Хто не здаў макулатуры?
1. Гэта ж так у стылі 90-х!
…Рэспубліка Беларусь разваліцца, а ўсе мы памрэм. Вялікае Княства Літоўскае – калыска нашай дзяржаўнасці, аднак магнаты ў ёй нажываліся на храбціне прыгоннага сялянства. Свой гонар – мову – народ пранёс праз усе вякі, хаця нічога змястоўнага на ёй выказаць не-маг-чы-ма. Буда – красава, а Ісус пагана скончыў. Уся гісторыя – гэта змаганне за мажлівасць у камфортных умовах памыць боты ў акіяне. Кліо – а гэтак я назвала сваю сабачку, у гонар музы гісторыі, – дурная тварына, якая штогод хавае сваіх шчанюкоў. Крыжакі і татары ўсё пёрліся на нашыя балоты, ды не ведалі, што на Украіне ёсць чарназём. Вось, зірніце, дзеці, у падручнік: першадрукару Францішку Скарыне нядаўна споўнілася 500 гадоў, а ў яго на твары ніводнай зморшчынкі. Яўрэі кіруюць светам, а хто мяне такую, мацер-адзіночку, палюбіць? Бачачы ўвесь прасцяг сцягвання чалавечай цывілізацыяй нас у бездань, я заклікаю вашых бацькоў на першых свабодных выбарах у гісторыі Рэспублікі Беларусь галасаваць за мяне, беспартыйнага кандыдата па Першамайскай акрузе горада Мінска. Вось пабачыце, дзеці, вы маладыя, а я ўжо бадай не заспею: прыйдзе Антыхрыст і на чале ў яго тры будуць шасцёркі: шасцёрка чырвовая, шасцёрка віновая і шасцёрка жалудовая...
– Ох, не падабаецца мне сёння наша гістарыца – надта нажорыста так трындоліць, – няголасна заўважыў на галёрцы Ліпман. – Яна што, праўда на выбары сабралася?
– Мы ёй падчас сняданку ў сталоўцы пургену ў кампот намяшалі, – шапнуў з задняй парты Вілкін. – Але няслаба перабаршчылі, і, відаць, ёй у мазгі таксама адстрэліла, галюцынацыі пачаліся.
І пасля паўзы дадаў:
–…І самае далёкае, куды яна сабралася, гэта туалет на трэцім паверсе, бо на нашым не працуе.
– Не, Марыхуанаўна сапраўды ідзе ў дэпутаты парламента, – шапнула Паняй.
Мама Тані Паняй была настаўніцай малодшых класаў і працавала ў той жа школе, таму Таня была ў курсе ўсяго, што тварылася з Марыяй Янаўнай па мянушцы Марыхуанаўна:
– А яшчэ яна ўчора ездзіла ў Беласток, вазіла на продаж гарэлку, а яе на рынку там прыціснулі беластоцкія бандыты. А яшчэ ў яе муж, які нядаўна кінуў яе. І, відаць, ад усяго гэтага разам яе бедная галоўка і не вытрымала. А тут яшчэ першы дзень вясны.
– А мне якраз у жылу, так і трэба – больш нястрыманасці і агрэсіі, – таксама шэптам запярэчыў Ліпман. – А то ўсё нас, маладое пакаленне, лухтой кормяць: «Паглядзіце, дзеці, гэта вось друкарка, на якой працаваў наш слынны пясняр Міхась Капацька, а тое – пісьмовы стол, за якім пісаў наш выбітны гусляр Антось Калаціцька». Дэпрэсняк! Хочацца спярша тую друкарку аб стол, а потым аб яго ж галавою…
Ліпмана было не стрымаць – з’ехаўся на сваю ўлюбёную тэму:
– Вось мы летась паехалі з бацькам у Баку-Тбілісі-Ераван на экскурсію, пайшлі ў музей армянскай літаратуры. Дык там экскурсаводка казала так: «Гляньце налева – гэта наган, з якога смаляў класік прыгожага пісьменства, празаік Авіціс Бадасян, і гляньце налева – гэта шабля, якой рубаў гонар армянскай паэзіі, паэт Карэн Карацекян…» Любата!
– А цяпер давайце расслабімся, – усё ж такі перарвала Ліпманаў шэпт Марыя Янаўна.
Хлопцы зарагаталі, а Вілкін уцешна шапнуў амаль уголас: «Зараз яна як расслабіцца!»
Гістарыца абмінула рогат увагай.
– Хто хоча пяцёрку? – запытала гістарыца і невідушча паглядзела кудысьці скрозь стагоддзі, на супрацьлеглую сценку.
Клас гэтым разам знуджана-знядужана пазяхнуў – пяцёрку хацеў нешта не вельмі хто. Гарнула пакурыць і якому трэцякласніку даць млявага фофана.
– Вілкін, табе пытанне, – злавіла на мушку акуляраў гістарыца сваю першую на сёння ахвяру. І дадала шматзначна: – Пытанне на адзнаку.
Вілкін марудна-марудна падняўся: яго прашыб халодны пот і ён неяк зменшыўся ў памерах. Паволі глянуў за вакно. Калі б Лёша Вілкін чытаў кнігі і трохі ведаў гісторыю Беларусі, дык, можа быць, як самае натуральнае ў гэтых абставінах, яму б прыйшоў да галавы наступны верш аднаго асуджанага на смерць паўстанца:
Марыська чарнаброва,
галубка мая,
Дзе ж падзелася шчасце
і ясна доля твая?
Аднак Вілкін кніг не чытаў і гісторыі не ведаў, таму адзінае, што яму заставалася, – перыцца за вакно на спалены ўначы шапік і бяздумна чакаць прысуду.
– Што дала Рымская імперыя нашай цывілізацыі?
Прамовіўшы гэта, гістарыца стала сузіраць, як пажарныя за вакном разбіраюць шкілет спаленага камка.
Вілкін падняўся і ўмольна глянуў на Ліпмана.
«Водаправод», – драматычна шапнуў яму той.
«Які такі водаправод, можа, яны яшчэ ля вытокаў БТ стаялі?!» – прабулькаў па-чэрававяшчальніцку Вілкін у адказ.
«Зуб даю, вадаправод, – яшчэ больш горача зашаптаў Ліпман. – У каго з нас пяцёрка па гісторыі, у цябе ці ў мяне?»
– Водаправод… – неяк няпэўна вымавіў Вілкін уголас.
– Вілкін, што я бачу?! – гістарыца спляснула рукамі і ўпершыню зірнула на Вілкіна.
– Малайчынка! Акведукі і сістэма арыгацыі. Не чакала ад цябе… Я гляджу, ты сёння як след падрыхтаваўся.
– Дык усё для вас, Марыя Янаўна, рады старацца, – з зубялявай усмешкай сказаў Вілкін. Што й казаць – перамагаць ён умеў.
– Малайчына, Лёша, давай, разві тэму. Што яшчэ падарылі нам рымляне?
Нібы глядзячы па тэліку якую крымінальную зводку, гістарыца зноў палезла вачыма за вакно, дзе з рулеткамі ў руках сноўдаліся міліцыянты ў новай зялёнай уніформе і рабрыстых фуражках, у якіх яны былі падобныя да нью-ёркскіх паліцыянтаў.
Вілкін патрабавальна зыркнуў на Ліпмана.
«Чыгунку», – скрозь зубы прашаптаў Ліпман.
– Чыгунку, – гэтым разам бясстрашна, на поўныя грудзі, выдыхнуў Вілкін.
– Чаго-чаго? – папярхнулася гістарыца, стрэльнуўшы на вучня вачыма – погляд, які мог запраста спапяліць другі кіёск, побач. – Можа, рымляне, Вілкін, яшчэ і ля вытокаў БТ стаялі?! Сядай, «тры».
Ліпман, усцешана рагочучы, спрытна палез пад парту. Вілкін з азвярэлай тупамернасцю пачаў пхаць яго нагамі. «Тройка» – найвышэйшая адзнака, якую хоць калі атрымліваў Вілкін па хоць якім прадмеце, аднак, акрамя элементу чыстай рэзультатыўнасці, быў закрануты вілкінаўскі гонар.
Ад ганебнай смерці пад партай Ліпмана выратаваў дырэктар Алесь Аляксандравіч, што неяк непрыкметна апынуўся ў класе:
– Дзеці, дзеці, дзеці!
Ужо даўно не дзеці перавялі позіркі на невыразнага нізенькага чалавека ў пушыстым сівым парыку. Твар амаль цалкам асланялі бранябойныя акуляры, з пад якіх, праўда, зіркалі ўчэпістыя вочы.
– Сёння вечарам мы ўсе пагалоўна здамо па два кілаграмы макулатуры! – неяк зарадасна паабяцаў дырэктар. – …Бо гэта вельмі адказнае мерапрыемства для нашага прадпрыемства…
Дарэктар запнуўся.
– То-бок, э-э, гэта вельмі выгадная прапанова для нашай установы…
Хоць дырэктар, аўтар паэтычнага зборніка «Ртуць», і выслаўляўся рыфмамі, але яго фразы бездаможна звісалі, не раўнуючы як гірлянда, што засталася на супрацьлеглай сценцы ад Новага году.
– Адны словам, яно так трэба… Макулатура неабходная нам, каб… – штосьці па-ранейшаму замінала казаць дырэктару гладка. – …каб надрукаваць вам новыя падручнікі.
– А ў нас яшчэ старыя ў туалеце не скончыліся, – імгненна адпаліла з апошняй парты волялюбная Паняй.
Але дырэктар нават не шпурнуў па сваёй старой камсамольскай завядзёнцы ў Паняй дзіркаколам ці якой чарнільніцай: відавочна, ён меў намер не адступацца ад свайго высакароднага намеру ўмовіць клас ахвяраваць сыравіну дзяржаве. Ягоны твар зрабіўся яшчэ больш кіслы, і дырэктар яшчэ больш мядовым голасам прамовіў:
– Здымак таго класа, які пераможа ў спаборніцтве па здачы макулатуры, павесяць у школьнай сценгазеце!
– …
– Усе атрымаюць па асобніку кнігі майго сябра паэта Міхася Капацькі «Не, жывая спадчына!».
– …
– …з яго дарчым надпісам!
– …
– …з яго друкаркай!
– …
– …з яго наганам!
– ???
– Жартую, жартую. Ну, трэба вас неяк раскатурхаць, – дырэктар яўна павесялеў і дадаў: – Клас, які здасць найбольш макулатуры, атрымае дармовыя квіткі ў Беларускі дзяржаўны цырк на дзённы сеанс!
– …
– Усе, хто не здасць па два кілаграмы макулатуры, не будуць дапушчаныя да выпускных экзаменаў.
– А так бы адразу і сказалі! – за ўвесь клас імгненна адгукнулася Паняй. – То дайце абдумаць крыху… – Яна вытрымала таленавітую паўзу і сказала: – Не – усё адно не панясем!
– Дзеці, а вы што, не камсамольцы?!
– Не! – у адзін гук адказаў ужо ўвесь клас.
– Ах так, так… Я зусім забыўся, – спляснуў рукамі дырэктар. – Усё ж адмянілі…
Аляксандр Аляксандравіч з зацятасцю зірнуў за вакно, дзе па-над будынкам гарана матляўся ўжо пасвяжэлы пад ранішнім ветрыкам бел-чырвона-белы сцяг.
– Семдзесят гадоў – і такое падзенне вялікай краіны! І цяпер гэтае сала-мяса-сала і конь з мечам над намі крукам згінаюцца…– голас яго зрабіўся ціхі і жаллівы, падобны да голасу бабулькі, якая перад уваходам на Камароўскі рынак заклікае-просіць, каб у яе купілі самаробныя ваўняныя шкарпэткі.
– Прашу вас як магу, дзеці. Прыйдзіце а шостай вечара з двума кілаграмамі макулатуры да кабінета заўхоза. Проста па-людску прашу.
І дадаў, ні на каго не гледзячы:
– Вось у школе №73… там вашы аднагодкі, адзін клас, сабралі ажно пяць тонаў.
* * *
Тым жа адвячоркам да вакна заўхоза на першым паверсе, не зважаючы на дырэктарскую антырэкламу, усё ж сёй-той прыйшоў – неяк так выйшла.
Яшчэ дома рамантычная Лена Стружэльчык, закаханая ў Пашу Пракапеню, гледзячы на сябе ў люстэка, паставіла рукі ў бокі: «А чаму б не? Можа, і ён туды прыйдзе». І захапіла старую падшыўку «Вясёлкі» і «Весёлых картинок». Прышчавы Паша Пракапеня, закаханы ў Дашу Смірнову, скасавурыўся на прышч на носе і сказаў: «Чхаць – жыццё пачалося!» І пайшоў у сутарэнне па дзедаў поўны збор твораў Смелякова. Дэпрэсіўная Даша Смірнова, якая ўжо была села ў ліфт, што мусіў падняць яе на апошні паверх, з якога яна планавала выкінуцца праз вакно гарышча, раптам выйшла з «каробкі» і вярнулася ў кватэру. З парога адпіхнула маці-алкагалічку і палезла на антрэсолі па падшыўкі газеты «Правда» і часопісаў «Здоровье», прыгаворваючы: «Трэба здаць, трэба здаць, каб ні праўды, ні здароўя пасля маёй смерці на гэтым свеце не засталося». Гуляшчая ж Тоня Налівайка падумала: «Якраз здам падшыўку «Работніцы і сялянкі» і потым пра цяжарнасць бацькам скажу». Непаўналетні таксікаман Пеця Шаховіч запланаваў: «Якраз нюхну і па прыколе пайду здам макулатуру».
Што сказаць – нечакана ля школы было людна і святочна: хтосьці, выканаўшы план па нарыхтоўцы паперы, курыў, хтосьці проста хадзіў, іншы, успомніўшы дзетсад, катаўся на саначках, на якіх і прыгнаў два кэгэ макулатуры. Рамантычная Лена Стружэльчык нарэшце нагаварыла ўсяго Пашы Пракапені, але, як тое вядзецца, не таго, і цяпер маляўніча качалася па снезе і рыдала. Але прышчавы Паша Пракапеня на яе не глядзеў, скіраваўшы вочы ўгору, дзе на даху суседняга дамка дэпрэсіўна-дзёўбнутая Даша Смірнова неяк так неінтэнсіўна, але дужа грацыёзна пагражала ўсім кінуцца на заснежаны асфальт. Непаўналетні таксікаман Пеця Шаховіч факаў куплены ў «Тышчыках» клей «Мамент» разам з гуляшчай Тоняй Налівайкай. Тоня адначасова ванітавала, абдымала Пецю і смяялася сваім дробным смехам.
Антарктычнае-антарктычнае сонца садзілася за дрымучыя вершаліны Парка палярнікаў-захраснікаў Чалюскінцаў. Вечар абяцаў заседжаны попс мінскіх дыскатэк. Падваротні зазыўна дыхалі даступным гоп-стопам. Страчваць не было чаго – як і рабіць, і тут сказаў рабятам нехта Бора проста так: «Гайда збіраць па прыколу макулатуру далей!»
* * *
Тыя, хто адчыняў дзверы на просьбу аб здачы макулатуры, моцна дзівіліся. Маўляў жа, усе сувязі распаліся – ды што там сувязі! – краіна патрушчылася ў друз на вачах. А вось бачыш – яшчэ засталося нешта нейкае нязменнае і сталае, такое, як збор макулатуры. Таму людзі, што адчынялі школьнікам, здавалі макулатуру ахвотна. Па 400, 500 грамаў, нават па кілі: старыя газеты, часопісы, зборы твораў класікаў камунізму-ленінізму – усё, што завалялася за часы кніжнага буму.
Жыхары вуліц Кузьмы Чорнага, Якуба Коласа і Францішка Скарыны радасна размаўлялі са школьнікамі, цішком з цікаўнасцю аглядаючы новае пакаленне і патроху зацягваючыся ў вір іхняга імпэту.
Некаторыя ўладальнікі кватэр прапанавалі школьнікам замест макулатуры здаць бутэлькі або слоікі з-пад маянэзу, што загрувасцілі балкон. Другія наадварот – самі спрабавалі ўвапхнуць падлеткам па ўзаемавыгадных коштах іншую сыравіну – марошку і коштметалы. Былі і тыя, хто проста запрашалі да стала: пасядзець, выпіць, пагутарыць.
– Слухайце, ну гэта ж смешна: амаль дваццаць першае стагоддзе, у Іраку варочаецца «Бура ў пустэльні»: лазерныя бомбы і кропкавыя цэлі, Ай-Бі-эМ са сваімі высокімі тэхналогіямі лютуе, Фрэдзі Мерк’юры ўжо ўсё зрабіў і памёр, – пачаў быў ганьбіць працэс макулатураздачы Ліпман, калі яны ўтрох з Паняй і Вілкіным паселі на лавачцы каля школы поруч з набікаванымі паперай і кнігамі санкамі. – А мы тут саўковы сэканд-хэнд цягаем…
– І, ёлы, класна цягаем. Нішцячны занятак! – не зразумеўшы, да чаго хіліць Ліпман, дадаў Вілкін.
А Паняй падумала сабе, што 10-му ж «В» праз гэтыя адведзіны было таксама весела і цікава. З’явілася нешта такое, чаго ніколі раней не было. Школьнікі прасякнуліся гэтай новай і дзіўнай для іх справай: калі ты ў прынцыпе і не абавязаны, але хочаш сам. І гэтае тваё жаданне – не банальныя пляшка піва ці пару соцень на касету, а… а… ну, няважна… проста нешта новае з’явілася ў мутарным менскім паветры, нешта, што прымушала дыхаць лёгкія на поўныя застаўкі, а розум – моцна цешыцца свайму знаходжанню ў гэтым самым месцы, у гэтым самым горадзе, у гэты самы час.
Жыццё, зануранае ў сябе і абыякавае да цябе, цяперака павярнулася да іх нейкім іншым бокам – дзверы выявіліся не дзяржмежамі, што ахоўвалі чужы прыват, а шлюзам, які вёў да прасторы, дзе разняволена бавілі свой час непадобныя ні да чаго – а таму і жывыя – лёсы. Лёсы, а таксама іх уладальнікі, што захоўвалі па два, тры, а то і па пяць кіляў каштоўнага грузу. Ну, хай сабе паўкаштоўнага. «Ну добра, – прызналася сабе Паняй, – для шаснаццацігадовага чалавека, якога раздзіраюць гармоны і агіда да дарослага свету, грузу цалкам бескарыснага». Аднак чаму ж ідэя пра друк чарговай партыі пад-ручнікаў цяпер не падавалася Паняй такой ужо бязглуздай?
– Дык давайце, хлопцы, першы раз у жыцці ў пятніцу вечарам не будзем піць піва, а проста паразмаўляем, – голасна запатрабавала Паняй.
Наступным ранкам 10-ты «В» прынёс дзвесце кіляў, а ўвечары ўсе трыццаць чалавек, увесь клас пагалоўна ізноў выправіўся на збор макулатуры. І тут усё закруцілася.
2. Буда, цара храні!
«Яць» ды іншыя іерогліфы
Званок азваўся туманнай мелодыяй, у якой пачулася водгулле пракаветных напеваў ці то кашмірскіх, ці то чарнагорскіх манахаў. Дзверы адчыніліся, і на парог выступіла абсалютна сівая бабуля ў пазалачоным сары. На тканіне сары былі выяўленыя ўсе шэсцьдзесят імперскіх чыноўнікаў, узятых са шматфігурнай карціны Іллі Рэпіна «Урачыстае паседжанне Дзяржаўнай рады 7 мая 1901 года ў гонар стогадовага юбілею з дня яе заснавання». Рукі бабулі да самога локця абвівалі пластмасавыя, аздобленыя хахламскім і гжэльскім роспісамі бранзалеты, а на пераноссі на індыйскі манер бялела кропка. У кропцы здзіўлены аматар гісторыі Ліпман выявіў блакітны крыжык і белае поле андрэеўскага сцяга. Уцепленыя авечым футрам кеды, насунутыя на кашчавыя ногі, выдавалі ў старой духоўна нябедную асобу. Вілкін, які ніколі не верыў у дабрыню менскіх бабулек, абгледзеў, каб жа гэтая піліпаўна з канапель не хавала за спінаю які абрэз. Але твар бабулі выпраменьваў адно рахманасць і ўсіхлюбоўе, а ў яе левай руцэ, як пацеры, круцілася толькі пара фальшывых яек Фабэржэ. Яйкі наводзілі думку на, можа быць, трохі пакручасты і прыцягнуты за вушы, але дужа аптымістычны і міралюбны лагічны ланцуг: «яйка=›птушка=›голуб=›мір».
Сівая бабуля ў маляўнічым сары з царскай дзяржрадаю малітоўна склала рукі перад сабою ў далёкаўсходнім вітанні і адначасова зрабіла зямны паклон. Школьнікі зайшлі ўсярэдзіну.
На тле пакоя, ладна закіданага дыванкамі і дэкаратыўнымі падушэнцыямі, цылінгала нетаропкая эзатэрычная музыка – ушчыплены за струны сітар пад дробны бразгат бомаў выдаваў варыяцыі на тэму расійскага (райскага?) гімну «Божа, цара храні!». У паветры кватэры важка плылі аблачыны дыму – то курэў кальян, зроблены проста ў корпусе самавара. У покуці тулілася метровая статуя Буды, усмешлівага мужчыны без узросту, з бакенбардамі ды вусамі, праз якія прасвечвалася па-дзіцячаму шчырая ўсмешка. Паняй са здзіўленнем пазнала ў Будзе перадапошняга расійскага імператара Аляксандра ІІІ. На нізкім кухонным стале замест абруса была пасцеленая паркалёвая мапа Расійскай імперыі ў межах 1913 года, улучна з Польскім каралеўствам і Фінляндскім герцагствам. Саматканая мапа была вытрыманая ў растаманскіх жоўта-чырвона-зялёных адценнях. На мапе пакоілася складаная канструкцыя: вялікая разьбяная чарапаха з дрэва, што несла трох слонаў, якія ў сваю чаргу трымалі на сваіх спінах аднаго двухгаловага арла. Каранаваны арол замест скіпетра і дзяржавы ва ўчэпістых кіпцях сцяў сандалавыя палачкі, з якіх тачыўся водар…
«Ну, рыхтык пах «Смірнофкі №5» на выдыху», – спрактыкавана адзначыў у думках Вілкін.
На сценцы насупраць серванта вісела будыйская шоўкавая харугва з разлапістым іерогліфам «ѣ».
– Хай манаршы спакой будзе з вамі! – цяпер ужо голасам павіталася будыйская манархіня. – Вы, спадзяюся, не піонэры-бязбожнікі?
Гук «о» ў перадапошнім слове з бабульчыных вуснаў зляцеў гэтак брыдка вуху, што ў сваёй агіднасці мог спаборнічаць адно з гукам «з» у апошнім слове. «З» у сваю чаргу гучала хутчэй як «с», а ён дадаваў да словазлучэння адценні злавеснай чартаўні – «бес-божнікі».
– Найн, мадам! – па-нямецка-французску адказаў Вілкін. – Мы тут з іншай аказіяй.
– Клічце мяне, мон шэр, проста Любоў, – ухвальна заківала сівой галоўкай бабуля. – Ці прасцей Любоў Каксон. Ці найпрасцей Любоў Карлаўна Каксон.
Вілкін пайшоў на таран:
– Ці маеце вы, Любоў Каксонаўна, макулатуру?
– Пардон?
– Старыя газеты, там, кнігі, часопісы.
– Мне цяжка сказаць, мон шэр. «Минскій Вестнікъ» я аддаць не магу,бо калі цяперашняя рэінкарнацыя Буды, Мікалай ІІ, у другі раз вернецца на зямлю, дык перад яго мілосным абліччам трэба будзе на рэчдоках давесці, што ты заўсёды верыў у адзінапамазанага. Таму дзеля пэўнасці я захоўваю прэсу тых часоў. А савецкія газеты я берагу для страшнага суду над бальшавікамі. У сваёй мілоце Буда-Аляксандр сігналіць мне праз думкі, што на тым усяленскім працэсе мне дастанецца пракурорская прамова.
– А беларускія газеты?
– Ці не жадае маладое пакаленне жэнь-шэневага спірту? – тэхнічна памяняла тэму гутаркі Любоў Карлаўна.
Пад чарку бабулька расчулілася і распавяла, што ў нябесным царстве Буды Першага прыгонніцкае права яшчэ не скасавалі, але размовы пра рэформу ўжо лунаюць і вярэдзяць неўміручыя душы, а таксама даверліва паведаміла, што каты-апрычнікі яшчэ трыста гадоў таму вынайшлі будзільнік.
Калі на Ліпмана і Паняй прамовы будысцкай манархіні нагналі нуды, дык Вілкін, здавалася, пачуваўся тут цалкам натуральна. Усяляк праяўляў цікаўнасць, засыпаючы бабульку практычнымі пытаннямі па структуры нябесна-манаршага радаводу.
Увогуле варта заўважыць, што Вілкін, які прыехаў два гады таму ў Менск з далёкага Яраслаўля, быў чалавек кампанейскі і вельмі хутка асвойтваўся, абціраўся ў любой новай кампаніі. Ды што там кампаніі – у сваёй новай краіне Вілкін вельмі хутка зрабіўся сваім, за што меў моцную павагу сярод сваіх менскіх сяброў. Гэтую ягоную здольнасць прыстасоўвацца да новай рэчаіснасці і асабліва такой суворай, як беларуская, засведчыла тая гісторыя са смагай.
Паўлітра смагі
Вілкін – страшэнны аматар алкагольных аповедаў. Што, колькі, з кім і як балела галава на ранак – Вілкін заўжды ахвотна дзяліўся перажытым з сябрамі. «Узялі мы з Мікрафонам у бабак-самагоншчыц з Трэцяй Пасялковай па слоіку первача, бухнулі на яго хаце – бацькі ж у вёсцы, – чувіх прывялі, потым мы з імі гэта самае, потым пайшлі пасядзелі на лавачцы – пакурылі, разышліся па дамах, я дома пахаваў, паглядзеў па відзіку «Індыяну Джонс», а зранку прачнуўся з Мікрафонам у ліфце незнаёмага пад’езда на Серабранцы».
Адметнасцю Вілкінавых аповедаў была канцоўка. Няважна, што паводле сюжэта Вілкін са сваім вельмі кучаравым і вельмі непадстрыжаным сябрам, чыя галава здаля нагадвала мікрафон, бралі на грудзі. Ці па слоіку самагонкі, па флянцы спатыкача або па цыстэрначцы бражкі (у гэтым аспекце аповеды Вілкіна былі невычарпальнай крыніцай ведаў пра размаітыя ёмістасці і гатункі самаробнага алкаголю). У дадатак было абсалютна неістотна, як прайшла пачостка: ціха, мірна або суправаджалася бойкай з меснымі ці брэюшчымі залётамі да чувіх. Галоўнае – у Вілкінавым сюжэце ўсё жалезнымі абцугамі сціскалася вакол няўмольнага прачынання з Мікрафонам у незнаёмым ліфце ў далёкай Серабранцы.
Вілкінаўскія гісторыі ўганяла Паняй у перадсуіцыдальны ступар. Яна крычала Вілкіну забіць зяпу, яна прасіла прынамсі заканцаваць п’яную гісторыю ў Мікрафонавай хаце, яна заклінала яго проста маўчаць... Аднак Вілкіна было не суняць. Не дапамагалі нават шпількі кшталту: «А што, спартовая дысцыпліна па засынаннях у ліфце ўжо алімпійскі від спорту ці яшчэ не?» «А ты ўжо атрымаў «Майстара спорту эРэФ» па прачынаннях у ліфце з перашкодамі ці ўсё яшчэ ў КэМээСах цягаешся?»
Вілкін упарта гнуў на свой капыл.
Урэшце алкагісторыі дасталі Паняй так, што аднаго разу, яшчэ нават на пачатку чарговай алкагольнай гісторыі, не вытрымаўшы дыктату запраграмаванага канца, яна груба перарвала Вілкіна:
– Вілкін, а ты калі-небудзь піў СМАГУ?
Учуўшы цалкам незнаёмае слова, яраслаўскі хлопец Вілкін павёў галавой, як баксёр пасля накдаўна, аднак, хутка даўшы рады беларускай непанятцы, абсалютна спакойным голасам адказаў:
– Ага, было раз. На мінулым тыдні мы з Мікрафонам узялі на Трэцяй Пасялковай па паўлітровіку СМАГІ, прыйшлі ў гараж, бухнулі, па дарозе дадому на раёне нікога не сустрэлі, чувіх не чаплялі, разышліся па дамах і на ранак прачнуліся ў незнаёмым ліфце на Серабранцы.
Чароўныя гуркі
Між тым Любоў Карлаўна Каксон, якая толькі што скончыла аповед пра опцінскіх старцаў, якія вынайшлі кунг-фу, падбадзёраная прыязным позіркамі і пытаннямі Вілкіна, прапанавала зладзіць спірытычны сеанс і выклікаць дух Пятра Вялікага.
Яна паставіла на стол адкаркаваную пляшку жэнь-шэневага спірту, дастала паштоўку з выявай Полацкага Сафійскага сабора. Падпаліла паштоўку з трох бакоў і пачала казаць свае старарэжымныя заклёны.
Пётр Першы з’явіўся ў смузе, празрысты, бы туман. Як трэба: у батфортах і з вусамі. Гайдаючыся ў эфіры, усё роўна як напоўнены лёгкім газам цэпелін, нават разочак гулліва падміргнуў з сваёй вышыні. Потым манарх завіс па-над адкаркаванай пляшкай жэнь-шэневага спірту. Запанавала мілотная паўза. Знянацку спірт з пляшкі, насуперак усім законам фізікі, тонкім цурком, не раўнуючы як праз невідочную саломку, проста па паветры заструменіўся ўгору, напрасткі ў адтуліну, якая ў Пятровай здані была на месцы рота.
– Фінскі заліў, – шматзначна сказаў Пётр Вялікі і, як змог, усміхнуўся ротам, напоўненым спіртам.
Дарма, што Пятра было складана назваць матэрыяльнай субстанцыяй, спірт з ягонага астральнага цела не праліваўся, а толькі раўнамерна расцякаўся па тым, дзе б у Пятра-чалавека мог быць страўнік.
Рухі здані зрабіліся яшчэ больш хаатычнымі, і пачуліся словы нейкай зухаватай салдацкай песні. У паветры запахла… пах быў… як калі ў грэцкіх багоў быў бы перагар ад амброзіі.
Па нейкім часе Пётр Вялікі пагрозліва закруціў вачамі і вусішчамі, згушчаючы свой дымны шлейф.
– Яшчэ адзін Пецярбург у Менеску будаваць надумалі?! Другую Русь? Белую ды чыстую, без Масквы-матухны і Санкт-Пецярбурга-бацюхны? – неспадзёўкі залямантаваў высокім п’яным голасам ён, насцярожана аглядаючы ерогліф «ѣ» і ўсярускі абрус. – Скулля вам, ліцвіны!
Нечакана з месца, дзе меўся быць рот, вылецеў струмень спірту, пляснуў на свечку і па ўскоснай далей на паркет. Хлопцы кінуліся тушыць агонь, але яшчэ тысяча такіх самых знічак ушпіляла падлогу – сітуацыя рабілася крытычнай. Тым жа часам адухоўленая бабуля, седзячы па-турэцку на дыване спасярод пакоя, пашылася ў глухі транс. Не рэагуючы на вонкавыя раздражняльнікі, яна адно выводзіла скіфскія мантры, круцячы строга па гадзіннікавай стрэлцы ў руках два яйкі Фабержэ.
Не дачакаўшыся дапамогі ад гаспадыні, хлопцы пачалі шпурляць у Пятра попельніцамі, Будааляксандрамі, паліваць імператара палівачкай, то-бок карыстаць усё, што трапляла пад руку. Але, дарма што ўнутры царскай здані мог заставацца спірт, усе іншыя прадметы ды вадкасці прашываліся Пятра наскрозь і, не маючы перашкодаў, вольна праляталі ды сутыкаліся толькі са сценкай за яго спінай.
– Шалееце, нячыстыя?! Манаршы агонь затушыць хочаце, сатрапы? – з’едліва папытаўся Пётр І, працягваючы кружляць каля жырандолі. – Першаму граду Пятроваму жыць, а другому не быць! Не пацярплю!
Тут Вілкін, пляснуўшы сябе па ілбе, схапіў адкаркаваны трохлітровік з агуркамі і кінуў у Пятра слоікавым змесцівам. Гэтым разам салёны агурок, праходзячы праз Пятра, дзіўным і незразумелым для хлопцаў чынам захрас у астральным целе, у тым месце, дзе ў імператара (калі б той быў чалавекам, а не прывідам) мог быць страўнік і ўжо плёхаўся выжлуктаны Пятром спірт. Ліпман і Паняй далучыліся да кемнага Вілкіна, напаўняючы зыбкую матэрыю невыносным цяжарам салёнай гародніны.
– Езуіты! – дыхавічным голасам заблагаў Пётр, але з асалодай паляпаў сябе на набітым гуркамі, цяпер толькі напалову празрысты жываце.
Па каторым часе і без таго досыць туманны абрыс імператара задыміўся яшчэ больш і пад цяжарам патрапленых у яго нутро агуркоў, не раўнуючы падбіты аэраплан, з сірэнным рокатам пайшоў на стромы спуск.
Але яму не далі. Таксама сатканыя з паветра кучаравыя арапы, падобныя да херувімаў на старажытных візантыйскіх абразах, у белых кашулях з чырвонымі крыжыкамі на бялесых шаломах, падхапілі здань Пятра пад рукі і паспяхова адымчалі ў напрамку чорнай адтуліны, што раптам уфармавалася проста ў паветры ля самай столі, гэтакім парадкам заканцаваўшы спірытычны сеанс.
Па ўлёце імператара ў пакоі застаўся пах свежасагнанага спатыкача і фаерверку.
– Вон! – хутчэй заплакала, чым закрычала на хлопцаў Любоў Карлаўна Каксон, якая да таго часу выйшла з трансу, а яе вочы і сівыя валасы сталі дубам і загайдаліся, як злавесныя каласы невядомага гатунку злакавых кобраў. Яе голас пачаў дужэць, сары заварушылася – і хлопцы з жахам згледзелі, што да крыку далучаюцца ўсе шэсцьдзесят членаў царскай Дзяржаўнай рады з рэпінскай карціны. А з аднаго яйка Фабержэ, якое круцілася ў руках Любові Каксон, вылупілася гідкае нешта-нейкае: малое, зялёнае, крылатае і агнядыхлівае. Другое ж яйка падазрона круцілася вакол сваёй восі, не раўнуючы як нейкі звар’яцелы метэарыт, і па ім ішлі чорныя расколіны.
Ліпман і Паняй выбеглі як ветрам гнаныя, Вілкін жа стараўся захаваць твар, падаючыся задам, як рак, пры гэтым мармычучы: «Пардон, мадам, шчыры пардон». Услед школьнікам паляцелі складная чарапахаслонаарловая канструкцыя разам з яшчэ дымнымі сандалавымі палачкамі, якія балесна апалілі Паняй левую руку. Пульхны томікі Блавацкай і фаліянтам з назвай «10 найвялікшых жыдамасонскіх змоваў» на супервокладцы выцяў Ліпмана ў спіну. Усё гэта Вілкін гаспадарліва падабраў і закінуў у супольны мех макулатуршчыкаў.