Ільля Сін

Ільля Сін

Ільля Сін МІНУЛАЕ. Аўтар пяці кніг трансгрэсіўнай прозы, зрухар мастацага руху «БумБамЛіт» (1995-1999), лідэр групы экзыстэнцыйнай кляўнады «Тэатар псыхічнае неўраўнаважанасьці» (1997-2010), арганізатар і/або ўдзельнік некалькіх соцень імпрэзаў на Беларусі і ў іншых краінах, стыпэндыят літаратурнай праграмы «Homines Urbani» (Кракаў, 2008) і Міжнароднага дома пісьменьніка і перакладчыка (Вэнтспілс, 2010, 2018). У 1999 годзе быў узагароджаны Міхасём Баярыным альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміяй у галіне літаратуры і побытавага п’янства. ЦЯПЕРШЧЫНА. Пакуль існуе. БУДУЧЫНЯ. 1. Сьмерць. 2. Суд Божы. 3. Пекла альбо рай (з Катэхізму для дзетак-католікаў).

Libido

Марыя доўга разглядае зморшчыны на азызлым пасьля сну твары. Цяпер яна магла б патрапіць хіба ў разьдзел «сьпелыя», прасьлізнула думка. Але там заўсёды вялі рэй дагледжаныя немкі ды францужанкі, а месца «рускіх» было толькі ў супрацьлеглай катэгорыі «лаліты».

У ранішнія часы розум нібы выскоквае па-за межы цела, нібы аддаляецца ад яго некуды па сваіх справах.

Цела Марыі цьвёрдае і сухое, быццам счарсьцьвелы кавалак велікоднага пірага.

Цела, дотык да якога прыносіць адно нэрвознасьць, а калі цёплым альбо гострым, тады рэфлектарнае ўздрыгваньне.

Цела, якое здаецца ёй адзінай уласнасьцю, і менавіта таму яно стала чужым.

Яно даўно ўжо не прыдатнае да спажываньня. Яно проста функцыянуе.

Марыя разглядае ямінкі, складкі, варыкозныя прожылкі, шчылінкі, бугарочкі, валасінкі, чырвоныя плямкі. Смочкі апушчаны долу – ня тое што раней.

Праз адчыненае вакно чуваць выбух. Гэта ўпершыню, таму Марыя палохаецца. Фортка грукае аб сьцяну, шкло трасецца ад вібрацыі, але не разьбіваецца. У дзясяткаў машын сынхронна спрацоўвае сыгналізацыя – у кожнай на свой капыл, – і ў гэтым гармідары першапачатковая прычына неяк хутка забываецца.

Марыя апранае халацік, запальвае і падыходзіць да вакна. Ля пад’езду бязладная гамана. Усе паказваюць у бок цагельнага завода. Відавочна, снарад пацэліў менавіта туды.

Марыя згадвае апошнія навіны на мясцовым радыё, але тут жа лічыць за лепшае іх забыць.

* * *

Гэта нічыйная тэрыторыя, невялікая пустка паміж аўтамагістральлю ды жылымі кварталамі. Вось ужо колькі дзесяцігодзьдзяў яна трывала выключана з цывілізацыйных працэсаў, стаўшыся для ўсіх лішняй. Яе прынята прамінаць па датычнай, на ладнай хуткасьці ды гледзячы выключна перад сабою.

Дзякуючы гэтаму лапік зрабіўся сапраўдным запаведнікам для сьмецьця. Людзі рэгулярна выкідаюць туды самыя розныя рэчы, і ніхто іх ніколі не прыбірае.

Гэтыя рэчы мэталічныя, плястмасавыя, скураныя, кардонныя. Чырвоныя, жоўтыя, парудзелыя, асклізла-шэрыя. Некаторыя зь іх даволі буйнагабарытныя, а некаторыя нават цяжка і ўгледзець у траве.

Позірк факусуецца на нейкіх дробных дэталях, кшталту паўсьцёртай наклейкі на кодабе дзіцячага грузавіка.

Марыя здатная бачыць пэўнае хараство ў выпадковых спалучэньнях прадметаў, арганізаваных паводле сваіх натуральных законаў – нібы непадуладная чалавечай рэгуляцыі экасыстэма.

Найперш гэтае хараство ў ненаўмыснасьці. Ніводзін дызайнэр альбо мастак ня здолеў бы стварыць такую інсталяцыю.

Толькі вецер, павеў якога раптам кудлаціць яе валасы.

Марыі здаецца, што гэта месца, куды людзі адносяць свае ўспаміны і нерэалізаваныя жаданьні, каб пастарацца назаўсёды ад іх пазбыцца.

У сьпякотныя дні лета высокая трава, якую няма каму касіць, выгарае на сонцы, становіцца зжаўсьцьвелай, нібы з плястмасы. Цяпер позьняя восень, трава мокрая і аблезлая. Пад падэшвамі хлюпае.

Марыя забрыла сюды выпадкова і бяз дай-прычыны. Ёй ня надта карціць вяртацца дахаты і зноў бачыць чужы твар па той бок кухоннага стала.

Напэўна, па начах тут усё жыве сваім жыцьцём, думае яна. Рэчы цяжка ўздыхаюць, вохкаюць, жаляцца ды паўтараюць, бы мантры, свае даўно абрыдлыя суседзям гісторыі.

Але цяпер дзень, і шызаватае сьвятло агаляе іх банальную сутнасьць.

Яна адчувае сябе выпадковай сьведкай, міжвольнай вуаерысткай, якой собіла падгледзець недатычныя яе праявы чужога жыцьця

Марыя зь цікаўнасьцю ўздымае зь зямлі ўшчэнт прагнілы ружовы пантофлік на невялічкім абцасе. Прыкладна 36-ы памер. Ён вельмі нагадвае рэквізыт тых фільмаў, дзе ёй даводзілася здымацца. Нешта па-дзявочаму наіўнае. Такое заўсёды вабіла мэтавую аўдыторыю – асабліва тых, хто з залысінамі, лішняй вагой і валасамі на пузе.

Марыя адкідае пантофлік ды рушыць далей. Ступае асьцярожна, вывяраючы кожны крок. Ёй ня хочацца парушаць натуральны ход падзеяў у гэтым запаведніку сьмецьця.

Мэтраў праз дваццаць вяртаецца, зноў падымае пантофлік. Ёй здаецца, што гэтая вартая жалю рэч раптам пачынае да яе прамаўляць.

Адной цудоўнай раніцай Пол знайшоў яго на падлозе сваёй разьдзяўбанай «бэмкі» і пэўны час ня мог згадаць, каму б ён мог прыналежыць. А згадаўшы, тут жа палічыў за лепшае забыць. Пагатоў, далёка ня ўсе эпізоды яго начных прыгодаў былі прызначаныя для доўгатэрміновага захоўваньня ў памяці.

Пол паціснуў плячыма, вылаяўся ды выкінуў знаходку праз фортку – пакуль мама не заўважыла ды не ўчыніла чарговы скандал.

Пантофлікі Аня купіла акурат напярэдадні іх спатканьня – і, што ўжо тут утойваць, менавіта зь яго нагоды.

Аня была пульхнаватай і бязь меры наіўнай. У краме ёй нават не прадавалі піва, пакуль яна не пакажа дакумэнты.

Рабаціністы твар, сьветлыя валасы, сьмешны даўгаваты нос, падобны да неразьвітай дзюбы.

Яе міміка. Дзіўныя ўздрыгваньні правай рукі як рэакцыя на пачуты жарт.

Бачыш, кажа Аня, яно ўсё стала зусім іншым. Гэтае сізаватае сьвятло летняга золку, гэтыя правады, лаўка, закінуты запарожац ля ўзбочыны, мае прожылкі, што праглядаюцца празь белую скуру запясьця, яно ўсё стала зусім іншым, калі ты побач.

Аня кажа гэта сваім целам, пакуль Пол расьцірае пальцамі правы локаць. Ён доўга ляжаў у адной позе, і цяпер яму трохі муліць.

Яна кажа гэта, калі ўсё ўжо адбылося. Адбылося амаль як у тых фільмах, якія сёньня Пол назваў бы старамоднымі, але тады глядзеў ледзь ня суткамі.

Я стала часткай цябе, я зрабілася вадкай, падатлівай і амаль празрыстай, кажа Аня. Я пранікла праз тваю скуру, мой любы, і цяпер паволі расьцякаюся па тваіх артэрыях.

Голас Ані гучыць, перакрываючы тлум дыскатэкі, п’яныя крыкі на вуліцы, навязьлівы шум у галаве. Гучыць і неўзабаве змаўкае.

У тую летнюю ноч Аня прыйшла дахаты басанож і схлусіла маме, што аддала ружовыя туфлі сяброўцы на выпускны.

Потым былі дні колкага чаканьня, калі кожны званок мабільніка прымушаў яе ўскалыхнуцца, бы сырэна паветранай трывогі.

Потым былі незьлічоныя зімовыя раніцы, падобныя адна да адной. Сон падступна абуджаў надзею, але першыя ж промні няўпэўненага дзённага сьвятла раскрышвалі яе на дробныя і гострыя аскепкі.

Аня цяпер працуе раздатчыцай у сталоўцы. Яна тоўстая, нязграбная, апранутая ў зашмальцаваны фартушок. Твар чырвоны. Дае аплявуху, калі хтосьці дзеля жарту хоча яе ўшчыкнуць за лытку. А па вечарох плача, выключыўшы тэлевізар пасьля чарговага сэансу мыльнай опэры.

Ружовы пантофлік на тонкім абцасіку ніяк бы ўжо не налез на яе тоўстую цэлюлітавую нагу. Яна б проста яго растаптала.

Рэчы застаюцца, калі зьнікаюць пачуцьці, кажа Марыя. Рэчы можна памацаць, патрымаць у руках, паднесьці да носа. А потым зноў выкінуць у мокрую траву.

Пантофлік з шоргатам туды апускаецца, Марыя выцірае з пальцаў гразь.

Рэчы надзейныя і непарушныя, нават калі яны аддадзеныя пад уладу гніеньня. Людзі перастаюць быць значна хутчэй – спачатку адно для аднаго, а потым і для сябе саміх.

Марыя ўяўляе ўсю гісторыю толькі як сукупнасьць рэчаў. Трывалых, маўклівых, непадуладных эмацыйным павевам. І думае пра тое, што застанецца ў выніку ад яе.

У сьне Пол яшчэ неаднаразова дакранаўся да твару Ані і шторазу зьдзіўляўся яго ўласьцівай хіба камяням халадэчы.

* * *

Марыя, не распрануўшыся, плюхаецца ў ложак, на брудныя прасьціны, якія яна ніколі не прыбірае. Стома чамусьці даецца ў знакі куды болей, ніж голад. Стома, нібы нецярплівы мужчына, навальваецца на яе і авалодвае, лёгка пераадольваючы млявы супраціў.

У кватэры ўжо паўзмрок, але яна не запальвае сьвятло. Подзьмухі ветру адсланяюць фіранку, і ў пакой трапляюць водблескі фар выпадковых машын.

Паверхам вышэй хтосьці глядзіць футбол, чуваць таксама грукат посуду. «Да ацтань, ня буду я твае катлеты. Апяць булкі дахуя налажыла».

Марыя перакотваецца са сьпіны на жывот і ўтыркаецца тварам у падушку. Заплюшчвае вочы. Прыемная нерухомасьць.

Ёй хочацца засьпяваць для яго песьню, і яна ўяўляе, як песьня злучае іх, утварае ў іх целах скразныя адтуліны і робіць іх нечым адным.

Цела Марыі цяпер ужо не здаецца ёй такім маналітным, як гэта бывае звычайна. У ім адкрываюцца поры, празь якія трапляе паветра. Яна можа адчуваць сваім целам паўзмрок, што пануе ў пакоі, выгіны кветак на падваконьні і нават дождж, які пачнецца за вакном яшчэ толькі праз пару хвілінаў. Цяпер яна можа сьпяваць сваім целам.

І вось песьня ўжо гучыць у яе ўяўленьні. Ён таксама ў яе ўяўленьні, і песьня робіць яго там прысутным. Яна здатная нават чуць гэтую песьню яго ўяўленьнем.

І няма нічога страшнага ў тым, што гэтая песьня пра сьмерць.

Марыі хочацца прамаўляць гэтае слова на музычны лад, цягнуць яго сваім прыгожым сапрана, якое было дадзена ёй таксама толькі ва ўяўленьні.

Сьмерць ва ўсе часы была найлепшай тэмай для песень.

Сьмерць – гэта зусім не яе цяперашняя рэальнасьць.

Сьмерць бывае адно ў шумерскіх паданьнях альбо на карцінах прэрафаэлітаў.

Сьмерць ніколі ня прыйдзе ў яе аднапакаёўку з выцьвілымі кветачкамі на шпалерах і лінолеўмам на кухні – узбухлым, як ёй падаецца, ад сьлёзаў.

Тут, сярод аднолькавых пашарпаных пяціпавярховак, проста ня можа быць сьмерці. Тут ёсьць польская сантэхніка, эўрарамонт. У кожнай зь ячэек цепліцца сваё жыцьцё, мілае знутры, але бясконца панылае для адчужанага погляду назіральніка.

Сьмерць заўсёды ўяўлялася ёй нейкай атрыбутыўнай прыкметай часу, але тут час застыў, бы кавалкі тушаніны ў бляшанках на забытым стратэгічным складзе

Аднак Марыі цяпер дадзена адчуваць час, прычым зусім не як непазьбежнасьць альбо імпэратыў. Але таксама і зусім не як сьмерць.

Яе цяперашнім часам раптоўна становяцца панчохі, зьнятыя пасьля насычанага ўражаньнямі дня і пакладзеныя на ўскраек гатэльнага ложку, складкі на якім будзяць прыемныя ўспаміны. Альбо замілаваньне, калі ў парку спасярод вялізнага горада яна раптам убачыла вожыка. Альбо той выпадак, калі яе папрасілі трохі патрымаць на руках пяцімесячную дзяўчынку, і немаўля пасьпела насікаць Марыі на сукенку.

Марыя хоча занурыцца ў кожны з гэтых момантаў і навекі зрабіць яго сваёй рэчаіснасьцю. Як быццам паставіць на паўзу фільм на самым прыемным ягоным кадры – перад тым як здарыцца непазьбежны ў драматургіі канфлікт.

Разуменьне таго, што гэта немагчыма, накотваецца, бы лавіна цэмэнту. Сваімі абгрызенымі пазногцямі Марыя ўтыркаецца ў мяккія тканкі ля запясьця.

Затым устае з ложка, чамусьці ідзе ў вітальню, вяртаецца, уключае тэлевізар, некалькі разоў шчоўкае пультам, калі бачыць на кожным канале выявы свайго няроднага горада. Урэшце трапляе на прагноз надвор’я па «Эўраньюс» і пакорліва выслухоўвае, колькі градусаў заўтра будзе ў Монтэвідэа, а колькі ў Бэйруце.

Затым выключае тэлевізар і зноў кладзецца ў ложак. Затым устае, каб памыць яшчэ заўчорашні посуд, але замест гэтага чамусьці з усяе моцы б’е нагой парожнюю бутэльку ад піва, што стаяла пасярод кухні. Затым ізноў уключае тэлевізар, і ён узрывае паветра злавеснымі гукамі калыханкі.

Поры цела Марыі паступова закрываюцца, быццам бронезаслонкі ў кулямётнай амбразуры, і ўжо неўзабаве яна ня можа адчуваць зусім нічога.

Цела Марыі – гэта яе абалонка, якая абараняе і аберагае.

Хочаш дапамагчы часопicу?

Андрэй Пакроўскі