Каменнае сэрца
Здавён часу чалавецтва мае патрэбу ў навінах. Часам паесці не дай, абы толькі паслухаць, што наўкола дзеецца. Хаця тут я мо трошкі перабольшваю значнасць маёй прафесіі, бо, як ні круці, спачатку на першым месцы заўсёды хлеб, а затым ужо відовішчы і забавы, у шэрагу якіх і паглынанне навін. Таму мой род заняткаў не страціў актуальнасці нават і тады, калі прыгожым днём аднойчы настаў вялікі трындзец усяму наўкола. Ну, ці амаль усяму. І хоць збольшага былыя каштоўнасці, якімі так ганарылася наша цывілізацыя, страцілі вабнасць і саступілі месца новым, бо з’явіліся новыя людзі, але ж патрэба ў хлебе і навінах засталася, як і тысячы гадоў таму.
Так, рэпарцёрства засталося ў пашане і пасля падзення з нябёсаў Філасофскага Каменя, калі перакуліўся звычны свет. І прызнаюся, сябры мае, здабываць інфармацыю – гэта амаль як шчыраваць на шахце, ну ці мо трошкі складаней. Дык жа праўда, што з вамі зробіцца ў шахце? Самае благое – трапіце пад завал і сканаеце. А вось працуючы топавым рэпарцёрам канала «Зоркі мегаполіса», трэба з’есці не адзін мех жалезнага бобу. Выпадае часам жыўцом лезці ў самае пекла.
Свет перастаў быць звыклым, калі на нашы галовы абрынулася зверху вялікая камянюка. Мы рады не далі, бо неспадзявана ў адзін дзень спраўдзілася ўсё тое, што паказвалі ў кіно пра канец свету. Затрусіла горы, закіпела вада ў акіянах, і калі праз немалы час усё аціхла, раптам высветлілася адсутнасць добрай паловы людскога насельніцтва і, мякка кажучы, трошкі змяніўся рэльеф Зямлі-матухны. Звездары даўно прадбачылі падзенне аграмаднай глыбы з космасу, але ж, як гэта заўсёды бывае, візіт госця абярнуўся поўнай нечаканасцю. Калі чалавецтва ачомалася канчаткова, ад людзей засталася хіба траціна, а ў дзяржавах і межах знікла патрэба. Уладу ўзялі ваенныя. Многія з тых, хто выжыў, перасяліліся ў мегаполісы, абнесеныя высокімі сценамі і калючым дротам па перыметры. Кожны мегаполіс зверху ад небяспечнага дажджу і непагадзі абараняўся празрыстым купалам-накрыўкай. І як паўсюдна трубіла на ўвесь свет афіцыйная прапаганда, за сценамі была адно выпаленая планетнай катастрофай пустэча, у якой ніхто не жыў. Соваць нос па-за сцены, за перыметр без дай прычыны ўлады строга забаранілі, каб не занесці пад празрысты купал якой невядомай трасцы. Ваенныя пільна сачылі і ведалі сваю справу. Аднак жа многія былі ў курсе пра віруючае жыццё ў пустэчах, якое вельмі адрозніваецца ад нашага мегаполіснага існавання. Праўдамі-няпраўдамі смелыя адважныя людзі зазіралі за сцяну і ўпотай вярталіся назад па сваіх каналах. Ваенныя ж гэтаксама людзі, і часам былі не супраць адхапіць добры хабар за дапамогу пераправіць чалавека на той бок перыметра ці адтуль кантрабанду прапусціць. Там, за сцяной, існавала і адшуквалася шмат каштоўнага. Метэарыт, атрымаўшы найменне Філасофскі Камень, даў шмат карыснага і небяспечнага. У пошуку сенсацый і дзеля цікаўнасці я апынуўся за тым бокам сцяны, дзе не было празрыстага купала над галавой, дзе за кожным кутком чакала небяспека. Мне свярбела назапасіць больш інфармацыі і напісаць кнігу пра жыццё ў пустэчах. Небяспечны занятак, за які могуць пазбавіць грамадзянства мегаполіса.
***
Бар Рудога Эрыка хаваўся пад зямлёй, у былым бамбасховішчы, збудаваным, як казалі, яшчэ ў дваццатым стагоддзі. Падобныя сутарэнні меліся даўней ва ўсіх правінцыйных райцэнтрах. Тутэйшае паселішча ўзнёсла называлася Сінім Воблачкам, у ім было дзясяткаў з пяць жылых пабудоў. Паселішча хавалася ў глыбіні пад кар’ернай страмінай, з вяршыні якой віднеліся сцены мегаполіса.
Нідзе не спыняючыся, ні з кім не размаўляючы, я тупаў напрамкі ў прыгаданае месца на ўскрайку Сіняга Воблачка. Руды Эрык, здаецца, ніколі не вылазіў на паверхню з уласнага «завядзення», не пакідаў прылаўка. Я нават падазраваў гаспадара бара ў дачыненні да сумных эксперыментаў кампаніі «Дарксайд траст» у галіне геннай інжынерыі, але падазрэнняў нічым не выказваў і ні з кім не дзяліўся высновамі. Бо як ні круці, а Руды Эрык быў маім адзіным надзейным каналам сувязі са светам-за-сцяной, і мне зусім не хацелася псаваць адносіны. Калі Эрык баіцца дзённага святла з-за генетычных дэфектаў скуры, то гэта толькі ягоная асабістая праблема. Мы ўсе моцна змяніліся, тыя, хто выжыў пасля катастрофы, і кожны меў уласную «фішку» – наступства ад кантакту з Філасофскім Каменем. Калі мы пасябравалі, я мусіў адразу прызнацца Рудому Эрыку ў дакладных прычынах маіх візітаў і пошукаў. У маім выпадку без шчырасці нельга. У пустэчах ніхто нікуды не швэндаецца без патрэбы, бо тэрыторыі-за-сцяной поўняцца размаітымі істотамі, і далёка не ўсе сярод іх людзі, нават калі знешне і нагадваюць чалавека.
У памяшканні панаваў звычны паўзмрок з прахалодай. З наведнікаў толькі адзін чалавек прыткнуўся за сталом у дальнім куце і ці то хроп, ці то размаўляў сам з сабой. Эрык пазваў мяне ў гаспадарчае памяшканне.
– Ты ўжо тут траха намазоліў мясцовым вочы, людзі цікавяцца, – ціха мовіў Эрык.
Скінуўшы гружаны заплечнік, я паклаў яго на вялікі кораб перад Эрыкам.
– Я ж раз на месяц толькі і завітваю.
– І што з таго? Не ўпершыню, вось і прыкмецілі.
– Праблемы?
– Барані Бог. Проста засцерагаюся, каб у чый чэрап не трапіла думка, што ты візіцёр з мегаполіса. Лінчуюць адразу, ну ці пасля, як сцямнее, употай.
– Хто тады гасцінцы прыцягне?
– Дык я вось пра тое і кажу. Барані Бог. Але ж вашага брата не любяць.
Я паціснуў плячыма. Можна і не тлумачыць. Пад празрыстым купалам-накрыўкай мы ў адноснай небяспецы. Сцены надзейна не прапускаюць ні мадыфікантаў, ні навалачы. А тут у Сінім Воблачку калі не паспееш схавацца ад дожджыку, то назаўтра скура скамянее, а мо ўвогуле злезе шматкамі да костак. Цяжка тутэйшым.
Я паволі развязаў заплечнік. Удзячны Руды Эрык шчыра радаваўся. Пральны парашок, сапраўдная кава ў вакуумнай запакоўцы, харчова-вітамінныя капсулы, нават цукар і соль – усё да месца ў тутэйшай гаспадарцы. Ведаў бы Эрык, якімі хітрыкамі ды махінацыямі здабываюцца ўсе гэтыя рэчы, улічваючы татальны кантроль над размеркаваннем прадуктаў і паслуг. Але ж на якія толькі ахвяры не згодзішся дзеля прафесіі. Мне патрабавалася сенсацыя для канала «Зоркі мегаполіса», і знайсці яе я мог толькі тут, у пустэчах.
– Табе вядомае імя Слава Прайдзісвет па мянушцы Палец? – спытаўся я ў Эрыка.
– Даводзілася чуць, – бармэн пашкроб патыліцу. Я заўважыў, што на правай далоні не хапае сярэдняга пальца. – А навошта табе?
– Ім цікавяцца ваенныя, а дакладней – служба бяспекі мегаполіса. Фараоны вышэйшага класу.
– Так прама і цікавяцца?
– Не так ужо і прама, аднак выпаў гонар пабачыць гэтае імя ў спецыяльным спісе, куды ўносяцца асобы ў вышуку катэгорыі «В».
– І што тое павінна значыць? – не зразумеў Эрык.
– Ёсць катэгорыя «А». Гэта найвышэйшы прыярытэт вышуку, на які кідаюцца ўсе сілы. Літара «В» значыць «знайсці па магчымасці». Яшчэ ёсць «С» – «можна не шукаць». А пазнака «плюс» значыць знайсці і ліквідаваць. Дык вось, «В» ставіцца на асабістую справу, калі чалавек хаваецца ў пустэчах, дзе яго выявіць здольныя хіба што паляўнічыя на галовы. Карацей, дзе яго адсачыць амаль што нельга.
– Дазволь, а чым Прайдзісвет-Палец так зацікавіў вашу бяспеку?
– Мой інфарматар з уладных эшалонаў паведаміў, быццам нейкі ўнікальны ваш Слава Прайдзісвет. Прычым настолькі, што ваенныя атрымалі загад даставіць Славу ў мегаполіс, калі пашчасціць натрапіць на след.
– Разумею цяпер. Табе свярбіць апярэдзіць сваіх жа. То-бок папераду бацькі ў пекла.
– Ну, я не маю дачынення да ваенных, Эрык. У мяне свая служба – служба навін, – тут я пасміхнуўся. – А ў пекле мы і так даўно ўсе. Ведаеш, жыццё ў мегаполісе таксама не райскае. За ўсё разлічвайся, за ўсё адчытвайся, цьху… і хадзі па струнцы.
Мы пастаялі нема. Эрык вагаўся, ці выдаць мне інфармацыю, але зазірнуў у раскрыты заплечнік і выдыхнуў.
– Пару разоў Слава Прайдзісвет наведваўся ў наш край. Даўно, тады яго яшчэ не менавалі Пальцам. Усё, што мне вядома, Прайдзісвет быў удалым наймітам, суправаджаў караваны, пераараў пустэчы ўздоўж і поперак па ўсім мацерыку, бадай.
Табе варта сустрэцца з Прафесарам. Ён жыве ў Чорных Норах. Гэта паселішча ў дваццаці кіламетрах адсюль на паўночным усходзе, на тым баку Вялікага Кратара.
Прафесар трошкі малахольны, памешаны на тэхнічных прыбамбасах. Яны абое рабое былі, сябры вадой не разліць. Кажуць, што Прафесар ужывіў у Прайдзісвета незлічоную процьму размаітых імплантаў баявога назначэння. Быццам бы Слава дазволіў звар’яцеламу навукоўцу ставіць на сабе вопыты, і той зрабіў з сябра жывую ваенную машыну. Дакладна не скажу, але як ахоўнік караванаў Прайдзісвет быў у пашане.
– Слухай, а чаму Прайдзісвет?
– Дык сказаў ужо, пераараў-перамераў свет, ну ці палову свету, уласнымі нагамі ўздоўж і ўпоперак. Думаецца, ніхто лепш за Славу не ведае пустэчы.
Я зірнуў на гадзіннік. Трэба было хутка вырашаць.
– Пазычыш мне транспарт?
Эрык завагаўся.
– Бензолю мала зусім. Толькі туды хопіць, калі намыліўся ў Чорныя Норы.
– Мо разжывуся па дарозе?
Эрык з неахвотай даваў карыстацца трыцыклам, даводзілася ўламваць. Але пехатой дваццаць кіламетраў цераз пустэчы не вабіла.
– Небяспечны шлях, вандроўнік.
– Не хвалюйся, не першы раз. Трыцыкл вярну назад, – паабяцаў я.
– Прынясі наступным разам больш медычных аптэчак.
Мне не засталося іншага, як паабяцаць.
– Эрык, мае рэчы ў парадку?
– Магу пакрыўдзіцца, – ён паказаў на зачыненую шафу з замком-шыфрам.
Справа ў тым, што без зброі і адпаведнага адзення сунуцца ў пустэчы не мела сэнсу. Але пранесці штурмавую вінтоўку цераз сцяну я таксама не мог. Таму захоўваў належны рыштунак і амуніцыю тут, у бары Эрыка Рудога. Ён знік на хвіліну, потым вярнуўся, працягнуў мне пакет.
– Аддасі Прафесару, скажаш – ад мяне. У пакеце тутэйшыя далікатэсы з майго бара, я калісьці абяцаў. Так будзе зручней закантачыцца з ім.
Я падзякаваў і пачаў пераапранацца.
***
Трыцыкл спраўна тарахцеў па ледзь прыкметнай сцежцы, і я меркаваў цягам гадзіны дабрацца да Чорных Нораў. Глеба вакол была камяністай, сям-там ляжалі валуны. Аднастайныя змрочныя колеры пад трахкат матора гіпнатызавалі, навявалі сон. Пах паветранага пылу прабіваўся ў рэспіратар. Вочы надзейна хаваліся пад кантрасным шклом тактычных акуляраў. На мне стройчык, у якім можна перажыць дождж, на руках – пальчаткі.
Кіламетраў праз сем я дабраўся да Вялікага Кратара. Сцежка агінала страміну, з правага боку зеўраў глыбокі правал, засланы ў дне белымі клубамі туману. Часам клубы ў далёкай глыбіні перамяжоўваліся сполахамі агню. У нябёсах жа царавала шэрая імгла ўперамеж з доўгімі ярка-фіялетавымі плямамі.
Даўно ўжо я існаваў агорнуты болем, які не здольны вылечыць ніводзін доктар. Тое боль страты і шчымлівай тугі па зялёным дрэве, небе ў ясным блакіце і яркім сонейку. Боль па нашай чалавечай існасці, які ўзнік, калі мы абрабавалі і амаль знішчылі планету, падораную Богам нам для жыцця. Я пазіраў у неба, зацягнутае таўшчэзнымі хмарамі, якія, здавалася, свецяцца знутры нездаровым бляскам, і разумеў: да скону не ўбачыць мне сонца. І душа мая існавала ў пакутах. Хоць сцвярджалі ў адзін голас ідэолагі мегаполіса, маўляў, душы няма, а што ж тады ўнутры баліць, калі глядзіш на неба? Справа ў тым, што мы даўно ўжо забыліся, як выглядае сонца.
Ніхто не даў рады, калі з космасу прыляцела аграмадная каменная глыба і ўвайшла ў зямную атмасферу. Госцю выявілі дужа позна, калі тая была ўжо на адлегласці Месяца. Думалі – абміне, аднак арбіта выгнулася па даганяючай траекторыі збліжэння. Прыцягнуты гравітацыяй, чыркнуўшы па верхніх слаях паветранага акіяну, метэарыт пачаў гарэць і распадацца. Мы аказаліся зусім не падрыхтаванымі да апакаліпсісу, хоць у свеце шмат вады налілі на падобную тэму. Ані ядзерныя ракеты, якія прапаноўвалі падняць на арбіту, ані касмічныя станцыі – нішто нас не ўратавала.
Разбурыўшыся на кавалкі, метэарыт выклікаў падзеннем вялікія хвалі цунамі і атмасферныя віхуры. Хмары з пылу і пяску ўзняліся высока, засланілі сонца, абрынулі паўзмрок на ўвесь свет. Трыма словамі можна апісаць тагачаснае становішча: кроў, агонь, смерць. Цягам содняў на планеце ўсталявалася тое, што даўней аўтары разумных кніжак апісвалі як ядзерную зіму. Але не гэта было самым жахлівым.
Нябесны госць утрымліваў у сабе нешта чужое і надзвычай небяспечнае. Тое, што магло ўплываць на ўсё жывое і змяняць біялагічныя віды. І яно напоўніцу змяніла нашы жыцці, каштоўнасці і мары пра будучыню.
Метэарытнае рэчыва на шмат адсоткаў складалася з невядомай палімернай арганікі, якая ў сукупнасці з другім невядомым кампанентам паводзіла сябе дужа агрэсіўна да навакольнага асяроддзя. Калі дакладней, рэчыва метэарыта пачало змяняць структуру, хімічны склад і знешні выгляд усяго, да чаго датыкалася. Гэта можна параўнаць з дзеяннем камп’ютарнага вірусу або ракавай клеткі. Яно змяняла ўсё наўкола і пакрысе захапіла свет, усю планету.
Цудам адноўленыя даследчыя цэнтры ставілі размаітыя эксперыменты з рэчывам і дамагліся ўнікальных вынікаў. Аскепкі падарунка космасу выяўляліся паўсюдна, яны ўзмацнялі ўласцівасці рэчываў і знайшлі ўжытак ва ўсіх сферах нашай жыццядзейнасці. Новыя віды зброі, медычныя сродкі, акумулятары энергіі, паскаральнікі метабалізму, шмат новага даў нам прыбылец, але гэта была бадай тысячная доля з усяго. Ён узмацняў браню і прабіўныя характарыстыкі куль, ён загойваў раны і вылечваў безнадзейна хворых. Ён паглынаў, пераўтвараў і выдзяляў энергію.
Падарунак нябёсаў так і назвалі – Філасофскі Камень.
Аднак наш Філасофскі Камень не пераўтвараў ртуць у золата, як марылі алхімікі Сярэднявечча. Золата проста страціла каштоўнасць. Філасофскі Камень сам зрабіўся каштоўнасцю, даражэйшай за любое золата, і ён цалкам пераўтварыў планету, перадусім спыніўшы эфект ядзернай зімы. Вось толькі сонца мы так і не ўбачылі, адно новыя адценні ў хмарах.
Нешта падказвала: купалы-накрыўкі над мегаполісамі – абарона часовая. Дзе-нідзе мы рабілі кволыя спробы адаптавацца да новага жыцця без выкарыстання тэхнічных сродкаў абароны. Ды дзе там! Расла ўва мне ўпэўненасць, што падобная дзея пад сілу хіба насельнікам пустэчаў, якіх згодна з афіцыйнай пастановай «няма». Мегаполісам з іх ваеннай хунтай і бюракратычнымі забаронамі адназначна цяпер наканаваны шлях у нябыт. Праўда, я прытрымліваў гэтыя свае думкі для запланаванай кнігі. Не хацелася пакуль нажываць клопатаў, выпадкова ляпнуўшы лішняе.
Да слова, адным Філасофскі Камень бачыўся панацэяй, другім стаў праклёнам, іншым – крыніцай казачнага ўзбагачэння. На рознакаляровыя кавалачкі метэарыта палявалі, іх здабывалі, вышуквалі, выведвалі ўчасткі падзення, куплялі-прадавалі, кралі-рабавалі, заваёўвалі і дарылі. Аскепкі дзяліліся па колеры і ўласцівасцях, ім давалі дзіўныя найменні: зіхавец, брунат, сінька, чырвень, чорная соль, усмешка вясёлкі і нават энцыкліка рымскага папы. Напрыклад, з зіхаўцу і чырвеню выраблялі энергетычныя элементы. Чорная соль гаіла адкрытыя раны. А з неверагодна чорнага адцення энцыклікі майстравалі ўпрыгожванні ў выглядзе кулонаў і бранзалетаў і збывалі іх на чорным рынку мегаполіса, за сцены якога праносілі кантрабандай, адслініўшы як след ваенным.
Калі цяжкія хмары разрадзіліся першым пасля катастрофы ліўнем, ніхто яшчэ не ведаў пра наступствы гэтага дажджу. Праз пару гадзін у жывых істот павыпадалі валасы, здубянела скура, а потым адбылася трансмутацыя-пераўтварэнне. Праўда, чалавечыя арганізмы не вытрымлівалі і гінулі, а вось з жывёл атрымаліся пачварныя камняскурыкі. Іх з’яўленне было першай хваляй змен у свеце, услед за імі прыйшлі матрычныя блашчыцы, секачы-забойцы і іншая мутацыйная жуда, агульным тэрмінам пазначаная як мадыфіканты. У дачыненні ж да людзей новыя біялагічныя віды паводзілі сябе дужа агрэсіўна.
***
Мне ніхто не патлумачыў, што адзінокія дзеці ў пустэчах могуць аказацца небяспечнейшымі за самага жахлівага монстра. Хутчэй спрацаваў інстынкт. За чарговым валуном, калі да пункту прызначэння было амаль рукой падаць, я мусіў запаволіць хаду трыцыкла з-за бездарожжа. Матор чыхнуў-пыхнуў, быццам пажадаў сам сабе добрага здароўя, і, як мне падалося, з нехацяём успрыняў навязаны абставінамі новы рэжым хуткасці. Трыцыкл падскокваў не раўнуючы як у танцы, тросся, калаціўся, ува мне ажно скуксіліся вантробы, і я баяўся, каб стырно не выслізнула з рук. Колькасць валуноў пабольшала, запятляла сцежка. Прыкінуўшы ў думках, я зрабіў выснову, што да Чорных Нораў яшчэ кіламетр з гакам. Не хацелася, каб жалезны конь Рудога Эрыка сканаў вось зараз. Тады лішняй бляшанкай кавы не адкупіцца, Эрык не даруе. Таму тэхніку важна не ўхойдаць. І тут раптам пасярод сцежкі ўзнікла проста нерэальнае малявідла.
Прама з зямлі вырасла вялікая кветка, падобная ці то да ружы, ці то да качана капусты, без сцябла. Металёва-ртутнага колеру пялёсткі раскінуліся ўшыркі ва ўсе бакі і зіхацелі-пераліваліся незямным святлом. Ртутныя кропелькі вадкасці бесперапынна збягалі, сцякаліся з цэнтра ўздоўж пялёсткаў і струменіліся па краях, парушаючы законы гравітацыі. Кветачка мела метры тры ў дыяметры і прыкладна метры паўтары ў вышыню. Некалькі імгненняў я зачаравана разглядаў гэтае дзіўнае стварэнне, параджэнне Філасофскага Каменя. Тужавіца. Мне даводзілася чуць пра тужавіцу. Казалі, яны растуць далёка на ўсходзе, а іхняе сцябло хаваецца пад зямлёй і доўжыцца дзясяткі метраў. Недзе далёка тужавіцу звалі яшчэ груснічкай. Аднак не тое прыцягнула маю ўвагу найбольш. У самым цэнтры суквецця знаходзілася дзіця, выглядам гадкоў на пяць-сем. Нерэальнай прыгажосці дзяўчынка. Белыя кучаравыя валосікі баранчыкамі рабілі галаву падобнай да дзьмухаўца. На амаль мармуровым тварыку ясна-блакітныя вочы нагадвалі вялікія гузікі. Дзяўчынка была басанож і ў белай сукенцы і, як магла, адбівалася-адмахвалася палкай ад нейкай адзінокай інсекты, што нагадвала саранчу. Са стрэкатам і віскам інсекта атакавала з аднаго боку, з другога, зверху, спераду-ззаду, але беспаспяхова. Дзяўчынка ўпэўнена трымала абарону, хоць на тварыку панаваў спалох. Падалося нават, што тужавіца ртутнымі пялёсткамі дапамагае абараніць дзяўчынку ад нападніка. Скажу я вам, саранча была з тры далоні дарослага чалавека ў даўжыню. Скарыстоўваць штурмавую вінтоўку не мела сэнсу. Інсекта хутка змяняла пазіцыі для атакі, я не здолеў бы належным чынам прыцэліцца, каб знарок не параніць дзіця. Таму я злез з трыцыкла, выхапіў з бардачка пад сядушкай даўбню, прыхаваную клапатлівым Эрыкам у якасці «запаснога варыянту на ўсялякі выпадак», і рынуўся на дапамогу.
І тут я заўважыў, што саранча не адна. Штук пяць яе «паплечніц» замёрлі збоку і сачылі за двубоем, быццам папярэдне дамовіліся і зрабілі стаўкі. Дзяўчынка ўскрыквала раз-пораз і відавочна траціла сілы з кожным махам палкі. Аднак я змог перавесці агонь на сябе і даць дзіцяці перадыхнуць. Зграя саранчы адразу напала на мяне скопам. Я махаў даўбнёй, круціўся і пакрысе паддаваўся адчайнаму песімізму наконт перспектыў фіналу вар’яцкай бойкі. Перспектывы выглядалі дужа благімі. Саранча неўзабаве падзялілася па двое і метадычна нападала адначасова з розных бакоў. Здаецца, яна мела інтэлект, гэтая саранча. Даволі хутка я змакрэў і пачаў адчуваць недахоп паветра. Штосьці джвагнула ў спіну, у плечы, пракусіла камбез. Пранізлівы боль, на гэты раз сапраўдны, цялесны, а не душэўны, вымусіў мяне ўскрыкнуць. З лямантам я кінуўся ў атаку і нават адну нападніцу ўсё ж дастаў. Пачварына ўспыхнула полымем і згарэла, не даляцеўшы да зямлі. Я быў на імгненне вельмі агаломшаны ўбачаным, тое мяне і згубіла. Я прапусціў атаку. Ніколі не бачыў, каб саранча мела на канцы джала. Доўгае, сантыметраў з пятнаццаць. З хрупаннем джала ўваткнулася мне ў грудзі, прабіла тканіну камбеза і з хлюпаннем увайшло напоўніцу, працінаючы сэрца. Я таргануўся, разумеючы, што мне хана. Высакародны скон – за дзіця, а значыць за будучыню, пафасна падумалася мне ў якасці суцяшэння. Я балюча ўпаў на спіну і заплюшчыў вочы. У апошні момант па твары захвасталі струмені ліўню.
***
У дзяцінстве мне часта бачыўся адзін і той жа сон. Я шпарка бягу па бяскрайнім полі, на якім каласіцца спеллю залатое жыта і з прадоннай сапфіравай сінечы нябёсаў ліецца святло шчодрага сонца. Увушшу раздаецца загадкава-таямнічае гучанне зорнага амбіента, і па небе раптам пралятаюць чарадой касмічныя караблі з распасцертымі панэлямі сонечных батарэй. Я бягу, поле не канчаецца, і ўся мая існасць напаўняецца шчымлівай радасцю. Мне таксама хочацца ляцець.
Гэты сон з дзяцінства – мой самы лепшы ўспамін пра мінулае. Ён прыглушае боль страты, які, мабыць, катаваў і Адама з Евай, калі яны мусілі пакінуць Эдэм.
І той наш Эдэм ужо не вярнуць. Ці магло так стацца, што Творца сусвету наўмысна паслаў на нас Філасофскі Камень, каб вылечыць планету ад наступстваў нашай жа жыццядзейнасці? Калі канчатковай мэтай прылётуКаменя ёсць стварэнне новага віду чалавека, то працэс ужо рушыць поўнай хадой. І вынікі ж прадбачыць няма як, бо «стары» чалавек яшчэ жыве, дыхае і актыўна супраціўляецца.
***
Ачомаўся я ў халоднай пустаце, так мне падалося. Расплюшчыў вочы з-за зыркага святла. Паварушыўся і выявіў, што ляжу на цвёрдай паверхні. Вочы хутка прывыклі, і я змог нарэшце разлічыць доўгія люмінісцэнтныя лямпы. Я здолеў прыўзняцца. Пальцамі намацаў шыльдачку на паверхні. Павярнуўся, выхапіў позіркам надпіс «Медычны бокс нумар… уласнасць карпарацыі «Дарксайд траст»». Дарэчы, названая фірма займалася медыцынскімі доследамі ў галіне геннай інжынерыі, і яе даўно скасавалі з-за забароненых эксперыментаў. Часам усплывалі пагалоскі пра пакінутыя лабараторыі карпарацыі, прыстасаваныя да ўласных патрэб жыхарамі пустэчаў. Але як я тут апынуўся? Дакрануўшыся да грудзей, я намацаў шрам. І яшчэ – я быў галяком.
Неўзабаве высветлілася, што за мною назіраюць. Адсунулася частка бокса, і паверхня, на якой я ляжаў, павольна выехала вонкі. Я апынуўся ў памяшканні склада з нагрувашчаннем розных скрынак і корабаў. І нарэшце здолеў сесці.
Убачыў перад сабой барадатага дзядзьку з кудлатымі валасамі, у белым халаце. Дзядзька трымаў у руках мой камбез.
– Апранайся, – сказаў ён, паклаў адзенне побач са мной і паказаў на боты, якія стаялі побач.
Я моўчкі падпарадкаваўся. Дзядзька з задавальненнем паназіраў за маімі рухамі, пацёр далоні і схаваў рукі ў кішэні халата, калісьці вельмі белага.
– Цудоўна, – сказаў ён нібыта пахваліў сам сябе. – Аперацыя прайшла цудоўна.
– Дзе я?
– Сардэчна вітаю ў Чорных Норах. Мяне завуць Прафесар. Памятаеш, што адбылося?
– На мяне напала незвычайная саранча.
– Цудоўна, – паўтарыў ён. – З памяццю праблем не ўзнікла. Цябе джвагнула лятучая ўдавіца. І ты правёў у адключцы трыццаць шэсць гадзін.
Апошняя навіна мяне засмуціла. Па шчырасці, ужо гадзін дванаццаць таму я павінен быў вярнуцца ў мегаполіс, каб момант супаў з дзяжурствам знаёмых ваенных. Вынікала, цяпер ужо скрозь кантрольна-прапускны партал без наступстваў мне не прайсці. І хутка адміністрацыя «Зорак мега-поліса» высветліць маё знікненне, усчыніцца вэрхал. Я змрочна пацікавіўся, што за трасца такая – лятучая ўдавіца?
– Праект «Абадон», які выйшаў з-пад кантролю. Іншая назва: апакаліптычная саранча. Сямейства ваенных дронаў. Штучныя пачвары поўнасцю аўтаномныя, нападаюць без папярэджвання зграямі па некалькі штук. Месцазнаходжанне кіруючага камп’ютара «Анёл бездані» нікому не вядома.
– Здаецца, яны надзелены розумам.
– Так. Кожная ўдавіца забяспечана эмуляцыяй інтэлекту з блокам саманавучання. Наогул сустрэць дроны гэтага сямейства – справа вельмі-вельмі рэдкая. Іх амаль не засталося.
– Мне пашанцавала.
Я нарэшце апрануўся, насунуў боты і злез з мабільнага аперацыйнага стала. Назваў сваё імя, хто я і з якой мэтай накіроўваўся сюды. Чаму і не? Якія могуць быць таямніцы ад чалавека, які ўратаваў мне жыццё?
Прафесар пашкроб бараду і запрасіў «у кабінет».
Потым мы сядзелі і размаўлялі. Дзядзька-барадун частаваў мяне разагрэтымі кансервамі, салодкай пліткай і эрзац-кавай. Скуль столькі шчодрасці?
– За мае паслугі добра разлічваюцца, – намякнуў Прафесар. – Я тут накшталт ўрача, адзінага на ўсё наваколле, радыусам кіламетраў на пяцьдзясят, ну ці трошкі менш. Ты не хвалюйся, з цябе дакладна аплаты не патрабую. Наадварот, цяпер у чымсьці я табе павінен.
Я моўчкі еў і слухаў.
– Тое дзіця – мая дачка.
І я перапыніў дыханне.
– Праўда, павер, яна здольная самастойна расправіцца з лятучымі ўдавіцамі. Ці заўважыў ты што дзіўнае ў іх паводзінах у момант атакі?
– Напала адна, астатнія чакалі, пакуль я не ўлез.
– Вось-вось. Азалія аддала ментальны загад астатнім нападніцам чакаць, каб было зручней расправіцца.
– Ментальны загад дронам? – я ледзь не падавіўся.
– Азалія – здольная дзяўчынка. Зусім не падобная да людзей, можна сказаць, яна новы від… Але ж, як ні кажы, з’яўленне апакаліптычнай саранчы аказалася нечаканай падзеяй для ўсіх нас. І хоць дзіця не разгубілася, тваё з’яўленне было на руку.
Нішто сабе, «на руку». Прафесар працягваў расповед.
– Вас на сканеры заўважыў Слава Прайдзісвет. Дарэчы, Слава і даставіў цябе, амаль нежывога, сюды, затым усё расказаў. Убачыўшы для мяне пакет ад Рудога Эрыка і пачуўшы, як ты самааддана абараняў Азалію, я вырашыў цябе ўратаваць. Нарэшце спатрэбіўся і спісаны рэанімацыйны бокс, адноўлены дзеля падобных выпадкаў.
Я падзякаваў. Для прыліку мы яшчэ перакінуліся словамі пра нязначныя рэчы, і я нарэшце раскрыў мэту вылазкі ў пустэчы – пачуць з першых вуснаў гісторыю загадкавага для мяне Прайдзісвета. Прафесар ветліва пасміхнуўся і не стаў рабіць вялікіх таямніц.
– Калі Слава быў салдатам, яму падчас ваеннага рэйду адарвала ногі выбухам бомбы. Я выпадкова знайшоў бедака ў дужа знявечаным стане, але жывога, завалок сюды і паставіў замест ног імпланты-пратэзы. Тады мы і пасябравалі. Слава стаў наймітам і ваяваў далей. Пасля фугасам яму знесла левую руку, а аскепкамі пасекла вантробы – усё давялося таксама пратэзаваць, ужыўляць штучныя замяняльнікі. Любімы занятак найміт не кінуў і пасля. Калі чарговым выбухам адбіла галаву, сумневу ўжо не ўзнікала: тэхналогіі дазволілі замяніць і мозг, і вочы, і луджаную глотку. Нарэшце застаўся ў чалавека толькі ўказальны палец на правай руцэ, якім ён звык націскаць спускавы кручок зброі. Усе астатнія часткі цела былі замененыя імплантамі-пратэзамі. Уяві, ад усяго цела ў Славы родным застаўся толькі гэты палец. Тады за ім і замацавалася мянушка. Вось і ўся гісторыя.
Прызнацца, я трошкі расчараваўся ад пачутага, гісторыя падалася кароткай, хоць і займальнай.
– На сённяшні момант Слава заклапочаны праблемай самавызначэння. Найміт прайграў камусьці ў покер апошні палец і не можа даць рады, даказаць самаму сабе, што застаўся чалавекам, а не наборам нейравалакна, квантавых працэсараў і тытанавых костак пад штучнай скурай.
Прафесар памаўчаў і таргануў мяне за рукаво.
– Паслухай, у свеце шмат людзей, якія маюць родныя рукі-ногі, а назваць іх людзьмі язык не паварочваецца. А Слава – гэта унікум, феномен, ён цалкам складаецца з імплантаў. І каб не забыцца, што ён чалавек, Слава прысвяціў сябе добрым справам, дапамагае насельнікам пустэчаў, якія трапілі ў бяду. Вось каб не Слава, ты сканаў бы тамака каля тужавіцы.
– Зразумела цяпер, чаму вашага Славу вышуквае служба бяспекі мегаполіса, – заўважыў я. – Чалавек, у якога ані грама чалавечай плоці.
– Дазволь спытацца, навошта ты кінуўся ратаваць Азалію, загадзя ведаючы, што безабаронныя істоты не сустракаюцца ў пустэчах?
– Дык жа дзіця…
– Вось яно – маркер людскасці. Любоў да праяў жыцця, да жывой істоты робіць з нас тых, кім мы ёсць.
Прафесар яўна не цураўся пафасу. Я раптам успомніў, як джала лятучай удавіцы ўстромваецца мне ў грудзі, ажно засвярбеў загоены шрам, і занепакоіўся.
– Прафесар, якога роду аперацыя была праведзена мне?
– Го! Не сказаў важнага, малады чалавек. Тваё роднае сэрца давялося выдаліць і паставіць імплант. Але не звычайны пратэз з электронным начыннем, а біялагічны орган, штучна ўзрошчаны на палімерах Філасофскага Каменя.
Мне памласнела, я зачасаў грудзі.
– Цяпер у цябе замест сэрца самы сапраўдны камень, як у казцы.
Прафесар хлопнуў далонню па маім плячы.
– Павер, не варта хвалявацца. У пэўным сэнсе з новым сэрцам ты гэтаксама цяперака паўнавартасны жыхар пустэчаў. Разумееш?
Барадун даў мне час усвядоміць пачутае. Зваротны шлях у мегаполіс мне закрыты, бо першая ж медкамісія выявіць штучнае сэрца – і тады капут, калі выведаюць паходжанне органа. Прафесар узяў мяне за локаць і вывеў на вуліцу. Рэспіратарная маска, на дзіва, не спатрэбілася.
– Вось бачыш, ты ўжо цудоўна дыхаеш тутэйшым паветрам. Палімеры з Філасофскага Каменя адаптуюць цябе да знешняга асяроддзя.
Я азірнуўся наўкола. Парывы слабага вятрыскі сям-там уздымалі пыл. З вокнаў дамоў дзе-нідзе павысоўваліся людзі і глядзелі ў наш бок. Ужо знаёмая блакітнавокая дзяўчынка гулялася з каменяскурыкам, які, відавочна, да таго, як патрапіў пад дождж, быў кацейкам. Каменяскурык рохкаў і не звяртаў на нас увагі. Мабыць, мадыфіканты праяўляюць агрэсію толькі ў адносінах да жыхароў мегаполісаў.
Я адчуваў, як каменнае сэрца б’ецца, напаўняючы жыццём маю існасць. Наплылі радасць і асалода, падобныя да тых, што былі ў далёкім дзіцячым сне. І вакол нічога варожага больш не існавала. Усё ўспрымалася родным і неадрыўна сваім. І зброя была ўжо лішняй, непатрэбнай. З каменным сэрцам я адчуваў сябе чалавекам больш, чым раней.
З-за рога вуліцы паказалася постаць чалавека, які крочыў да нас. Аранжавым святлом з вачэй ён падсвечваў сабе пад ногі. Гэта быў Слава, які прайшоў свет. Чалавек, у пошуках якога я знайшоў нешта большае, чым проста ўдалую гісторыю…
***
Цяпер, калі мінула шмат часу, я сяджу ў сваім працоўным «кабінеце» ў бункеры на глыбіні дваццаць метраў пад зямлёй, слухаю архіўныя запісы ўспамінаў усіх тых, з кім мне давялося сустрэцца ў пустэчах і хто згадзіўся дапамагчы мне ў збору матэрыялаў для кнігі. Дарэчы, гэта вельмі вялікая кніга, і я яе ўсё ніяк не магу скончыць, бо колькі жыве на свеце людзей, столькі і гісторый, то-бок асобных частак для задуманай анталогіі. Усе гэтыя людзі па-свойму перажылі наступствы падзення Філасофскага Каменя, кагосьці ўжо няма і сярод жывых.
Я гартаю спісаныя аркушы іх успамінаў або мяняю ў прайгравальніку чыпы флэш-памяці з надыктаванымі расповедамі і дзіўлюся кожнай гісторыі, бо кожнага сюжэта хапіла б, мабыць, на раман.
Да слова сказаць, у мегаполіс я так ніколі і не вярнуўся, а другі перыяд жыцця, які ў мяне пачаўся разам з «каменным сэрцам», я прысвяціў доследам пустэчаў. Я шмат дзе хадзіў і многае бачыў, мне пашчасціла сустрэць нямала дзівосаў. І я ні аб чым не шкадую, а надыктаваныя і запісаныя ўспаміны лічу самым вялікім багаццем і здабыткам у новым жыцці. Дарэчы, мне свярбіць падзяліцца ім з зацікаўленымі асобамі. Калі ласка!..