Югася
Каляда

Югася Каляда

Югася Каляда Празаік, паэт, нарадзілася ў 1981 г. у Гомелі. Першая публікацыя выйшла ў 1997 г. у "Нашай Ніве", надалей творы друкаваліся ў "Літаратуры і мастацтве", "Дзеяслове", "Маладосці", "Архэ" і іншых выданьнях. Вершы і ўрыўкі прозы перакладаліся на польскую, чэскую, літоўскую, украінскую і расейскую. Аўтарка кнігі “Галоўная памылка Афанасія” (2005, “Мастацкая літаратура”; тытульная аповесьць выйшла ў 2006 г. па-польску).

Фабрыка-кухня, масьленіца-памідор

Бабуля цяжка цягнулася да верху сэрванту: дрыжэлі рукі, і посуд на шкляных палічках дробна калаціўся.

– Гэта мой табе падарунак. Абавязкова вазьмі з сабой! Табе спатрэбіцца.

Так вялікі скарб перайшоў ва ўласнасьць Алісы: нязручная, яркая, з таўстасьценнага фаянсу, старая масьленіца ў форме памідора.

Да бабулі Аліса завітвала рэдка: яна цяпер жыла ў Менску, назаўжды.

А масьленіца яшчэ падыме накрыўку зь зялёным чаранком-ручкай і пакажа Алісе вантробы любові, гідоты й жаху.

* * *

На пятнаццаты год у Менску стасункі зь ім былі як шлюб па прымусе.

Штораніцу Аліса ішла між платоў-сетак і сьмецьцевых бакаў, дэбаркадэраў раённых прадуктовых крамаў і паржавелых альтанак – ад дзіцячага садочку да прыпынку – і думала: « Я – не, а вось мая дачка любіцьме гэты маршрут, бо ён ёй будзе родны; а мне за што любіць усё чужое?»

Нешта ў горадзе Аліса любіла некалі, але тое зьнікла.

Першай пайшла плошча Незалежнасьці.

Пятнаццаць гадоў таму яе большую частку займала стаянка аўтамабіляў; а насупраць Чырвонага касьцёла былі кусты з лавачкамі на чырвоным жвіры.

І раптам замест плошчы выкапалі вялізную яму: у яе ўвайшоў бы і Чырвоны касьцёл, і гатэль «Мінск».

Адзін знаёмы пахваліўся быў Алісе, быццам неяк уночы, пакуль трывала будоўля, ён папісаў у гэты катлаван; і цяпер Аліса шторазу, стоячы ля парапэту гандлёвага цэнтру «Сталіца», уяўляла сабе траекторыю струменя, які падаў з-пад празрыстага купала, мінаючы тры паверхі ўглыб, на крышку мэханічнага раяля. Так яна помсьціла «Сталіцы» за зьнішчаныя лаўкі ў кустах на чырвоным жвіры.

Потым ад Алісы сышоў двор дома.

Калі зайсьці ў арку між Акадэміяй мастацтваў і інтэрнатам, то можна было трапіць у каралеўства бэзу і старых сараяў. Там, у завулку, яны зь сяброўкай здымалі кватэру на першым паверсе старога дому з эркерам.

У завулку жылося добра: вокны захіналі разлапістыя яліны, у вялікіх хмызах хаваліся лавачкі, як у альтанках, а за хмызамі ды каштанамі стаяў мур з чырвонай цэглы, стары мур.

Праз колькі гадоў Аліса, завітаўшы ў некалі свой дворык, не знайшла яго: яліны з бэзам былі зьнішчаныя, закатаныя ў асфальт; мур з чырвонай цэглы зьнік; а на таемнай тэрыторыі, якую быў атачаў мур, паўстаў дванаццаціпавярховы гмах.

Ад трамваяў да праспэкту дворыкі зьнікалі адзін за адным. Аліса больш не хадзіла туды гуляць.

* * *

А аднойчы ў Алісы зь Менскам здарылася вялікая любоў. І скончылася дрэнна.

Яе начальнік знайшоў новы офіс. «Новым офісам» была старая фабрыка-кухня, пабудаваная ў 1936 годзе; дакладней, прыбудаваны да яе значна пазьней сарай ці барак, адным словам – офісны будынак. За Чырвоным касьцёлам спадала да Нямігі вуліца Берсана – тая, што зь іншага боку ператваралася ў Валадарскага – і таксама рэзка правальвалася ўніз, туды, дзе Гарадзкі вал уліваўся ў Нямігу. Над Нямігай, такім чынам, заставалася высокая паўвыспа, на якой стаяў Пішчалаўскі замак – і іх новы офіс.

Калі Аліса ўпершыню ўвайшла ў новы «дом», калегі весела расстаўлялі сталы, вырашаючы, хто дзе сядзецьме. Сталы яны чамусьці называлі нарамі.

– Аліска, мы табе лепшыя нары ля вакна падрыхтавалі! – калега Толік паказаў ёй рукой на стол у куце; на ім ужо грувасьціліся скрыні зь яе скарбам.

– Вы што, звар’яцелі, псіхі? – пацікавілася Аліса. – Якія нары?

Усе шматзначна пасьміхнуліся, маўляў, зараз убачыш сама. І Аліса ўбачыла.

Вялікае вакно глядзела ў глухі дворык, зарослы травою, дзядоўнікам ды старымі дрэвамі; у іх хаваліся старажытныя гаспадарчыя пабудовы; а атачаў дворык шэры мур, на версе якога віліся скруткі дроту.

І тут зрок абвастрыўся, і яна адрозьніла дэталі: ліхтары; вокны, забраныя кратамі; ды добра знаёмыя, але зь іншага ракурсу, вежы Валадаркі – Пішчалаўскага замку, які ніколі ня быў замкам, а толькі вязьніцай. Зь левага краю турмы тырчэла руіна напалову абваленай вежы – усе свае чырвонацагельныя вантробы дэманстравала вежа дзённым насельнікам фабрыкі-кухні. Ацалелую частку цыліндру перацягвалі стужкі зялёнага колеру.

– Як быццам ізалентай яе абкруцілі, праўда? – кіўнуў у бок вежы Толік, які таксама вывучаў схаваны раней гарадзкі пэйзаж.

– Мне падабаецца тут, – пастанавіла Аліса.

Схема пабудоваў была наступнаю: парадны фасад цягнуўся ўздоўж вуліцы Валадарскага, гледзячы на яе пустымі вялікімі пыльнымі вокнамі (ні фабрыкі-кухні, ні рэстарацыі «Папараць-кветка», ні нават начнога клюбу «Старз» тут ужо не было; толькі тры вакны займаў кабак «Дрожджы»). Для Алісы гэты двух- (а месцамі трох- і нават чатырох-) павярховы «офісны» будынак, прылеплены да фабрыкі-кухні ножкай літары «Т», ягоныя гарышчы з сутарэньнямі былі крыніцамі шчасьця.

Калі Аліса ўзімку, у накінутым на плечы паліто, перабягала з гарачым чайнікам двор, то пачувалася як у дэкарацыях фільма пра Сярэднявечча: не стасаваліся вантробы двара з тым, што завецца «сучасным бізнэсам».

Часта ў двары можна было сустрэць Якаўлеўну. Тая крычала, убачыўшы яе здалёк, – не Алісе асабіста, а проста дзялілася бурлівымі эмоцыямі:

– Не, ну ты паглядзі на яго! Ляжыць там на дошках ды сьпіць! Схаваўся! Думаў, не знайду я яго! А працаваць хто будзе? – і Якаўлеўна абурана ўдарала рукой паветра, а Аліса разводзіла рукамі: ну як так можна?

Якаўлеўна лаялася на дворніка Васю: кволага мужычка, бездакорна ветлівага, але безнадзейнага алькаголіка. Васеў офіс, дзе ён захоўваў арсэнал мяцёлак, месьціўся празь сьценку ад іх, у «Булачках»: у спадчыну, відаць, ад «Папараць-кветкі» ці то ад самой фабрыкі-кухні застаўся гэты надпіс алеем на філёнчатых дзьвярах: калісьці там рабілі булачкі, а цяпер Вася на канапе слухаў радыё ў рэдкія гадзіны мэдытацыі, пакуль Якаўлеўна аслабляла свой кантроль.

Радыё слухалі, аднак, усе: улетку, калі адкрывалі вокны, – гэта было радыё, якое ўключала адміністрацыя турмы для вязьняў. Напрыклад, выпадковую песьню, якая раіла «ісьці дарогаю дабра»: выпадковая мэлёдыя лунала па-над дратамі, безуважная да лёсу зьняволеных слухачоў, кагадзе пайшоўшых дарогаю зла.

З турэмнай завядзёнкі яны засвоілі й гук, які абвяшчаў адкрыцьцё турэмнай брамы: кароткую сырэну. Яна раўла – і ўсе ведалі: усярэдзіну ці навонкі едзе аўтазак.

Даляталі да офісу й званы зь Верхняга гораду: густы пераліў а шостай вечара нагадваў, што час ісьці дадому.

А запраўляла тут усім Якаўлеўна. Суворая ды крыклівая, яна выклікала аняменьне толькі пры знаёмстве.

Крыху пазьней у Алісы зьявіцца нагода пранікнуцца да Якаўлеўны сапраўднай павагай, і ня жартам, – але пра тое пазьней. Тая нагода была ня надта вясёлаю.

Якаўлеўна любіла хадзіць у госьці да «арандатараў», як яна іх усіх пяшчотна называла, а «арандатары» любілі прымаць Якаўлеўну – бо праца спынялася, а пачыналася сьвята.

Якаўлеўна прыходзіла нібыта каб палаяцца.

– Валодзя! – пачынала яна крычаць на парозе. – Што гэта такое? Чаму ў цябе вешалка на адным цьвіку вісіць? Ты мужык ці ты хто? Ідзі ў Васі малаток вазьмі, каб за пяць хвілінаў усё было зроблена! Ай, Валодзя, сорам які! Скажу сваёй дачцэ, каб ня йшла замуж за цябе! – і адразу зьнікала, каб бегчы па іншых справах.

Якаўлеўне ўсё рупіла; уся гаспадарка трымалася на ёй. Дзе б Аліса ні хавалася з цыгарэтаю – пад брылём ля дошак, на якіх любіў мэдытаваць Вася ў алькагольным трансе; у высокай траве ля закінутага з даваенных часоў сарая, абцягнутага зялёнай сеткай; за пустым гаражом з паржавелай бляхі; пад вялікім дрэвам, на якім жылі чырвоныя жучкі, – абавязкова на даляглядзе намалёўвалася Якаўлеўна, якая бегла па важных справах. Якаўлеўна абавязкова пагражала ёй пальцам, а аднойчы ўлетку, калі трывала сьпёка, крыкнула:

– Ты глядзі мне тут падпал не ўчыні! Бо згарыць мур, як пабягуць адтуль зэкі, дык мяне з той Валадаркі да канца жыцьця ня выпусьцяць!

Энэргія Якаўлеўны была невычэрпнаю.

Абедаць, а часьцей – піць каву Аліса хадзіла ў «Дрожджы», пагатоў што й хадзіць ня трэба было, а толькі перабегчы двор. Тамсама часьцяком адбываліся сустрэчы з абранымі кліентамі, якіх саромеліся запрашаць у офіс.

Аліса любіла сядзець з кавай ля вакна ды абсмоктваць рэфлексіяй страшны, неспасьцігальны кантраст, які ўтваралі інтэр’ер з заваконным гарадзкім пэйзажам: позірк углыб – і нэонавыя блікі рытмічна міргаюць на цёмным дрэве, і ты як быццам ва ўтульнасьці, у прыгожым горадзе, які можна любіць; позірк навонкі – і ты бачыш гмах Дома ўраду, і шэрая вільгаць віруе ды кубліцца ў пустым небе Менску.

Неспасьцігальны кантраст інтэр’ераў і вонкавага сьвету стварала ўся фабрыка-кухня, усе яе будынкі цалкам. У офісе Алісы рамонт быў звычайны; а вось суседзі спаборнічалі ў аздабленьні хто як мог. Аліса, калі праходзіла па калідоры, зазірала зь цікаўнасьцю ў дзьверы; і кожнае памяшканьне розьнілася ад суседзкіх, як асобная плянэта. Адныя паклалі драўляную падлогу ды паставілі скураную мэблю – ім толькі каміну не ставала; другія асьляплялі бялюткімі сьценамі ды празрыстымі перагародкамі; у трэціх кветкі зьвісалі з-пад столі; але дасьціпнейшымі аказаліся суседзі з правага боку: яны ўтварылі ў двух сваіх пакойчыках начны клюб у мініятуры і нават павесілі дыска-шар.

Аліса зразумела, чаму Якаўлеўна любіла хадзіць у госьці: яна як быццам вандравала ў космасе, трапляючы шторазу на іншую плянэту.

А ў ісьце, думала Аліса, калі павыносіць мэблю, дэмантаваць шкляныя перагародкі, абдзерці шпалеры ды кілімы – застанецца тая самая фабрыка-кухня.

Раз на год усіх арандатараў раўняла ў эстэтычных правох зіма. Стыхія змагалася за роўнасьць адмысловым чынам: над галоўным уваходам (адзіным прыстойным) навісалі ледзяшы памерам з тры Якаўлеўны. Тады дзьверы заляплялі крыжам зь бела-чырвонай стужкі, а галоўным уваходам прызначалі дэбаркадэр другога паверху. Стромкі бляшаны ганак парэнчаў ня меў. Людзі, трымаючы адно аднога, караскаліся па бляшаным дэбаркадэры; і так – ажно пакуль з даху на маленькі ганак не абрынуцца ільдзяныя сталакціты.

Але аднаго разу лёд навіс і над дэбаркадэрам. Тады Якаўлеўна прыняла адзіна вернае рашэньне: абвясьціла збор грошай на кран з рабочымі, якія абаб’юць лёд з даху.

– А пакуль не здасьцё, – помсьліва дадала Якаўлеўна, – хадзеце праз падвал!

І не схлусіла: цяпер і бізнэс-ледзі ў футрах ды на абцасах, і сур’ёзныя мужчыны са скуранымі партфелямі, і ўсе астатнія «арандатары» – кожны пачынаў свой працоўны дзень з таго, што спускаўся па пакладзеных дошках у падвал, некрануты з моманту стварэньня будынка – з 1936 году; праходзіў даўжэзным скляпеньнем з важкімі дзьвярыма паабапал – і бег хутчэй ратавацца ў свой штучна створаны офісны сусьвет.

* * *

Аднак у хуткім часе адбыліся падзеі, якія атруцілі і фабрыку-кухню.

Увечары 19 сьнежня 2010 году, калі натоўп на плошчы Незалежнасьці стаяў яшчэ вельмі трывала, Аліса і трое яе калегаў аддзяліліся ад людзей ды скіраваліся ў офіс: наведаць прыбіральню і пагрэцца. Завітваць сюды яны плянавалі цягам усёй ночы, а далей – колькі спатрэбіцца.

Але чым бліжэй была мэта, тым болей яны разумелі, што ва ўласны офіс ня трапяць. Шлагбаўм падняты. Ахоўніка ў будцы няма. Але ўвесь двор – увесь родны ўтульны дворык – застаўлены аўтазакамі. А паміж машынамі – верагодна, не пустымі, а забітымі пад завязку, – хадзілі людзі ў чорных шлемах. Адзін з «касманаўтаў» заступіў ім дарогу:

– Туды нельга.

Анатоль завёўся з паўабароту, што было вельмі неабачліва для яго як для чалавека зь неабароненай галавой:

– Гэта наш офіс! Мы плацім за яго грошы! Мы маем права туды праходзіць і ўдзень, і ўночы! На якой падставе вы нас не пускаеце? Пакажыце дакумэнты!

– Туды нельга! – паўтарыў чалавек, твар якога быў схаваны за шлемам, і зрабіў крок наперад.

Аліса адразу павярнулася ды пайшла прэч. Ёй не хацелася даводзіць спэцназаўцу, што яна мае права ўваходу ва ўласны офіс. У той вечар – яна гэта цьвяроза ўсьведамляла – ня дзейнічала ніякае права. Пагатоў яны прыйшлі на плошчу – то трэба быць на плошчы.

Пасьля Новага году бізнэс звычайна ідзе ня надта актыўна, а ў той год – і тым больш, бо здарыўся нарэшце прапісаны ў кожнай дамове форс-мажор: ня ўсе яшчэ выйшлі з «сутак». Валодзя прасядзеў у турме пяць дзён, Анатоль – пятнаццаць, а Аліса ўцякла, яе не злавілі. І дворык быў апаганены чужымі.

Прыйшла вясна, і вось аднойчы ўдзень дзьверы офісу расчыніліся і на парозе паўстаў – не, ня Якаўлеўна, не кліент і не сусед, які прыйшоў па цукар, – ды не затрымаўся на парозе, а ўпэўнена прайшоў усярэдзіну, грукаючы цяжкімі ботамі, чалавек у чорным шлеме. Ён спыніўся ля Толіка (бо той сядзеў бліжэй да дзьвярэй), тыцнуў яму пад нос маленькі прадмет на далоні ды нешта загадна прабурчэў – словаў было не разабраць за шлемам.

Толік павольна павярнуў галаву ў бок няпрошанага госьця ды папрасіў паўтарыць.

– Фільмаў мне на флэшку закінь! – змушана падвысіў голас спэцназавец. – Фільмаў на флэшку! – і патрос перад тварам Анатоля раскрытай даланёй з дэвайсам.

– У. Мяне. Няма. Фільмаў, – адрубаючы кожнае слова, як мага спакайней адказаў калега Алісы ды адвярнуўся да манітору, ледзь не зачапіўшы далонь, якая тырчэла ў яго пад носам. Аліса заўважыла, як зьбялеў ягоны твар.

Спэцназавец выйшаў.

Аліса, счакаўшы дзьве сэкунды, кінулася да дзьвярэй ды замкнула іх на ўсе абароты.

– Быдла, – выдыхнуў Толя, – ненавіджу!

І тут Аліса закрычала, літаральна закрычала, закрыўшы адразу рот рукамі. Яе позірк трапіў за вакно: іх некрануты зялёны ўнутраны дворык быў поўны аўтобусамі ды аўтазакамі, між якімі хадзілі і спэцназаўцы ў шлемах, і звычайныя міліцыянты ў форменных кепках.

Усе ў офісе згрувасьціліся на падваконьні.

– Ну і што гэта такое? – пацікавіўся неабазнаны Максім.

– Дык серада ж, – здагадалася Аліса.

– А чаму яны сюды прыпёрліся? Зьбіраемся ж нібыта каля ГУМу.

Ніхто не адказаў.

Тым часам з аднаго аўтобуса выйшла тройка касманаўтаў ды бессаромна, нібыта іх не разглядалі дзясяткі вачэй, скіравалася да турэмнага муру, на якім – о дзіва! – пакінула тры вільготныя плямы.

– Можа, яны нас не заўважаюць? – выказала здагадку Аліса.

– А можа, яны на нас сцаць хацелі? – скрывіўся Анатоль.

Калі ў той дзень Аліса выйшла з офісу, каб ісьці – не, не дадому, – яна мімаволі здрыганулася ад гідоты: калі ва ўнутраным дворыку стаялі і аўтазакі, і звычайныя аўтобусы, то тут, каля ўваходу, – толькі аўтазакі; і, каб прайсьці да выхаду, трэба было праціскацца між браняваных машынаў і людзей у шлемах, якія не саступалі дарогу.

У наступную сераду Якаўлеўна прыбегла да іх з раніцы.

– Так, арандатары! Слухайце сюды! Сёньня працуем да чацьвёртай, а потым вымятайцеся! Я тут усё закрываю, замыкаю на ўсе замкі. Прыбіральні ўсе замыкаю ад мусароў гэтых паганых! І электрычнасьць адключаю! Ясна? Пасьля чацьвёртай каб я ня бачыла тут нікога!

І далей зашаптала:

– Вы б бачылі, у што яны мне мінулага разу прыбіральні ператварылі! А за сараямі што нарабілі! Дык вось сёньня хай за сараямі ... і ..., а прыбіральні – пад замком!

І пабегла да суседзяў.

Аліса паглядзела туды, дзе яшчэ колькі сэкундаў таму стаяла гэтая энэргічная грубая жанчына. Хто б мог падумаць, што яна таксама ня любіць няпрошаных гасьцей.

А аднойчы ўвосень Якаўлеўна не прыбегла, а прыйшла, і не крычала, а моўчкі паклала на стол дырэктару ліст. І дадала, сумна ды спакойна:

– Месяц вам на высяленьне.

– Нам? За што? – Аліса, якая нічога ня ведала, акругліла вочы.

– Усім. Гаспадары высяляюць усіх. Рамонт рабіцьмуць. Ці будоўлю наагул.

Як можна «рабіць будоўлю» на месцы помніка архітэктуры, Аліса ня ведала ды ведаць не жадала. Менск каторы раз рабіў балюча. Ці гэта быў ня Менск, а нехта іншы? Той, хто гаспадарыць тут?

Наступны месяц размовы між суседзямі круціліся вакол адзінай тэмы:

– А ці знайшлі вы новы офіс? А дзе? А колькі за мэтар?

Але выяжджалі ўсё адно сьпехам, у апошнія дні. Выносілі скураныя фатэлі нафтавікі; валачылі празрыстыя мяхі, напханыя ліфчыкамі ды трусамі, аптавікі; дзяўчаты з кадравай агенцыі акуратна несьлі вазоны з кветкамі; а дыска-шар сьвяточных арганізатараў пабіўся ды ляжаў наверсе імправізаванага сьметніку, абсыпаючы сонечнымі зайчыкамі дворык, патанулы ў гармідары: надвор’е ў дзень глябальнага пераезду трывала добрае, бясхмарнае – дрэнная прыкмета.

І Аліса разам з калегамі пераехала; куды? – неістотна; у іншае месца, якое немагчыма было любіць.

* * *

Перабіраючы посуд у шафе, Аліса выцягнула з далёкага кута падарунак бабулі: масьленіцу ў форме памідора. Вырашыла памыць і яе таксама, хоць і не карысталася.

На донцы Аліса заўважыла сто разоў бачанае кляймо: марку завода-вырабніка.

– Эўрыка! – сказала Аліса. – Зараз я ведацьму пра цябе ўсё, памідорчык мой любы!

На гэтым, уласна, і скончылася генэральнае прыбіраньне кухні, прымеркаванае да адпраўкі дачкі да сьвёкраў на выходныя.

За паўгадзіны вывучэньня ў інтэрнэце форумаў антыквараў Аліса высьветліла ўсё. Па-першае, кляймо належала менскаму заводу парцаляны; па-другое, масьленіца-памідор была вырабленая ў пяцідзясятыя гады; па-трэцяе, антыквары давалі за яе мала, і яшчэ адну кватэру ў Менску на гэтыя грошы набыць было немагчыма. Нават машыны за яе не атрымаеш, пральнай ці швейнай.

Але Аліса адчайвалася нядоўга: вось жа, і Менск здолеў стварыць рэч, якую яна любіла ўсім сэрцам! А хіба можа яна застацца няўдзячнай Менску за такі падарунак? А чым Менску можна адплаціць за любоў? Толькі любоўю наўзамен!

Доўгія гады пошукаў, думала Аліса, стаўляючы посуд назад у шафу, а любоў да Менску была літаральна ў яе руках!

Цяпер заставаўся апошні, галоўны крок: знайсьці гэты завод парцаляны, пайсьці туды ды зірнуць на яго хоць праз плот, хоць здалёк! І далей ужо спакойна жыць у Менску ды любіць яго, ведаючы, што горад прыхаваў для яе шмат цікавостак ды падарункаў, проста не сьпяшаецца аддаваць.

Аліса села шукаць у інтэрнэце адрас Менскага заводу парцаляны. Той знайшоўся хутка – і наступным крокам Аліса адкрыла спасылку, якая абяцала вялікую фотаэкскурсію па заводзе.

Зьнямеўшы, пракручвала Аліса адзін за адным фотаздымкі таго, што засталося ад заводу. Ад месца, дзе была вылепленая, абпаленая ды расфарбаваная самая любімая рэч Алісы.

Парцалянавы завод не існаваў ужо каторы год. І калі выявы пустых цэхаў яшчэ можна было стрываць, то відовішча падлогі, засыпанай бітымі чарапкамі, аказалася нясьцерпным. Аліса закрыла ноўтбук, адчуваючы нібыта апёк ад удараў на абедзьвюх шчоках.

Яна падышла да акна. Імкліва зьвечарэла. Далягляд шчыльна натапырыў краны над новымі будоўлямі.

– Не, ты ня Менск, – сказала Аліса чужому гораду за вакном, – ты забойца. Ты забіў свайго папярэдніка ды назваўся ягоным імем. Ты – злачынца. Цябе нельга любіць.

Хочаш дапамагчы часопicу?

Андрэй Пакроўскі