Давыд
Паддубскі

Давыд Паддубскі

Вернасць

Хіба ў кожнай сям’і ёсць той, хто не любіць свят. На Вялікдзень яму абавязкова трэба адрамантаваць зламаны некалькі месяцаў зэдлік, на Дзень Перамогі ён садзіць бульбу, на Раство ці Новы год надаўжэй усіх застаецца на працы. Падчас застолля ён ці злосны, ці стомлены, ці занадта знерваваны. Ён часцей за ўсіх паліць на ганку і першы ідзе спаць. Ён не заўсёды псуе настрой атачэнню, але ж стварае напругу. І насупроць назіранням і логіцы, яго ўсё роўна неабходна запрашаць, чакаць і трываць побач у святочныя даты.

У маленстве, дзівячыся ў такія насупленыя твары, я не мог зразумець, навошта людзі гвалтуюць сябе млоснымі ўдзельнікамі і на халеру самому «анціраду» гэтае самакатаванне. Дзеці ж добра ведаюць, як можна знянацку захварэць у дзень кантрольнай работы.

У маленстве я чакаў зіму болей, чым летніх вакацый, не толькі з-за Новага года, але і з прычыны шматлікіх дзён нараджэння. Усе чальцы маёй сям’і нарадзіліся ў прамежку пачатка снежня і канца лютага, таму чарада святочных сталоў і гасцей нібы агортвала нашу вясковую хату звонку, ствараючы з яе суцэльны падарунак. З вуліцы заўсёды можна было пабачыць суплёты ліхтарыкаў і папяровыя сняжынкі на вокнах. Туі ў двары, абцяжараныя каралямі, ператвараліся ў ялінкі. У багатаснежную зіму на падворку выстройвалася варта снежных баб, а ў халодную вільготную – зубаты, як рот акулы, плот з ільдзін. У вэрхале стрыечных братоў і сясцёр на гародзе ствараліся вытаптаныя сцяжыны лабірынту і пры спрыяльных умовах ды наяўнасці рук лядовы форт у паўтара метра вышынёю. Зіма была шчодрая на будаўнічыя матэрыялы, якія не патрабавалі дадатковых прылад працы. Усё падавалася ў гатовым выглядзе, толькі складай, як канструктар.

Я не магу назваць нашу сям’ю рэлігійнай. У царкву мы хадзілі не часцей, чым да шаптухі, што жыла праз дарогу, але тое, што мы праваслаўныя, мне патлумачылі з маленства. Я ўсвядоміў праваслаўе як сістэму традыцый, якая нас яднае і адрознівае ад іншых. Мы нешта робім, таму што так рабілі дзяды і іх дзяды, і гэта будзе працягвацца вечна, бо мы павінны паважаць сваіх прашчураў. Нашы абрады і звычаі – гэта памяць і, у сваю чаргу, вернасць. Гэта была прыгожая ідэя. Было даспадобы, што ў мяне годныя і верныя бацькі, у якіх былі годныя і верныя дзяды, і тое азначала, што я магу разлічваць на сваю сям’ю, абяцаючы ім у падзяку вернасць са свайго боку.

Ужо ў перадпадлеткавым узросце, натхнёны штогоднім абрадам Дзядоў, я пачаў весці радавод. Запісваў не толькі імёны сваіх продкаў, але дадаваў іх адметныя рысы. Нехта вельмі добра спяваў, нехта быў найлепшым ляснічым, а пасля ўвогуле стаўся цуд і да нас завітаў старэнькі дзядок, аддалены сваяк, які таксама вёў радавод і падзяліўся са мной гісторыямі ажно да сярэдзіны 18 стагоддзя. Высветлілася, што нашы продкі апрацоўвалі скуру і футра. Мы былі кушнярамі.

Выкарыстоўваючы кожнае свята і стол як магчымасць, я любіў задаваць пытанні старэйшым гасцям і, на дзіва, кожны раз ад адных і тых жа людзей мне адкрываліся новыя дэталі мінулага, якія ляцелі ў нататнік.

Так, неспадзявана, пераломны момант адбыўся хіба што ад самага звычнага і блізкага чалавека – роднай бабулі.

Пад ялінкай у пакоі, дзе стаяў стол, не было аніякіх падарункаў, акрамя набораў слодычы, што выдаваліся бацькам на працы, ды я ведаў, што з ранку там павінна было пабольшаць на некалькі карэбчыкаў. Чаканне мяне дратавала. У той год прыстаўка была мэтавырашальнай рэччу маёй будучыні, але на прамое запытанне, ці ж атрымаю я яе ў рэшце рэшт, мне жартліва-здзекліва адказвалі, што гэта вырашыць толькі Дзед Мароз, у якога я, відавочна для ўсіх, ужо не верыў. Мяне круціла. І ў гэтым ускручаным і безабаронным стане, відаць, чорт зблазіў мяне задаць пытанне бабусі: «А які самы лепшы падарунак ты атрымала на Новы Год?»

– У нас такога не было, сынок, – бабуля называла ўсіх дзяцей у сям’і сынок ці дачушка, – таму і падарункаў не было.

– А што ж Дзед Мароз?

– Не, не прыходзіў Дзед Мароз. То яго ўжэ пазней прыдумалі.

– А хто прыходзіў?

– А ў нас у дзяцінстве была Марэна. Гэта так зіма прыходзіць. Усё памірае ці засыпае, і яна наглядае, каб спала зямля, выспалася добра і адрадзілася з новымі ўраджаямі. І Мароз быў. Толькі не ў чырвоным паліто, а ўва льдзе ды снегавой сярмязе.

Страшны гэтакі Ледзяны Волат, нос чырвоны і соплі з носу льдзінамі ажно да самай зямлі. Як сядзе на дах, то і куты ў хаце скрыпяць. З ім жартаваць не можна было і падарункаў ад яго – не дай Бог.

– Баба, а ты што, не праваслаўная?

– Чаму? Праваслаўная, мы ўсе праваслаўныя.

– Тады чаму твой Новы год ад праваслаўнага адрозніваецца?

– Не, сынок, яно ўсё адно. Толькі час змяняецца. Вось і Дзед Мароз палагаднеў. Навошта людзям Ледзяны Волат той страшны.

Свята распушчалася ў паветры. І стравы, і песні, і фанабэрлівая, разбэшчаная яліна з савецкімі цацкамі – усё было ні аб чым. З бабуліных слоў, цяпер, але ў яе час, тут быў бы Піліпаў пост. А багаты стол накрылі б толькі да 14 студзеня, на Багатую Каляду, і да 19 працаваць было б няможна. Як возьмешся шыць у гэтыя дні – панясеш пакаранне ўлетку і абавязкова ўкусіць цябе ў лесе за непаслухмянства змяя. А як будзеш паводзіць сябе варта, то Мастак узнагародзіць цябе малюнкамі на вокнах, толькі трэба ўмець іх разгледзець і правільна прачытаць.

З улікам таго, што я так і не атрымаў прыстаўку наступным ранкам, з галавы не выходзілі думкі пра традыцыі. Нішто болей не складалася ў лагічны ланцужок. Я глядзеў у нататнік з радаводам, злучаным стрэлкамі ў адно дрэва, і разумеў, што той мой далёкі дзед кушнер мог не верыць і ў Ледзянога Волата. Значыць, традыцыі ўзнікалі згодна з часам, яны змяняліся, перарабляліся, падменьваліся і, як сказала бабуля, у тым нічога не было дрэннага. Але ж аб якой вернасці можа ісці гаворка, калі мы падлаштоўваем свет пад сябе?

З тых часоў мой родавы нататнік перарос у зацікаўленасць міфалогіяй як спробу знайсці фундаментальную праўду. Традыцыю, якая магла б пацвердзіць маю годнасць і вернасць таму далёкаму дзеду, які апрацоўваў футра. Я знайшоў Ледзяных Волатаў у Скандынавіі, знайшоў кельцкі адпаведнік Марэны – Калех – у Ірландыі, і мне падаецца, што калі яны настолькі распаўсюджаныя па ўсёй зямлі, то менавіта на іх баку хаваецца праўда. З тым і вырас. Вырас і стаў болей збянтэжаным, чым быў у свае восем гадоў, таму што ідэал вернасці моцна зафіксаваўся ў свядомасці, ды толькі клёку знайсці ідэю для той самай вернасці не знайшлося. Я стаў кропкай у радаводзе з парванымі стрэлкамі, і вось мне пад сорак – на Вялікдзень я абавязкова рамантую зламаны месяцы таму зэдлік, 9 траўня калупаюся ў гародзе і заўсёды хварэю пад Новы год.

Аб’ектафілія

Дзесь не ў далёкай будучыні, людзі стаміліся ад прагрэса і найлепшай формай супраціву абралі рух у адваротным напрамку. Дэградаваць было б занадта радыкальна, але вось ажыўляць мінулае, падыходзіла як раз.

Пачалі людзі вышукваць розныя аўтэнтычныя нормы, традыцыі і гуртавацца вакол сваіх новых інтарэсаў у супольнасці, якія нават перарасталі ў плямены. Чым аўтэнтычней былі іх каштоўнасці і абрады, тым круцей выглядалі чальцы на ўзроўні з усімі астатнімі. Адна праблема – забаранялася паўторваць. Калі хоць адно племя ў свеце ўжо выкарыстоўвала, напрыклад, старажытнае афрыканскае шнараванне твару, іншыя не маглі згуртавацца на падставе такой традыцыі.

Самыя хуткія і разумныя ўжо ж перарыдлявалі архівы і сакральныя кнігі і вокамгненна запатэнтавалі за сабой анайлепшыя рысы мінуўшчыны. Людзі з невялікімі магчымасцямі, працягвалі пошукі і часта звярталіся да спецыяльных агенстваў, якія небескаштоўна займалі росшукам і падборкай неабходных культурных з’яў. Людзі ж зусім слабога інтэлекту спахваціліся ў апошнюю чаргу. Па-першае, да іх гэтыя гульні занадта доўга недатычыліся па ўласным жаданні. Па-другое, большая частка з іх прызвычаілася выконваць загады замест таго, каб узбуджаць мазгі і займацца пошукамі, але рэгрэс нарэшце ж дайшоў і да такіх персанажаў. Як ўсе людзі з нізкімі інтэлектуальнымі здольнасцямі, яны вырашылі да спецыялістаў не звяртацца і пачалі «варушыць паўшар’ямі».

Суполцы, пра якую пойдзе гаворка ў нашым сказе, пашанцавала. Адзін з чальцоў натрапіў у цемным завулку ці то на навукоўца, ці то на доктара, ці то на доктара навук, ня важна, але аджаў у таго акулярыка цэлы заплечнік з кнігамі. Доўга цярушылі чальцы патэнцыйнага племені старонкі з незразумелымі словамі, але ж вынайшлі ўзгадкі пра дзікіх людзей, якія жылі ў Конга, і зваліся Балуба. Усім спадабалася, што былі тыя людзі моцнымі і ваяўнічымі.

Вырашылі чальцы супыніцца на гэтым, назвалі сябе балабаўцамі і пачалі будаваць свой аўтэнтычны статут. Каб не перасварыцца, вызначыліся, што статутам зоймуцца дабравальцы, самыя чытаючыя людзі групы. Ім і аддалі аджатыя дакумэнты.

Ой і цяжкая была праца. І вочы зудзелі і мазгі ўскіпалі, сыходзілі, здаваліся чытачы да той пары пакуль не застаўся сярод іх адзін, самы ўпарты і фізічна моцны мужчына. Разабраўся ён у рэшце рэшт, як мог, што супольнасць людзей Балуба грунтавалася і ядналася на чатырох прынцыпах:

Бумунту – аўтэнтычнасць асабістасці.

Мусіма муампе – добрае сэрца.

Булемэ – самапавага, годнасць.

Булопуўэ – безасабістасць улады.

Першы прынцып быў сапраўды круты і толькі падкрэсліваў неабходную супольнасці аўтэнтычнасць. Самапавагі ў балабаўцаў было дастаткова, таму гэта не супярэчыла іх існасці. Безасабістасць улады ж чытач успрыняў, як адсутнасць лідэра, анархію, дзе кожны з чальцоў і цар і бог. Другі прынцып – добрае сэрца, быў такім нерэчаісным, што чытач не звяруў на яго ўвагі і хутка, лімітаваная памяць наагул выдаліла гэтую інфармацыю цалкам.

На жаль, прафесар які так і не ачуняў ад збіцця ў завулку, быў адзіным хто б здолеў паспрачацца з трактаваннем конганіскіх рэлігійных уяўленняў і маралі. Безаасабістасць улады, наспраўдзе азначала абмежаваныя магчымасці караля. Чалавек не мог быць адзіным прадстаўніком народа, дзеля таго каб гарантаваць росквіт нацыі. Адсюль і аўтэнтычнасць асабістасці – любы чалавек заслугоўваў павагі незалежна ад яго статусу. Не гвалту, не дыктатуры, не тыраніі.

Людзі ж будучыні, у адрозненні ад людзей старажытных, ужо прайшлі праз эру прагрэса, таму разумелі свет лепей за сваіх папярэднікаў і трактавалі яго, так бы сказаць, у найнеімавернейшай форме.

Трэба было абраць сымбаль.

І вось тут усе стала значна складаней, бо як высветлілася, Балуба адрозніваліся ад іншых сваёй унікальнай мнеманічнай сістэмай, сістэмай памяці, якая зусім не вязалася да будучага света. Нягледзячы на супраціў прагрэсу, ад кампутараў, якія выковалі і функцыю захоўвання інфармацыі, ніхто адмаўляцца не збіраўся. Доўга сварыліся чальцы, нават гучалі прапановы цалкам змяніць тэматыку і пашукаць нечага лепшага. А калі дамоўленасці дасягнуць так і не атрымалася, балабаўцы пачалі бойку. На смерць.

Хтось біўся ў рукапаш, а хто і з выкарыстаннем розных прадметаў. Выпадкова ж выйгралі тыя, што малі пры сабе гумовыя дубінкі, таму і сымбалем сваей супольнасці яны абралі менавіта гумовую дубіну.

Вернемся ж ізноў на хвілінку да мінулых часоў.

У адной буддыйскай легендзе казалася аб сыне, які забыўся аб прашэнні матулі прынесці ёй парэшткі святога і замест іх, падабраў на вуліцу сабачую костку і падарыў яе мамцы, як вялікую святыню. Маліцца да той косткі прыходзілі і сваякі, і суседзі, і ў рэшце рэшт, костка пачала зіхцець і лекаваць хворых. Вера здольная на многае. І балабаўцы настолькі верылі і абагаўлялі свае дубінкі, што яны з часам пачалі ажываць. Сапраўдны балабавец прысягаў сваёй дубіне ў вернасці і быў абавязаны на ёй ажаніцца. Пасля, ад ажыўшых дубін нават пачалі нараджацца дзеці, праўда выношвалі іх таты, але людзі будучага былі прызвычаяны да рознага, тым больш што дзеткі атрымоўваліся здаровымі, моцнымі, лёгка паддаваліся дрэсіроўцы і ўмелі пазнаваць людзей, таму на адсутнасць доўгатэрміновай памяці можна было не звяртаць увагі.

Балабаўцы атрымалі свой патэнт, але што б на гэта сказалі людзі Балуба ўжо ніхто не даведаецца, бо там у быдучым, рэгрэс даўным даўно вынішчыў усю аўтэнтыку.

Ды што казаць, дажывеце самі.

Невідочная Атака

Панурым снежаньскім днем у тры куты свету прыляцела паведамеленне аб смерці. Сталася б гэта трыццаць гадоў таму, то азначала б хутчэй за ўсё, што чалавека ўжо пахавалі і справілі 9 дзен, але ў век тэхнялёгіі паведамленне сведчыла аб тым, што смерць наступіла некалькі гадзін таму. Жанчынам, што атрымалі звестку было добра знаёма імя памерлага, але імены адна адной узгадваліся з цяжкасцю.

Наталля жыла ў невялічкай беларускай вёсцы, Клава ў малавядомым горадзе Пермскага краю, а Юля ў заакіянскай Амерыцы і калі сустракаліся яны разам, то не болей за два разы ў дзяцінстве. Клава была пляменніцай нябожчыка, якая жыла на яго гістарычнай радзіме, Наталля – пляменніца жонкі нябожчыка, якая адыйшла на той свет ужо з 15 гадоў таму, а Юля была адзінай унучкай і спадкаеміцай. Дзед не меў звязку ні з воднай жанчынай. Пасля смерці жонкі, ен перастаў стасавацца з раднёй па ейнаму баку, а радня уласная жыла занадта далёка каб штодзённа падтрымоўваць сувязь у даінтэрнэтнай эпосе. Да унучкі, што так абыякава кінула родную хату, якую ён будаваў сваімі рукамі з’явілася агіда і непрыязнь, як да здрадніцы. Апошнія дзесяць год самотны дзед займаўся ўмацаваннем дома і забяспечваў сябе абаронай ад неіснуючага ворага. Здавалася яму, што хтось са шматлікіх сваякоў абавязкова пазайздросціць яго дабрабыту і з’явіцца каб адабраць залатую маёмасць. Прыхаваныя грошы і пенсію ён сквапна збіраў да кучы і, не дазваляючы сабе нічога лішняга, вытрачаў на падвойныя металічныя дзверы, моцныя вокны, высокі плот, неверагодную колькасць замкоў, якімі зачыняліся і калітка і сарай з куратнікам. Нават звярнуўся да спецыялістаў і ўсталяваў некалькі камер вонкавага назірання. Дзед быў не дурны, таму разумеў як хутка развіваюцца новыя тэхналёгіі і разам з імі – небяспека. Яго маглі ўзламаць у любы дзень. Таму высокі плот змяняўся яшчэ вышэйшым, замкі на больш сучасныя. Суседзі ціха смяяліся з такога бункера, а сяброў дзед сабе не знайшоў, бо не хацеў каб хоць хто празнаў пра яго сакрэты.

Камеры паказвалі пусты двор і нікому нецікавую калітку. Тэлевізар прамаўляў аб наступленні НАТО (у якім цалкам магчыма магла быць дзедава драпежная ўнучка Юля) і аб тым што ён не бачыць, як лётаюць вірусы. Не заўважыла іх і камера…

Наталля па сарафанаваму радыё дазналася першая і знайшла астатніх у сацыяльных сецівах. Юля прапанавала выйсці на відэазвязок і вось тры жанчыны вывучалі твары адна аднае, баючыся задаваць пытанні. Па-за камерай у двух гучалі дзіцячыя галасы, але ізноў жа, было неяк недарэчна запытываць пра дзяцей, якія цябе не цікавілі процягам жыцця. Тым ня меньш яны углядаліся адна ў адну бо разумелі крыўны звязок і нібы расшуквалі ўласныя прыкметы ў адлюстраваннях з экранаў.

Дзед сканаў ад каронавірусу, згарэў за тыдзень. – працягвала Наталля, – Я званіла ў сельсавет, там сказалі што за месца на могілках заплочана загаддзя і прывязуць яго ўжо са шпіталю ў зачыненай труне. То бок ні аб якім развітанні і размовы няма, але ж што з памінкамі, адпяваннем? Я магу дапамагчы, калі нешта трэба. Радня ўсе такі.

Ён мне не аднаразова загадваў пахаваць яго багата, але тое яшчэ ў юнацтве – перахапіла ўнучка. – Хацеў аркестру. Сказаць па праўдзе, каб хто заняўся пахаваннем, то я б пералічыла грошы і на аркестру і на ўсё што трэба, але сама я не паеду. Мне вельмі далёка, ды мы і ня блізкія з ім. Калі ты, Наташа, будзеш займацца, то я пакрыю фінансавы бок.

Я б занялася, калі б ты папрасіла, бо ён мне ў рэчаіснасці чужы…

А я не прашу.

Дзяўкі, – прамовіла Клава, – Дзякуй што мяне далучылі, але я наспраўдзе самы далёкі яму чалавек. Ведаю адну дзве гісторыі, што распавядала мне мама аб іх дзяцінстве. Вельмі павярхоўна. Таму я – ніяк. Мама зусім старая, мы можа сходзім з ёй у царкву ці што. Але ў астатнім – ніяк.

Яны яшчэ з дзясятак хвілін паразмаўлялі наконт гэтай тэмы і сціхлі, гледзячы ў экраны. За некалькі маўклівых сэкунд, усе трое ясна зразумелі, што гэта была іх апошняя размова. Іх з’яднала імгненная змова на абыякавасць да пахавання і, даючы адна адной дазвол не рабіць нічога, яны пазбавіліся ад пачуцця віны.

Наступнага ранку, некалькі незнаёмых мужчын з камунальных службаў апусцілі закалочаную труну ў яміну.

Камера у двор, ці то выключаная, ці то да гэтага часу працуючая, перастала фіксаваць свой адзіны рухому аб’ект і ўжо суцэльна сканцэнтравалася на лётаючых вірусах, якія зялёным тлустам агортвалі паветра. Вучэнні НАТО скончыліся, так і не пераступіўшы мяжу.

Хочаш дапамагчы часопicу?

Андрэй Пакроўскі