Лена
Глекава

Лена Глекава

Лена Глекава — аўтар тэкстаў. Пераможца міжнароднага конкурса «Нарадзіцца ў Беларусі» (1988), літаратурна-спартовага спаборніцтва мясцовага значэння «Жыць у Беларусі» (1988-2019), кандыдат на перамогу ў межгалактычнай бяспройгрышнай латарэі «Памерці ў Беларусі» (?). Студэнтка Школы маладога пісьменніка 2018-2019.

Парцалянавая карова

1

Карова стаяла ў шафе на паліцы нумар тры і, па ўласным разуменні, была бліжэй да падлогі, чым да столі. Нумерацыя паліц ішла ад хваста шафы. Хвост патанаў у павуцінні. Галава хавалася ў скручаных з нейкай поўсці і пылу камяках.

Побач стаялі пакамечаныя жыццём і шматразовымі пераездамі кнігі. Карова была ўпэўненая, што ў адной з іх, за каляровай вонкавай кардонкай, у пульсуючых літарных вантробах была схаваная ўся праўда пра сусвет. У якой – невядома. Мо тая зялёная ведала законы быцця? Альбо барвовая? Барвовы колер заўсёды пазначае штосьці значнае.

За шафай пачыналася сцяна, штрыхаваная дошкамі на ўзор кратаў. Да сцяны сіняй кнопкай быў прышпілены чысты аркуш паперы. Яго карова ненавідзела болей за ўсё.

Яе нават не так напружваў шкляны шарык, што быў замацаваны ў яе на рагах. Карова дасканала ведала яго вагу і колер: кожнае адценне, якое набывала шкло ў залежнасці ад пары году, надвор’я і дакладнага часу. Адпусціць шарык было варта смерці, але калі не паслабляць цягліцы шыі і раўняць падбароддзе ў паралель з паліцай, дык яго можна было ўтрымліваць амаль без напругі. Ну, з адэкватнай напругай, нармальнай такой напругай для здаровай маладой каровы з цудоўнай, якаснай, з зіхатлівай палівай парцаляны. Шарык у прынцыпе паводзіў сябе спакойна і толькі пагрозліва касіўся набок, калі карова акуратна вадзіла галавой управа і ўлева, для размінкі. Шарык заўсёды заставаўся шарыкам.

Аркуш жа раздражняў варыятыўнасцю магчымага выкарыстання. Ён не затыркаўся ні ўдзень, ні ўначы і здзекліва прамаўляў:

– Можаш зрабіць са мной што захочаш: намаляваць сонца ці дождж, напісаць апавяданне ці хоць бы хоку. А хочаш, зрабі арыгамі-слана! Будзе выглядаць як сапраўдны. Не верыш – то паспрабуй!

– А куды ж падзець шарык? Для арыгамі патрэбная свабода рухаў. Лепш і не марыць. Стаяць, трываць, трымаць галаву роўна, рогі тарчком, каб ніхто не плакаў побач у спачуванні, – апаніравала карова.

«Праўда, кажуць, ёсць нейкія там крэатыўныя рашэнні, – разважала яна. – Він-він, перамога-перамога. Можа, знайсці што такое?»

– Дура парцалянавая, – выразна прамовіў унутраны голас.

– І по-о-ойдзем мы да горных вяршы-ы-ы-няў, і ўба-а-ачым ружовыя абло-о-окі Шры-Ла-а-анкі... – спяваў тэнарам аркуш.

– Не, ну гэта ўжо нахабства! – раз’юшылася карова. – Непавага! Гвалт! Як не сорамна! – крычала яна ці то голасу, ці то аркушу.

Сонца глядзела ў акно. Будучыня круцілася недзе побач, цвярдзела і станавілася пэўнай кожнае імгненне. Так нараджалася цяпер.

Карова стаяла, трымала шарык, вылічвала, у якой кнізе сапраўдная, самая праўдзівая праўда, лічыла дні, лічыла паліцы, наракала на вертыкальныя шчыліны паміж дошкамі на сцяне і выжыльвалася, ігнаруючы аркушавы заляцанні.

«Няўжо канчатковая мэта – прайсці праз гнеў, таргі і скруху ды скарыцца шарыку?»

– Думай, – раптам сказалі карове ўсе кнігі хорам. – Думай, карова. Парцалянавыя, яны наогул кемлівыя.

2

І прыйшоў туман. Зжор усё. Белы морак. Паветра з бавоўны. Зніклі кнігі, зліўся з суцэльнай беллю аркуш. Кавалак туману зацёк у шарык – стаўся белай ртуццю. У глухой моўчы пачуліся воклікі, што цягнуліся адной нотай і раскладаліся на рэха і паўзы. «У-у-у». «Э-э-э». Карова заплюшчыла вочы і стала распадацца на дробныя кроплі. Туман падхапіў яе і панёс праз нішто, нідзе, ніколі.

3

Карова ляцела. Унізе мільгацелі і патаналі ў няўмольным аеры азёры, праглынала само сябе, баронячыся ад нашэсця пражэрлівых звяроў, кустоўе. Карова падымалася над дрэвамі і чакала, што парцалянавы хвост будзе чапляцца за галіны й ціхенька звінець. Хвост маўчаў, хваста больш не было. Карова пашкадавала аб сваім раздробленым целе і ў тую самую хвіліну сабралася ў цэлае і грымнулася ў балотны трыснёг. Заглынула міску гаркавай вады, падняла галаву і неўзабаве зноў кульнула яе ўніз, бо на рогі апусціўся шарык. Пярэднія капыты раз’ехаліся ў бакі. Так яна і ляжала недарэчным непрапарцыйным крыжам пасярод вады і балотных раслін, утаропіўшы вочы ў сваё адлюстраванне, якое калыхалася і малявала пысу яе то непамерна вялікім колам, то да смеху дробным трохкутнікам. Туман знік.

4

Мутнае вока глядзела на яе з вады. Шчупачынае, абсалютна круглае, дасканальна невыразнае. Высунулася на паверхню пашча з дробнымі востранькімі зубкамі:

– Хочашшшш жаданне?

Карова зазірнула ўнутр пашчы, пракаўтнула сліну, пахістала няўпэўнена галавою:

– Я ж павінна цябе спачатку злавіць, потым уратаваць, потым жаданне. Ці не такі парадак?

Пашча смяялася:

– Дзе ты начыталася гэтага цемрашальства? Адкажы мне, карова, каго ты зараз можаш злавіць? Тым больш выратаваць? Зрэшты, можаш па сваім сцэнары, твая справа.

Парцалянавая маўчала. Мутнае вока скасілася на шарык:

– Падабаецца?

– Не ведаю, проста таскаю. Не магу кінуць.

– А, ну ладна. Не можаш дык не можаш. І такое здараецца.

Тут пашча вокамгненна выпрастала рыбінае цела высока ў паветра, схапіла шарык, заціснула паміж зубамі і дала нырца ў балотную цемру. Карова ахнула, заскуголіла, замяталася, замуціла ваду. Пашча зноў высунулася з вады, насмешліва скрывілася, ускінула шарык назад на парцалянавыя рогі:

– Трымай! – і знікла.

Карова паднялася і ціхенька патупала дадому. Там, калі цела яе сагрэлася і абсохла, карова падняла вочы і агледзелася. Паліца падалася ёй утульнай і цалкам цудоўнай. Кнігі – роднымі і мудрымі. Сцены – добра аздобленымі. Аркуш – блізкім і падатлівым. Так карова стала аптымісткай.

5

– Ла-ла-ла. Ла. Ла.

Наступныя сем месяцаў любая рэч, адрозная ад балотнай вады, шчупачыных вачэй і з’едлівага туману, здавалася карове прывабнай і чароўнай.

Яна даводзіла ўсім зацікаўленым, што шчаслівая, радавалася, спявала, усміхалася навакольным і няспынна вязала. Вязала швэдры, шалікі, шапкі, сукенкі, пледы і кардыганы. Вязала з бавоўны, з авечай мерыносавай ваўнянай ніткі, з шэрсці ламы, вярблюда, альпакі і ангоры, з акрылу, з махеру, з твіду, з плюшу і кашміру.

Смылелі сківіцы, крышылася глазурная скура, раздуваліся мутна-жоўтыя мазалі. Галоўнае не спыняцца.

«Ну што вы, даражэнькія, у мяне ўсё цудоўна! У мяне ёсць рогі, ногі і капыты і сваё месца на вось гэтай паліцы. Я цалкам удзячная сусвету».

«Не дастаць да аркуша? А можа, мне і не трэба таго аркуша».

«Вось вы мяне шкадуеце? І дарэмна, бо я нічым ад вас не адрозніваюся».

«Як хораша ў лесе! Сфагнум смарагдавымі пальцамі цягне сосны да зямлі, да шэрых самотных валуноў, да разлапістай папараці, якая хавае да пары цудадзейныя паганскія кветкі. Пахне возерам. Яно дзесьці блізка. Там высмоктваюць з глею жоўты колер гарлачыкі, што гадуюць Дзюймовачак на радасць ластаўкам і чароўным прынцам з краіны эльфаў».

«Жыла ў цёмным лесе ліса. Тры гады яна з дому не выходзіла, бо ёй сяляне лапы за курэй паадрывалі. Прыйшоў да яе аднойчы мядзведзь і сказаў: «Ліса-на-курэй-ласа, хочаш курыную каўбасу табе прэзентую?» А ліса яму ў адказ: «Даражэнькі мішка-нос-з-шышку, канешне хачу». А міш-ка ёй: «Няма лапак – няма каўбасы»... ха-ха… ну смешна ж... няма лапак... каўбасы няма... ха-ха... не?»

«Глядзіце, якія цудоўныя пухнатыя клубочкі. Швэдар будзе цёплы».

6

Аднойчы парцалянавая прачнулася рана. Зазірнула ў акно: чорнае неба ў яе вачах засталося чорным. Не стала яно аксамітна-вугольным, ані шаўкова-атрамантавым. Слязіліся вочкі зорак. Пазітыў не прачнуўся разам з кароваю.

З кутоў пакоя палез шчыльны, як пары вадкага азоту, туман. Карова назірала ў роспачы, як ён падкрадаецца да шафы…

«Я шчаслівая!»

...да ніжняй паліцы,

«Шчаслівая ж, ну!»

...вышэй, вышэй да яе капытоў,

«Шчаслівая».

...да ног, да бруха, да шыі, да галавы,

«Шчаслі…»

...туман забіўся ў горла, запоўз на лоб, падняўся да рагоў і праглынуў іх. Стала бязгучна, вусцішна. Хуткаплынная вільгаць кінулася ў вочы, гарачая, з пахам ялавічыны.

Туман лізаў глянцавую парцалянавую паліву, чапляў языкамі ўсё больш глыбокія і далікатныя слаі. Ён меўся злізаць з каровы ўсю яе зіхатлівую шкуру.

І бачыла карова човен на туманных хвалях. І сядзеў у чоўне чалавек з бліскучымі вачыма. Правіў ён ладна: падымаў і апускаў рытмічна вёслы, нахіляўся ўперад і адхіляўся назад. І закруціўся туман пругкімі спрутавымі шчупальцамі, і абвіўся вакол левага вясла, і выхапіў яго з рук чалавека. Той працягнуў свой шлях, пільна ўглядаючыся ў замутнёную прастору, сціскаючы адзінае цяпер вясло абедзвюма рукамі. І пачуўся стрэл – адлітая з туману куля прабіла човен. Чалавек пачаў грэбці хутчэй. І быў ён рашучы і моцны ў сваім жаданні працягваць шлях. І ўбачыла карова іншыя чаўны: вялікія і маленькія, драўляныя абсмаленыя і зялёныя гумовыя, і з нейкага тонкага металу, пафарбаваныя ў белы і блакітны. І людзі ў чаўнах плылі хто адзін, хто з кампаніяй. Хто з маторамі, хто з вёсламі, хто без нічога ўвогуле, назіраючы панура за плынню. Былі сляпыя, былі аднарукія, былі без ног, былі без галавы. Праплывалі чаўны, карова стаяла, загіпнатызаваная. Яна штосьці зразумела быццам. І туман знік, бы не было яго.

7

«Я безумоўна стала больш моцнай, больш дасканалай, – казала яна кнігам. – Шарык спрыяе прапампоўцы маіх цягліц. Больш за тое, я няспынна развіваюся як асоба: расце мая сіла волі, моц духа і маштаб душы. Бачыце гэтыя шурпатыя плямы на спіне і баках? Так, мяне жор туман, але я не паддалася, і колькі бліскучай палівы яшчэ засталося на хвасце, і скронях, і нават рагах».

Яна салодка пасміхалася: калі б не шарык, дык яна была б звычайнай каровай з невыразнай парцаляны. Пражыла б жыццё шэрае, шараговае. Пра такое жыццё ніколі не напісалі б у сацсетках, не знялі б рэпартаж. Цяпер карова вылучаная і прывабная, бо пакутуе. Ёй дазволена больш за астатніх, звычайных, нецікавых. Пакута адціснула на яе шурпатай аснове новае памаранчавае кляймо – шчыт з прыгожымі вензелямі і чатырма літарамі ў два радкі, П і Х – у верхнім, Ы і А – у ніжнім.

І сніла карова надпіс, высечаны на смарагдавым камені: «махасіддх». Гэта значыць той, хто дацёпаў праз бруд і павуцінне да яркага святла і можа вучыць іншых. Усіх. Акрамя, можа быць, тых, у каго кляймо было на памер ці два большым. Але такіх карова бачыла да смешнага мала. Шчыра кажучы, нікога такога не бачыла.

8

Чарговы туман прыйшоў неспадзявана. Ён вывальваўся знутры, з парцалянавай галавы, з вушэй, з роту, з ноздраў, з вачэй, са слезатокаў, выліваўся доўгімі белымі стужкамі, якія марудна круціліся, лянотна запаўнялі сабою прастору. Карова адчула сябе цалкам разбітаю. Дысанансу яна не любіла. Фізічны стан павінен гарманіраваць са станам унутраным – яна асцярожна пачала пасоўвацца бліжэй да краю паліцы.

– Адзін крок, – мармытала карова. – Другі крок... трэцяга не будзе – ён захрасне ў паветры.

– Гэй! – закрычалі разам усе кнігі, усе суседнія статуэткі. – Не смей!

З суцэльнага гармідару вылучаліся асобныя галасы, моцныя, упэўненыя, бескампрамісныя.

– Ты сабе не належыш, дурная! – крычала бела-сіняя зайчыха з гжэлю.

– Ты пашкадуеш аб гэтым! – трымцела жоўтымі старонкамі кніга с лічбай III на карэньчыку.

– Ці ўпэўненая ты, што разбіццё чым-небудзь табе дапаможа? – скептычна запытвалася запыленая балотная чапля з доўгай тонкай шыяй і дадавала, манерна пацёпваючы крыламі: – Не разумее свайго шчасця! Такія не прыйдуць да тваёй кармушкі, о вялікая міласэрная царыца пярнатых і рагатых, птушка-Жар! Такія не распазнаюць выбрання, што прызначана ім на ўзнагароду!

Парцалянавая раз’юшылася:

– Ідзіце вы ўсе ў дупу!

Салодка падмігваў вочкамі ружаў палінялы брудны дыван. Але здранцвелі ногі, усе чатыры. Сэрца апусцілася кудысьці ўніз, да дыяфрагмы, скуголіла ціхенька, і гэты кволенькі голас запаўзаў у каровіна вуха, звінеў і ціўкаў словамі: «Нічога не доўжыцца вечна. Чакай, кароўка, трымайся. Калі-небудзь усё скончыцца. Усё пройдзе. Мінецца».

Карова ўпала на калені і заплакала, зарыдала голасна, закачалася на краі паліцы. Ведала: трэцяга кроку не будзе не таму, што ён захрасне ў паветры, але таму, што яна спыніць хаду і будзе чакаць. Столькі, колькі трэба. Бо яна аднекуль ведае, што мае рацыю ціхенькі няўпэўнены голас з-пад рэбраў. Нічога не доўжыцца вечна. Усе скончыцца. Калі-небудзь. Дакладна.

9

Іншы не значыць горшы, лепшы, дрэнны, добры, агідны ці жаданы.

Цяжка напоўніцу вызначыць слова, падбіраючы тыя, што не пасуюць яму ў сінонімы.

Між тым.

Іншы не значыць больш цяжкі. Не значыць больш лёгкі. Не значыць непрадказальны. Не значыць вядомы.

Іншы не значыць нічога. Іншы значыць усё.

Іншы – гэта адзінка, якая вылупліваецца з палатна абсалютнай пустотнасці, з бязмежнага патэнцыялу сусвету, з бясконцай верагоднасці ўзікнення новага існага.

Калі парцалянавая карова зразумела, што яна іншая, ёй стала лягчэй змагацца з туманам.

10

Яна глядзела ў цемру за акном і ўгрызалася ў думкі. Прэпаравала іх, хапаючы за пацучыныя хвасты, за вясёлкавыя крылы, за махнатыя павучыныя лапы, за джалы, за ласты, за грывы, за плаўнікі.

«З шарыкам на рагах нічога немагчыма дасягнуць». – «На чым грунтуецца гэтая думка? З чаго рабілася выснова? Дзе эксперыментальная частка? Дзе статыстыка? Дзе доказы? Пры якіх абставінах гэтае сцвярджэнне можа быць ілжывым?»

«Жыць з шарыкам на рагах невыносна балюча». – «Безапеляцыйная думка, бо паходзіць з рэальных пачуццяў. Па ўсіх рэферэнтных каналах з ранку да вечара транслююць адно і тое ж: гук болю, колер і форму болю, пах болю, смак болю і дотык яго. На ўсіх магчымых мапах шарык пазначаны як страшэннае няшчасце. Маю два выйсці: кінуць шарык альбо перамаляваць мапы. Першае немагчыма. Другое – цяжкі, энергаёмісты працэс: мушу перакалібраваць маштаб, памяняць месцамі тропікі рака і казярога, перайменаваць моры, перакроіць кантыненты».

– У старой мапе былі таксама мае мэты, планы, мары, – панура прамармытала карова.

– Ну дык перамер, пераплануй і перамар! – сурова грымнуў нехта ў яе галаве. Карова спрачацца не стала. Што рабіць з тымі вакол яе, чые мапы будуць па-ранейшаму пазначаць шарык страшэнным праклёнам, яна пытацца пабаялася.

«Заўсёды знойдуцца тыя, хто мне дапаможа». – «Гэта думка-парасон, думка-цёплы-плед, думка-50-грамканьяку, думка-60-капляў-валяр’янкі-насталовую-лыжку-вады-з-пад-крана».

«Нічога не змяніць». – «Думка-вірус, асабліва небяспечнае абагульненне. Абстрактная ісціна, успрымаецца як непахісная праўда пра рэальнасць. Надзеленая таемнай сілай унутранай рэферэнцыі, бо калі нічога нельга змяніць, значыць нельга змяніць і гэтую думку. О, яна хітрая, вераломная, атручаная цалкам. Чаму табе яна больш даспадобы, чым думка «нават калі штосьці нельга змяніць, можна змяніць свае адносіны да гэтага» – каб вымыць мутнае шкло, праз якое ты глядзіш на свет? Што ты кажаш? Гэта наіўна? Смешна? Нерэалістычна? Ну тады... Сфармулюем хаця б так: «амаль нічога нельга змяніць», каб пакінуць хоць якую надзею».

Прымітыўнасць некаторых перакананняў, да якіх дадумвалася карова, бянтэжыла і засмучала. Яна бы канструявала сказы для буквара.

Мама мыла раму. Сэнс жыцця – быць шчаслівым. Толя знайшоў жука. Будуць шчаслівыя міласэрныя. Каця гуляе з лялькай Барбарай. Заўсёды ёсць выйсце. Карова і каза – свойскія жывёлы. Яны даюць малако.

Ад напружанага мыслення, ад шалёнай канцэнтрацыі парцалянавая не магла спаць. Яна адчувала, як смылела макушка галавы, як напіналіся да мяжы іх эластычнасці жылы на шыі, як храбусцелі й смылелі каленныя суставы. Яна ўсё думала і прасіла ўсемагутную Жар-птушку падарыць ёй крыху сілы, каб паспець скончыць гэтую працу. Да чарговага туману.

11

Не паспела. Ён прыйшоў. Ліпкі, як цукровая вата. І вусцішны. Бо навучыўся размаўляць.

– Ай, дурніца! Што ты робіш? Няўжо думаеш, што ўсё так лёгка?

Карова трымцела ад жаху, пот выступаў на рыжым з белай зорачкай ілбе, маленькія вострыя голкі калолі пысу. Туман абвіваўся вакол, залазіў белымі пальцамі ў цёмныя каровіны вочы, размыльваў абрысы прадметаў.

– Нічога табе не дапаможа. Рана ці позна я застануся з табою назаўсёды, мая любая. Пытанне часу, мая даражэнькая. А час на маім баку: ты старэеш, ноша цяжэе, жыццё каціцца-каціцца, як шарык для гольфу – хутка і ў лунку.

– Усё пройдзе, усё пройдзе, усё пройдзе, – шаптала карова.

– І мантры твае не дапамогуць. Раз, два, тры, развучваем новую: туман вечны, туман вечны, туман вечны, туман вечны, туман вечны, туман вечны...

– Туман вечны, – замармытала карова, бы ў трансе. – Туман вечны.

– Так-так, усё правільна, – згаджаўся з ёй туман. – Спі, мая даражэнькая, ты даўно не спала. Люлі-лю-лі, туман вечны, люлі-лю-лі, спрадвечны, лю-лі-лю-лі, на вякі.

І сніла парцалянавая сон: як стаіць яна на паліцы і ўкручвае галаву ў цукровую вату, старанна кладзе кожны новы слой у нахлёст, каб трымалася больш надзейна, каб не заставалася ані шчылінкі для ноздраў, ані прасвету для вачэй. «Што ж гэта я раблю?» Карова выкаціла вочы, агаломшаная, не даючы веры такому глупству: «Навошта ж я сама?»

Раптам яна ўзрадавалася і заскакала: «Я сама! Я сама! Я сама!» І ад скокаў сваіх прачнулася. Туману побач не было. Карова скасіла вочы на свой лоб і прамармытала: «Я ведаю, што ты там. Ты хітры і разумны. Але я сапраўдная, а ты толькі прывід, маё трызненне, мой морак».

– Думкі і пачуцці нельга аддзяляць ад розуму, які іх спарадзіў. Гэта проста смешна – даведвацца пра гэта ў трыццаць гадоў, – пачула карова з верхняй паліцы. Смяялася статуэтка тоўсценькага мужчынкі з доўгімі вушамі і недарэчнай гулькай на галаве. Ён сядзеў, захутаны ў прасціну, скруціўшы неймаверна ногі, і хістаўся ціхенька ўправа і лева.

– На сябе паглядзі, – адказала карова і паказала язык.

12

– Сканцэнтруйся. З’яднайся са мною. Уяві, што мы адно. Я змагу перацякаць да цябе, кавалачак за кавалачкам: будзеш мець досыць чысцюткіх шматочкаў паперы ля сваіх капытоў.

Карова слухала ўважліва і цярпліва.

«Лухта, якая лухта», – разважала яна маўкліва і з сумам глядзела на гэты немагчыма белы, сляпучы прастакутнік.

Яна заплюшчыла вочы, глыбока ўздыхнула, крыху патрэсла галавою – шкляны шарык стукнуўся спачатку ў правы, а потым у левы рог, прагучаў квінтай.

«Халера, чаму я бачу вакол толькі пустэчу, халодны ржавы пясок з дробнымі вострымі каменьчыкамі? Тут нічога не расце, няма ні каліва вады. Я на дне каньёна, чарназубай прорвы. Трэба прыдумаць, як выбрацца. Уся паверхня пратаптаная сцяжынкамі. Яны заблытаныя і выглядаюць аднолькава. Куды падзеліся тыя, хто іх пратаптаў? Ці падняліся з гэтай бездані? Мо захраслі тут, недалёка, засыпалі сябе пяском і паміраюць, цяжка дыхаючы? Хаця б пабачыць зрэзаныя па краі сцены гэтай прорвы. Так буду ведаць, што яна не бясконцая. Але для гэтага трэба дайсці да мяжы».

Карова расплюшчыла вочы, пракаўтнула сліну, пакасілася на аркуш, агледзела пакой – нічога не змянілася. «Штосьці не тое я раблю, штосьці мяне турбуе», – засмуцілася яна.

– Сэнсу з таго, што ты будзеш ля мяне, калі ў мяне на рагах шарык! – звярнулася нарэшце да аркуша.

– Слухай, карова, ты толькі не крыўдуй. Але хто табе сказаў, што яго абавязкова трымаць на рагах?

***

Праз нейкі час карова пачала маляваць на кавалачках паперы мандалы, запісваць вершы, разважанні, майстраваць недарэчныя самалёцікі і асіметрычныя караблікі. Шарык гайдаўся на рагах у спецыяльна сканструяваным гамаку.

– Ты гераіня, кароўка, – у захапленні казалі статуэткі.

«Як можна лічыць героем таго, хто хоча стаць шчаслівым і штосьці дзеля гэтага робіць? – думала карова. – Ён усяго толькі ментальна здаровы. Да таго ж героі не маюць страху, а я пакуль што баюся (заўсёды буду баяцца?!) свайго мокрага скажонага твару ў люстэрках як сігналу набліжэння да экстрэмуму маёй безвыходнасці».

Хочаш дапамагчы часопicу?

  • Напiшы тэкст

    Наш фармат, прабачце – "Фармат!", абсалютна нефарматны, мы адкрытыя для ўсяго на сьвеце, для свабоды творчасьці і волі думкі, мастацкай непаўторнасьці ды яркасьці, для нас кожны тэкст – гэта спачатку акт мастацтва, а ўжо потым – фармальнасьці кшталту правапісу ды іншага, бо ўзровень мастацкасьці не існуе ў прыродзе. Немагчыма знайсьці правілы, формулу альбо пралічыць штосьці, што стварае чалавек, бо заўжды кожны тэкст, карціна, перформанс, будзе вынікам сумы "ПІ" у квадраце, са сваім доўгім хвастом пагрэшнасьці... Бо ідэалу не існуе, а толькі межы, якія ствараюць самі людзі, асабліва тыя, хто сьвята верыць у сваю праўду мастацтва, якая можа быць усяго толькі прывідам, які падпарадкоўваў тых самых бязмозглых выконваць загад, працу: "Я рабіў сваю работу, свой арбайтэн"

  • Стань фундатарам

Андрэй Пакроўскі