Матрунiн перавоз
Танк з’явіўся неспадзявана і з ніадкуль. З’явіўся на піку бою. Тады, калі вынік змагання за чарговы даўно зруйнаваны квартал прадказаць было немагчыма. Каланізатары сустрэлі яго з’яўленне з адчувальнай палёгкай – люстраныя танкі меліся на ўзбраенні іх войска, і гэты можна было лічыць своечасовай дапамогай ад сваіх. Палёгка, аднак, пратрывала нядоўга. Люстраны танк не стаў падаўляць агнявыя пункты пачвар-тубыльцаў, а адкрыў агонь адразу ў некалькіх кірунках – дакладна па месцах, дзе знаходзіліся групкі каланізатараў. Дзве з іх адразу ж дасталіся знішчэнню. Астатнія ж мусілі паспешліва пакідаць ранейшыя схованкі і перабягаць праз задымленыя руіны ды ламачча да больш бяспечных мясцін. Перабягаць пад несціханую страляніну з танка і пазіцый тубыльцаў. Перабягаць паўз агонь, якому, здавалася, тут даўно не было чаго паглынаць, апроч гэтых ваеўнікоў у зыркіх скафандрах. Перабягаць і клясці тубыльцаў за тое, што тыя змаглі недзе на іншых участках фронту скрасці люстраны танк і цяпер так удала карыстаюцца трафеем, бязлітасна пляжачы ворагаў. Зрэшты, якая ўжо ж тут літасць! Ніводны з бакоў ад самага пачатку вайны літасцю не адрозніваўся. Палонных не бралі. На перамовы не ішлі.
Тубыльцы працягвалі абстрэл збянтэжаных каланізатараў і нават перайшлі ў атаку, быццам кантроль над гэтым полем руінаў, друзу і парэшткаў сваіх ды чужых сапраўды мог нешта змяніць у ходзе цэлай вайны. Дзіўнай вайны, калі адны прыляцелі захапіць планету другіх, але, як пакрысе выявілася, не здолелі разлічыць уласных сілаў і прадказаць магутнасць прагі аўтахтонаў да зацятага супраціву. Навукоўцы з планеты, адкуль прыбылі каланізатары, абгрунтоўвалі магчымасць захопу звесткамі пра тое, што атмасфера тут хоць і адрозніваецца ад звыклай ім, але не так фатальна, каб паўсюдна цягацца ў скафандры, не здымаючы шлема. У выніку ж скафандр з наглуха закрытым шлемам стаў неад’емным атрыбутам салдат каланізацыі. А іх перасоўныя станцыі з запасамі каштоўнай дыхальнай сумесі зрабіліся абавязковай мішэнню для тубыльскіх знішчальнікаў. Але адным гэтым клопаты са скафандрамі не абмежаваліся. Сцвярджалася, што колеры для іх падбіралі адмыслова, каб салдатам было лягчэй маскіравацца. Першыя ж баі з тутэйшымі пачварамі засведчылі, што ні ліловая, ні пурпуровая, ні якая іншая з падабраных для скафандраў афарбовак не дазваляюць злівацца з мясцовасцю. Між тым да пачатку ўварвання іх наштампавалі столькі, што хутка выправіць памылку з афарбоўкай не атрымлівалася. Прынамсі, так тлумачыла камандаванне аперацыяй, якое ад моманту ўварвання перабывала ў галоўным караблі паблізу на арбіце. У сваю чаргу, камандаванне атрымала гэтае тлумачэнне ад натхняльнікаў інвазіі – найвышэйшай гандлёвай рады, што цягам усёй аперацыі не спыняла сваіх лёсавызначальных паседжанняў, не пакідаючы не тое што роднае планеты, а нават бункераў, якія павінны былі абараніць у разе ўдару тубыльцаў у адказ.
Да простых салдатаў весткі з радзімы калі і даходзілі, то ў тройчы пераправераным, а часам нават адрэдагаваным выглядзе. І калі нехта спрабаваў зразумець сапраўдную сутнасць таго, што адбываецца, яму выпадала апераваць адно ўрыўкавай інфармацыяй, частка якой грунтавалася на чутках і ўласных назіраннях. Гэтым разам назіранні пацвярджалі ранейшыя дапушчэнні: тутэйшыя пачвары не такія ўжо і няздары, як па інерцыі працягвала трубіць прапаганда. Адна рэч – скрасці люстраны танк, іншая – кіраваць ім і весці з яго дапамогай удалы бой. Тое, што бой для тубыльцаў выходзіў удалым, сумневаў не выклікала. Сігналы датчыкаў, якімі былі злучаны між сабой групы салдат каланізатараў, паступова згасалі. Гэта азначала толькі адно – салдаты гінулі. Гуртам і паасобку. Ацалелым неўзабаве даводзілася спыніць агонь у адказ, каб дачасна не выдаваць сваіх пазіцый. Адступаючы, яны не столькі спрабавалі ратаваць свае жыцці, колькі шукалі магчымасці перад немінучай смерцю знішчыць хаця б некалькіх пачвараў. Знішчыць у спадзеве на тое, што па іншых неўтаймоўных тубыльцаў прыйдзе новы эшалон войскаў каланізатараў. У большай колькасці. З лепшай зброяй. Лепш скаардынаваных у сваіх дзеяннях.
Многія салдаты хаваліся ў завалах сярод руінаў і чакалі, каб выпусціць зарад, калі якая пачвара сунецца да іх. Аднак у шум вакольнай страляніны і грукату танка зусім неспадзявана ўварваўся добра знаёмы абодвум бакам гул турбінаў каланізатарскага планалёта. Пакуль тубыльцы ў разгубленасці спрабавалі прыняць нейкае адпаведнае сітуацыі рашэнне, планалёт без аніякіх папярэджванняў пачаў засейваць руіны кліматычнымі бомбамі. Кожная такая бомба стварала непрацяглы, але вельмі адчувальны эфект чужога і невыцерпнага для тутэйшых клімату. Яны былі запраграмаваныя і на вялікія ваганні тэмпературы, і на розны склад газаў у атмасферы, і на зменлівы кшталт ападкаў, і на многае іншае. І якім бы чынам кожная асобная бомба ні спрацоўвала, тубыльцам яна несла смерць. У лепшым выпадку – цяжкія калецтвы, ад якіх без учаснай эвакуацыі ніводная пачварына агоўтацца не магла. На каланізатараў бомбы не ўздзейнічалі ніяк. Хіба што неслі радасць з нагоды нечаканай адтэрміноўкі гібелі.
Бамбардаванне трывала нядоўга, але змусіла тубыльцаў згарнуць атаку і адступіць. Скідваючы кантэйнеры з боезапасамі і капсуламі дыхальнай сумесі для ацалелых салдат, планалёт пэўны час яшчэ кружляў над руінамі. Потым ён узяў зваротны курс і неўзабаве знік з відавоку. Без дадатковых сеансаў сувязі ацалелым далі зразумець, што ім давядзецца сваімі парадзелымі шэрагамі працягваць барацьбу за гэты неаднакроць спляжаны лапік тэрыторыі. Што праўда, у іх меўся некаторы час для адпачынку і давядзення да ладу рыштунку, бо пачвары на месцы скідвання кліматычных бомбаў ніколі занадта хутка не вярталіся.
Двое салдат з ліку тых, якім пашчасціла выжыць, жвава разабраліся з кантэйнерам. Перазарадзілі, змазалі і пераматалі адмысловымі бандажамі зброю. Пераматалі, каб тая не развалілася ад уздзеяння тутэйшай атмасферы – давалася ў знакі яшчэ адна недапрацоўка навукоўцаў. Адпрацаваныя – пустыя ўжо – капсулы «адстрэлілі» з адпаведных ячэек скафандраў, дадалі патрэбную колькасць новых, астатнія ж закінулі ў заплечнікі. З ежы ў кантэйнеры нічога не было. Не прадугледжвалася планам аперацыі. Седзячы спінамі да амаль ушчэнт разбуранай сцяны, яны ўзіраліся ў небакрай, за якім знік планалёт. Мутнае шкло шлемаў хавала за сабою твары. На адным салдаце скафандр быў ліловага колеру, а на плячы красаваў ромб. Скафандр другога адрозніваўся пурпуровай афарбоўкай і двума ромбамі на плячы. І тое, і тое ўказвала на іх адрознасць у вайсковых рангах, але не замінала сядзець амаль усутыч адзін да аднаго і гутарыць.
Іх галасоў не было чутно – шлемы валодалі выдатнай гукаізаляцыяй. Гутарылі яны, карыстаючыся ўбудаваным у скафандр прыстасаваннем, дзякуючы якому словы зашыфроўваліся і расшыфроўваліся кодам, які генераваўся толькі на час іх размовы. Вось гэта быў сапраўдны падарунак ад навукоўцаў з іхняй планеты! Баяцца, што змест гутаркі перахопяць тубыльцы, нагоды не было. Хадзіла пагалоска, што пачвары спрабавалі асвоіць мову каланізатараў і нават спрабавалі ставіць нейкія эксперыменты з захопленым абсталяваннем. Аднак у выніку нічога ў іх не атрымалася. А каб і атрымалася – большасць каланізатараў была перакананая, – пачварам не пад сілу было б перакласці правільна пераважную долю тэрмінаў і паняццяў, адпаведнікаў якім (зноў жа на думку каланізатараў) у тубыльцаў папросту не магло быць. Наяўнасць жа шыфравальнага прыстасавання цешыла салдат з той прычыны, што так яны маглі ўволю пабалбатаць на любыя тэмы, не асцерагаючыся «вушэй» камандавання. Папраўкамі, унесенымі ў вайсковыя статуты ўжо тут, пасля ўварвання, карыстацца гэтым прыстасаваннем не рэкамендавалася. Камандаванне жадала, каб усе размовы салдат у рэжыме рэальнага часу фіксаваліся і перадаваліся на серверы галоўнага карабля. Выняць «шыфравальню» са скафандраў было немагчыма, бо яна задумвалася навукоўцамі як арганічная частка цэлай сістэмы, на якой быў збудаваны ўвесь функцыянал абарончага касцюма. Без яе не стала б працаваць уся сістэма, і скафандр не меў бы ніякае карысці для салдат.
– А ты ўпэўнены, што гэтыя пачвары сапраўды хацелі пайсці супраць нас вайной? – спытаў у свайго напарніка Ліловы.
– Ты ж сам цудоўна ведаеш, – адказваў Пурпуровы, выразна выслаўляючы сваю ўпэўненасць. – Упершыню іх шпіёнскі карабель праляцеў паўз нашу планету колькі пакаленняў таму, пасля чаго іх з’яўленні сталі рэгулярнымі. Пачвары сачылі за намі, вывучалі наш лад жыцця, шукалі слабыя месцы, каб аднойчы нанесці па нас удар. І добра, што нашы кіраўнікі, а потым і гандлёвая рада пачалі падрыхтоўку апераджальнага ўдару.
– То-бок ты нават не дапускаеш, што пачвары маглі проста вывучаць нашу частку сусвету без мэты захопу? Ты ж бачыў адзін з тых, нібыта шпіёнскіх, караблёў, які нашы адмыслоўцы здолелі зняць з арбіты. Ён такі прымітыўны…
– Вось у гэтым і заключаецца наша бяда! – выгукнуў Пурпуровы. – Мы ўвесь час трохі недаацэньвалі праціўніка. Але ж вайна добра паказала, з кім мы маем справу. Я не здзіўлюся, што яны наўмысна адпраўлялі да нас караблі прымітыўных мадэляў, каб выгадаць час. Так што агрэсію яны рыхтавалі здаўна. Ты ўспомні гісторыю з сігналам, які яны адправілі са сваёй планеты. У сігнале ўтрымліваўся вірус, які ледзьве не знішчыў усе нашы навігацыйныя сістэмы. А потым колькі такіх сігналаў было! Незлічоная колькасць. Добра, што навукоўцы своечасова знайшлі спосаб нейтралізаваць той вірус. Магчыма, гэтая вынаходка адтэрмінавала ўварванне пачвараў на нашу планету, а нам дала час падрыхтавацца да прэвентыўнага ўдару. Хіба не так?
– Цяжка сказаць, – Ліловы пацепнуў плячыма. – Афіцыйную пазіцыю ў гэтым пытанні я, як і ўсе, ведаю. Але мяне не перастаюць даймаць сумневы. І найперш яны тычацца зноў жа тэхнічнага боку. Калі пачвары сапраўды рыхтавалі ўварванне на нашу планету, то яны мусілі б валодаць адпаведным узроўнем тэхнікі. Дапусцім, твая праўда, і пачвары хітравалі, падсоўваючы нам на агляд прымітыўныя мадэлі караблёў. Але што мы ўбачылі тут пасля ўварвання? Нічога асаблівага.
– Ну, як жа нічога асаблівага! – абурыўся Пурпуровы. – Моцная абарона ў пачатку і жорсткі супраціў, якому і дагэтуль няма спыну!
– Так. Але гэта ўсё звязана не з высокім узроўнем іх тэхнікі, а з хібамі ў нашай падрыхтаванасці да гэтай вайны. Ты бачыў іхнія лятаючыя апараты? Бальшыня з іх нават для палётаў у блізкі космас непрыдатная… – трымаўся сваёй думкі Ліловы.
– Але ж рэйд нашай выведкі яшчэ да пачатку ўварвання зафіксаваў наяўнасць тут шэрагу касмадромаў, – запярэчыў напарнік.
– І дзе ж іх касмічныя караблі? Калі пачвары сапраўды рыхтавалі інвазію на нашу планету, то такіх караблёў мусіла б быць як мінімум тысяч дзесяць.
– Можа, іх і было столькі. Але мы знішчылі іх проста ў падземных ангарах, не дазволіўшы ўзляцець. Выдатны апераджальны ўдар.
– Каб нанесці апераджальны ўдар, трэба ведаць дакладныя каардынаты аб’ектаў.
– Выведка ўсё… – спрабаваў патлумачыць Пурпуровы, але спрачальнік яго перабіў:
– А ці была яна ўвогуле, тая выведка? Чаму нам кажуць, што выведка здабыла каардынаты касмадромаў, але маўчаць пра тое, што каардынатаў найлепшых месцаў для высадкі дэсанту здабыць не змагла? Дакладней, да высадкі нас пераконвалі, што ўсё цудоўна, што ўсё ўлічана. А потым кінулі адну з нашых армій на лёд. Сказалі, што ў пачвар там быць нічога не можа, бо неспрыяльныя для іх умовы. І што ж адбылося? Нашы караблі знізіліся, каб высадзіць дэсант, а з-пад лёду ў гэты самы час пачвары запусцілі свае ракеты… Колькі нашых тады загінула… А ўсё чаму? А ўсё таму, што паводле звестак выведкі там мусіў быць зледзянелы мацярык, але насамрэч там было ўкрытае лёдам мора, дзе пачвары трымалі сваю зброю. Вось скажы мне, як можна было даведацца пра размяшчэнне касмадромаў і адначасова прыняць зледзянелае мора за мацярык? Мяркую, што ўсе звесткі грунтаваліся толькі на дыстанцыйным назіранні за гэтай планетай, што колькасць касмадромаў у выніковай зводцы перабольшана, што мы бамбілі тутэйшыя аб’екты наўгад, а ў рапартах камандзіры напісалі, што мы знішчылі менавіта касмадромы.
Пурпуровы павярнуўся да таварыша і пасля кароткай паўзы сказаў:
– Здаецца, ты сам перабольшваеш. Гэта наша першае ўварванне. Ніхто не меў падобнага досведу. Ясна, што першапраходцаў напаткалі цяжкасці. Памылак у ажыццяўленні такой складанай задумы пазбегчы немагчыма. Памылкі здараюцца на любой вайне. А што ўжо казаць пра міжпланетную!
– Але ці не занадта шмат памылак ужо дапушчана і дапускаецца штодня, каб лічыць іх выпадковымі? – Ліловы не жадаў прымаць ніякіх кіўкоў на акалічнасці. – Колькі нашых ужо загінула з-за гэтых памылак? Штодня тысячы такіх салдат, як мы з табой, выпраўляюцца ў смерць. А транспартныя караблі тым часам спраўна дастаўляюць навабранцаў. У такіх жа яркіх скафандрах. У шлемах, якія не прабіваюцца ад магутных стрэлаў з вялізнай адлегласці, але могуць раскалоцца ад удару выпадковага каменьчыка, выбітага выбухам. З гэтай зброяй, якую пастаянна трэба мець нашмараванай і трымаць у абмотках, каб яна не растала ў руках падчас бою. З мізэрным запасам кліматычных бомбаў, якія засведчылі сваю эфектыўнасць і пры дастатковай колькасці якіх можна было пераламаць ход вайны ў лічаныя дні. Дзеля чаго? Дзеля чаго, я пытаю, усё гэта?
Пурпуровы ўпершыню не меў чым запярэчыць.
– Маўчыш? – кінуў яму напарнік і тут жа выдаў: – А я табе скажу, дзеля чаго. Дзеля таго, каб навабранцы загінулі, а на іх месца даставілі чарговую партыю. А потым яшчэ і яшчэ…
– Ды што ты такое кажаш… – збянтэжана прамармытаў Пурпуровы, і шыфравальнае прыстасаванне запатрабавала паўтарыць, каб слушна перадаць прамоўленае.
– А тое і кажу. Нас усіх свядома кідаюць на бойню, – у роспачы прамовіў Ліловы. – Ты ніколі не задумваўся, што першае з’яўленне карабля пачвар каля нашай планеты адбылося амаль сінхронна з заявамі нашых кіраўнікоў аб нарастанні праблемы перанаселенасці? Я думаю, што яны выкарысталі прылёт бяскрыўднага даследчага апарата як нагоду для ўзняцця хвалі страху і раскручвання ідэі прэвентыўнага ўдару, а рэальна ж рыхтавалі спосаб законна аслабаніць нашу планету ад «лішніх насельнікаў». З цягам часу гэтую ідэю падхапіла гандлёвая рада. Пры цяперашніх тэхнічных магчымасцях гэта выходзіць і бяспечней для захавання ўлады, і ў цэлым танней, чым правакаваць новую ўсясветную вайну альбо пачынаць масавыя знішчэнні пад той ці іншай маркай. І вось мы ваюем, нібыта за свае новыя тэрыторыі. Гінем у змаганні з драпежным ворагам. А народ успрымае гэта як нешта само сабой зразумелае, бо ўсе ненавідзяць пачвараў. Калі колькасць насельніцтва стабілізуецца, гандляры згорнуць вайну. Магчыма, пакінуць тут дзеля прыліку якую-небудзь базу. Ці, хутчэй за ўсё, адвядуць рэшткі войскаў на радзіму без заключэння міру з тубыльцамі, ведаючы, што тыя на сваёй тэхніцы з ваеннымі мэтамі да нашай планеты яшчэ доўга не дабяруцца.
– І што ты прапануеш? – Пурпуровы быў агаломшаны пачутым. – Пачвары палонных не бяруць. Можна не спадзявацца, што яны цябе зразумеюць. Дый без дыхальных капсул доўга не працягнеш.
– Я не сказаў, што збіраюся да іх у палон. Я хачу дагрукацца да нашага ўласнага камандавання. Павінны ж быць сярод іх тыя, хто разумее сітуацыю правільна.
Гутарка раптоўна перарвалася. На сувязь выйшаў галоўны карабель – абодвум салдатам была выказана прэтэнзія за карыстанне забароненым сродкам лакальнай сувязі. Ліловы пачаў хітраваць, тлумачачы ўсё частковым збоем сістэмы функцыянавання скафандраў, а яго таварыш пацвярджаў, што гэта сапраўды так. Тым часам ззаду, за разбуранай сцяной, пачуўся выразны шоргат. Перш чым салдаты паспелі неяк адрэагаваць на шум, да іх падскочыла пара тубыльцаў, страляючы ва ўпор па шлемах. Праз колькі секунд шлемы каланізатараў з характэрным гукам лопнулі, пачулася шыпенне, а ў паветры разлёгся водар, падобны да паху гатаваных крэветак.
– Глядзі, малы, не запэцкайся ў юшку, бо могуць быць праблемы са здароўем, – старэйшы тубылец папярэдзіў маладзейшага.
– А пахне смачна, – усміхнуўся той. – Я толькі зараз зразумеў, чаму мы іх крэветкамі называем.
– Дзівак. Як вас там на той «вучэбцы» рыхтавалі…
– А так і рыхтавалі, – працягваючы ўсміхацца, прамовіў малады.
Зашыпела рацыя:
– Волат. Волат. Я – Ярыла. Як чуеце? Прыём.
– Ярыла. Ярыла. Я – Волат. Чую вас добра. Прыём, – адказаў старэйшы.
– Як справы? Чаму не дакладваеце?
– Ды акурат збіраліся. Мінус дзве крэветкі. Сяржант Іваноўскі пастараўся, – паведаміў старэйшы, па-змоўніцку падміргваючы навічку.