Любоў і кроў
Паміж чацвёртым і пятым паверхамі (ліфт не працуе), паслізнуўшыся на памыях, якія выявіліся лужынкай сабачых экскрэментаў, я балюча выцялася лбом аб парэнчы.
– Ты ложку прылож і дзяржы, штоп шышкі не асталась, – па-сяброўску раіць суседка. З яе прыадчыненай кватэры тое самае гучным брэхам раіць сабачка, які, пэўна, і вінаваты ў здарэнні.
Уваходжу ў кватэру пад тэлефонныя трэлі (доктар?), бяру слухаўку – і ўплываю ў глеістую затоку, дзе тапельніца Алёнка ляжыць на дне з каменем традыцыйных каштоўнасцяў на грудзях, заклікаючы сясцёр падзяліць яе шчаслівую долю. Замест гуллівых лекарскіх сентэнцый у слухаўцы гукі, якія звычайна ўтварае статак нядоеных парнакапытных: гэта азначае, што палкоўнік Кувырчык адбыў на палігоны («сэксадромы»), а ў ягонай жоначкі фаза румзанняў, якую хутка зменіць фаза эйфарыі. Дровы цяпер у маёй уласнай кватэры!
Памяркоўная, жаноцкая сястрыца Алёнка, якой я калісьці была: сукеначка – начальству, чаравічкі – грамадскім інстытуцыям, грабеньчык – сямейнаму ачагу, фартух – «мудрым» прыяцелькам, а сабе самой дуля з макам, – зараз гэтая сястрыца прыгадвае лексічны мінімум свайго дзядзькі – інакш нахабная Яга не адчэпіцца! Але мне раптам робіцца цікава: колькі можна пратрымацца пасля такой дозы алкаголю. Кладу слухаўку на стол. Часам прыкладаю да вуха: раве, рагоча, віскоча і румзае д’ябальскае радыё – наўпроставая трансляцыя з Лысай гары! На шчасце, свае пяць капеек можна не ўстаўляць: маналог дырэктаркі «Вясны» не патрабуе каментарыяў. Гэтая Супер-Яга пачынае выклікаць у мяне захапленне. Яна здольная перакрычаць цэлы шабас, які вылецеў з архетыповых дымаходаў сярэдневяковай Еўропы!
Ну, што тут будзеш рабіць? Бутэрброд з каўбасой і яшчэ адзін, з сырам. Так, гарбатку не забудзь запарыць. Зялёную. З глогам, ад сэрца. Уладкоўваюся ў фатэлі з кубкам. Шумавы аркестр тут не чуваць, інакш сітуацыя нагадвала б мазгавое згвалтаванне ў асабліва цынічнай форме, прычым у вольны ад працы час.
На фатэлі валяецца раманчык з месца ДТЗ. Папіваючы гарбату, даю нырца ў жыватворную крыніцу ўлюбёнага народнага чытва.
Мінерва Кувырчык пратрымалася паўтары гадзіны. За гэты час я паспела праглынуць алкагольна-наркатычны прадукт, дастаўлены на станцыю хуткай дапамогі фельчаркай Агатай. У маладосці я, на сваю бяду, пачытвала такія кніжачкі. Ажыццяўляла, так бы мовіць, люты downgrade свайго мозгу – у мэтах яго сумяшчальнасці з праграмнай версіяй жаночага шчасця. Калі б раман застаўся ляжаць у фае, не сумняюся, яго зачыталі б да дзірак санітаркі ды фельчаркі, а да плямкі крыві на вокладцы дадалося б многа-многа плямаў ад сентыментальных слёз.
Аўтараў такіх халтурак трэба судзіць па арт. 209 Крымінальнага кодэкса («Махлярства»). Замест гэтага раман прарэкламуюць у якой-небудзь перадачы махляры-тэлевядоўцы, да якіх і я належу.
Тэкст, натуральна, пра любоў і кроў. Вельмі, ведаеце, міленькая штучка. Такія творы, безумоўна, дапамагаюць нам сыходзіць з жыцця маладымі. Зайдзіце ў любую кніжную краму – яны, усенародна выбраныя, заўжды на вітрыне. Аўтарка працалюбіва ўзбіла яйкі з цукрам, каб падсаладзіць жанчынам іх нецікавыя будні (цеста мовы імпартавана ў выглядзе сухога канцэнтрату з дзяржавы-пабраціма). «Шпітальер святога Іаана» – так называецца твор – проста асуджаны на поспех у чароўнага кантынгенту. Дзея развіваецца ў двух паралельных часах...
...У гэтым жыцці яна робіць у пральні гарадка, жыхары якога здаюць свае скамечаныя сараматныя таямніцы ёй, прыёмшчыцы бялізны (фрэйдысцкі акцэнт плюс бытавыя ўмовы развітага сацыялізму). Яна вяртае ім штабелі, роўныя, як дамавіны, што мусяць прыбываць у той райцэнтр з далёкіх азіяцкіх гор. З акна сваёй хрушчоўкі яна (у папярэднім жыцці – дачка іерусалімскага зяленіўшчыка часоў вайны за Труну Хрыстовую, і чамусьці пра гэта памятае) бачыць не праспект з партрэтамі чальцоў палітбюро, аднолькавымі, нібы шарыкі ртуці, а Іўдзейскія горы і яго, рыцара-шпітальера. Зразумела – на чыстакроўным арабскім скакуне. Адкуль ён, дарэчы, узяўся ў брэжнеўскім застоі? Ну, узяў ды выслізнуў, мабыць, з дзіркі ў часе, як сёе-тое з прарэхі, але важна не гэта, а тое, што яна закахалася: страсна, назаўжды. Ён на яе не глядзіць: класічны канфлікт. І як можа ён глядзець, калі існуе толькі ў ейным уяўленні? Аднак аўтарка не прадавалася б так паспяхова, калі б не задавальняла патрэбы сваёй мэтавай групы. Дык вось: шпітальер з гераіняй такі сустракаюцца! Прычым у абодвух жыццях – рэдкая ўдача. Папярэдняя інкарнацыя прыёмшчыцы бялізны, іерусалімская дама, робіцца прастытуткай, а працоўнае месца сабе выбірае не абы-дзе – ля гарадской брамы, дзе вялікі наплыў кліентаў: ёй жа трэба грошы зарабіць, каб падкупіць начную варту шпіталя і прабрацца ў спальню прыгожага рыцара-анахарэта. Угнеўлены ўварваннем, іааніт праганяе прыгажуню прэч, а потым, не здолеўшы перамагчы дэманаў пажадлівасці, адпраўляецца на яе пошукі. Гераіня тым часам паспявае даць зарок бясшлюбнасці, каб даглядаць пракажоных. Потым ад кахання кідаецца ў мора. Паралельнае жыццё ў часы Леаніда Жыватрупнага цячэ паралельна: там яе, прыёмшчыцу бялізны, гвалціць былы аднакласнік Саша на ягоных праводзінах у армію, дапамагаюць Сашыны сябрукі з 10 «Б» (лепшы клас у школе, тры медалісты). Гэта нечакана вядзе гераіню да прасвятлення: вершнік у чырвоным плашчы працягвае ёй руку, яна рвецца да сапраўднага каханага (з вакна чацвёртага паверха), але амаль удала прызямляецца на куст чаромхі. Аднак паспявае заўважыць (седзячы на кані побач з іаанітам) свой былы клас на пахаванні Сашы (пахаванне насамрэч адбудзецца, праз год), яго фатаграфію на тле паўднёвых гор, падушачку з ордэнам і залітаваную труну, у якой Сашынай выявіцца толькі адрэзаная галава. Фантазія аўтаркі не ведае межаў – у тым ліку міжнародных: маджахед, які адрэзаў галаву савецкаму салдату, – чарговая інкарнацыя прыўкраснага шпітальера, які помсціць за вечную каханую, прыёмшчыцу бялізны і знатную распусніцу. Там яшчэ было пра паланенне галаварэза, які выявіўся важнай птушкай (яшчэ б!), яго дастаўку ў Маскву і сустрэчу з прыёмшчыцай бялізны: яна ачуняла пасля пералому нагі і завербаваная КДБ праз дар яснабачання, што ў яе адкрыўся.
На гэтым я адключылася.
Мне прысніліся дзве дамы, якія вялі высокаінтэлектуальную дыскусію пра літаратуру. «Што гэта за такое – каханне да прывіду, – добра пастаўленым у скандалах голасам вяшчала адна, – мужчына мусіць быць фізічна моцны, каб зарабляць – ну і каб кахацца, канешне! Возьмем раман, я нядаўна чытала: ён – доктар і паспяховы бізнесовец, яна аказвае інфармацыйныя паслугі насельніцтву. Там у героя яшчэ белы махровы халат, зараз модна, ён яго надзявае пасля сэксу, вельмі зручна каву ў ложак падаваць, але ён ёй не падаў. І яна пакрыўдзілася. Дарэчы, правільна зрабіла, я таксама пакрыўдзілася б. Таксама мне, фуфло: белы халат, падлога з падагрэвам, карціны, а каву не падаў...» – «Не, пры чым тут кава, тут трэба зусім па-іншаму канчаць, – уступіла другая дама кашэчым голасам Фрэі, дамы з такім голасам без рамантычных згрызотаў падымуць з халоднага постлюбоўнага ложка свой галоўны тавар – цела, яно ў іх добра адпаліравана. – Трэба, каб герой з вайны вярнуўся з ардэнамі, але інвалідам, лепш за ўсё – з галавой, але без ног, і каб яна, недачэпа гэтая, усё яму даравала, ну згвалціў, дык ён жа – ад кахання! Спецыяльна, каб дачакалася! Мой актуальны, калі пад мухай, і не такое вычварае, затое заўжды потым аддорваецца, аднойчы футра за тры штукі падарыў, вось гэта я разумею – жысссь!»
«Распавядзі марскім пехацінцам!»
– Ну... значыць... пасля бутэлькі шампанскага... – голас даносіцца нібыта з каналізацыйнага люка: я абкруціла слухаўку вязаным шалікам, атрымалася немаўля, якое то клала на калені, то трымала «салдацікам» («каб зрыгнуў»). – ...кажу яму, дурню: Андрэіч, захочаце адпачыць – міласці прашу к нашэму шалашу: кавярня, саўна, дзеўкі па першым разрадзе...
Вяртацца ў дзівосны стары свет, дзе дырэктарка «Вясны» за пасаду гандлюе сваімі бязмоўнымі падначаленымі, бы рабынямі, у моладзевых камітэтчыкаў стабільна перавыконваецца план па росту членов, крывыя на графіках надояў узыходзяць звар’яцелай вясёлкай, а змрочныя хімеры прамінулых пакаленняў ніколі не губляюць надзеі на ўвасабленне, мне не хочацца. А давядзецца. Пэўна, атруту ў мой мозг народны раманчык усё-такі ўпырснуў (далібог, на вокладках такіх кніг трэба штампаваць папярэджанне мінаховы здароўя: шкодна і небяспечна!), бо я нечакана для сябе пачынаю мямліць абы-што:
– Мінерва Іванаўна, вось вы жанчына мууудрая... адна мая сяброўка сустракаецца з мууужчынам...
…рыцарь проезжал мимо Иерусалимских ворот, не глядя на страстно влюбленную жрицу любви... – рэхам адгукаецца ў галаве праклятая кніжонка.
– Гэта ў цябе мужык, ці што? – нягледзячы на нецвярозасць мазгоў, у жыццёвую сітуацыю дырэктарка «Вясны» ўязджае маланкава. – Адкуль чувак? На якой пасадзе?
...а явился он оттуда, где свет Луны страстно ласкает пышные смарагдовые груди олив...
– Даўно зрохкаліся? – працягвае допыт генеральны – не, не пракурор: спонсар.
– Каля месяца.
– І што, яшчэ не трахнуў?!
– У яго прынцыпы, – ляпае першае, што прыйшло ў галаву, Інга-Радыстка-Кэт-якая-Спалілася. Абы хутчэй спыніць бязглуздую размову і кручэнне-вярчэнне перад вачыма (у мяне, як на злосць, ідэальная зрокавая памяць!) дэбільных цытатак.
…в часовне Марии Магдалины красивый анахорет проводит долгие часы в молитвах и совсем не смотрит на женщин…
– Ха-ха-ха-ха!!! Ну, ты, б....зь, даеш!!! – маё правае вуха глыхне ад сарданічнага рогату. – Распавядзі марскім пехацінцам!!! Не, вы паслухайце: «прынцыпы»! Калі ў іх х... не стаіць, тады прынцыпы з’яўляюцца!!!
– У яго сужыцелька, як бы жонка... нядаўна ад мужа сышла... у яе павышаны артэрыяльны ціск... – сама здзіўляюся таму глупству, што злятае з языка. …рыцари ордена Госпитальеров посвятили себя уходу за тяжелобольными пилигримами, дали обет безбрачия…
– Вой, не смяшы, зараз памру... ціск, га?! І ты ў такія на...кі верыш?! Для таго і як бы жонка: ён пры ёй як бы мужык, дапёрла?! А яна, для іншых баб, як бы пры мужыку. На працу прышнарыцца і залівае, залівае, які ён афігенны ў ложку, каб усе бабы абзайздросцілся. І бяды ёй, што ў яго не стаіць?! – даходліва тлумачыць скарбніца жыццёвай мудрасці нашага гарадка.
– Можа, ён хоча, каб кабета сама яго заваявала... паказала смеласць, адкінула стэрэатыпы... – а што яшчэ я магу сказаць?
…стала она проституткой у Иерусалимских ворот, где проезжает прекрасный всадник, – этого ей никто не мог посоветовать, кроме Луны, подруги и искусительницы…
– І да бабкі не хадзі: не стаіць у чувака, – дакучлівая ідэя, ці што, у гэтай сяброўкі ды спакушальніцы? Якая «нябесным целам» дакладна не з’яўляецца. – Адвалі ад інваліда, горш будзе.
...по ночам она беседовала со звездами. «Я пойду в госпиталь!» – «В келью рыцаря-анахорета?» – захихикала звезда. «Молчи!» – крикнула она, и звезда умолкла.
– Не, ты на майго паглядзі: маркітун, як мая бабця казала. Яму прынцыпы патрэбныя, як вожыку кальсоны, – гэтую зорку так проста не заткнеш. – На ўвесь наш ваеншалман хапае...
– Можа, вам лепш развесціся? – спрабую перавесці стрэлкі на палкоўніка Кувырчыка.
– Ты што, дурная?! А кватэра?! Машына, дача зноў жа. Ну і сабаку на ланцуг саджаць – толькі псаваць. Ты лепш вось што скажы: ты бачыла, каб сабаку костку кінулі, з мясам... а ты ў нас тлу-у-устая костачка, у люстэрка зірні... каб сабаку костку мясную кінулі, а ён нават не панюхаў?
…открыл ясные очи рыцарь, отвернулся во гневе, на тело ее белое, молодое, лишь волосами распущенными прикрытое, смотреть не захотел…
– Ён жа не...
– Бачыла ці не?!
– Не.
– І не пабачыш! Бо сабака – ён што? Костку калі не згрызе, дык у пыле пакачае. А мужык той жа сабака, зроду новую бабу паспрабаваць не адмовіцца. Калі ён, канешне, не м....ак кончаны. І не хворы. У сэнсе, на галаву хворы. Ён у цябе часам не підар? Можа, яму не баба патрэбная, а здаравееенны такі, як у неграў...
…приказал миловидный рыцарь плечистому стражнику прогнать ее прочь из кельи…
– Мінерва Іванаўна, праз два тыдні падвядзенне вынікаў конкурсу пазітыўных праектаў – вы не забыліся? А мы яшчэ прызы не выбралі! – Інга-стратэг спрабуе прымяніць тактыку, якую выкарыстаў французскі імператар, пачаўшы ўзводзіць фальшывы мост наводдаль ад сапраўднага месца пераправы – за пару дзясяткаў кіламетраў адсюль, дарэчы.
– Ні халеры я не забылася... ээхх... – чуваць, як дырэктарка «Вясны» салодка пацягваецца. – Прыходзь заўтра, выбярэм табе цілівізар. Буду ў абед, паспаць трэба, а яшчэ да сукі Сямённы з’ездзіць, што адсмактала сабе пасаду намесніцы начальніка ўпраўлення, павіншаваць... строгая, дарэчы, цётка, ніяк не ўеду, чыя, хто паставіў... горш за ўсё – калі сама дабілася, з такой не дамовішся... Ну і запорхалася ж я, вось ты скажы, калі мне ўсё паспяваць, га?! А гэтага Дона Педрыла пасылай напрасткі ў дупу, – псеўдамост не падмануў маю псеўдарымлянку, не тое што адмірала Чычагова. – Бачыла, як на цябе сёння дырэктар «Яма-банка» зырыў? Ну, чувак, што шампанскае разліваў. Да цябе з візітам напрасіўся, рэкламу з парасём на паветраным шарыку нібыта паказаць, абмеркаваць эстэтычны складнік... ды не ён з паветраным шарыкам, б....зь, а парасё!!! Не ўпусці. Мужык што трэба. Круты. Пры тачцы. Пры бабках. Хош, устрою? Буш у шакаладзе.
– Не хачу.
– Ну і дурніца.
Мінерва кідае слухаўку.
Вось цяпер мой працоўны дзень дакладна скончаны.
Адпраўляюся ў лазенку. У люстэрку бачу: ландшафт ілба змяніўся ў бок узгоркаватасці. У змрочным задуменні разглядваю адбітак. Не твар, а піяр-апорная канструкцыя. Зморшчынкі каля губ – ад бадзёрых тэлеўсмешак. Позірк, з якога выкруцілі лямпачкі яшчэ ў мінулай пяцігодцы. На лбе накідам зморшчын запісаны бягучы парадак дня: актывізацыя ўсіх пунктаў старасці. Я прызвычаілася думаць пра твар з пункту гледжання нянавісці да маёй працы, нянавісці, якую даводзіцца хаваць, ад чаго скура асабліва хутка псуецца. Зняць выраз суворай заклапочанасці! Надзець цёплую, шчырую спагаду! Камера пайшла!
На гадзінніку без пяці поўнач. Ну што ж, можаш павесіць на кручок экіпіроўку, якую Папялушка напінае паводле распараджэння камандавання на свой рэгулярны баль. Прысутнічаць на ім штодзённа і звышурочна – твой святы абавязак перад грамадствам. Вось-вось карэта-саначкі знікне ў цемры. Суперцукровыя ўсмешачкі, складзеныя на шкляной палічцы, за ноч будуць з’едзены рыжымі хатнімі мурашкамі. Не знікне толькі блазенскі каўпак – імітацыя крышталёвага пантофліка: да новага працоўнага дня будзе як новенькі.
Як выцерпець яшчэ месяц да заканчэння кантракта, пытаюся ў свайго адбітку. Адбітак, як заведзена, маўчыць. Узгадваю дыялог з Ярыкам, якому калісьці, вох і даўно ж гэта было, выказала надзею: Шалёны, асядлаўшы наменклатурнага канька, з’едзе ў сталіцу. Тэлеаператар астудзіў мяне пытаннем (а потым і тлумачэннем): «І ты радуешся, о дзева? У Еклезіясце сказана: што было, тое і будзе». Я з калегам тады паспрачалася, а цяпер не стала б.
Кладуся ў халодны ложак. Губка, напітаная цярпеннем, якое ўжо сочыцца праз поры, як сукравіца ў забітага нагамі.
О шчасце, нарэшце я засынаю.
Дзінь.
На мой мабільнік прыйшла sms-ка. Як заўсёды, пустая.
Сцэнар пазітыўных конкурсаў
А, каб яго трасца! Залётнік, блін! У шаленстве цісну на кнопку тэлефона, але дарагі доктар, зразумела, «часова недаступны».
Спаць больш не хочацца. Раззлаваная, іду на кухню: папаліць. Раманчык валяецца там, дзе я яго пакінула. Ілжывая шкодная лухта, якая заваблівае чытачак – узрост фертыльнасці падкраўся да іх незаўважна, з-за спіны, працягнуў рукі ды закрыў ім вочы, здагадайцеся, хто гэта? – заваблівае ў схаваную пад сунічнікам воўчую яму. Выкідваю кніжонку ў сметніцу. Усаджваюся ў любімы фатэль, гладжу аўтограф Басі на абіўцы – і адчуваю: на мяне сыходзіць натхненне.
Праз гадзіну мой тэкст гатовы. У ім няма шпітальераў і знатных дампрастытутак. Мне не давялося дэсанціраваць герояў у эпоху войн за Труну Хрыстовую і прымушаць іх жыць паралельнымі жыццямі. Я ўявіла жанчыну, падобную да мяне – але не такую, якая я цяпер, то-бок не скептычную і цынічную, а закаханую: мо і ў... ну так, так, у Руслана Ігаравіча, доктара, чаму не? З энтузіязмам яна б несла гару ў падоле, можа, і ў падоле прынесла б, як жа, «адно дзіця – яшчэ не дзіця». Яна адпусціла б свае пачуцці на ўсе чатыры бакі, і ўсе чатыры дарогі прывялі б да гэтага мужчыны (а маглі б – да новай працы, іншага горада ці краіны... ды не, не маглі б). А Ён, натуральна, уцякаў бы ад Яе па ўсіх чатырох дарогах, толькі пяткі мільгалі б. Жанчына ж не павінна быць ініцыятыўнай, праўда? Гэта ўсё роўна як цэль ганялася б за стралой, выпушчанай з лука сынам банкіра – прама ў гародчык дачкі алігарха, якая яшчэ і гаспадыня добрая. Цэль мусіць сядзець ля акенца святліцы, чакаць прамога пападання. Ну а кагосьці страла, паводле чутак, прывяла да жабкі-лісталаза, якая адна здольная забіць двух сланоў, дык што цяпер – спаліць Чырвоную кнігу ў парку Чалюскінцаў?
Жыццё – штука сумная. Смех павышае болевы парог чуллівай асобы. Калі парог робіцца занадта высокім, чуллівая асоба бярэ сваю скрываўленую сякерку, счэсвае парог, а заадно і пальцы, прычым з адцяжкай.
Пакуль пісала, я жартавала – і забывалася. На тое, што заўтра на тэлестудыю. На тое, што я пакуль не знайшла іншай працы. На тое, што так і не пазваніла Марыне.
Мой сцэнар пазітыўных конкурсаў можна выкарыстоўваць для рухавых гульняў у дзіцячых дашкольных установах. Усе помняць такія заняткі: музычны кіраўнік іграе на піяніна, выхавацелькі балакаюць пра курс нацыянальнай валюты, які зноў упаў, дзеці таксама падаюць, але, у адрозненне ад заробкаў іхніх бацькоў, устаюць, сапуць, штурхаюцца, губляюць чэшкі, падцягваюць гольфы – і бягуць за жаданым прызам, паспяхова забываючыся: на суіцыдальныя комплексы, экзістэнцыйныя фрустрацыі ды сацыяльны нігілізм.
ПАЗІТЫЎНЫЯ КОНКУРСЫ
Ў ДЗІЦЯЧЫМ САДКУ «ЯГАДКА»
(сцэнар рухавых гульняў)
Умовы правядзення конкурсаў
Удзельнікі: Ён (45 гадоў) – каманда «Ні кроку назад»; Яна (42 гады) – каманда «Лебядзіная песня».
Абсталяванне: мяхі для скачкоў да мары, надзіманыя мячы поспеху, каляровая крэйда для нанясення мяжы дазволенага, кольцакід надзей, паветраныя шарыкі ілюзій, ружовыя акуляры для разглядвання адно аднаго, вяроўка слушнасці, гімнастычныя палкі для нанясення ўдараў па самалюбстве, кошык для пераносу «Я»-Дзіцяці суперніка, насоўкі для слёз ад смеху (для гледачоў і чальцоў журы), ласты для склейвання (для ўдзельнікаў – на ўсякі выпадак, з-за ўзросту «дзяцей»).
Назвы конкурсаў: гл. ніжэй.
Музыка: «Вместе весело шагать».
Ацэнка вынікаў: прадузятае журы.
Конкурс «Скачкі ў мяхах»
Удзельнікам выдаюцца мяхі альбо старыя навалачкі. Кожны павінен праскакаць патрэбную дыстанцыю, даганяючы суперніка. Можна ўскладніць заданне, надзеўшы ружовыя акуляры і перакідваючыся мячыкамі намёкаў і пікіровак. Выйграе той, хто хутчэй даскача ў мяху да мэты і ніводнага разу не ўпадзе.
Яна, ягадка на другі тэрмін (хаця Сінкліт Мудрых кабет і называе для гэтай стадыі спеласці больш позні ўзрост. – заўвага журы), тэлефануе Яму лёгкім голасам. Дарэчы, Ён мусіць ацаніць, што птушка такога палёту звярнула ўвагу на Яго, нават не начмеда! Ён па-галубінаму буркуе ў слухаўку. Не пройдзе і тыдня, як галубок сам напросіцца на спатканне, вангуе Яна з некаторым расчараваннем, бо Ёй вядомы сацыяльны стандарт, аднолькавы як для аграгарадкоў і райцэнтраў, так і для мегаполісаў: у гэтай гульні ёсць свае правілы, і наступны ход за мужчынам. Дыстанцыю адно да аднаго яны пройдуць спартовай хадой, то-бок у паскораным тэмпе. Так вырашыла Яна (вырашыла? няўжо? – заўвага журы).
Аднак праходзіць тыдзень, другі. Яна зноў тэлефануе Яму, запрашае на каву, намякае на магчымасць развіцця іх адносін у далейшым. Нясмелым мужчынам звычайна падабаецца заахвочвальны тон! Аднак Ён хутчэй напалоханы, чым узрадаваны. Кінутыя Ёю гарэзлівыя мячыкі зусім не ловіць, і тыя чыгунныя ядры, праляцеўшы над сталом журы, бясслаўна пляскаюцца ў кустоўе.
І вось – нарэшце Ён перасякае праспект Чырвонай рэвалюцыі. Угледзеўшы Яго ў акно, Яна кідаецца на пажарную лесвіцу, каб адтуль, нібыта незнарок, прадэфіліраваць па калідоры ва ўсім харастве сваёй альтэрнатыўнай рэфармаванай фігуры (джынсы-стрэч, рэчавы рынак). Як быццам бы не Яна толькі што мітусілася па кабінеце, правяраючы, ці памытыя кубкі (і цудам ніводны не разбіўшы) і ці не застаўся на стале аркуш з загадзя напісанымі фразамі, з якіх трэба пачынаць «спантанную, нязмушаную размову». Чаго ты не глядзіш, мужык? Глядзі на мяне, глядзі! Мужык збянтэжана топчацца на месцы. Ну, ясная рэч: ад Яе прыгажосці Ён проста аслупянеў. Каву асмельваецца глынуць, толькі калі Яна адварочваецца. Са здзіўленнем утаропіўшыся на госця, Яна заўважае новую дэталь: пярсцёнак. Ён надзеў заручальны пярсцёнак, хоць тысячу гадоў як скасаваў шлюб – пра гэта Ёй паведаміла інфармаваная крыніца – і жыве з маці ў двухпакаёўцы, крыніца паказала Ёй дом. І дадала, чамусьці з нядобрай усмешкай: не так даўно замужняя кабета, старэйшая за Яго, стала Ягонай сужыцелькай. І цяпер пахваляецца – крыніца летуценна закаціла вочы – неверагоднымі сэксуальнымі здольнасцямі каханка. Ах, вунь яно што! Адставіць пранырлівую самку, жонка не сценка! Тым больш гэта не Ягоная жонка. Аднак што здарылася з мужчынам Яе мары? Замест сэрцаеда перад Ёй апынуўся панылы мараліст. Я б увёў цэнзуру на тэлебачанні, зашмат распусты, – чаўпе Ён. Яна ў шоку; падрыхтаваныя фразы забытыя. Калі Ён рэціруецца, так і не пакаштаваўшы хронікі дарожна-транспартных здарэнняў – легітымнай прынады, у Яе, за адсутнасцю іншых следчых версій (то-бок жадання іх убачыць. – заўвага журы), нараджаецца падазрэнне: Ён вырашыў – Ім цікавяцца, хутка Яна данясе свайму куратару, што Ён, маўляў, добранадзейны, раптам пасаду якую прапануюць. Ад злосці Яна ўсё ж разбівае кубак.
А можа, Яго ашаламіла каханне?
Конкурс «Няўлоўны шарык»
Кожнаму ўдзельніку прывязваюць да нагі паветраны шарык мары. Трэба расціснуць чужы шарык, а свой захаваць цэлым.
Праз тыдзень Яна ідзе па калідоры, трымаючы ў руках імбрык з кіпнем, і раптам бачыць перад кабінетам Яго. Яна зусім не чакала Яго сёння, але, тым не менш, Ён – тут! На Ім чорны касцюм, падобны да рытуальнага, доўгія валасы гладка прычасаныя, радок нагадвае месяцовую дарожку на мармуровым надмагільным помніку. Цяпер гэты пахавальны набор нікуды не ўцякае, наадварот, свідруе Яе жарсным позіркам. Яна бясстрашна адчыняе нагой дзверы ў кабінеты тых, каго даручана жэстачайшэ пакараць, але тут у Яе пачынаюць так дрыжаць калені (і пяткі! чаму менавіта пяткі?!), што Яна ледзь не перакульвае на сябе імбрык. Прычына Яе панікі простая: Ён, каб Яму ліха, з’явіўся без папярэдняга званка, а Яна, калі збіралася на працу, не стала мазаць твар крэмам, які купіла выключна дзеля Яго: навошта расходаваць прыгажосць дарма? Быць прыгожай проста так Ёй зусім не цікава! Цяпер крэм замест таго, каб ззяць на Яе твары, надаючы яму выгляд здаровага і дагледжанага, ляжыць у касметычцы, але ж не станеш пры мужчыну накладваць штучны тон «натурэль» на шчокі ды лоб (каб схаваць сляды свайго старажытнага ўзросту. – заўвага журы). У глыбіні душы ўпэўненая ў сваёй непрывабнасці, Яна адчувае вострае жаданне знікнуць з твару нашай планеты. Зачыняе перад Ім кабінет, пакінуўшы ключ унутры (магчыма, у імбрыку). Калі Ёй удаецца пранікнуць у памяшканне, Яна забывае прапанаваць госцю (ён усё яшчэ тут? – заўвага журы) гарбаты з ключыкам. Употай Яна чакае ад Яго пафасных прызнанняў, аднак з Ягонага роту не вывальваецца ніводнай лірычнай перліны, Ён іх праглынуў, пакуль стаяў пад дзвярыма. Каб Яна не ўявіла, што Ён прыехаў дабівацца Ейнай ўвагі, у Яго падрыхтавана нагода: у мінулы раз Ён не паспеў пазнаёміцца з падборкай крывавых сюжэтаў, неяк не дабраў іх у сябе на працы, дык ці не пакажа Яна Яму іх цяпер? «Я вельмі занятая», – цэдзіць Яна, адвярнуўшы ад Яго свой стары выродлівы твар. У Яго складваецца ўражанне, што Яна адчувае да Яго гідлівасць, і Ён адвітваецца, вельмі грацыёзна.
Яна сядзіць агаломшаная і не можа зразумець, як здарылася, што Яна сама прагнала таго, каго так прадумана спакушала?!
Конкурс «Кіданне кольцаў»
Усе ўдзельнікі дружна кідаюць кольцы надзеі на кольцакід. Можна ўскладніць заданне, выконваючы яго з завязанымі вачыма.
Назаўтра Яна, не забыўшы нанесці на твар крэм для працяглага ззяння, ляціць на станцыю хуткай дапамогі, нібы ракета ў падзенні, праносіцца дзікім смерчам, пакідаючы на дзясяткі кіламетраў выпалены лес, асмаленую зямлю, кіпень у азёрах. Лядовыя палацы ды машынабудаўнічыя холдынгі, што ад здзіўлення прыпынілі бесперабойную працу. Уласна кажучы, Яна не ведае, як загладзіць учарашняе здарэнне, і ляпеча нешта жудаснае (прытым усведамляючы градацыю жудасці як максімальную): «Нам трэба бліжэй пазнаёміцца!» Ён помсліва інфармуе Яе пра напружанасць свайго рабочага графіка. Прапаноўвае Ёй расслабіцца ля акварыума з залатымі рыбінкамі: акварыум стаіць у фае, Ён часта там адпачывае пасля выклікаў. Яе не цікавяць чужыя псіхарэлаксацыйныя рыбінкі, у Яе ўнутры басейн, населены пачварамі з зубамі-ігламі ды касцянымі плаўнікамі, якія іншым разам – калі ў басейне няма вады – адпраўляюцца спакушаць св. Антонія. Яна патрабуе, каб Ён экстранна і неадкладна прыбыў да Яе на каву. «Я вельмі заняты», – парыруе Ён. Ён мае шмат чаго анты-арытмічнага і антыгістаміннага ў куфэрку і можа поўнасцю спыніць вашую кроў, але спачатку адкрые кранік аорты і нацэдзіць сабе цудоўнае возера з чаротам, карасямі ды гумовымі лодкамі, вось дык будзе карпаратыў на прыродзе, яны туды ўсёй зменай выедуць, за выключэннем медсясцёр, якіх на «хуткай» у прынцыпе не бывае!
Ёй даводзіцца паднапружыць звіліны, каб прыдумаць нагоду для рэгулярных сустрэч. Замест балбатні пра гарбату ды каву – серыя відэа- і фотасюжэтаў, якую Ёй неабходна зняць. Нібыта па даручэнні куратаркі «сацыяльнай сферы», для навучальных семінараў. (Дарэчы, даволі праўдападобна: куратарка, у мінулым працатэрапеўт інтэрната для псіхахронікаў, любіць з трыбуны вучыць хірургаў рабіць аперацыі. – заўвага журы.) Ён ахвотна згаджаецца Ёй дапамагчы і чытае Ей услых – у мэтах хутчэйшага ўваходжання ў тэму – свой адказ пацыенту-скаржніку на прозвішча Ж. Дачытаўшы, доўгім позіркам глядзіць на Яе: ці расшыфравала Яна Ягонае пасланне? Яно зусім не ў кампетэнтнасці доктара, а ў пяшчотных-пяшчотных мадуляцыях Ягонага голасу! Пяшчотна-пяшчотна Яму ўсміхаючыся, Яна кажа сабе, што ў іх узросце кожны дзень трэба пражываць, як апошні, дык чаму б, халера, не кінуць гэтыя дзіцячыя гульні, не паехаць да Яе, у Яе ж асобная кватэра. Падобна, Яму, а не Ёй трэба пакідаць ідыёцкія кольцы на кольцакід!
Ці Яна Яго зусім не натхняе? У рэшце рэшт, гэта зняважліва. Цяпер, калі Яна набыла дарагі крэм і новыя строі, на Яе абарочваюцца зусім маладыя калегі! Што Ён там, дарэчы, вярзе? Высвятляецца, Ён павінен стрымліваць сябе (лепей бы маўчаў), бо ў Яго ёсць недааформленая жонка, немаладая кабета, якая адарвала сябе ад мужа і ўнукаў дзеля дадзенага мужчыны. Законная палова бабулі, дзядуля, цяпер у некамплекце, нарад міліцыі ўжо выбываў на сямейны скандал, але міліцыя дзе села, там і злезла (у РАУС) – доктар першай катэгорыі ведае свае правы! Палова дзядулі, якая цяпер з’яўляецца паловай ужо іншага мужчыны (вось як мы ўмеем!), хуценька зняла пабоі, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх цялесных, можа, яшчэ і прыпісала пару сінякоў, у яе ў судмедэкспертызе ўсё праспіртавана. Пабоі ёй нанесла не кінутая ёю палова, а унук, якога ўразіла тое, што ён больш не зможа выкленчваць у бабулі на піва і цыгарэты. На знак пратэсту ўнук абвясціў – міліцыя занесла гэта ў пратакол, – што цяпер ён намераны курыць «траўку» (але гэта ўжо па іншым артыкуле КК). Спакушальніку бабулі не нанеслі ні лёгкіх, ані цяжкіх цялесных, абышлося парваным белым халатам (і цяпер Ён ганарыцца тым, што адбіў даму сэрца ў няроўнай барацьбе). Няхай Ён тэрмінова верне бабулю законнаму мужу, злосна думае Яна, бо вось жа перад табой ЯАААААААА!!! На трынаццаць год маладзейшая за суперніцу і нічыя, без штампа, бяры – не хачу. Не хоча. Няхай адумаецца, інакш унуку свеціць тэрмін за наркотыкі. Ён што думае – Яго за спакушэнне пенсіянеркі змесцяць на раённую Дошку гонару? За вялікі асабісты ўнёсак, так?! Вось калі б здарыўся пажар у доме састарэлых і Ён рэанімаваў іх з дзясятак, тады можна было б хадайнічаць нават аб ганаровай грамаце, Хун бы дакладна падпісаў! Тады Яна запрасіла б Яго ў тэлеперадачу «Учынак дня», але адабраць у беднага хлопца заначку дарагой бабулі – хіба гэта ўчынак?!
Але Ён стаіць побач увесь у мыле, косіць на Яе чорныя маслістыя вочы і кажа, што начарціў вакол сябе кола, каб абараніцца ад фемінных чарцей. Але кажа такім тонам, што і курыцы зразумела: Ён падштурхоўвае Яе да парушэння мяжы кола!
Каб набіць сабе цану, Яна распавядае пра свае знаёмствы і сувязі ў правінцыйным соцыуме. Да вялікіх людзей маленькага гарадка «хуткая» ездзіць рэдка, да іх спускаецца на белым парашуце сам галоўурач, парашут зацыраваны, але і машыны на «хуткай» такія ж. Ён глядзіць на Яе з дагодлівасцю, і Яна квітнее, як абрыкосавае дрэўца пад красавіцкім падманлівым сонцам, аднак Ён выстаўляе перад сабой калючкі сваіх кактусаў, у Ягоным кабінеце яны займаюць усё падвоканне. Я іх не збіраю, нявінна тлумачыць Ён, яны самі сюды прыходзяць. Куды ж ім яшчэ «прыходзіць», вечна натапыраным, саркастычна ўсміхаецца Яна. Ён просіць Яе не дакранацца да кактусаў. Яна згодна ківае, употай шчыпле тоўсты струк, радасна ўскрыквае і працягвае Яму далонь. «Нічога не бачу», – з непрабіўнай добразычлівасцю кажа Ён. Усё ты, гад, бачыш, у шаленстве думае Яна і чароўна Яму пасміхаецца.
Ясна, як ноч: гэты мужчына хоча, каб Яго заваявалі. Ён абуджае ў Ёй інстынкт паляўнічага, а Ёй даводзілася быць толькі ў ролі дзічыны. Ну што ж, Яна згодная паганяцца за сваім шакаладным зайчыкам, перш чым яго з’есці. Вось толькі права на ўласную прагу Яна не мае, Ёй трэба зрабіць так, каб Ён Яе захацеў. Кім давядзецца для гэтага прыкінуцца – скромніцай альбо сцервай? Якая Яна насамрэч, значэння не мае. Прадэманстраваць жарсць і не парушыць карцінку свету ў Ягонай галаве, бо ў адваротным выпадку Ён адхіліць Яе заляцанні, – немагчымая задача! І, д’ябал, як правільна заляцацца да мужчыны?! Ці не падарыць Яму кактус? А раптам Ён палічыць іголкі дрэннай прыкметай? Замест кактуса Яна ўручае Яму юбілейны набор рэвалюцыянера: асадку, нататнік, бірульку, нож, пісталет, бранявік – усё з лагатыпам роднага тэлеканала. «Асадка і нататнік – падарункі карысныя, – важна зазначае Ён. – А вось сувеніры не магу прыняць: я і так зашмат сабе дазваляю». Яна губляе над сабой кантроль і з кашэчым пагрозлівым завываннем цікавіцца, што менавіта Ён сабе з Ёю дазваляе, хацела б я ведаць, але Ён, сеўшы ў браневічок, які Яна своечасова падкаціла, манёўрана пераводзіць гутарку на іншую тэму.
Ну і ну! Яна заўсёды лічыла, што мужчына можа дазволіць сабе ўсё – у межах здаровай пачуццёвасці, вядома. Трэба разумець: Ён ідзе на ўступкі сваім ідэалам, нават прымаючы ад Яе падарункі, бо сам нічога Ёй не дорыць (пяць балаў за ўпартасць і завязаныя вочы, мінус дзесяць балаў за тое, што ніводнага разу не трапіла ў цэль. – заўвага журы). Бадай, какецтвам тут не пахне, узрушана думае Яна. Пахне, бадай, чабурэкамі з сэрца, ныркамі ў мундзірах, крывавым мусам, усе інгрэдыенты – з Яе. Ён чароўна несапсаваны, мужчына (заўвага журы: не для друку). Чыстая істота. Верагодна, апошняя ў свеце сурагатнай гарэлкі, бескафеінавай кавы, соевых біфштэксаў. Шпітальер святога Іаана. У Яго сэрца проста глыбей знаходзіцца, чым у іншых, раптам здагадваецца Яна, – цудоўнае азарэнне №1 (можа, у раёне страўніка? – заўвага журы). Ёй якраз і падабаецца ў Ім тое, што Ён не падобны да іншых. Шчыра кажучы, цяжкасць пастаўленай задачы Яе распальвае яшчэ больш!
Конкурс «Мяжа дазволенага»
Удзельніца спрабуе перасячы намаляваную каляровай крэйдай мяжу дазволенага. Удзельнік ёй перашкаджае і адначасова заахвочвае да працягу.
На сумленным злодзеі шапка гарыць: пастаяў перад вітрынай, праглынуў сліну і пайшоў прэч, але па начах яшчэ доўга прачынаецца ад страху, што Яго хтосьці ля той вітрыны заўважыў, іранізуе Яна на адрас мужчыны, з якім цвёрда вырашыла заняцца сэксам. Мужчына ж не можа не хацець сэксу, хіба не так? Тым больш – чыйсьці жарсны палюбоўнік!
Зноў звярнуўшыся да інфармаванай крыніцы, Яна высветліла: галоўурач мае на кабінет медархіва ўласныя планы, якія ідуць пад кароценькі халацік адной маладой доктаркі: менавіта ёй плануецца перадаць памяшканне. Планы, якія выношвае Яна, вядуць пад халат доктара (іх не так многа – шляхоў, па якіх ходзяць жывыя, а мёртвыя ў архіўных тэчках адправяцца ў сутарэнні). Для Яе важна, каб кабінет застаўся за Ім (бо дзе ж ім сустракацца?), але галоўурач уласную маліну, ясная рэч, без барацьбы не саступіць. Яна абяцае Яму падтрымку: тэлевядоўцы ў маленькім гарадку адкрыты вялікія дзверы. Аднак Яго фотапартрэты, якія Яна спрытна перад Ім тасуе (іх можна прыкладаць да язваў, нібы рэпрадукцыі святога Шарбеля. – заўвага журы), выклікаюць у Ім гнеў інквізітара, што ва ўласным адбітку ўбачыў д’ябла. Ён патрабуе ад Яе глядзець на Яго вачыма пабочнай асобы, чаго дадзеная жанчына зрабіць якраз і не можа, інакш даўно задумалася б, чаму Яна дагэтуль тут. Ён сарамліва, па-юнацку апускае вочы, і Яна задаецца пытаннем, ці няма ў Яе латэнтнай эфебафіліі.
Такія мужчыны Ёй раней не сустракаліся, дакладна. Яна не можа паверыць, што Ён гэта ўсё ўсур’ёз. Можа, Ён маньяк і стрымлівае сябе, і пасля ночы кахання Яна будзе знойдзена ва ўласным ложку толькі часткова: Ейныя вантробы будуць працалюбіва паразвешваны на польскай жырандолі святочнымі гірляндамі, тады Ёй дакладна не давядзецца выходзіць на працу. Каб утрымаць Яе на адлегласці і пры тым не дазволіць Ёй сысці, Ён выкручваецца, як чарвяк у баразне, але дарэмна: ніводная жанчына не ў стане адпусціць тое, чаго ў яе няма. Ненадкушаная магчымасць – зляжалы сухафрукт (тэрмін захоўвання – вечнасць!), супраць якога і цяпер не можа ўстаяць ніводная з еваў.
Калісьці Ён здаваўся Ёй такім дасупным – вы хацелі сказаць: даступным? Не і не, мы хацелі сказаць менавіта тое, што сказалі: яшчэ да сямейнага супу (якога яны не звараць, бо Ён жыве з іншай) мужчына быў гатовы галівудзіста кінуць сваё пругкае цела куды заўгодна, не абавязкова ў ложак. «Можна і ў ліфце», – летуценна ўздыхае Яна (ага, пакуль падымаюцца да пацыента на чарговую фотасесію. – заўвага раззлаванага журы). У прынцыпе, усе мужчыны дасупныя, але гендарныя ролі, як сведчаць СМІ, мяняюцца. Ён абраў асаблівую тактыку і да шлюбу не бярэ, але ж яны не плануюць жаніцца!
Праходзіць шмат часу, перш чым з Ёй здараецца цудоўнае азарэнне №2: Яму можна паспачуваць – сустрэў сваю мару і ад хвалявання згубіў грошы, ключы, мужчынскі гонар. Яна адчувае да Яго шкадаванне – і жаданне даказаць: Яе не варта баяцца. Іншых – так, Яе – ніколі! Яна клапатліва, за ўспацелую ручку перавядзе Яго цераз дарогу, Яна ператворыць сваё сэрца ў святлафор. Імаверна, раней Яму трапляліся адны сцервы, Яна выправіць абдрукоўкі іншых жанчын, Яна ўручную пераправіць увесь наклад! Няхай Ён толькі асмеліцца зрабіць да Яе крок, усяго адзін, гэта абавязкова, тады Яна пакажа Яму, якім шчасцем можа быць блізкасць паміж людзьмі, якія разумеюць адно аднаго. Як яны, напрыклад. Пакуль што ягня, якое Яна спрабуе прывабіць перапоўненым выменем пяшчоты, упіраецца ўсімі капыткамі, пры тым жаласна бляяе ад голаду і кліча мамку. Нічога, разам з Ёй гэты дамскі доктар яшчэ адчуе смак – за вушы не адцягнеш!
Але замест жарсных любошчаў Яе ператвараюць у мячык для пінг-понга: варта Ёй наблізіцца да мяжы дазволенага, як дзіўны мужчына адшпурвае снарад і тут жа мчыцца на супрацьлеглы бок поля, каб новым ударам ракеткі вярнуць мячык на месца. Цяжка ўздыхае. Шматзначна глядзіць на Яе. Але варта Ёй пагрэбаваць методыкай рэанмацыі тапельцаў, якую Ён важна тлумачыць, і паспытаць босай нагой ваду ля іншага берага (як заўжды, халодная!), як ментар пагрозліва стукае ўказкай па парце: давайце накладзём табу на гэтую тэму! Палінезійскае слоўка не сыходзіць у Яго з языка!
«Мужчына і жанчына падобныя да магнітаў, – шэпча Ён і апускае вочы, ах, пракляты! – Калі дазволіць ім падысці адно да аднаго занадта блізка, можна страціць кантроль над сітуацыяй!» Яна прагне паслаць да д’ябла ўсякі кантроль, але не можа перайсці сваю мяжу дазволенага: жанчыне належыць дабівацца мужчыны чырвонай бялізнай, лёгкім голасам, лёгкім дыханнем. А, яшчэ крэмам ад зморшчынаў, ледзь не забылася.
Конкурс «Кіднепінг»
Удзельніца робіць падманныя рухі мячом поспеху, а потым кідае мяч у бок, супрацьлеглы таму, куды гатовы рынуцца супернік. Пакуль падмануты імчыцца за мячом, удзельніца выкрадае і таемна пераносіць яго «Я»-Дзіцёнка ў патрэбнае месца.
Пуцяводнай зоркай гарыць перад Ёй павучальная гісторыя адной падкаванай на папулярнай псіхапаталогіі Папялушкі, якая насмерць (то-бок да штампа ў пашпарце) зачаравала свайго прынца, нават не экіпіраваная феяй, што своечасова падаспела (калі не лічыць феяй Стыва Харві). На балі тая прасцячка, у адрозненне ад фанабэрыстых паненак, увесь вечар нашэптвала кавалеру, які ён неверагодна-грандыёзна-грацыёзны, ну існы Індра – валадар маланак, чым умела адцягвала ягоную ўвагу ад свайго непрэзентабельнага ўбора (шлюб стаў незапланаваным эфектам нашэптванняў). За тысячагоддзі рабства жанчыны выпрацавалі сваю патаемную зброю супраць мужчын – ліслівасць. Няма такой раскідзістай туфты, агучанай захопленым галаском паклонніцы, у якую тыя б не паверылі. Пры гэтым – суперважна! – глядзіце на яго так, як дзіцёнак шматдзетнай алкагалічкі на калядны торт у вітрыне. Калі б Яна мела на мэце запісаць для нашчадкаў сваё высокае ўтапічнае трызненне, дык здолела б зрабіць гэта дзе заўгодна: стоячы ля канторкі, як «неіставый Вісаріон», лежачы ў ванне, як Марат, седзячы на пні, як Правадыр. У выніку намаганняў Яе падсцёбнутага аксітацынам уяўлення Ён ператвараецца ў нерухомую, недасягальную дасканаласць. Ён – Гіпакрат і Джузэпэ Маскаці, усё ў адным з керамідамі. Ах, калі б Ён толькі мог бачыць сябе Яе вачыма – дарэчы, гэта небяспечна, адзін вось так глядзеў-глядзеў у ваду, ды і каменем уніз, выратавальная станцыя на іншым беразе знаходзілася, не паспелі. Любы факт Яна здолее павярнуць на Ягоную карысць – дарма Яна, ці што, тэлевядоўца са стажам?
Люстэрка, у адрозненне ад калег і начальства, заўсёды прымае нас усур’ёз. Стаць Ягоным люстэркам – не бясстрасным, а чароўным, дзе Ён здолее ўбачыць свой галоўны раздзьмуты орган – себялюбства (а вы пра што падумалі? гэта ж сцэнар для дзяцей! – заўвага журы). Стаць капішчам, дзе Ён – адзіны ідал. Вось чаго дабіваецца Яна. Толькі Яна здольная разглядзець вартасці дадзенага мужчыны і пераканаць Яго ў тым, што астатнія жанчыны – з таварыства інвалідаў па зроку.
Але ў выніку – нуль.
Ды хто Ён такі, гэты рыбак?! Браканьер альбо зіц-старшыня рыбнагляду? Стрыгся б тады вожыкам, калі такі непахісны! На «Набор юнай рыбачкі» Яна даўно не спадзяецца, хоць і старанна саскрэбла з яго ржу вялікім манікюрным напільнікам. Галоўная Яе зброя, як Яна лічыць, – Яе аўтарытэт, знаёмствы і сувязі. Усім гэтым Яна, вядома, пагарджае і днямі хацела ўтылізаваць (паасобна, у строга падпісаныя смеццевыя кантэйнеры), але з’явіўся Ён, і ўсё спатрэбілася, так-так, не спяшайцеся выкідваць старыя рэчы. На жаль, Яна ўмее толькі лавіць рыбку ў каламутнай вадзе тэлеэфіру ды падчэпліваць на кручок дагодлівасці сваіх начальнікаў, якія даўно падчапілі Яе на кручок залежнасці (не, не прасіце журы ўявіць гэтую рыбалку, а то мне зробіцца блага, давядзецца тэлефанаваць «103», прыедзе той самы доктар, а я тут пра Яго дзіцячы сцэнар пішу, ды Ён жа мне такое ўколе, што дзеткі ніколі не даведаюцца, чыя каманда перамагла).
Конкурс «Скокі на вяроўцы»
Скача выключна каманда «Лебядзіная песня». Каманда «Ні кроку назад», скрыжаваўшы на грудзях рукі, назірае за працэсам. Удзельнікі месцамі не мяняюцца. Атракцыён выконваецца без страхоўкі.
У праграме: спробы даказаць, што Яна не такая, а зусім іншая, але як дакажаш, калі лекар сядзіць, папівае каву, чысціць-змазвае свой механізм задушэння сэксуальнай цягі і ні за што не згаджаецца прызнаць сябе хворым; выспяткі самой сабе (не кожная здолее!) за памылкі ў абыходжанні з гэтым цудоўным мужчынам – памятай, спакушэнне – мастацтва! лёгкае дыханне, лёгкае віно! – мужчынам, які не чытаў пра лёгкае дыханне, не разумее лёгкага віна (у прыбіральні станцыі СНМД у асноўным пустыя бутэлькі з-пад мацаванага) і ўвесь час імкнецца апусціць Яе светлы вобраз ва ўласцівае Ёй бруднае становішча разведзенай жанчыны: пачынае размаўляць холадна і з’едліва пры згадванні Ёю любой асобы мужчынскага полу, так што Ёй даводзіцца наўмысна брыдка адзывацца аб іншых мужчынах, асабліва аб лекарах, у адносінах да калег Ён чамусьці дужа раўнівы і крыўдлівы, Яна не можа ўзгадаць, каб Ён хаця б пра каго-небудзь сказаў добрае слоўца, затое Яна падарыла Яму шмат карункавай ліслівасці ручной работы, а Ён не падаў Ёй на беднасць і запляснелага камплімента; піяр-акцыі ды акцыі па прыцягненні ўвагі грамадскасці да Ягонай непасільнай працы – калі на прамы эфір з галоўурачом патэлефанаваў Яраслаў, загадзя Ёю праінструктаваны, і вельмі натуральна (яшчэ б!) прыкідваўся п’яным, скардзіўся, што «хуткая» адмаўляецца ехаць яго адкачваць і як гэта яму на свае кроўныя, бля, ужо і не выпіць, галоўурач ажно пачырванеў ад абурэння, пачаў спрачацца, што было тактычнай памылкай, Ярык ужыўся ў ролю і дастаўляў знатна, тэлегледачы пэўна атрымалі задавальненне, чаго нельга сказаць пра галоўурача, – зрэшты, як і пра Яе скарб і цуд: Ён слухаў запісаны Ёю для Яго на дыктафон дыялог нават без усмешкі, дарэчы, гэта была яшчэ адна зачэпка, каб з’явіцца да Яго ўночы, не самая ўдалая, тым больш, што давялося насамрэч купляць тэлеаператару за клопат бутэльку «Чорнага доктара», які яго маладзенькая сяброўка, як высветлілася, проста абажае; строі, якія Яна выбірала тым больш нервова, чым больш вузкім рабіўся зазор, дзе Яна мітусілася паміж спакушэннем як мастацтвам і роллю фрыгіднага сухарыка, роллю, якая натуральна выцякала з Ягоных ненатуральных патрабаванняў да Яе «паводзіць сябе прыстойна» – выцякаць выцякала, але Яго зусім не ўзбуджала, што цалкам натуральна, таму амплітуда Ейных хістанняў мусіла непазбежна прывесці да самаўзгарання ўсіх Яе жаночых высокадакладных прыбораў, чаго Ён, здавалася, толькі й дабіваўся; канспекты размоў з Ім, якія Яна пісала, рвала, зноў пісала, нат падпіску аформіла на «Медыцынскі веснік», цяпер было нашмат лягчэй вяшчаць пра інфекцыйна-алергічны міякардыт, Яна ненавязліва паказвала, што жыве выключна Ягонымі інтарэсамі, але варта было ўбачыць Яго твар, як усе сцэнары распаўзаліся намоклымі газетамі, а Яна вярзла знямелым ад замілавання языком што-небудзь экстрасісталічнае.
Конкурс «Даганялкі»
Удзельніца з завязанымі вачыма спрабуе злавіць суперніка, які спрытна ўхіляецца і падстаўляе ёй падножкі.
Яна гарбее над даведнікамі, каб высветліць, ці не асэксуал гэты доктар, а Ён балбоча пра старога сябра, палкоўніка, сувязь з якім даўно згубіў, затое, на шчасце, знайшоў Яе, каб давяраць Ёй вайну-і-мір сваіх гісторый; Яна спявае Яму ваенныя песні пра сімволіку старажытных містэрый, пра Дрэва Жыцця, чыя крона, мужчынскі сімвал, заўсёды ўзнятая дагары, – а Ягонае «дрэва жыцця» пры Ёй нагадвае сасёнку, што ў лесе, вой, напалам зламаная, люлі, люлі, напалам зламаная; Яна апантана штудзіруе рубрыку «Дапамажы сабе сама» ў жаночых часопісах – а Ён перажывае жах першапачатковай траўмы нараджэння, бо менавіта гэта – Яна вычытала! – адчуваюць мужчыны, калі іх моцна кахаюць, і, каб не траўмавацца, абмяркоўвае з Ёй выключна экалогію і спакойную старасць; Яна ўцякае ад таго, хто за Ёй не гоніцца, з робленым зазыўным рогатам, а пры святле Месяца «дапамагае сабе сама» мастурбацыяй, каб суняць жаданне, што замыкае на сабе ўвесь Яе сонечны публічны арганізм, – а Ён адпрацоўвае тэхніку дыхання рот-у-рот на манекене мужчынскага полу, якога прывалок у кабінет; Яна скардзіцца прыяцельцы-сабакарцы на Ягоную амбівалентнасць, а тая суцяшае: ну і падумаеш, не трахнуў, я вось сёння насіла Лордзіка да ветэрынара, зуб у сабакі вырваць – вось гэта, я табе скажу, праблема! а як Лордзік на мяне глядзеў! якімі вачыма! – і прадказальна рэкамендуе Ёй завесці сабаку, – а Ён запрашае Яе на вучэнні па грамадзянскай абароне, дзе за Ёй са свежым сабачым спрытам прыўдарае пажарны чын, бадзёра налівае Ёй з тэрмаса каньяку, які Яна, прыняўшы за гарбату, выпівае адным размашыстым глытком, чым Ён потым доўга Яе папракае; Яна скардзіцца на Яго экспертам па мужчынскай сэксуальнасці Яраславу і Мінерве, чуе ад першага, што вінаваты Яе старажытны ўзрост, ад другой – што не, але верыць першаму, бо калі ўжо давяраць чужым меркаванням больш, чым уласнаму, дык з двух супрацьлеглых трэба абавязкова выбраць тое, якое спрыяе тваёй пагардзе да сябе, – а Ён выпісвае Ёй рэцэпт на таблеткі снатворнага: калі прыняць іх у патрэбнай колькасці (усе адразу), вылечышся ад усяго і назаўжды.
Конкурс «Хто хутчэй дабярэцца ў дзіцячы садок?»
Першы ўдзельнік скача на мячы, другі на скакалцы. Ускладняючы заданне, па дарозе яны спаборнічаюць у перацягванні вяроўкі слушнасці ды гімнастычнымі палкамі наносяць удары па самалюбстве адно аднаго.
Выключна з-за правалу ўсіх папярэдніх акцый Яна запрашае Яго да сябе дамоў «адрамантаваць камп’ютар» (Ён пахваліўся, што разбіраецца ў электроніцы). Ён ахвотна згаджаецца. Яна бадзяецца па парку ашалелая, натыкаецца на дрэвы і ліхтарныя слупы («Як высветлілася, усё так проста!»). Каханне ў сорак два – генеральная ўборка душы перад апошнім холадам і адзінотай, перад зімой, калі не гандлююць больш салодкай ватай ля кожнай лаўкі (на лаўкі Яна таксама натыкаецца). Жыццё на развітанне дало сябе яшчэ раз памацаць, прыпасці да яго мокрай ад слёз правай шчакой. Падстаўляйце адразу ж і левую, бо каханне ў сорак два – па сутнасці, страшная рэч: калі вас растопчуць і выкінуць, шанцу адыграцца ўжо не будзе. Каханне ў сорак два – гэта яшчэ і генеральная ўборка кватэры з чысткай усіх яе вертыкаляў і гарызанталяў (Яна драіць сантэхніку, выцірае пыл з польскай жырандолі); генеральная ўборка ўласнага цела з чысткай усіх ягоных пласкагор’яў і ўзвышшаў. Камп’ютар, які насамрэч патрабуе рамонту, стаіць у спальні, і Яна, «каб Ён нічога не падумаў» (пяць балаў! – заўвага журы), перацягвае аргтэхніку ў залу, хаця Ёй забаронена падымаць больш за тры кіло (хранічнае захворванне ныркі). Назаўтра Ён тэлефануе Ёй брыдкім голасам і абвяшчае, што не прыйдзе, бо да такіх жанчын дамоў не ходзіць. Вось дык аплявуха грамадскаму густу! Яе, тэлевядоўцу, якая рачкуе на роўных з мужыкамі, утрымлівае сябе і сына, толькі што фактычна абазвалі самадайкай – правільна, за тое, што захацела сама выбраць сабе партнёра для інтыму («Тыжбаба, табе нізззя! Шлюхай назваў? Нічо, у тваім узросце гэта камплімент!» – суцешыў «добры» Ярык). Відавочна: Яе актыўнасць, дрэнна завуаліраваная – тэлевядоўца з чырвоным вуаляхвостам у пятліцы! – дашчэнту запалохала беднага мужчыну. «Якіх такіх жанчын?!! Вы мяне няправільна зразумелі!!!» – «Я вас правільна зразумеў!» – адказвае хранічна беглы ёлупень, растаптаўшы ўсе сімвалічныя правілы флірту. Яна ў шаленстве кідае слухаўку, пакляўшыся сабе, што больш ніколі – вы чуеце, ніколі! – не стане размаўляць з гэтым клінічным тыпам. Пасля чаго – роўна праз пяць хвілін – Яму перазвоньвае. Ён «у якасці кампенсацыі» (дзесяць балаў! – заўвага журы) прапаноўвае Ёй правесці ноч з Ім на дзяжурстве. Яна крытычна выказваецца пра хуткую дапамогу як рэзервнае фарміраванне медыцыны катастроф, раз’юшана кідае слухаўку (ні бала гэтым не зарабіўшы. – заўвага журы). Зацягвае камп’ютар назад у спальню. Купляе ў аптэцы нырачны збор. Рушыць на станцыю хуткай дапамогі.
Пакуль журы падлічвае балы, з дзецьмі арганізуецца рытмічны танец «Восеньская ламбада». Вядома, перамагло сяброўства. Пад фанаграму песні «Пляскайце ў далоні» ўручаюцца прызы.