзнагарода ў сто рублёў. На той час, можна сказаць, вялікія грошы – месячны заробак прыбіральшчыцы з «Цэнтральнага». Каб хто таго Барса знайшоў, дык вярнуў бы абавязкова. Патэлефанаваў бы па нумары, напісаным у абвестцы, і атрымаў бы законную сотку. Але Барс не знаходзіўся.

Мужчына ў шэрым палітоне кружляў вакол «Цэнтральнага», ажно пакуль на яго не накрычала апантаная Маргарыта Мак. Была ў «Цэнтральным» такая паэтка. Яна часта сядзела на крамных прыступках і бясконца пісала хімічным алоўкам вершы ў тоўсты сшытак. Свой аловак Маргарыта ўвесь час слініла, таму і язык яе, і вусны былі чорна-сіняга колеру. З сіня-чорнага рота Маргарыты і вырваўся вар’яцкі крык: «Д’ябал! – паэтка крычала на ўсю краму і паказвала сваім крывым сінім пальцам на мужчыну ў шэрым палітоне. – Д’ябал! Паглядзіце: у яго на галаве – белыя рогі!!!» Пакупнікі і прадаўшчыцы ўважліва паглядзелі на мужчыну, які шукаў свайго ката Барса, і пабачылі на яго галаве магутныя белыя бычыныя рогі. Ніхто і варухнуцца не паспеў, як беларогі д’ябал пакрыўся чырвонымі пялёсткамі полымя. За адно імгненне ён ператварыўся ў вогненны слуп, згарэў і прапаў. «Што я вам казала? Што? Д’ябал быў сярод нас! Д’ябал!!!» – не супакойвалася Маргарыта Мак. Прадаўшчыцам нават давялося выклікаць для яе карэту з санітарамі. Яны звезлі паэтку ў лякарню, і больш яна не пісала хімічных сініх вершаў, седзячы на крамных прыступках.

2. Вадзім Грэчка і галубы

На ганку ўніверсама «Цэнтральны» пачалі з’яўляцца хворыя галубы. Сядзіць такі натапыраны птах, галава да крылаў прыцягнутая, пад хвастом – лужынка. Глядзець балюча. Няцяжка здагадацца, што нехта пачаў труціць галубоў. То ў адным месцы, то ў другім можна было пабачыць жменькі кукурузных палачак. Галубы падзяўбуць тых залацістых, прыпраўленых атрутаю палачак – і паміраюць.

Мясцовыя амапаўцы вырашылі заступіцца за птушак і ўгледзелі, як салідны мужчына крадком раскідае ў арцы, што выходзіць на Кастрычніцкую плошчу, атручаныя кукурузныя палачкі. Амапаўцы паспрабавалі затрымаць мужчыну, але той аказаў супраціўленне. Ён разбіў аднаму ахоўніку правапарадку нос, другому зламаў руку, а трэцяму адкусіў мочку правага вуха. Амапаўцы азвярэлі і білі мужчыну нагамі так, каб забіць. Яны і затапталі б яго, каб той раптам не ператварыўся ў сабаку. Ад нечаканасці амапаўцы аслупянелі, а тым часам сабака ўцёк. Пад гасцініцай «Еўропа» ён зноў перакінуўся ў мужчыну, які хуткім крокам перайшоў вуліцу, сеў у аўтобус, з’ехаў у бок Палаца спорту і прапаў.

Амапаўцы яшчэ доўга шукалі мужчыну, які труціў галубоў кукурузнымі палачкамі і мог лёгка ператварацца ў сабаку. Шукаць шукалі, але знайсці так і не знайшлі. Дзе ты знойдзеш пярэваратня? То ён чалавек, то сабака, то яшчэ чорт ведае хто і што. Чорт, вядома, цудоўна ведаў пярэваратня, які труціў богааблічных птушак. Бо менавіта чорт і спалохаў галубоў, каб тыя абгадзілі парадны мундзір палкоўніка міліцыі Вадзіма Грэчкі.

…Палкоўнік Грэчка збіраўся на парад. Яму даручылі ганаровую справу – стаяць на вайсковым парадзе на адной трыбуне з прэзідэнтам краіны. Ідучы туды, Вадзім Грэчка праходзіў каля «Цэнтральнага» пад балконамі і карнізамі, на якіх сядзелі сытыя галубы. Вясёлы чорт гучна пляснуў у ладкі – галубы спужаліся, паляцелі над параднай фуражкай палкоўніка і пакінулі на ёй вялізныя кляксы белашэра-белага памёту. Галубіныя кляксы аздобілі не толькі фуражку, яны паўпрыгожвалі кіцель і пагоны. Абпамёчаны палкоўнік міліцыі на парад не з’явіўся, ганаровае заданне не выканаў, атрымаў ад начальства наганяй і неўзабаве выправіўся на пенсію.

Злосць так душыла адстаўнога палкоўніка Вадзіма Грэчку, што ён вырашыў патруціць усіх галубоў, што жылі каля ўніверсама «Цэнтральны». Трэба сказаць горкую праўду: ён патруціў шмат птушак і труціў іх, ажно пакуль за галубоў не заступіліся амапаўцы. Праз той добры намер яны моцна пацярпелі, але богааблічных птушак абаранілі.

3. Саша Рапс і вучань

Саша Рапс выкладаў у школе біялогію. Старанна. З мужчынскай адказнасцю і педантычнасцю ён падыходзіў да працы. Рапс прапрацаваў у школе дваццаць гадоў і ніводнага разу не спазніўся на ўрок. Яго паважалі вучні і педагогі. Пасля працы Рапс заходзіў у «Цэнтральны» перакусіць выпіць з сябрамі. За адной з такіх вячэр я і пачуў ад яго гісторыю пра латыгольскі лес.

У час летніх канікул Саша Рапс вандраваў па Беларусі на ровары. Адна з вандровак была ў Латыголь. У тую самую, дзе Напалеон зняў з дрэўкаў свае вайсковыя сцягі. Дрэўкі Напалеона былі назаўжды закапаныя ў латыгольскіх балотах. Рапс ехаў праз тыя балоты і заехаў у лес. Ехаў ён па ім, ехаў і заблукаў. Саша Рапс так заблукаў у незнаёмым лесе, што яго ахапіў адчай. Ён ішоў, коцячы ровар па вузенькай сцежцы, і выйшаў на паляну, дзе было шмат сумных і маўклівых людзей. Сярод маркотных Рапс пазнаў свайго былога вучня – васьмікласніка Яна Кароткага, які трагічна загінуў, трапіўшы пад машыну. Ян моцна здзівіўся, пабачыўшы школьнага настаўніка:

– Вы што тут робіце, Аляксандр Казіміравіч?

– Ян, я заблукаў. Бадзяюся па латыгольскім лесе, а выехаць з яго не магу. Можа, ты ведаеш дарогу?

– Так, я вам пакажу дарогу ў латыгольскі лес. Яна пачынаецца якраз за тым высокім дубам. Бачыце дуб на ўскрайку паляны?

– Бачу. Ты гаворыш пра той, у якога адна галіна жоўтая?

– Так, пра яго. Як толькі выйдзеце на дарогу, сядайце на ровар і з’язджайце. Прашу вас не азірацца, бо гэтая паляна не ў латыгольскім лесе, яна ў чыстцы. Мы тут чакаем адпраўкі ў пекла. Некаторыя з нас яшчэ спадзяюцца на рай, але я не. Мне пашанцавала, што я нешта добрае для вас зрабіў. Можа, мне гэткае дабро і залічаць – і пакутаваць у пекле я буду крыху меней. Бывайце, Аляксандр Казіміравіч.

Рапс перайшоў паляну і за дубам з надламанай і зжоўклай галінай убачыў дарогу, па якой і прыехаў у Латыголь, а з яе і ў наш Мінск.

4. Тодар Лён і чорт

Тодар Лён любіў выпіць з Сержуком Канём. Сяржук гэтаксама высока цаніў кампанію Тодара. Гадзінамі яны праседжвалі за сталом у кавярні «Акварыум» і вялі гутаркі пра музыку ды літаратуру. Конь захапляўся Фолкнерам і новаарлеанскім джазам. Лён шанаваў паганства з дударствам ды рамантычныя санеты Адася Міцкевіча. Здаралася, што, пасля таго як «Акварыум» зачыняўся, сябры-інтэлектуалы ехалі да некага з іх дамоў, каб працягнуць змястоўную і захапляльную гутарку. Так было і ў апошні вечар іх шматгадовага сяброўства.

Мужчыны прыехалі да Каня дамоў. Маладая жонка гаспадара сабрала на стол. Конь кульнуў чарку і заснуў, седзячы за шчодрым сталом. Лёну варта было апрануцца, развітацца і пайсці дамоў, а ён замест гэтага пачаў заляцацца да маладой і вабнай гаспадыні. Тая была зусім маладзенькая, яна была маладзейшая за мужа ажно на трыццаць гадоў. Яна была маладзейшая і за Лёна на цэлых дзесяць гадоў. Маладой жаночай крыві захацелася распусты, жарсці ды весялосці. Таму ў Лёна і атрымалася дамагчыся любошчаў.

Праз тры дні ў «Акварыуме» п’яны Тодар Лён расказаў п’янаму Сержуку Каню пра здраду. Мог бы і не казаць. Не стрымаўся. Пахваліўся. Сказаў, што ў кватэру да Канёў прыходзіў чорт, які змусіў людзей займацца любошчамі. Конь не паверыў у казку пра чорта… У казку не паверыў, а ў здраду сваёй маладой жонкі паверыў адразу. У адно імгненне Сяржук Конь страціў інтэлектуала-сабутэльніка і жонку-прыгажуню. Самае крыўднае і горкае ў гэтай гісторыі, што чалавек у адно імгненне страціў так многа.

5. Жэня Грыб і яго жонка

Жэня Грыб сышоў ад старой жонкі і ажаніўся з маладой. У свае пяцьдзясят Жэня пабраўся шлюбам з дваццацігадовай студэнткай. Каб павыхваляцца гэтым, Грыб пачаў прыводзіць маладую жонку ў кавярню «Акварыум», што яшчэ не так даўно мясцілася на першым паверсе ўніверсама «Цэнтральны». Знаёмыя дзівіліся з такога павароту ў жыцці кансерватыўнага, брыдкатварага і сквапнага чалавека. Жыў сабе жыў, усё ў дом цягнуў, а тут наце вам – разбурыў сям’ю і зруйнаваў спакой. Выфранціўся ў жоўты пінжак і ходзіць з жанчынкай, якая маладзейшая за яго сына.

Пахадзіў Жэня Грыб у «Акварыум» з новай жонкай, пахадзіў і прапаў. Некаторыя з заўсёдных «акварыумістаў» казалі, што Грыб памёр на сваёй маладой партнёршы па любошчах. Толькі стары Жэня зусім не памёр на маладым целе, як меркавалі людзі. З ім здарылася іншая бяда, пра якую ён потым сам і расказваў заўсёднікам «Акварыума».

Жэня Грыб спаў у ложку з новай жонкай, а снілася яму старая. У сне Жэня казаў старой жонцы, што любіць яе і шкадуе пра развод. Сон паўтараўся і паўтараўся. Ён быў такі яркі і такі натуральны, што Грыб прахопліваўся сярод ночы і абмацваў ложак… А раптам у ім не маладая жонка, а старая? Так сталася, што ў Жэні Грыба на ўсе ночы застаўся толькі адзін сон пра старую жонку, у якім ён казаў той пра незгасальную любоў. Каб пазбавіцца ад дакучлівага сну, Жэня ўзяў ды вярнуў у сваё жыццё старую жонку, а маладой сплаціў за турботы досыць вялікую кампенсацыю.

У «Акварыуме» яшчэ доўга абмяркоўвалі вяртанне Грыба ў старую сям’ю і прыйшлі да высновы, што яго старая жонка – вядзьмарка і чараўніца, а маладая жонка – дурніца і шалахвостка.

6. Анатоль Шум і ператварэнне

Ён з’явіўся пад універсамам «Цэнтральны» нечакана. Не было, не было і на табе – стаіць у шэрым палітоне з працягнутай рукой. Дзед-жабрак меў акрамя шэрага, як цэментавы пыл, палітона яшчэ і страшную метку. Пад правым вокам каля ноздры ў яго сядзела вялікая язва. Такая яна была глыбокая і такая гнілая, што ўсім здавалася, што праз які месяц дзед выправіцца да прашчураў. Людзі гідзіліся язвы. Баяліся падыходзіць да жабрака. Здалёк кідалі грошы яму пад ногі.

Дзед пачаў заклейваць сваю язву газетай, а пазней і бінтам з пластырам. Праз пару месяцаў язва зацягнулася ружовай скуркай. Сваё шэрае і падранае паліто дзед змяніў на куртку, а на сівую галаву нацягнуў капялюш. Гэта першы выпадак, калі на маіх вачах сабраныя жабраком грошы напраўду таму дапамаглі. Зазвычай тутэйшыя жабракі з кожным месяцам выглядаюць горш і горш, а потым знікаюць у невядомасці. Гэты ж ацаліўся, нібыта нейкі казачны герой. З безыменнага хворага жабрака ён ператварыўся ў зграбнага Анатоля Шума і нават перастаў выпрошваць грошы пад «Цэнтральным».

7. Дзіна Бэз і шарыкі

Дзіна Бэз нарадзілася слабай. Вучоба давалася ёй цяжка. Працаваць яна не змагла. Жыла Дзіна з бацькамі. Яны паціху састарэлі і зрабіліся нямоглымі – і ўсе сямейныя і гаспадарскія справы леглі на Дзіну. І тады яна прыдумала сабе занятак. Штодня Дзіна Бэз выходзіць у цэнтр Мінска.

Яна становіцца каля вялікай крамы ці каля падземнага перахода і прапаноўвае мінакам гумовыя рознакаляровыя паветраныя шарыкі.

Нехта іх купляе, нехта проста так дае жанчыне грошы. Большасць праходзіць каля яе і не спыняецца. У кожнага з нас свае праблемы і свае цяжкасці. Ускладаць на сябе дадатковы цяжар нікому не хочацца. Зразумела.

Дзіна Бэз стараецца. Яна стараецца быць чыстай і акуратнай. Стараецца апранацца ярка, каб быць падобнай да дзіцячых шарыкаў. Дзіна Бэз стараецца быць дарослай, але так і застаецца маленькай дзяўчынкай з наіўнымі спадзевамі на чыюсьці дапамогу, са спадзевамі на чалавечую дабрыню… Глядзіш на Дзіну Бэз – і бачыш, што дабрыня ў людзей ёсць.

8. Арына Хрушч і масаж

Арына Хрушч звычайна прыходзіла ў «Цэнтральны» выпіць кубак кавы з вяршкамі і з’есці пірожнае «Бульбіна». Арыне падабалася раніца ў краме, калі там зусім мала наведвальнікаў, калі прадаўшчыцы яшчэ сонныя і ветлівыя, калі ты ведаеш там амаль усіх і амаль што ўсе ведаюць цябе і вітаюцца.

У адзін з ціхіх летніх і будзённых ранкаў Арына Хрушч пазнаёмілася ў «Цэнтральным» з масажыстам Сержам Груздом. Той запрасіў Арыну ў свой салон і зрабіў ёй выдатны масаж усяго цела. Масаж быў такі эфектыўны, што ў Арыны на спіне выраслі вялікія крылы. Арына Хрушч узмахнула гэтымі сваімі белымі крыламі і выправілася ў кругасветны палёт. Серж Грузд на нейкае імгненне разгубіўся, але ўзяў сябе ў рукі, дастаў свой прапелер і паляцеў наўздагон за Арынай Хрушч.

9. Сяржук Конь і кветка

Сяржук Конь, ужо знаёмы табе выкладчык фізікі, заходзіў у «Цэнтральны» выпіць. Шмат хто заходзіць туды, каб махануць сотку ці пастаяць з бутэлькай піва. Сяржук заходзіў, каб пасядзець з сябрамі, каб шчыра пагаварыць і добра набрацца. Здаралася, што ён нават засынаў у кавярні «Акварыум». Яго не чапалі, давалі магчымасць крыху адпачыць.

Аднойчы Сяржук Конь патрапіў у трохдзённы запой, які скончыўся трагічна. Конь піў у «Акварыуме». Бліжэйшая прыбіральня была ў кафэ «Кропка», што пад «Макдональдсам». Вяртаючыся з прыбіральні, Конь узняўся па прыступках. Спыніўся. Захістаўся і паваліўся на спіну. Ён ляцеў з самай верхняй прыступкі. Ён трупнуўся патыліцай. Чэрап праламаўся. Конь апынуўся ў коме.

У бальніцы, дзе Сяржук Конь праляжаў тыдзень, да яго тройчы прыходзіў анёл. Ён хацеў забраць душу выкладчыка фізікі. Першыя два разы Сяржук адбіўся і не аддаў душу анёлу. Трэці раз анёл прынёс з сабой кветку з райскага саду. Водар у кветкі быў такі чароўны, што Сяржук Конь ажно захмялеў, расчуліўся і перадаў анёлу сваю спакутаваную душу. Так і скончыў свой зямны шлях Сяржук Конь, адзін з заўсёднікаў універсама «Цэнтральны».

10. Алег Струк і здарэнні

Алег Струк прыходзіў у «Цэнтральны», каб прачытаць газету. Ён з тых, хто яшчэ чытаў папяровыя выданні. Любімай газетай у Струка быў тыднёвік «Імя». Пасля чытання Алег выпіваў грам сто каньяку і абмяркоўваў з кім-небудзь прачытанае. Ні каньяком, ні абмеркаваннямі ён не злоўжываў да аднаго здарэння.

Была ў Струка шыкоўная зімовая, пашытая з лісінага футра шапка. У адзін з марозных вечароў Алег выйшаў з «Цэнтральнага» і накіраваўся на плошчу Свабоды. На алейцы да яго падышлі трое хуліганаў і сарвалі з галавы дарагую шапку. Алег кінуўся быў шапку забіраць, ды адзін з рабаўнікоў садануў яму ў вока кастэтам. Удар быў такі моцны, што вока выцекла на снег…

Месяц Струк праляжаў у бальніцы, а потым яшчэ паўгода прахадзіў у чорных акулярах. Калі Алег акуляры зняў, дык усе пабачылі, што на месцы яго старога вока вырасла новае. Яно было крыху меншае за старое і трохі адрознівалася колерам – мела больш светлае адценне. Зрок у Алега не прапаў, нават палепшыўся.

Пасля гэтага дзівоснага здарэння Алег Струк стаў моцна выпіваць. Дайшло да паўлітра гарэлкі ў дзень. Можна было б падумаць, што наш чытач папяровых газет сап’ецца і памрэ, але здарылася яшчэ адно дзіва: Алег лёг у бальніцу, дзе назаўжды развітаўся з выпіўкай і кінуў чытаць газеты. Цяпер ён не ходзіць у «Цэнтральны», бо там яму больш няма чаго рабіць.

11. Ладак Чмель і мёд

Ладак Чмель пад крылом праваслаўнай царквы зладзіў продаж башкірскага мёду. Справы ў Ладака пайшлі лепей чым добра. Мёд прадаваўся несупынна. Чмель ладзіў мядовыя кірмашы па ўсёй Беларусі. Зрэдчас Ладак Чмель забягаў у «Цэнтральны» перакусіць. З’ядаў канапку з чырвонай рыбай і запіваў яе зялёнай гарбатай. Аднойчы я там піў чорную каву без цукру, а Ладак еў рыбу і расказваў мне пра сурокі...

«Неяк на мядовым кірмашы да маіх прылаўкаў падышоў смярдзючы бомж. Чорным вокам глянуў той на прылаўкі, пазастаўляныя слоікамі з мёдам, і сказаў: «Кепска ты гандлюеш, гаспадар!» Сказаў і некуды павалокся. Пасля гэтай сустрэчы мае продажы ўпалі ўдвая, а праз нейкі час яшчэ ўдвая. Можна нават сказаць, што прывезены з Башкірыі мёд зусім перастаў прадавацца. Бомж сурочыў мой мядовы гандаль.

Можа, месяц я па ўсіх мінскіх сметніках шукаў таго бамжа. Знайшоў, запрасіў да сябе дамоў. Памыў, апрануў, накарміў і папрасіў зняць сурокі. Бомж тыдзень жыў у мяне і думаў, як тое зрабіць, як вярнуць мне былыя поспехі ў гандлярскіх справах. Ламаць не будаваць! Зламаў ён мой поспех лёгка, а вяртаў яго з невераемнымі цяжкасцямі. Вярнуў! Продажы паціху-патроху пачалі павялічвацца, а бомж са сваім злым чорным вокам сышоў ад мяне ў бязмежны свет».

12. Вах Барада і трактат

Адны называюць яго Барада, другія – Вах Барада, а трэція – Вахай Барада. Яшчэ спрабавалі называць яго Хай Барада. Не прыжылося. Як мне здаецца, аднаго слова Барада больш чым дастаткова для мянушкі.

І ўзімку, і ўлетку Барада прыходзіў у «Цэнтральны» з кепкай на галаве і з сумкай на плячы. Раней у ёй хаваліся дзве рэчы: бутэлька чырвонага сухога і «Паэтыка» Арыстоцеля. Каб у Барады на дне сумкі ляжаў том Канта ці Платона, я б з ім не сябраваў. Іншая справа – Арыстоцель. Ёсць у ім рацыя, чысціня і святло. Было нешта чыстае ды светлае і ў Барадзе. Пабыло ды прапала. Месца чырвонага сухога ў сумцы Барады заняла гарэлка. «Паэтыка» Арыстоцеля прадалася і прапілася. З філосафа Барада ператварыўся ў самадзейнага мастака, які малюе зялёнае лета на тонкіх кардонках і прадае іх у камісійных крамах. Але жаданне зрабіць у жыцці вялікую справу ў Барады ўсё яшчэ жыве.

«Я напісаў трактат пра ролю храналагічнай табліцы. Засталося яго адрэдагаваць і адшліфаваць стылістычна. Дараблю і выдам кнігай. Усе пабачаць, хто такі я – Вах Барада! Хто такі Барада. Хто такі Вахай Барада... Ты, вядома, ведаеш, на што я здатны. Хутка і іншыя даведаюцца!» – кажа Барада і запівае сказанае самай таннай гарэлкай. Апошнім часам ён п’е толькі стоячы. Нават калі ёсць месца за столікамі, ён не садзіцца. Выпівае і сыходзіць працаваць над сваім трактатам. У час апошняй нашай, як і заўжды выпадковай, сустрэчы я папытаўся ў яго:

– Хто натхніў цябе, шаноўны Вах Барада, на напісанне трактата пра храналагічныя табліцы?

Ён завагаўся, доўга маўчаў, але адказаў:

– Натхніла рыба. Памятаеш, тут у кавярні стаяў вялікі акварыум, у ім жылі розныя рыбіны? Аднойчы я прыйшоў – кавярня стаяла пустая, а ў акварыуме плаваў толькі адзін чорны сомік. Ён і сказаў мне напісаць трактат. Чорны сомік загадаў мне пісаць менавіта пра храналагічныя табліцы. Адмовіцца не магу. Пішу. Ты дапаможаш мне з публікацыяй?

Я паабяцаў дапамагчы Барадзе. Хто, калі не мы?

13. Сяржук Смоўж і мядзведзь

Сяржук Смоўж адно слова скажа – і абавязкова схлусіць. Ілжэ як дыхае. Натура такая – наскрозь падманная. Спрачацца з Сержуком бессэнсоўна, яго можна толькі слухаць або не слухаць. Праўда, у ягоных ілжывых расповедах трапляюцца цікавыя казачныя сюжэты…

Аднойчы ў кавярні «Акварыум» усе расказвалі пра ўбачаных на свае вочы вялікіх дзікіх звяроў. Саша Рапс сустракаў неяк на дарозе велізнарогага лася. Тодар Лён бачыў у полі дзіка са свіннёй і паласатымі парасяткамі. Алег Струк разглядаў калматага зубра ў загарадцы. Апавяданні гучалі пераканаўча. Тут і ўлез Сяржук Смоўж са сваёй байкай пра мядзведзя...

Выбраўся неяк Сяржук у грыбы. Нарэзаў кош белых. Вяртаўся з баравікамі дамоў і пабачыў на сцежцы мядзведзя.

Спужаўся і пачаў звяругу загаворваць: «Мядзведзь. Мядзведзік… Міша, дай прайсці. Сыдзі са сцежкі, Міша! Прапусці мяне, Міша! Прапусці, Мішутка! Прапусці мяне, Мішка…» Загаворваў жывёлу, загаворваў... Язык за зубы зачапіўся і замест «Прапусці мяне, Мішка!» Сяржук сказаў: «Прапусці мяне, мышка». Мядзведзь пазяхнуў і пачаў змяншацца, драбнець. І ў выніку ператварыўся ў маленькую шэрую мышку. Сяржук пераступіў праз гэту мышку і панёс дамоў цяжкі кош, поўны баравікоў.

14. Сяргей Ціс і дом

У нейкі момант Сяргей Ціс пачаў добра зарабляць. Ускочыў у рэкламны рынак – і ў яго пакаціла. Талент рэкламшчыка ў Сяргея быў адметны. На зароблены капітал здольны рэкламшчык прыдбаў зямлю каля возера ў Раўбічах і пачаў там будавацца... Па старой завядзёнцы Ціс заходзіў у «Цэнтральны» на каву і распавядаў сябрукам ды знаёмцам пра сваю вялікую будоўлю. Слухаць было цікава, бо казачны талент рэкламшчыка і ў яго апавяданнях пра будаўніцтва ззяў напоўніцу. Адразу скажу, што дом у Сяргея Ціса збудаваўся класны, але не такі, якім ён яго апісваў. З-за гэтага і выйшаў казус.

На ўлазіны ў Раўбічы сабралася шмат гасцей. Яны прыехалі і пабачылі зусім не тое, пра што распавядаў гаспадар новабудоўлі. Пачалася крытыка. Маўляў, ты казаў, што дзверы шырокія, а тут звычайныя, нават, можна сказаць, вузенькія дзверы... Думала, што атрымаецца казачны палац, а ты катэджык паставіў... Дзе басейн? Дом без басейна і домам не назавеш, а ты ж казаў, што дом твой узорны... Крытыкі госці накідалі столькі, што Сяргей Ціс пакрыўдзіўся і зажурыўся. Ён замаркоціўся так моцна, што прадаў той дом і з’ехаў з Мінска. Цяпер ён у Краснадары адкрыў рэкламнае бюро. Кажа, што шчаслівы і будуе сабе новы дом пад горадам Сочы, без басейна, але з казачным відам на Чорнае мора.

15. Ірына Трыпс і мільён еўра

Улад прыходзіў у «Цэнтральны» на кубачак ранішняй кавы. Ён сябраваў з афіцыянтам Віктарам. Той прыносіў сябру каву ў падагрэтым, ажно гарачым кубку. Афіцыянт і расказаў мне, што ва Улада знайшлі нейкую невылечную хваробу з невымаўляльнай назвай. Дактары з Берліна паабяцалі жонцы Улада – Ірыне Трыпс – перамагчы хваробу яе любімага мужа за мільён еўра. Казалі, што змогуць з яго цела прыбраць хворыя клеткі, а з тых, што застануцца, зрабіць цалкам здаровы арганізм.

Ірына Трыпс не пашкадавала грошай і заплаціла дактарам цэлы мільён еўра. І тыя зрабілі ёй здаровага Улада. Толькі яе стары і хворы муж меў сто кілаграмаў вагі і сто восемдзесят сантыметраў росту, а ў новым і здаровым Уладзе было росту адзін метр, а яго вага ледзь цягнула на два пуды. Ірына Трыпс адмовілася забіраць з клінікі палепшаную і легкаважную версію свайго мужа. Яна нават не стала спаганяць з дактароў змарнаваны мільён. Афіцыянт Віктар сказаў мне, што Ірына Трыпс развялася з Уладам. Папросту кінула яго ў Берліне. У Мінску яна выйшла замуж за маладога і перспектыўнага беларускага дыпламата ды з’ехала з ім у Пекін.

16. Жора Граб і чорны сомік

Жора Граб зарабляў тым, што вяртаў чужыя пазыкі. Для гэтага ён ламаў мэблю, пагражаў людзям і біў іх. Разоў колькі ён нават падпальваў кватэры. Граба ўсе баяліся. Таму нават горкія п’яніцы і жабракі не хацелі з ім выпіваць. Страшны чалавек, калі вып’е, робіцца проста жудасным. Каму хочацца трапіць у прыгоду з мардабоем? Нікому. Таму Граб выпіваў у «Акварыуме» разам з чорным сомікам. Садзіўся за столік побач з рыбкамі. Чокаўся з акварыумным шклом і піў за здароўе чарнаскурага сябрука.

У свой апошні вечар на волі Жора Граб першыя тры чаркі выпіў за здароўе акварыумных рыбак. Чацвёртую і пятую ён кульнуў са знаёмым алкаголікам Святазарам Клязьмай. Пасля пятай чаркі Граб схадзіў у прыбіральню. Вярнуўся і не знайшоў у акварыуме мяккахвостага любімца.

– Толькі не кажы мне, Клязьма, што ты з’еў соміка! – Граб навіс над алкаголікам навальнічнай хмарай.

– Хацелася гарэлачку закусіць. Ты ж ведаеш, Грабік, я гарэлачку амаль не п’ю, я вінцо люблю. Гарэлачка для мяне жорсткая і пякучая. Абпаліла вантробы. Я рыбіну вылавіў і закусіў ёю… Лёгка пайшла. Праглынуў і нават не жаваў. Ды і няма ў мяне зубоў, каб жаваць жывую рыбу…

– Кажаш – не жаваў?

– Праглынуў!

– Каўтануў – і ўсё? Выдатна! Яшчэ ёсць надзея…

Жора Граб зарэзаў Святазара Клязьму і дастаў з яго жывата чорнага соміка. Той быў напаўмёртвы, але хутка ачуняў у роднай акварыумнай вадзе. Там ён і праплаваў усё сваё доўгае і шчаслівае жыццё.

17. Віктар Клён і золата

Віктар Клён прыехаў у Мінск з Гомеля. Ён пасяліўся ў свайго дзеда, які меў прыватны дом у Круглым завулку. Віктар вучыўся на матэматыка, хадзіў на заняткі ва ўніверсітэт. Кожную суботу Клён бегаў з Круглага завулка на Кастрычніцкую ў інтэрнат на танцы. Зімою, каб не рабіць вялікі круг, ідучы на мост, малады матэматык ішоў праз рэчку па лёдзе. Нічым добрым такое лётанне напрасткі скончыцца не магло.

У адліжны вечар Віктар Клён праваліўся пад лёд і пачаў тануць. Ён і ўтапіўся. Ляжаў мёртвы на дне, калі да яго падплыла русалка і ажывіла. «Ты прыгожы, як золата! Таму я вярну цябе ў царства жывых», – і русалка дапамагла Віктару выбрацца на бераг Свіслачы. У той вечар малады матэматык не трапіў на танцы. Ён пераапрануўся ў сухое і прывалокся ў «Цэнтральны» ўніверсам, заваліўся ў бар «Акварыум», дзе ўсіх частаваў гарэлкай з сёмгай і расказваў пра русалку, якая палічыла яго прыгожым, як золата.

Хочаш дапамагчы часопicу?

Андрэй Пакроўскі