Сяргей
Здаранкоў

Давыд Паддубскі

Танец Зямлі

Бясконцая Зіма доўжылася так доўга, што паспела вырасці не адно пакаленне людзей. Дзікая расліннасць перамерзла, папуляцыя жывёл і людзей моцна паменшылася. Паляўнічыя сталі аднымі з найважнейшых людзей на Зямлі, яны заўсёды маглі здабыць ежу і таму пачалі кіраваць у чалавечых паселішчах. Людзі, якія засталіся ў жывых, перасталі верыць у Светлых Багоў, яны сталі больш агрэсіўнымі і пакланяліся Богу Зімы. Яны маліліся, каб выпаў свежы снег, на якім будуць відаць сляды звяроў, што аблегчыць паляванне, альбо каб пачаліся маразы, каб жывёлы самі ішлі да іх, шукаючы, дзе пагрэцца. А пагрэцца можна была толькі ў хатах, дзе быў агонь, за якім сачылі Захавальнікі Агню, яны былі другой па сіле групай. Яны, апроч кантролю над усімі агмянямі, вырошчвалі на створаных у памяшканні градках рэдкія для таго часу гародніну і садавіну, таму што ў іх жытле заўсёды было цёпла. Хоць і адны і другія ведалі, што патрэбныя адно аднаму, паміж Паляўнічымі і Захавальнікамі Агню была пастаянная варожасць за поўнае панаванне. Перад простымі людзьмі стаяў няпросты выбар, таму што неабходна было далучыцца ці да адных ці да іншых. Далучыўшыся да Паляўнічых, можна было застацца без агню ў хаце, а калі да Захавальнікаў, то без свежага мяса. Зіма была халоднай не толькі з-за марозу, але з-за ахаладзелых людскіх сэрцаў. Практычна кожны быў сам за сябе. Багі Зімы, Вясны, Лета і Восені трымалі нейтралітэт у войнах паміж Светлымі і Цёмнымі Багамі. Пасля чарговай перамогі Цёмныя Багі прапанавалі братам далучыцца да іх. Бог Зімы пагадзіўся адзіны з чацвярых, астатнія браты збеглі, пасля чаго нарадзілася легенда пра месца, дзе круглы год Вясна, Лета і Восень, і пра мапу, якая вяла да гэтага месца. Спачатку смельчакоў, што адважыліся на пошукі мапы і месца, было шмат, але чым даўжэйшай рабілася Зіма, тым менш веры заставалася ў людзях. Галоўны Паляўнічы быў першым, хто заключыў угоду з Богам Зімы; ніхто не ведаў, пра што яна, але ўсе ведалі, што Бог Зімы заўсёды дапамагае яму. Паляўнічыя і Захавальнікі пасля некалькіх кровапралітных войнаў канчаткова пераканаліся ў іх бескарыснасці, бо абодва бакі гублялі паслядоўнікаў і нажытае багацце. Яны перайшлі да больш хітрых спосабаў. Спачатку падкуплялі беднякоў, каб тыя нападалі на супернікаў, але потым з такіх беднякоў нарадзілася цэлая гільдыя Наёмных Забойцаў, і з ёй ужо сталі лічыцца адны і іншыя. Гільдыя Забойцаў набірала сабе дзяцей беднякоў, выкупляючы іх у бацькоў. Дзяцей навучалі ўсім неабходным навыкам гадамі, і з тых, хто дажываў да канца, атрымліваліся ідэальныя Найміты…

– Буян, падыдзі, – нерашуча вымавіў бацька.

Буян давязаў чарговы ахапак галля і падышоў да бацькі.

– Сын, мушу сказаць, сёння твой апошні дзень з намі, увечары цябе забяруць.

– Хто? – разгублена спытаў Буян.

– Ты станеш Наймітам.

– Што? Чаму?

– Прабач, мы з маці ўжо ўсё вырашылі. Зразумей, вас шмат і ежы на ўсіх не хапае, там ты будзеш накормлены і апрануты і будзеш ведаць, што твае браты і сёстры таксама сытыя.

– А мяне вы спыталі? Я не хачу станавіцца забойцам.

– Усё вырашана, я ж табе ўжо сказаў. І ў наш час рана ці позна забойцам становіцца кожны. Калі ты надумаеш уцякаць, дык яны заб’юць нас усіх, бо аплату мы ўзялі наперад.

Пасля такой размовы ўсю дарогу дадому Буян з бацькам ішлі моўчкі. Перад уваходам у хаціну Буян з усёй сілы шпурнуў галлё ў сцяну і зайшоў унутр.

– Ужо вярнуліся?-спытала маці.

– Не на доўга, – рэзка адказаў Буян.

– Сынок!

Маці паспрабавала яго абняць, але ён адштурхнуў яе.

– Не трэба.

За вячэрай усе сядзелі моўчкі. Пасля Буян гуляў з малодшымі дзецьмі, пакуль не раздаўся стук у дзверы.

– Ідзі адкрый,– сказаў бацька.

Буян адчыніў дзверы. Далей усё адбылося вельмі хутка: яму на галаву накінулі мяшок, звязалі па руках і нагах і кінулі ў вялізныя сані, дзе былі такія ж, як ён. Праз лаянку і стогны ён чуў плач маці, крык малодшых братоў і сясцёр, але ўсё сціхла, як толькі яны з’ехалі дастаткова далёка. Ехалі доўга, у Буяна адмерзлі рукі і ногі, але яму яшчэ пашанцавала, некаторыя змерзлі зусім. У Школе, калі яе можна было так назваць, было дваццаць дзяцей прыкладна аднаго ўзросту. Школу заўсёды стваралі на новым месцы, каб ніхто з былых вучняў не змог расказаць пра яе месцазнаходжанне, а галоўнае не змог вярнуцца і адпомсціць настаўнікам. А помсціць было за што. Навучанне пачыналася з дзесяці ўдараў бізуном раніцай, потым столькі ж у абед і ўвечары. Настаўнікі казалі, гэта для таго, каб будучыя Найміты навучыліся трываць боль і не звяртаць на яе ўвагі. Настаўнікі насілі маскі, каб ніхто не змог іх пазнаць, і дубінкі, якімі маглі агрэць любога за справу і проста так. Гэтым разам Школа знаходзілася ў сетцы пячор, дзе было вельмі холадна і лёгка заблудзіцца. Хадзілі чуткі, што Школу заканчвалі не ўсе, і тыя, хто сюды трапіў, хутка зразумелі, што гэта не чуткі.

Вучні жылі ад сняданку да вячэры, каб хутчэй легчы спаць і забыцца. Сняданак пачынаўся з бізуноў, потым поліўка з растопленага снегу і кары дрэў. На гэты раз Буяна вярнулі з карцара якраз да сняданку. Карцар – гэта маленькая шчыліна ў сцяне, дзе можна было толькі ляжаць. Першыя гадзіны абвыкаеш да болю ад камянёў, якія ўпіваюцца ў скуру, потым траціш ад болю прытомнасць, а ачуўшыся, зноў абвыкаеш да болю. Сярод вучняў павагай карысталіся тыя, у каго было больш ірваных ран ад карцара, Буян стаў самым паважаным. Адначасова ён быў і найлепшым вучнем, а ў карцар трапляў за тое, што даваў адпор настаўнікам. Пасля сняданку пачыналася вучоба і заўсёды з аднаго і таго ж практыкавання: трэба было некага забіць. Пачыналася ўсё з казурак, і з кожным годам ахвяры раслі ў памерах. Цяпер гэта ўжо былі сабакі, якіх спецыяльна вырошчвалі ў школе побач з вучнямі. Сабакі былі вялікай рэдкасцю ў хлопцавых вёсках. Іх засталося дванаццаць, па колькасці пакінутых вучняў. Васьмярых да гэтага часу ўжо не стала з розных прычын, але канец ва ўсіх быў адзіны: іх выкідвалі за мяжы пячор, як смецце.

– Ну, хто першы? – раўнуў настаўнік Белы Ікол, як яго празвалі вучні за адзін ікол у роце.

Усе стаялі як укапаныя.

– Ну! – паўтарыў ён свой крык і ўдарыў бліжэйшага вучня так, што той упаў, страціўшы прытомнасць.

Буян моўчкі падышоў да сабакі, пагладзіў яго і скруціў яму шыю. Потым падняўся і з усяго размаху выбіў Беламу Іклу апошні зуб. Пасля чаго сам моўчкі пайшоў у карцар.

Карцар для Буяна быў адзіным месцам, дзе ён мог даць волю пачуццям. Там можна было плакаць і стагнаць ад болю – і ўсім было пляваць на сапраўдную прычыну. Буян плакаў па расстанні з братамі і сёстрамі і з-за таго, што даводзіцца тут рабіць.

Ён плакаў, а потым засынаў. Сны былі адны і тыя ж: ён гуляў па зялёным лесе, які ён сабе ўяўляў з казак, пачутых у дзяцінстве. Там былі вялізныя зялёныя дрэвы з лісцем розных формаў. Розная ежа нябачаных памераў і колераў. Нейкія невядомыя звяры і птушкі, а галоўнае – шмат шчаслівых і ўсмешлівых людзей. Потым Буян прачынаўся і ляжаў моўчкі. Для сябе ён даўно вырашыў, што адзіны спосаб збегчы адсюль – гэта скончыць навучанне. Таму ён быў найлепшы ва ўсім. Аб ім ужо хадзілі чуткі яшчэ да выпуску, і многія Паляўнічыя і Захавальнікі чакалі яго да сябе ў асабістыя найміты.

Выпускны іспыт складаўся з першай замовы, пасля якога былы вучань ці застанецца ў жывых, выканаўшы яе, ці яго заб’юць пры выкананні. Імёны ахвяр пісалі на лапіках тканіны, кідаліў мяшок, і кожны выпускнік цягнуў сабе імя. Буян, як заўсёды, выйшаў першы і выцягнуў свой шматок. Імя было яму добра вядомае: так звалі галоўнага Паляўнічага. Насамрэч на ўсіх кавалках было гэтае імя, Захавальнікі Агню вельмі шчодра заплацілі за тое гільдыі Наймітаў у надзеі, што ў кагосьці атрымаецца. Пасля гэтага рытуалу ўсіх вывелі з пячоры, а саму пячору падпалілі. Ніхто – ні вучні, ні настаўнікі – не азірнуўся. Усіх на санях падвезлі да першай вёскі і адправілі на чатыры бакі.

За час, праведзены ў Школе, усе мяняліся да непазнавальнасьці, так што нават родныя не зразумелі б, хто перад імі. Але Буян не стаў рызыкаваць і блізка да бацькоўскай хаты не падыходзіў, назіраў збоку. Бацькі моцна састарэлі, браты і сёстры падраслі. Глядзець на маці з бацькам, якія прадалі яго, было асабліва балюча, і ён адправіўся вывучаць ледзяную крэпасць Галоўнага Паляўнічага. Крэпасць з цягам часу стала зусім непрыступнай. Пасля месяца пошуку Буян знайшоў адзіны слабаахоўны шлях. Праз вяршыню стромай скалы, да якой прылягала крэпасць з аднаго боку. Добра падрыхтаваўшыся, Буян накіраваўся туды. Пад’ём на вяршыню быў доўгі і цяжкі, па дарозе ён увесьчас натыкаўся на змёрзлых людзей, але ён не спыняўся, вырашыўшы па-класці усяму гэтаму канец, бо дакладна ведаў: калі ён не выйдзе на замову, яго знойдуць і заб’юць. Дабраўшыся да вяршыні, Буян упаў, але не ад стомы, а ад убачанага: перад ім сядзела бабулька.

– Буян, заўсёды ёсць выбар, запомні гэта, – сказала яна.

Ён працёр твар халодным снегам, і бабулька знікла.

– Прымроілася, – прашаптаў Буян і падпоўз да краю.

Велізарная крэпасць глядзелася маленькай і нязначнай.

– Дык вось як на нас глядзяць Багі,– сказаў ён і стаў рыхтаваць «коткі» для спуску ўніз.

А спуск меўся быць даволі доўгі і небяспечны. Нехта іншы, хутчэй за ўсё, зваліўся б, але не Буян, які столькі часу правёў у халодным карцары. Змёрзлыя і пакрытыя ранкамі рукі працавалі як ні ў чым не бывала. Спускаўся ён па начах, а днём спаў у расколінах, да падножжа дабраўся праз тыдзень. Як Буян і меркаваў, ніхто скалу не ахоўваў, таму што нікому і ў галаву б не прыйшло там спускацца. Ціха, як цень, ён прабраўся незаўважаны у палац, а потым і ў спальню Галоўнага Паляўнічага. Ён замёр над галавой таго, у чыіх руках была велізарная ўлада над простымі людзьмі. Буяну ўсяго і заставалася скончыць пачатае, як яго погляд наткнуўся на невялікі пергамент з малюнкамі. Ён прыгледзеўся, гэта нагадвала вельмі старую карту. У яго галаве прагучалі словы бабулькі з гары: «Выбар ёсць заўсёды», – ён пачаў успамінаць старыя вулічныя байкі аб месцы, дзе няма Зімы, месцы з яго сноў. Буян схапіў карту і пабег як ашалелы. Для дасведчанага Паляўнічага нават дробны шоргат нагода прачнуцца і насцярожыцца, не тое што рэзкае храбусценне пергаменту практычна над вухам.

– Варта! Злавіць злодзея! – раздаўся гучны крык.

І пачалося пекла: стрэлы, дзіды, нажы, камяні, усё ляцела ў Буяна. Адзінае месца для адступлення было тое, як ён прабраўся сюды. Ён нібы павук ускарабкаўся як мага вышэй, а потым стала цяжэй, сіл пасля спуску амаль не засталося. Паднімацца прыходзілася ў поўнай цемры і па шчылінах, якія хавалі яго ад стрэл. Усе стражнікі адсталі, калі вышыня стала ўжо смяротнай, але Буян не спыняўся і караскаўся з картай у зубах. Потым, калі адрэналін адпусціў, ён спыніўся перавесці дух і паглядзеў уніз. Галоўны Паляўнічы рыхтуе сані. Буян зразумеў, што той намерваецца дагнаць яго на вяршыні. Трэба было падумаць, таму ён залез у цёмную галіну, якая аказалася пячорай. Ён прабраўся як мага глыбей і прылёг адпачыць.

– Наверх больш нельга, – гаварыў ён сам з сабой, – і ўніз таксама. Куды? Куды?

З гэтым пытаннем ён і заснуў. Прачнуўшыся, ён агледзеўся, пры сонечным святле пячора выявілася не вельмі маленькай і, відаць, мела працяг.

– Вось куды! – узрадаваўся Буян і пачаў прабірацца ўсё глыбей у пячору.

Тым часам Галоўны Паляўнічы, загнаўшы да смерці сваіх ездавых сабак, ішоў угору пешшу. На вяршыні яго сустрэў вельмі высокі старац з аграненымі сняжынкамі замест вачэй. Сам Бог Зімы стаяў на вяршыні.

– Ты выпусціў карту, якую я даверыў табе!

Пасля яго крыку з гары сышла лавіна. Галоўны Паляўнічы ўпаў на калені і стаяў моўчкі.

– Мы заключылі дамову! Твая неўміручасць у абмен на тваю вечную службу і ахову гэтай мапы! Вярні яе і забі таго, хто яе ўбачыў! А інакш ты нават не ўяўляеш, як доўга і холадна ты будзеш паміраць!

Пасля гэтых слоў паднялася моцная завіруха з кавалачкамі дробнага лёду, якія парэзалі ўсё цела Галоўнага Паляўнічага, і Бог Зімы знік.

Буян, прабіраючыся скрозь цемру, уткнуўся ў ледзяную сцяну.

– Няўжо тупік, – са злосцю прабурчаў ён.

Але хутка зразумеў, што гэта лёд. Дастаўшы нож, Буян пачаў дзяўбці сабе дарогу наперад, і праз нейкі час у пячору ўварваўся маленькі, але востры прамень святла.

– Так! – узрадаваўся Буян.

Яшчэ праз пару гадзін ён ужо прывыкаў да святла пасля цемры, а як вочы зусім звыкліся, паглядзеў на карту. На карце былі невялікія пазнакі ў выглядзе Сонца над гарой. Буян пачаў шукаць падобныя вяршыні і знайшоў, як яму падалося.

– Мусіць, туды.

Схаваўшы карту пад вопратку, ён выправіўся ў дарогу, куды накіроўвала яго мапа. Галоўны Паляўнічы, не дачакаўшыся Буяна, спусціўся з гары, запрог новых сабак і адправіўся на яго пошукі. А той ішоў сабе зусім спакойна, запускаючы пры дапамозе лёду сонечных зайчыкаў.

– Так далёка дакладна ніхто з паселішча не захадзіў, – прыгаворваў Буян сам сабе.

Начаваў то ў пячоры, то выкопваў сабе ў снезе яму, каб не задзімала ветрам. Разумеючы, што пагоня ўсё ж недзе ёсць, ён стараўся замятаць сляды. Але сілаў заставалася менш, і неўзабаве ён перастаў гэта рабіць. Пасля тыдня снежных пустынь і гор ён апынуўся ў ледзяным лесе, месцы адначасова прыгожым і жудасным. На ледзяных галінках сядзелі ледзяныя птушкі, паміж дрэў можна было сустрэць ледзяных звяроў. Такое адчуванне, што ўсе яны ператварыліся ў лёд за адну секунду.

– Прыгожа, праўда? – раздаўся хрыплы голас Галоўнага Паляўнічага. – Гэта Клятвенны Лес Паляўнічых, тут Бог Зімы паказаў мне сваю сапраўдную моц.

– Тут усё мёртвае, гэта не прыгожа, гэта страшна.

– Ты смелы і моцны хлопец, ты мне падабаешся, зробім так: аддаеш мапу і ідзеш да мяне на службу. У цябе будзе ўсё, што пажадаеш.

– Дзякуй, але калі хоць частка таго, што распавядаюць пра месца на гэтай мапе, – праўда, то кожны чалавек можа атрымаць куды больш, чым прапануеш ты і твой гаспадар.

– Ты дурань, ніхто ніколі не даходзіў да канца! – губляў цярпенне Галоўны Паляўнічы.

– Адкуль ты ведаеш?

– Таму што шмат каго забіў асабіста я!

Буян кінуўся бегчы па лёдзе, кранаючы ледзяныя галінкі, якія са звонам сыпаліся на Зямлю. Галоўны Паляўнічы арыентаваўся лепш за Буяна і хутка дагнаў яго. Пачалася бойка. Буян упаў на змёрзлую лісіцу, тая разбілася на друзкі, падрапаўшы яму твар. Паляўнічы кінуўся дабіваць Буяна, але той вывернуўся і спрытным рухам усадзіў нож у сэрца Галоўнага Паляўнічага, як яго вучылі. Але крыві не было.

– Ты здзіўлены? – засмяяўся Галоўны Паляўнічы.– Гэта падарунак ад Бога Зімы.

Буян яшчэ некалькі разоў спрытна ўдарыў. Галоўны Паляўнічы са смехам устаў і не спяшаючыся пачаў заносіць свой паляўнічы нож над галавой хлопца.

Буян рэзка ўскочыў, накінуў металічную пятлю на шыю Галоўнаму Паляўнічаму і адрэзаў яму галаву, пасля чаго той нарэшце паваліўся. Хлопец адпоўз і нейкі час яшчэ быў напагатове, але потым зразумеў, што Галоўны Паляўнічы ўжо не падымецца.

Ён паклаў галаву ў мяшок, каб потым па дарозе выкінуць. Знайшоўшы сані, на якіх прыбыў яго праціўнік, Буян абшукаў іх, забраўшы ежу, некалькі шкур і снегаступы, каб лягчэй было рушыць далей. Сабак і сані ён пакінуў, бо праехаць праз лес на іх было немагчыма. Праз пару дзён ён выйшаў з ледзянога лесу да вусця змёрзлай ракі, трымаючыся мапы, пайшоў уздоўж ракі. З боку ледзянога лесу стала паднімацца снежная бура, якая рухалася прама на Буяна. Чым бліжэй падбіралася бура, тым выразней вылучаўся велізарны твар у яе спераду, гэта сам Бог Зімы пераследаваў яго. Буян пакідаў усё што можна было, збярог толькі мапу і пастараўся паскорыцца. Бура была хутчэйшая за яго і ўцячы ад яе было немагчыма, тады Буян устаў да яе тварам, рыхтуючыся прыняць сваю долю па-мужчынску. Раптам на яго выскачыў вялізны Воўк і пабег хутка ўбок.

«У звера нюх лепшы», – падумаў Буян і пабег за зверам.

Праз некалькі метраў ён праваліўся ў вялізную ледзяную і коўзкую пячору і пакаціўся схілам па лёдзе.

Тым часам Воўк спыніўся, павярнуўся пысай да буры і ператварыўся ў сівога Старца.

– Ты абяцаў не ўмешвацца, Бацька, – сказаў Бог Зімы.

– Я і не ўмешваўся, сынок. Ён перасек Ледзяны лес, а значыць, зямля нічыйная і дамова не сапраўдная, – адказаў Усеайцец. Пасля гэтага зноў ператварыўся ў Ваўка і ўцёк, а Бог Зімы яшчэ нешта крычаў яму ў след.

Каціўся Буян па лёдзе вельмі і вельмі доўга, пакуль з усёй сілы не ўрэзаўся ў ледзяшы, якія са звонам разляцеліся і ў вочы ўдарыла яркае святло і зеляніна. Ён больш не слізгаў, а каціўся кулём па мяккай зялёнай траве. Калі ён спыніўся, яго абступілі зусім невядомыя людзі, апранутыя ў лёгкае адзенне. Буян, не паспеўшы ачомацца, ускочыў і выхапіў нож.

– Дзе я?! – закрычаў ён. – Хто вы?!.

Вочы не маглі прывыкнуць, усё было не белае і таму нязвыклае. Яму рабілася горача.

– Гэта што, чарговы сон? – прамармытаў Буян.

– Не, гэта не сон, – адказаў яму малады хлопец. – Я Бог Вясны, дзесьці тут мае браты Бог Лета і Бог Восені.

– Гэта апошні, – вымавіў яшчэ адзін малады чалавек, Бог Лета.

– Што значыць апошні? – спытаў Буян.

– Ды разыдзіцеся вы, дайце яму ачуняць,– сказала бабулька, у якой Буян пазнаў тую самую з вяршынi гары.

– Ён апошні, Мама, нам пара пачынаць, – сказаў падышоўшы Бог Восені.

– Ды што пачынаць, што значыць апошні?

– Я ўсё табе раскажу, а ўсе астатнія пайшлі прэч! – усе паслухмяна разышліся.

– Ты апошні, каго мы чакалі, дзевяць тысяч дзевяцьсот дзевяноста дзявяты чалавек. Зямля моцна прамерзла, і каб яе сагрэць трэба станцаваць Танец Зямлі. Яго павінны станцаваць дзевяць тысяч дзевяцьсот дзевяноста дзевяць чалавек, якія вераць. І ты верыш таксама, калі дабраўся сюды. Раней людзей прыходзіла больш, бо свежыя былі ўспаміны аб ранейшым жыцці і моцная была вера, але потым з цягам часу іх рабілася менш. Тут час цячэ інакш, таму ніхто з іх не састарэў. Цябе трэба час каб асвоіцца.

– Не, не трэба, давайце пачнём вучыць танец.

– Добра, тады мая ўнучка Зорка цябе навучыць, але для пачатку памыйся і пераапраніся.

– Добра.

Да іх падышла прыгожая дзяўчына з белай скурай і чорнымі валасамі, у руках у яе было адзенне.

– Ідзі за мной, – сказала яна.

Зорка была вельмі прыгожая, Буян упершыню разгубіўся за доўгі час. Ён моўчкі ішоў за ёй і стараўся не глядзець на яе, але гэта ў яго атрымлівалася дрэнна.

– Ты можаш глядзець на мяне і нават размаўляць, – з усмешкай на вуснах сказала Зорка.

– Гэтая бабулька, Бог Восені назваў яе Мамай.

– Так, гэта Багіня Маці.

– А ты яе ўнучка, ты таксама Багіня?

– Так, – усміхнулася дзяўчына.

– Багіня чаго?

– Багіня Месяцовага Святла.

Пасля гэтага Буян не ведаў, што яшчэ спытаць, і далей ішлі моўчкі.

– Вось мы і прыйшлі, – сказала дзяўчына.

Перад імі было вялізнае возера. Столькі не змёрзлай вады Буян не бачыў ніколі.

– Ты можаш выкупацца тут, а я пачакаю цябе ля таго Дуба, гэта тое вялікае дрэва, – заўважыўшы яго здзіўленне дадала Зорка.

Буян скінуў з сябе шкуры і ў кашулі і штанах павольна пачаў заходзіць у ваду. Яна была цёплая. Адчуванні неймаверныя, яго цела рабілася лёгкім, і з брудам мірскім змываўся таксама душэўны бруд, ён адчуваў, як станавіўся чысцейшым. Яму не хацелася выходзіць, але ўсведамленне таго, што вельмі шмат людзей пазбаўлены гэтага пачуцця і мерзнуць дзесьці, не дазволіла яму доўга атрымліваць асалоду ад усяго. Ён памыўся, пераапрануўся і падышоў да Зоркi.

– Я гатовы.

– Добра. Тады паўтарай за мной.

І яны пачалі вучыць танец пад звонкі смех Зоркі і пах свежага дубовага лісця.

– Ты хутка схопліваеш, – сказала Зорка.

– Ты добра паказваеш, – адказаў Буян.

Яны танчылі кожны дзень ад світання да заходу і закахаліся адно ў аднаго. Праз некалькі дзён Буян усё вывучыў.

– Ты гатовы, – сказала Зорка.

Буян нічога не адказаў і пацалаваў яе.

– Прабач, – сказаў ён.

– Усё добра, мне прыемна і спадабалася, – і яна пацалавала яго ў адказ.

– Я не хачу, каб гэта скончылася, ну не танец, а мы разам.

– Калі не хочаш, значыць не скончыцца, – усміхнулася яна, – але як толькі Зямля адтане, усё вернецца на свае месцы. А я буду з’яўляцца толькі ўначы, з першым месячным святлом.

– Тады я буду чакаць цябе ў нашым доме на вяршыні самай высокай гары, каб першае месячнае святло трапляла адразу да мяне.

Яны абняліся і пайшлі да астатніх. На вялізнай паляне ўсе людзі сталі ў вялікую спіраль. Буян устаў апошнім. Усе ўзяліся за рукі.

– Заплюшчыце вочы і адчуйце адно аднаго, – сказала Багіня Маці.

Усё так і зрабілі.

– Пачалі!

З першым рухам спіраль з людзей пачала свяціцца, і чым хутчэй станаві-ліся рухі, тым ярчэй яна свяцілася. Па ўсёй Зямлі снег пачаў раставаць знізу, прагрэтая Зямля тапіла снег і ўбірала ваду, такую неабходную для будучай расліннасці. Ледзяныя палацы расталі, як і ўвесь снег, і на Зямлі настала Вясна. Усё жывое на Зямлі яшчэ мела прайсці цяжкі шлях адраджэння, але пачатак быў пакладзены. Сонца пачало грэць. Пасля танца ўсе разыходзіліся па сваіх родных мясцінах. А Буян узлез на самую высокую гару, дзе, як і абяцаў, пабудаваў дом, у якім кожны вечар чакаў сваю каханую Зорку.

Хочаш дапамагчы часопicу?

Андрэй Пакроўскі