Павал
Любецкі

Павал Любецкі

Беларусь анероідная

1. хваля маніякальна-рэпрэсіўнага псіхозу.

анейроідны жах надыходзіць тады, калі:

людзі павінны былі б хадзіць у масках, але замест гэтага маскі сарваныя

краіну накрывае хваля маніякальна-рэпрэсіўнага псіхозу

ахвотна ідуць на ахвяры, але ахвяруюць чамусьці тымі, за каго нясуць адказнасць

самым важным з мастацтваў робяць мастацтва звальваць своечасова і на патрэбных людзей, забываючы пра мастацтва сыходзіць своечасова і з годнасцю

рэальныя праблемы замоўчваюць, затое ствараюць штучныя, каб дэманстратыўна іх «вырашыць»

баішся, як бы з-за невялічкай ядзернай зімы ў моду не ўвайшлі свінцовыя касцюмы

на сцэну выходзяць людзі, якія б’юць ляжачых, папярэдне іх паклаўшы пры затрыманні

лаяльнасць куды важнейшая за кампетэнтнасць; тыя ж, хто застаецца лаяльнымі, ужо абсалютна бескарысныя

баішся, што хтосьці не вельмі мірны выпусціць чаргу ў чаргу на мірным сходзе

краіне хапае на Тэслу Ілана Маска альбо масак для маскі-шоў на затрыманні, але не хапае медыцынскіх масак для грамадзян

2. высокароднасць як рыса для расходнага матэрыялу

анейроідны жах надыходзіць тады, калі:

баішся, што хтосьці прадаў душу д’яблу, а расплачвацца давядзецца табе

баішся, што законы зусім спыняць дзейнічаць, і давядзецца жыць па законах Мэрфі

людзей, якія ламаюцца не адразу, змятаюць людзі, якія адразу не ламаюцца

тым, хто спрабуе навучыцца лётаць, выбіваюць з-пад ног зэдлік, а некаторыя жарты, што ўжо зацягнуліся, зацягваюцца шчэ й вузлом на шыі

для таго, каб адмазацца, некаторыя людзі гатовыя пайсці на ўсё, акрамя эшафоту

тыя, хто па званні павінен быць патрыятычным, па сваёй сутнасці тыповыя калабаранты

апраўдваючыся «хлуснёй у ратаванне», кажуць пра хлусню ў выратаванне сваіх азадкаў, а не грамадзян

хтосьці лічыць, што нават тыя, да каго яны заўсёды ставіліся як да расходнага матэрыялу, павінны быць ім лаяльнымі

у высакароднасці бачаць проста карысную рысу для расходнага матэрыялу

3. пудзіла Тамаша Гобса

анейроідны жах надыходзіць тады, калі:

патрыятызм рызыкуе ператварыцца ў стакгольмскі сіндром

страта змяняльнасці ўлады прыводзіць да таго, што тая паступова едзе дахам

суверэнітэт азначае вярхоўную ўладу «суверэна»

ісці супраць «суверэна» = «падрываць суверэнітэт»

смяротнае пакаранне ніколі не скасуюць, бо гэта святое права суверэна паводле «Левіяфана» Гобса

дзяржава – гэта грамадская дамова, пра якую з табой ніхто не дамаўляўся, і наўрад ці з аўтарамі гэтай дамовы зможаш дамовіцца ты

падазраеш, што бяспека дзяржавы азначае тое, што разумеў бы пад бяспекай дзяржавы Людовік XIV

улада сумнеўнай канстытуцыйнасці збіраецца змяняць Канстытуцыю

4. перавод краіны на рэжым ваеннай дыктатуры

анейроідны жах надыходзіць тады, калі:

краіну пераводзяць на рэжым ваеннай дыктатуры, а яе насельніцтва на бязгучны

забаронена ўсё, акрамя таго, што дазволена тымі, каму ўсё дазволена

выказванні выгляду «а кароль-та голы» могуць расцаніць як самы небяспечны від экстрэмізму

само сабой зразумела, што акрамя судовай улады ёсць яшчэ і пазасудовая

сацыяльных ліфтаў амаль няма, а ў тых, што ёсць, хтосьці нагадзіў

пад выглядам барацьбы з карупцыяй яе манапалізуюць

на кожную сумленную і высакародную публічную персону ёсць праўда, якую яна гатовая хаваць любым коштам, у тым ліку коштам не самых сумленных і зусім не высакародных учынкаў

заігрываюць і адыгрываюцца, каб падмазвацца і адмазвацца

5. выграбная яміна пад пазалочаным тронам

анейроідны жах надыходзіць тады, калі:

розум засынае, а прачынаюцца яго пачвары

чалавек з сіндромам начнога вартаўніка злоўжывае манаполіяй на гвалт

органы ўнутраных спраў нядрэнна адбіваюць унутраныя органы, у той час як органы накшталт парламента вось-вось зусім атрафіруюцца

спрэчкі пра родную мову абсалютна незразумелыя людзям, для якіх родная мова – крымінальнае арго

заўважыўшы чалавека, здольнага адказваць за свае ўчынкі, яго прымушаюць адказваць яшчэ і за чужыя

«адказны чалавек» азначае, што на яго прасцей за ўсё сапхнуць усю адказнасць

пад пазалочаным тронам заўсёды знаходзіцца выграбная яміна, і чым даўжэй сядзяць на гэтым троне, тым больш усяго ў ёй

«вы маеце права захоўваць маўчанне: усё, што вы скажаце, можа быць скарыстана для фабрыкацыі справы»

6. запаведзі лаяльнасці

анейроідны жах надыходзіць тады, калі глебай новай «палітрэлігіі» робіцца наступнае скажэнне Запаведзяў блажэнства з Евангельскай Нагорнай пропаведзі:

лаяльныя ўбогія духам, бо ў іх няма смеласці быць самімі па сабе

лаяльныя тыя, што плачуць, бо ім абяцаюць суцяшэнне

лаяльныя пакорлівыя, бо яны зручныя

лаяльныя тыя, хто жадае і прагне праўды, калі ім як след затлуміць галаву і выкарыстоўваць у сваіх мэтах.

лаяльныя міратворцы, бо яны гатовыя нават стрываць беззаконне, каб не развязалася вайна, дзе гінуць мірныя людзі

лаяльныя міласэрныя, бо даруюць нават тыя памылкі, якія дараваць не варта

лаяльныя чыстыя сэрцам, бо іх так проста падмануць

лаяльныя гнаныя за праўду, бо рана ці позна ім давядзецца стрываць падман кагосьці іншага. але гэта не значыць, што гэтая лаяльнасць будзе доўжыцца заўсёды

Хочаш дапамагчы часопicу?

Андрэй Пакроўскі