Неверагодная тэорыя верагоднасці
Тонкі серабрысты перазвон набліжаўся. Здавалася, ён гучаў з усіх бакоў, ажно вушы закладвала.
«Дзінь-дрынь-дынь, дзінь-дрынь-дынь, цілі-цілі-дынь…»
Урэшце ўсё сціхла, нібы абарвалася. Накрыла такая аглушальная цішыня, якая бывае ў старым глыбокім калодзежы, пячоры ці космасе.
У апраметнай цемры заззяў, затанчыў жаўтлявы агеньчык. Ён набліжаўся крывымі зігзагамі, быццам залаты матыль. Яшчэ хвіліна – і можна было разгледзець дзяўчыну, якая трымала свечку.
Рудая і раскудлачаная, босая і апранутая ў лахманы, яна скакала па снезе вярхом на качарзе, пакуль не спынілася акурат на ростанях.
Шыбнула за спіну кірзавы бот, крутанулася вакол сябе тры разы, паправіла на галаве гарачы блін, з якога ішла пара, потым наблізіла да рабаціністага твару свечку і спытала:
– Малады чалавек, як вас зваць? З якога боку сватоў чакаць?
Свечка згасла, затое задымілася качарга. З яе, нібы з рэактыўнага самалёта, снапом паляцела гарачае вуголле, рассыпаючыся па снезе шыпучымі іскрамі.
– Малады чалавек! Малады чалавек?..
– А? Што?! – падхапіўся Юрась і балюча стукнуўся галавой аб верхнюю лаўку са скручанымі матрацамі.
– Малады чалавек, уставайце, Стараселле праз дзесяць хвілін! Маглі б, дарэчы, і пасцель узяць! – мажная правадніца з кароткімі фіялетавымі валасамі шыбнула на стол квіток з надарваным куточкам і абурана зацокала абцасамі прэч.
Юрась звесіў доўгія ногі, пачасаў кучаравую патыліцу і працёр заспаны твар.
«Цьху! Прысніцца ж такое!..»
Унізе спалі захінутыя курткамі пасажыры. Вагон мерна пагойдваўся, за акном цягнулася белая пустэча, калі-нікалі выскоквалі з яе самотныя слупы ці заснежаныя паўмёртвыя дрэвы.
Юрась пацягнуўся, зноўку стукнуўся галавой і саскочыў на падлогу. Схапіў заплечнік і куртку ды падаўся паўз сонных пасажыраў да выхаду.
Шэрая раніца дыхнула ў твар холадам і колкім снегам.
Цягнік чмыхнуў шызым з’едлівым дымам і загрукатаў далей.
Хлопец уздыхнуў і падаўся праз пуці, незадаволена разглядаючы маленькі абшарпаны будынак станцыі, крыва і безгустоўна ўпрыгожаны рознакаляровымі агеньчыкамі.
Юрась увайшоў у будынак вакзала і паўз шэрагі пластыкавых крэслаў і папяровых сняжынак, якія звісалі са столі, накіраваўся да маленькага акенца:
– Дзе тут можна кавы купіць?
– У краме, – узняла вочы круглатварая касірка з саламянымі валасамі.
– А гарачай?
– А тут вам не рэстаран, – абыякава адказала яна і зашамацела паперкамі ад цукерак. Як і мандарынавага лупіння, іх сабралася на стале цэлая гара.
– Чорт ведае, што такое, – прабурчаў Юрась і адхіліўся ад касы.
Незадаволены голас за спінай прымусіў яго азірнуцца.
– Гэта сапраўдны непарадак! Не-па-ра-дак! – абураўся ззаду сталы дзядзечка ў зацемненых акулярах і з акуратнай сівой бародкай . На ім было доўгае шэрае паліто і шыракаполы фетравы капялюш. У руках дзядзечка трымаў стары пацёрты чамаданчык.
– Вы як з наведвальнікамі размаўляеце? Непарадак! – гнеўна паўтарыў ён. – Чым на працоўным месцы займаемся? Цукеркамі? Будзем скаргу пісаць! Будзем? – звярнуўся ён да Юрася, і хлопцу падалося, што той падміргнуў. – Мы свае правы ведаем! Ведаем?
– Ведаем, – нехаця згадзіўся Юрась і нацягнуў на галаву капюшон, каб схавацца ў ім.
Касірка нешта замармытала, хлопец пачуў адно «псаваць святочны настрой».
– А нам, значыць, настрой псаваць можна? – не здаваўся дзядзечка. – Кнігу скаргаў, калі ласка!
Юрась пашкадаваў, што не набыў кавы ў цягніку, але ж у працягнутай белай кніжачцы запісаў: «Прашу ўсталяваць у будынку вакзала кава-аўтамат».
– Ну вось, малады чалавек, трэба вучыцца адстойваць свае правы і свой гонар, – паправіў акуляры дзядзечка.
Юрась кіўнуў, але ж цяпер распытваць касірку, як дабрацца да аўтавакзала, не хацелася. Ён выцягнуў з кішэні тэлефон, каб зірнуць мапу, і падаўся надвор. Зноўку давялося тупаць праз пуці туды, дзе віднеўся бетонны зеленкаваты аўтобусны прыпынак, так падобны да вялізнай перавернутай скрыні з дзірачкамі.
Зірнуў на расклад руху. Няцяжка было здагадацца, што мерзнуць прыйдзецца доўга. На ўвесь райцэнтр меўся адзіны аўтобус, які хадзіў раз на гадзіну. Чакаць давялося хвілін дваццаць, прытанцоўваючы на месцы і хукаючы на акалелыя рукі.
Снег супакоіўся, але неба па-ранейшаму заставалася няветлівым і цяжкім, быццам сталёвым.
Прагрукатаў таварняк.
Некалькі разоў дзядзечка ў капелюшы выходзіў на ганак – то сварыўся з бадзяком, то праганяў сабаку, то зноў хаваўся ў будынак вакзала – мабыць, чакаў свой цягнік.
Дзень для Юрася пачаўся так сабе. А мог бы сядзець зараз у родным Магілёве, дома перад кампом ці з сябрамі ў якой піцэрыі, дзе на вялікім экране транслююць футбол.
Цьху! Дурная вучоба! Ніякага настрою няма! Не, каб на фізмат падацца… Ездзі цяпер па ўсіх вёсках-ваколіцах, матэрыял збірай… Але ж трэба, бо хочаш не хочаш, а да сесіі нядбайнага студэнта не дапусцяць…
Неўзабаве падпоўз жоўты аўтобус, абдаў ногі змяшаным з пяскомталым снегам і стаў.
Юрась кінуў дробязь за праезд кіроўцу на палічку, а потым размясціўся каля акна.
Ехаў, бяздумна глядзеў скрозь шкло на брудныя сумёты па ўзбочынах, абшарпаныя няскладныя домікі з гірляндамі і мядзведзікамі ў размаляваных вокнах, на дзятву з санкамі і лысаватую елку на круглай плошчы, на верхавіне якой памільгвала чырвоная зорка.
Юрась скрывіўся, адвярнуўся ў іншы бок – там сядзеў вусаты мужчына, абдымаючы аберуч жывую елачку. Ззаду дзве кабеты гучна абмяркоўвалі святочнае меню.
– Канцавая! – кіроўца спыніў аўтобус.
Пасажыры сталі спускацца адно за адным.
– Як канцавая? – падхапіўся Юрась і закруціў па баках галавой. – Канцавая ж «Аўтавакзал»!
– Ну. Так і ёсць. Толькі ў іншы бок. А гэта «Фабрыка «Светлы шлях».
– Вельмі светлы! Цяпер на аўтобус спазнюся! – хлопец бухнуўся на сядзенне.
Давялося зноў ехаць праз усё мястэчка з яго бруднымі сумётамі, нязграбнымі домікамі і брыдкай чырваназоркавай елкай.
Праз паўгадзіны ён таптаўся на аўтавакзале, побач з акенцам касы.
Маладая смуглявая жанчына адно разводзіла рукамі:
– Ну што ж я зраблю, калі вы на рэйс спазніліся? Заўтра наступны, а дзясятай гадзіне… Няма ў тым кірунку маршрутак, і дызель не ходзіць… Ну раз надта спяшаецеся, то на шашу ідзіце, тут недалёка... Мо аўтоўку якую зловіце…
Юрасю карцела папрасіць кнігу скаргаў, каб супрацоўніцы больш не раілі гасцям горада пешшу да шашы тупаць, а вырашалі пытанні на месцы. Але ж у касіркі былі такія добрыя вочы і мілыя ямачкі на шчоках, што ён стрымаўся, псаваць настрой не стаў.
Шаша дык шаша. Абы да вечара з тых чортавых Ліпак вярнуцца, каб на свой цягнік паспець.
На шашы было пустэльна і ветрана. Аўтобусны прыпынак уяўляў сабой слуп з шыльдай і пакрытую снегам лаўку. Хацелася есці, а расклад руху на шыльдзе не абяцаў нічога добрага. Праляцела аўтоўка, абдала брудам і знікла за паваротам. Прагуў, не спыніўся і трактар.
Юрась нерваваўся і перамінаўся з нагі на нагу. Не, пра каву ўжо не шкадаваў. Шкадаваў, што ўвогуле падаўся да чорта на рогі. А ўсё праз шкодную Адэлаіду Бальтазараўну – дэкана гістарычнага факультэта, якая загадала здаць дакументальныя матэрыялы па старажытных звычаях і абрадах. Ды не проста матэрыялы, а такія, каб «аўтэнтычныя, самабытныя і з сеціва ні ў якім разе не сцягнутыя». І не проста здаць, а разам з артыкулам «Прычыны ўзнікнення забабонаў і прымхаў. Іх уплыў на сучаснае грамадства». Хацела ўскладніць нягегламу прагульшчыку жыццё – ды сама ў прыватнай размове і пракалолася: ёсць, маўляў, у Старасельскім раёне вёсачка Ліпкі, у якой захаваліся непаўторныя абрады, вывучэння якіх так не хапае для яе новай кнігі. Гэта, вядома, задачу палегчыла. Але… Ну чаму, чаму ён не паслухаўся бацькі і не пайшоў на фізмат?..
На заснежанай бярозе хрыпла каркнула варона.
– Га? – узняў галаву Юрась. – Во і я так думаю. Чакаю пяць хвілін і, калі цуду не здарыцца, шлёпаю назад, да чыгункі.
Ён зірнуў на тэлефон. Пастаяў. Зірнуў зноўку:
– Ды ну к чорту! Няхай хоць з універа выключаюць! – развярнуўся і патупаў у бок мястэчка.
Па заснежаным полі нехта размашыста крочыў насустрач. Той самы дзядзечка з чамаданчыкам.
Пабачыўшы Юрася, знаёмца дадаў кроку, замахаў рукой:
– А-а, малады чалавек, сабрат па няшчасці, які згубіўся ў глухмені!
– Але, – згадзіўся Юрась. – Паеду я лепш дадому, ну яе, гэтую глухмень.
– Ну… Хіба маладых людзей спыняюць нязначныя цяжкасці? А я быў пра вас іншага меркавання… Куды накіроўваецеся?
– У Ліпкі хацеў. Ды на аўтобус спазніўся, наступны толькі заўтра.
– Лічыце, што вам пашанцавала, малады чалавек! Па-першае, таму што нам з вамі па дарозе, а па-другое – аўтобус прыйдзе з хвіліны на хвіліну!
– Вы памыляецеся, рэйсавых у бліжэйшы час не прадбачыцца, – кіўнуў Юрась на шыльду.
– Ну што вы. Трэба быць упэўненым у сабе і сваіх сілах, – ён узяў Юрася пад локаць і павёў да прыпынку, не перастаючы глядзець на гадзіннік, што блішчэў на запясці.
Сапраўды, праз пару хвілін вынырнуў на шырокую шашу белы (калі яго добра адмыць) аўтобусік, кругленькі і лупаты – часоў Юрасёвага дзяцінства.
Толькі дзядзечка ўзняў руку, як ён паслухмяна спыніўся.
Аўтобусік насамрэч апынуўся зусім не рэйсавым – з фермы, што пад самім Стараселлем, раз’язджаліся па сваіх вёсках даяркі.
Жанчыны напаўголаса размаўлялі між сабой – то ўздыхалі, то ціха пасмейваліся, не звяртаючы ўвагі на лішніх пасажыраў, што ківаліся і падскоквалі ззаду.
Дзядзечка доўга круціўся, бурчаў, скардзіўся на трасяніну і жорсткія сядзенні, але, нарэшце, супакоіўся.
Юрась расшпіліў куртку, выпрастаў ногі.
– Добра, што я вас сустрэў, – звярнуўся ён да суседа, які і не думаў распранацца ці здымаць капялюш. – Само неба паслала…
– Уй! Дык вы, аказваецца, фаталіст? Верыце ў неба, а не ў свае сілы? Ніколі б не падумаў! А на выгляд – сучасны малады чалавек!
– Ды не, я меў на ўвазе выпадак. Выпадковасць.
– Ды кіньце вы! Выпадковасці не выпадковыя. Памятаеце: верагоднасць немагчымай падзеі роўная нулю? Гэта яшчэ Блэз Паскаль і П’ер Ферма даказалі. А ніякі не Эйнштэйн, як думаюць многія.
– Тэорыя верагоднасці? Чуў. Дарма на фізмат не пайшоў... А вы, мабыць, выкладчык ці навуковец?
– Сапраўдны прафесар! Хіба не падобны? – выпрастаўся дзядзечка і зноў надаў сабе строгі выгляд.
– А што вывучаеце?
– Чалавечыя памылкі, глупства і забабоны. Пішу навуковую працу па вытоках і тэорыі памылковых поглядаў.
Юрась здзівіўся, але змаўчаў, гледзячы на сур’ёзны твар прафесара.
– У госці едзеце? На святы?
– Можна і так сказаць, – суха адказаў дзядзечка. – Калі ў вашым разуменні гэта святы.
– Ну ўжо як не Каляды, то я зусім не ведаю, што за свята лічыць.
– Добра. Што такое свята, малады чалавек? Адрэзак часу, вылучаны ў календары ў гонар чаго-небудзь ці каго-небудзь, нават калі гэты хтосьці – усяго толькі плод чалавечага ўяўлення. Ці нешта, што даўно адышло ў нябыт. Але людзям усё роўна, што святкаваць, абы гулі і адпачынак, палайдачыць дзянёк, ухіліцца ад працы. Вось і ўсё тлумачэнне народных абрадаў і звычаяў.
– Ну, не скажыце, – запярэчыў Юрась. – У такія дні як ніколі адчуваецца еднасць, узнёсласць нейкая, настрой асаблівы. Таму і хочацца правесці іх разам з блізкімі. Успомніць пра нашых продкаў, звярнуцца да каранёў…
– Ага-ага, – іранічна кіўнуў прафесар, а потым зняў акуляры і прымружыў цёмныя і надзвычай глыбокія вочы: – Гучныя словы, шаблонныя і зацяганыя, відаць, узятыя з нейкае кніжкі ці лекцыі па этнаграфіі.
– Так і ёсць, – сумеўся Юрась. – Які студэнт, такія і словы.
– Яно і бачна, што сваёй галавой не карыстаецеся. Каляды, мушу я вам сказаць, не што іншае, як святкаванне зімовага сонцавароту. Бог Каляда, ці Калёнда – чулі? А ў цяперашніх людзей такая каша ў галаве – паганства, хрысціянства, атэізм – усё ў адзін кацёл змяшалі. Нават зорку камуністычную ўплялі, пэўна ж бачылі на елцы.
– Тут згодны. Сам дзіўлюся.
– А што гэта вы ўдумалі? Дзіўныя размовы! – умяшаліся ў гутарку жанчыны. – Такое свята на носе! Кіньце спрэчкі! Самы час пра дабро ўспомніць, пра міласэрнасць і дабрачыннасць!
– І часта вы, даражэнькія, пра дабрачыннасць успамінаеце? Гатовы паклясціся, што ў лепшым выпадку два разы на год – на Каляды і Вялікдзень, – абурыўся прафесар. – А ўвесь наступны час гары яны гарам, тыя бліжнія з іх турботамі і клопатамі! І карані са звычаямі! Ведаеце, як гэта называецца? Крывадушнасць, во як!
Юрась змоўк – тут не паспрачаешся.
Адна з жанчын спрабавала нешта даводзіць прафесару, але той перавёў тэму на павышэнне коштаў, падаражанне прадуктаў і цяжкае становішча на вёсцы.
Даяркі ўспудзіліся, заківалі галовамі і пачалі ў адзін голас абмяркоўваць сваё цяжкае жыццё, якое ніхто не думае паляпшаць.
Калядны настрой безнадзейна сапсаваўся. Юрась змоўк і ўтаропіўся ў акно.
Праз кожныя дзесяць-пятнаццаць хвілін аўтобус спыняўся, пасажыркі развітваліся з сяброўкамі і пакідалі яго адна за адной.
Нарэшце апошняя, захутаная ў цёплую хустку жанчына падалася да выхаду, але спярша працягнула Юрасю і прафесару кулёчак з цукеркамі:
– З надыходзячым. Частуйцеся, шакаладныя… З арэшкамі… У раёне купіла.
Юрась, які з самага рання нічога не еў, працягнуў быў руку, але прафесар незадаволена паморшчыўся, нібы адрэзаў:
– Не трэба нам вашыя падачкі!
Жанчына збянтэжылася, куточкі рота апусціліся ўніз, яна моўчкі пакінула аўтобус.
Не паспеў Юрась адкрыць рот, як прафесар нібы прачытаў яго думкі:
– Што? Традыцыя? А сярод лета ці восені вы б ад яе чаго дачакаліся? Яшчэ б і аблаяла за што-небудзь, як тыя бабулькі-дачніцы, што лезуць са сваімі кашамі і авоськамі ва ўсе шчыліны,патрабуючы саступіць ім месца! Хворыя дома сядзяць, а не ў гародах корпаюцца!
Юрась ізноў згадзіўся – такая думка наведвала яго не раз.
– Што сядзім, таварышы? – абярнуўся ў салон кіроўца. – Гуцішча – канцавая. Давайце хутчэй, мне яшчэ дадому забегчы трэба.
– Як так? Ну што за дзень сёння? – узняўся Юрась.
Следам устаў і прафесар:
– Гэта таму, што несур’ёзна ставяцца да працы. Якое яшчэ дадому? Вы ж раней да самых Ліпак ездзілі!
– Тое раней было, а зараз у Ліпках работніц фермы няма.
– Ды тут нейкія тры кіламетры! Няўжо не падвезяце?
– Я вам не таксі, – буркнуў кіроўца.
– Я буду скардзіцца, – не здаваўся дзядзечка, пакідаючы аўтобус. – У тым ліку на парушэнне правілаў бяспекі! Гэта што яшчэ за елачныя шары на лабавым шкле?
– Дзякуй, і вам не хварэць. Добрых свят! – крыкнуў у адказ кіроўца.
– А назад, да раённага цэнтра, як дабірацца будзем? – хмурна спытаў Юрась, як толькі на пару з прафесарам мінуў ускраіну вёскі і накіраваўся па замеценай дарозе туды, куды паказваў надпіс «Ліпкі».
– Вернемся. Абяцаю. Вячэрнім рэйсам. Бываў я і тут, і ў Ліпках, калекцыю ручнікоў у музеі набыў.
– Веру. Ого! Амаль гадзіна! Трэба маці патэлефанаваць, каб не хвалявалася, – Юрась зірнуў на тэлефон і заўважыў прапушчаны выклік ад маці.
– Вучыся быць дарослым і самастойным. Хопіць за мамчыну спадніцу трымацца.
Юрась схаваў тэлефон, вырашыў, што патэлефануе пазней, без сведак.
Бацька, мабыць, яшчэ з камандзіроўкі не вярнуўся, а маці адна завіхаецца – бегае па крамах, і торбы няма каму паднесці. А малодшая сястра Лінка ўжо, пэўна, усю кватэру абляпіла сняжынкамі, шарамі і гірляндамі да самага не магу…
Юрась летуценна заплюшчыў вочы – елку без яго яшчэ ніколі не ставілі. Вось вечарам ён на цягнік скокне – і раніцай дома будзе. Заявіцца з пахучай елкай і падарункамі, як Дзед Мароз. І гуску замарынуе. Так, як Юрась, ніхто не ўмее, нават бабуля.
Толькі прафесар умеў распачынаць гутаркі ў самы «прыдатны час» і псаваць усім навокал настрой. Завёў размову пра несправядлівасць у краіне, беспрацоўе, чыноўнікаў-дармаедаў, войны на Блізкім Усходзе, эпідэміі і голад. Не прафесар, а чэмпіён у цяжкай вазе сярод паразітаў і ныцікаў. У Юрася хваля абурэння такая ўзнялася, што ўсярэдзіне ўсё закіпела, нават самому крычаць і нагамі тупаць захацелася. Эх, шкада, што навушнікі дома забыў...
Ішлі доўга. Паабапал дарогі то тут, то там тырчалі заснежаныя елачкі і калючае кустоўе. У адрозненне ад горада, снег тут быў чысты і бялюткі, а навокал панавала цішыня. Часам здавалася, што ў далёкім грывастым лесе рыпяць старыя хвоі і перагаворваюцца між сабой сойкі.
Наперадзе завіднеўся перакінуты праз канаву масток, за якім пачыналася вёска, як Юрась раптам спыніўся і ледзь не схапіў прафесара за рукаў:
– Глядзіце, ліса! – паказаў ён на зараснікі, дзе мільгануў руды хвост.
– Няўжо? Ліха на яе! От, зараза! – спыніўся прафесар. – Вы ўпэўнены, што ліса?
– Канешне! Бліжэй толькі ў заапарку бачыў. Чаго вы, прафесар? Гэта ж не мядзведзь і не тыгр.
– А раптам яна шалёная?.. Паслухайце, малады чалавек, мне тут у Гуцішча вярнуцца трэба, забыў тоесёе… Вы ідзіце, вунь і хаты ўжо віднеюцца… Каб на вячэрні цягнік паспець. Толькі, прашу, перадайце маёй знаёмай падарункі, калі не цяжка, – ён усунуў хлопцу ў рукі свой стары чамаданчык. – Я даганю… Не ўсё набыў: на мандарыны з шампанскім забыўся…
Юрась стрымаў усмешку, паслухмяна ўзяў чамадан. Дык вось чаму стары прафесар енчыў усю дарогу! Хутка пабачыцца са сваёй каханай – і ўраз падабрэе!
– А каму перадаць хоць? – спытаў ён.
– Святлане Любаміраўне. Асабіста ад Велізара Леанардавіча.
– Ого! Не даць рады запомніць! – Юрась пацягнуў цяжкі чамадан праз масток.
– Запомніш, Юрась… Назаўсёды. І нізкі паклон дэкану, Адэлаідзе Бальтазараўне. Правільнага студэнта адправіла, не памылілася...
– Адкуль вы ведаеце маё імя і дэкана, прафесар?– здзіўлена азірнуўся Юрась, але дзядзечкі і след прастыў.
Няўжо так лісы спалохаўся, што ў кусты сігануў? Дзіўны чалавек…
(Мушу сказаць, што ва ўсіх прафесараў, якіх даводзілася сустракаць Юрасю, крышачку… як бы гэта сказаць… былі не ўсе дома.)
Юрась прайшоў праз масток, ручай пад якім нават не думаў замярзаць – бруіўся весела і па-вясенняму, толькі каля самых берагоў прыхапіўся блакітным лядком. Затым накіраваўся да вёскі, дзе па-над вострымі стрэхамі ўздымаліся ў неба тонкія струменьчыкі дыму.
Усю дарогу хлопца суправаджала цікаўная ліска – кралася па слядах.
Мясцовы клуб з вялікім музеем і бібліятэкай знайшоўся адразу. Так ужо арганізаваныя невялічкія вёскі, што ўсё самае галоўнае – пошта, крама, клуб і аўтобусны прыпынак – знаходзіцца ў адным месцы, акурат у цэнтры галоўнай вуліцы.
Загадчыца клуба, мілая і гаваркая жанчына, спачатку напаіла студэнта кавай з абаранкамі, а потым завяла ў музей і распачала доўгую гісторыю пра сакральныя веды і духоўную спадчыну. Шпацыравалі паміж шэрагаў шаф з народнымі ўборамі, ручнікамі і прасамі, гаршкамі і паясамі, ступамі і таўкачамі, сярпамі і бочкамі, бубнамі і званочкамі, маскамі казы і мядзведзя, вышыванымі фартухамі ды хусткамі.
Юрась запісваў на дыктафон, фатаграфаваў, пазяхаў і паглядаў на гадзіннік. Якія яшчэ сакральныя веды і духоўная спадчына, калі нават разабрацца не могуць, якое свята важнейшае – Новы Год ці Раство? А Раство праваслаўнае ці каталіцкае? Быццам у кожнага свой асабісты Бог і час яго нараджэння. А ўвогуле, усё гэта святары выдумалі, каб памяць пра паганскія абрады выкараніць. Сам нядаўна ў сеціве чытаў: чаму дванаццаць апосталаў вакол настаўніка круціліся? Ды таму, што дванаццаць месяцаў, як і сузор’яў, вакол сонца бегаюць. Каша ў галовах цёмных людзей, асабліва вось у такіх глыбінках. Мае рацыю прафесар – весяліцца значна цікавей, чым на працу ісці.
– А можа, вы начаваць застаняцеся? Самі ўсё і пабачыце! – не адчаплялася загадчыца.
– Ды не, ахвоты няма… Дадому паеду.
– Што вы дома рабіць будзеце? На канапе перад тэлевізарам сядзець? Заставайцеся, не пашкадуеце! Да нас з розных куткоў краіны даследчыкі едуць. Вось і нататнік спецыяльны маецца, куды я ўсіх запісваю. І вы запішыцеся, калі ласка, і запіс з падзякай пакіньце. Вам жа спадабалася экскурсія, праўда?
– Праўда, – у чарговы раз пазяхнуў Юрась, гартаючы прапанаваны нататнік. Імя прафесара ў ім не значылася.
Пацікавіўся ў загадчыцы, але і тая паціснула плячыма: ніколі не чула такога дзіўнага імя. Калекцыю ручнікоў таксама ніхто не вывозіў. Быў неяк выпадак: злодзеі ў музей праніклі – пару старадаўніх абразоў і некалькі абярэгаў з салярным арнаментам вынеслі, а каб некаму калекцыі раздаваць направа і налева – такога зроду не было.
Узрадаваная тым, што знайшоўся слухач, загадчыца доўга распавядала пра народныя звычаі. Затым у падзяку паабяцала знайсці аўтоўку, каб падвезці цікаўнага студэнта да цягніка.
– Гэта было б цудоўна! – узняўся Юрась. – Толькі ў мяне яшчэ справа засталася: не падкажаце, як знайсці Святлану Любаміраўну?
– Ну вось. Гаворыце, што ўсё гэта забабоны, а самі, бач, варажыць прыехалі. Яе хата ў самым канцы вуліцы, далей ужо могілкі пачынаюцца.
Юрась выйшаў. Цямнела. Нарэшце распагодзілася, у небе запальваліся першыя зоркі, якія тут здаваліся значна ярчэйшымі і большымі, чым у горадзе. З рота ішла пара, пад нагамі храбусцеў пругкі сняжок.
Вось чорт, а ў які бок вуліцы ісці, так і не спытаў!
Хлопец накіраваўся да жанчыны ў светлай берэтцы і кажушку, якая зачыняла шапік.
– Добры вечар, не падкажаце, хату Святланы Любаміраўны дзе шукаць?
– Вунь там, – махнула яна рукой у бок пошты, – уверх па вуліцы да самых могілак. Зялёненькая такая. Але напярэдадні свята знахарка не прымае.
– Хто? – перапытаў Юрась. – Знахарка?
– Добрая знахарка, нават з раёна да яе прыязджаюць. Лечыць, варожыць, будучыню прадказвае. Вы загадзя запісваліся?
Юрась паціснуў плячыма. Дзіву даўся: ну што за народ? Дваццаць першае стагоддзе на дварэ, а яны зёлкамі лечацца і карты раскідваюць.
Хіба ў рацыянальнага і разумнага прафесара могуць быць такія сябры? Затрымліваецца ён, аднак… Няўжо перадумаў, назад у Стараселле падаўся? Дзівак…
Юрась крочыў па заснежанай вуліцы паўз драўляныя хаты, з комінаў якіх узнімаўся празрысты дымок. Пахла смалой і хвояй. За платамі разрываліся ад брэху сабакі, за вокнамі сядзелі сытыя каты. Недзе ўдалечыні патрабавальна раўла карова.
Перад самымі могілкамі, каля ручая, на якім грувасціліся дрэўцы і вялікія галіны – плаціна баброў, – стаяла акуратная зялёная хатка з разьбянымі белымі ліштвамі.
Юрась адкашляўся і пастукаў у брамку. Яна рыпнула і расчынілася.
– Добры вечар! – зазірнуў ён у двор.
Адказу не было. У вокнах гарэла святло.
Узняўшыся па прыступках на высокі драўляны ганак, Юрась пагрукаў у дзверы.
– Праходзьце! – пачуў ён голас гаспадыні і тузануў ручку. Пераступіўшы парог, апынуўся ў сенцах, а потым і ў кухні.
У хаце было горача, у выбеленай печы ярка палаў агонь, пад самай столлю сушыліся на нітках зёлкі і вялікія капелюшы грыбоў.
– Ёсць тут хто? Добры вечар! – гучна павітаўся Юрась, і з-за фіранкі вызірнула кабета ў бялюткім фартуху і хустцы. У руках яна трымала вялікую міску, памешваючы драўлянай лыжкай рэдкае цеста.
– Вечар добры, – павіталася яна і паставіла міску на стол. – Міраслава гуляць пабегла. Хутка вернецца. Можаш пачакаць, зараз аладак напяку.
Юрась прысеў на лаўку каля стала, расшпіліў куртку, паставіў пад ногі чамадан і заплечнік.
– А я не да Міраславы, а да Святланы. Гэта вы?
– Яна самая. Толькі гасцей сёння не прымаю, да свята рыхтавацца трэба, – кабета выняла з печы патэльню, абмазала яе кавалкам сала і ўліла цеста, якое адразу заскварчэла. – Адкуль сам будзеш? Не бачыла цябе тут…
– Студэнт я, з Магілёва, Юрасём клічуць.
– І чаго ж цябе так далёка занесла, Юрась з Магілёва? Калі паваражыць ці зёлак гаючых набыць, чакай унучку. Прываротамі-адваротамі не займаемся, калі ты па гэта.
– Ды не, што вы! Я ў такія глупствы не веру!
– А ў што ты верыш?
– Ну, не ведаю… Ні ўва што…
– Так не бывае. Кожны з нас у некага верыць і нечаму кланяецца, але не заўсёды і сам можа гэта вызначыць. У кожнага свая асабістая вера і свае забабоны. Галоўнае, ёсць нешта большае, што нас аб’ядноўвае.
– І што гэта?
– Здагадайся.
– Няма калі ў загадкі гуляць, мне на цягнік трэба. Дык вы, значыцца, чараўніца мясцовая? Ого! А пакажыце які-небудзь фокус! Ну, там… град выклікаць…
Гаспадыня выняла з печы патэльню, скінула на талерку купку пухнатых аладак і паліла залацісты стосік чарнічным варэннем:
– Еж, балбес, зараз гарбаты ліпавай завару. Відэлец на стале. Смятану дастаць?
Юрась не змог адмовіцца, гледзячы, як па пульхных загарэлых бачках аладак сцякае густы сіне-фіялетавы сіроп.
– Да-аста-аць…. – толькі і змог вымавіць ён.
Гаспадыня паставіла на стол гліняны кубак, кінула ў яго жменю зёлак і ягадак са шматлікіх слоічкаў, што стаялі на палічцы, і наліла цягучага пахкага мёду.
У хаце было душна, пахла воскам і ванілінам, і ад гэтага хацелася спаць. Юрась абапёрся спінай аб цёплую сцяну і прыплюшчыў вочы:
– А ў котку ператварацца можаце?
– Анягож! І ў котку, і ў ласку, і ў варону. І ўнучку навучыла, усё як мае быць. Тая ліскаю па палях бегае.
– Крута. На тэлефон здыму, можна? – пажартаваў хлопец.
– Абавязкова! Дапаможам, чым зможам, маладому спецыялісту.
– Вось і цудоўна! І ўнучку вашую пачакаем. Вой, ледзь не забыўся! Я ж вам падарункі прывёз! Ад прафесара, Велізара Леанардавіча. Хутка і сам падыдзе!
– Якога яшчэ прафесара? Першы раз чую… – кабета паставіла патэльню на прыпечак і насцярожылася.
– Ну не ведаю, перадаць прасіў, – Юрась паставіў на лаўку чамаданчык і націснуў на блішчастыя замочкі. Яны бразнулі, і чамадан адчыніўся. У той жа момант у паветра ўзнялася жменя сажы, быццам стрэліла хлапушка, а гаспадыня грымнулася на падлогу.
– Гэй! Што з вамі? – падскочыў да яе хлопец. Кабета нібы скамянела. У хаце запахла расплаўленым асфальтам. Юрась зазірнуў у чамадан: ён быў зусім пусты. Няўжо ў жанчыны прыхапіла сэрца?
Праз хвіліну на ганку пачуліся таропкія крокі, у хату ўвалілася румяная ад марозу дзяўчына:
– Бабуль, я дома! Бабуль? Бабуля! – заўважыўшы на падлозе цела, яна кінулася да яго.
– Я… я нічога такога… – разгубіўся Юрась. – На хвіліну зазірнуў, падарункі аддаць, а яна вазьмі ды ўпадзі! Дыхае! Трэба «хуткую» выклікаць!
– Ніякая «хуткая» не выратуе! Ну, што стаў? Дапамажы на ложак перанесці! Хутчэй! Ах, не ўпільнавала! Не злавіла! Знік!
– Чаго не ўпільнавала? Хто знік? – не разумеў Юрась, пакуль дапамагаў ускладаць бабулю на ложак, што стаяў за печчу.
– Злыдзень!
– Які злыдзень?
– Той, у паліто і капелюшы, пад якім самыя сапраўдныя рогі!
– Прафесар?!
– Які прафесар?! Злыдзень! Я іх здалёк бачу! Сутнасць, стварэнне, якое дасылае моцны імпульс злосці, раздражнення і негатыву, яго прымаюць навакольныя людзі і самі выпрацоўваць злосць! Адбываецца канфлікт, сварка, раздражненне і вельмі магутны выкід псіхічнай энергіі, а гэта і ёсць мэта ўсёй працы Злыдня! А людзі, пасля таго як накрычацца, адчуваюць стомленасць і дрымотнасць, бо ўсе іх сілы сышлі ў невядомым кірунку. Роспач і пустэча, бо амаль усю энергію чалавека высмакталі, разумееш? Знаёмая сітуацыя? Чалавек, сам таго не жадаючы, корміць сваімі эмоцыямі усіх Злыдняў запар! Гэта ж ад яго падарункі?
– Не… не ведаю… Ад Велізара Леанардавіча…
– Ты разумны? Калі кніжак не чытаеш, хоць у сеціва зазірні: Велізар – дэман хлусні, а Леанард – гаспадар шабашоў! Ён пасмяяўся з цябе!
– Ты што такое кажаш? – заматляў галавой Юрась. – Гэта глупства, такога быць не можа…
– Не можа? Што ж ты нарабіў, дурань…
– Папрашу без абраз! Лепш «хуткую» выклікаць!
Дзяўчына накрыла бабулю коўдрай, а потым сцягнула з сябе чырвоныя з белым пальчаткі і такую ж задзірлівую шапачку з пампонам. Па плячах рассыпаліся залацістыя косы.
– Самі Злыдні ручай перайсці не могуць, – працягвала Міраслава, здымаючы куртку, з-пад якой выглядала кляцістая кашуля і сінія джынсы. – Ні ваду, ні агонь. Затое чужымі рукамі дзейнічаюць, шкоду чыняць. А бабуля мая – адзіная на ўвесь раён, хто баланс святлацені стрымлівае… Зараз ва ўсім разбяромся, усё зробім правільна… Вось яны, грамнічныя… – стала яна запальваць свечкі.
– Ты што робіш? – усклікнуў Юрась і сабраўся бегчы па дапамогу на вуліцу, бо дзяўчына, відавочна, была не ў сабе.
У гэты момант пад печчу хтосьці заварушыўся, чыхнуў і неўзабаве выкаціўся: маленькі, у рост гадавалага дзіцяці чалавечак, зморшчаны, з доўгай сівой барадой. Кульнуўся пад самымі нагамі Юрася, абярнуўся чорным катом і выскачыў праз расчыненую фортачку.
– Мама дарагая, – плюхнуўся на лаўку Юрась. – Выклікай «хуткую»! Я з глузду з’ехаў!
Дзяўчына ўсё гэтак жа запальвала свечкі:
– А гэта Злыдзень іх на цёмны бок пераваблівае, усіх: Дамавік, Лазнік, Хлеўнік, Пячурнік, Хатніца – усе зараз да яго кінуцца… Вой, а калі і Вадзянік з Азярніцамі прымкне ды ручай замерзне?..
– Ды што тут у рэшце рэшт адбываецца? Растлумач чалавечай мовай! – схапіўся за галаву Юрась.
Міраслава абыходзіла хату са свечкай і пасыпала падлогу макам:
– Значыць, так: ты гэта ўсё распачаў, табе і адказ трымаць. Інакш зоркі не будзе, і свята не будзе, і святла…
– Пры чым тут зоркі? Іх шмат – ноч на вуліцы…
– То не ноч…
Хата затрэслася, за вакном з дзікім карканнем замітусіліся зграі варон, пачуліся спуджаныя крыкі, завылі сабакі.
Дзяўчына засяроджана малявала на дзвярах крыжы:
– Ну калі ты не здагадаўся пра Віфлеемскую зорку, то здагадайся хаця б пра іншую – сонца, якое нараджаецца ў гэты час, праглынае цемру і робіць дні доўгімі. «Каляда» ад слова «кола» – сонца. Хіба гэта не зразумела?
Хата ізноў страсянулася, у вокнах захісталіся вуглаватыя цені. Агонь у печы згас. Нешта зашкрэбалася на даху, пасыпаўся праз комін чорны пыл. Па шыбе рыпнулі кіпцюры.
– Што гэта? – голас Юрася дрыжаў.
– Злыдні, вупыры, непрытомнікі і пярэваратні. Мабыць, ручай замерз. Без бабулі нам не справіцца. Так што давай, кіруй на двор, пакуль я прывяду яе ў прытомнасць. Для рытуалу ўсё гатова.
– Не пайду я, – закруціў галавой Юрась.
– Як не ты, то хто? Ты са Злыднем вунь колькі часу правёў, а сабой застаўся, хоць і чорта памінаў. Значыць, ёсць у табе святло. Не бойся, вось табе абярэг, – Міраслава ўклала яму за каўнер альховую галінку. – Яны табе нічога не зробяць. Трымай, – яна дастала са скрыні верацяно, – калоць трэба ў іх цені, здані будуць знікаць, – і пацалавала хлопца ў шчаку.
Юрась нібы акрыяў, набраў больш паветра і выйшаў на ганак. Расчыніў дзверы, у якія ціснуліся чорныя здані, і адразу выставіў наперад верацяно. Аж бачыць: зусім гэта і не верацяно, а меч зіхоткі, на плячы шчыт з алешыны, і сам ён у даспехі з выявай сонца закаваны.
Махае мячом направа і налева, крышыць лютых ворагаў, стомы не ведаючы… А птушка агністай зоркай над галавой пралятае і пытаецца:
– Малады чалавек? А далёка да выраю? Малады чалавек? Малады чалавек…
Юрась схамянуўся і расплюшчыў вочы: на стале стаяла талерка з рэшткамі варэння і пусты кубак. За вокнамі чуліся спевы і звон калакольцаў, Святлана Любаміраўна выняла з печы пахучыя смажаныя кілбасы, а побач з хлопцам стаяла рудая дзяўчына і будзіла яго:
– Малады чалавек, прачынайцеся! Там машына чакае, у мястэчка ехаць.
– Якое мястэчка? Я ж яшчэ абра-даў не пабачыў! Якія сонцу нарадзіцца дапамагаюць ды цемру праганяюць!
– Ну тады чакайце, пойдзем разам калядаваць! – узрадавалася дзяўчына. – Весялосцю ды шумам усю цемру прагонім! Толькі маску ліскі ды хвосцік на печы знайду!
– А… – разгубіўся Юрась, – а можа быць такое, што я вас у сне бачыў? Два разы.
– Тэорыя верагоднасці гэтага не выключае!
* * *
А Калядачкі, а хадзіце к нам,
Ой, рана, рана, а хадзіце к нам.
А хадзіце к нам, а мы рады вам,
Ой, рана, рана, а мы рады вам.
Нашы праснічкі паламаліся,
Ой, рана, рана, паламаліся.
Верацёначкі пагубляліся,
Ой, рана, рана, пагубляліся.
Нашы пальчыкі паспрадаліся,
Ой, рана, рана, паспрадаліся.
I пярсцёначкі пасціраліся,
Ой, рана, рана, пасціраліся.
Каб вас, Калядак, нядзель дзесятак,
Ой, рана, рана, нядзель дзесятак.
Мы бы, дзевачкі, нагуляліся,
Ой, рана, рана, нагуляліся.
I Калядак наўспаміналіся,
Ой, рана, рана, наўспаміналіся…