Колеры Імгнення І Вечнасці
Дзіўная рэч, ў ХХІ стагоддзі колеры сталі надзвычай актуальнымі. Калісьці ў старадаўнія часы так ужо было, калі колер лічыўся сілай, сутнасцю, магічным сродкам і рытуальным атрыбутам. І вось, ў век высокіх тэхналогій грамадства вярнулася ў той стан, калі логіка яшчэ не існавала, а эмоцыі і перажыванні кіравалі паводзінамі. У нашым грамадстве, як ні дзіўна, адбываецца падобнае. Хтосьці жыве «ашчушчэніямі», хтосьці пачуццямі, але эмоцыі заўважна пераважаюць і кіруюць учынкамі. Падобна, што беларусы здзівяць планету тым, што апынуліся раптам ў будучыні? І насамрэч, штучны інтэлект у будучым будзе кіравацца логікай, вырашаць складаныя задачы, выпрацоўваць стратэгіі, але пачуцці застануцца за чалавекам.
Прычым тут колер? Як і ва ўсе часы, колер з’яўляецца знакам той ці іншай ідэі і дапамагае арыентавацца і гуртавацца пад тым ці іншым сцягам. Але колер – гэта не толькі знак, сэнс якога мы разумеем. На колер рэагуе чалавечы арганізм адпаведным пачуццём і перажываннем, нават калі сэнс нам невядомы. Спачатку – імгненная рэакцыя псіхікі, а потым разважанні. У гэтым праяўляецца адвечная глыбінная сіла колеру.
Кожны дзень мы бачым супрацьстаянне двух колеравых спалучэнняў: чырвонага з зялёным і чырвонага з белым. Чаму так сур’ёзна вядзецца «барацьба з ветракамі», а дакладней, са стужачкамі, зефіркамі і балончыкамі? Якія эмоцыі абуджаюць гэтыя пары колераў?
Чырвоны і зялёны – звычайныя колеры зялёнага лісця, кветак, спелай садавіны і ягад. Але ў прыродзе мы бачым іх ў іншых прапорцыях: кропачкі чырвонага у зялёным. Шмат чырвонага выклікае пачуццё перапоўненасці і празмернай актыўнасці. У спорце, бадай, сцяг з дзвюма трацінамі чырвонага і адной зялёнай будзе да месца. З пункту гледжання сімволікі варта зазначыць, што зялёны наогул не традыцыйны для Еўропы, зялёны – гэта сцяг прарока Магамета. Але вернемся да дзяржаўнай сімволікі. Калі адбываюцца якія-небудзь падзеі, сцягоў звычайна дэманструецца шмат. Але іх колеры не вельмі светлыя, у выніку перамежавання шматлікіх сцягоў, як і пры перамешванні фарбаў, атрымліваецца ўражанне ржава-карычневатага колеру. Часам зялёны колер на сцягу можна сустрэць наогул дзіўнага, светлага, амаль салатавага адцення, што трошкі асвятляе агульнае ўражанне, але, з іншага боку, робіць сцяг не зусім сур’ёзным.
У іншай сітуацыі, напрыклад, на экране ці на маніторы чырвоны і зялёны значна больш яркія. Светлавыя промні чырвонага і зялёнага колераў ў сумесі складаюцца ў жоўты. Але гэта не колер золата ці цёплага сонечнага святла. Каб атрымаўся жоўты, промні павінны быць максімальна інтэнсіўнымі, што для вока яўляе невыносны кантраст. Гэта ўспышка, кароткае замыканне паміж чырвоным і зялёным, максімальнае напружанне і дыскамфорт. А калі інтэнсіўнасці не хапае, атрымліваецца усё той жа карычневы, як ні круці.
А што з чырвоным і белым? Чысты белы ў прыродзе мы можам бачыць не часта, і ён сваёй чысцінёй радуе ўсіх ад малога да старога – як першы снег. У гэтым спалучэнні менш прыроднага, але больш духоўнага. Белы – святло, свята, чысціня, чырвоны – энергія. У хрысціян гэта сімвалы сілы духа і любові. Дзве траціны белага і адна чырвонага робяць спалучэнне светлым і дастаткова кантрасным. Нават дальтонік убачыць гэты святлотны кантраст без праблем. Сцягу лёгка лунаць ў паветры, ён ўзрушвае не цела, а дух. Калі ж яго нясуць ў выглядзе доўгага палотнішча, ён становіцца падобным на ручнік, на ручай, на сцяжынку, бо чырвоная паласа трымаецца і напраўляецца белымі. Гэты сцяг не вядзе на барацьбу, ён натхняе на здзяйсненні.
І гэта відавочна супярэчыць ідэі закансерваванай стабільнасці. Апошнім часам пад раздачу падпалі нават японскія сцягі. Кансерватары змагаюцца нават не са сцягам, а менавіта з колерам, са спалучэннем белага і чырвонага, таму што на ўзроўні псіхалагічным чырвона-зялёнае спалучэнне фізіялагічна-прыземленае, а бела-чырвонае – духоўна-ўзвышанае.
Чырвона-зялёны можа даволі ўдала заклікаць на якую-небудзь калектыўную будоўлю стагоддзя, да таго, каб класці цэглу ці насіць шпалы, да фізічнай працы (глядзі прэзентаваныя прафсаюзам пераробленыя савецкія плакаты). Але стварэнне высокаінтэлектуальнага прадукту патрабуе іншых стымулаў. Ну не спрыяе ён крэатыўнасці, ў адрозненні ад бела-чырвона-белага, і бясконцыя варыянты чырвонай графікі на белым фоне падаюцца невычарпальнымі.
Чырвона-зялёнаму сцягу (з варыяцыямі у малюнку арнаменту) каля 70 гадоў, у гістарычным вымярэнні – гэта імгненне. Сваё паходжанне ён вядзе ад савецкага, а той – ад сцяга французскай рэвалюцыі як сімвала пралітай у барацьбе крыві. Але савецкая эпоха падыходзіць да свайго завяршэння, у ХХІ стагоддзі праліваць сваю і чужую кроў здаецца анахранізмам. У бел-чырвона-белым сцягу таксама згодна легендарных версій ёсць сімволіка крыві, але крыві ахвяраванай на карысць народу. Да таго ж гэтыя колеры існуюць як асноўныя ў традыцыях народнага ткацтва і касцюма, і гэтая спрадвечнасць абуджае годнасць ў сучаснасці. Сцяг так арганічна быў успрыняты таму, што гэтае колеравае спалучэнне, гэты сімвал эмацыйна і духоўна роднасны большай частцы грамадзян Беларусі, ён быў, ёсць і будзе, бо яго час – адвечны.