Уладзімір
Садоўскі

Уладзімір Садоўскі

Уладзімір Садоўскі - краязнаўца і пісьменнік з Маладзечна. Аўтар зомбі-хорара "1813" (2016) і зборніка фантастычных апавяданняў "Проста фантастыка" (2018).

Я Не Знаю, Што Будзе Заўтра

Зоя Камінская, студэнтка пятага курса гістфака БДУ, познім кастрычніцкім вечарам працавала ў Курапатах. Зоя, ці, як яе ласкава называлі сяброўкі, Зойка была валанцёркай. Ужо другі вечар запар яна дапамагала рыхтаваць мемарыял да жалобнай імпрэзы – ночы расстраляных паэтаў, – якая ладзілася не першы год. У гэтую ноч у 1937 годзе бальшавіцкія каты забілі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, сярод якіх былі выбітныя паэты, мастакі, вучоныя. Тут, у Курапатах, яны і былі пахаваныя, дакладней, іх целы былі звалены ў агульныя яміны разам з целамі сотняў і тысяч іншых ахвяр злачыннай улады.

Зойка разам з двума хлопцамі расстаўляла ліхтарыкі – падсветку да крыжоў, якая на ночы паэтаў будзе ствараць адпаведную жалобную і адначасова змрочную атмасферу. Сонца даўно закацілася, і маладыя людзі працавалі ў святле пераносных лямпаў. Дзяўчына мімаходзь глянула час на мабільніку. Аказалася, што ўжо трэба спяшацца на аўтастанцыю. Хутка адпраўляўся апошні патрэбны ёй тралейбус у бок метро. Спазняцца на яго было нельга – Зоя жыла ў прыгарадзе па іншы бок ад Мінска, трэба было яшчэ паспець на электрычку. Каб ехаць дадому на таксі, на такое ў студэнткі проста не было грошай. Зойка развіталася з валанцёрамі і рушыла да выхаду з мемарыяла. Дзяўчыне падалося, што адзін з хлопцаў – хударлявы рудавалосы Грышка – пасля развітальнага рукапаціскання неяк надта ўжо расчаравана апусціў вочы. Можа, сказаць што хацеў? У Зойкі было мала часу, яна падхапіла з зямлі заплечнік і хуткім крокам пайшла ў бок дарогі не азіраючыся.

У гэтым месцы, на вузкай сцяжынцы паміж дрэўцамі і крыжамі, пад пранізліва халодным начным небам Зоя падумала пра смерць. Пакуль працавала, не задумвалася, а цяпер, гледзячы, як міма па кальцавой дарозе праносяцца па сваіх справах аўтамабілі, задумалася. Так часта бывала і калі дзяўчына стаяла ў курапацкай варце каля рэстарана, пабудаванага ў ахоўнай зоне мемарыяла ахвярам рэпрэсій у абыход усіх дзяржаўных і чалавечых норм. Тады часу на розныя думкі хапала. Якімі былі гэтыя людзі, што ляжаць тут? Якія ў іх былі мары, якія планы, якія вершы яны хацелі напісаць? Што яны адчувалі, калі руля пісталета набліжалася да патыліцы?

Зойка ўзгадала радкі:

Я не знаю, што будзе заўтра:

Мне сягоння апошняй мяжой

Дні стаяць сталёвай вартай

Паміж будучыняй і мной.

Гэта Алесь Дудар. Зойка ведала, што ён таксама тут, недзе пад адным з дзясяткаў крыжоў, мо пад тым самым, на які яна сёння вешала бела-чырвона-белую стужку. Алесь Дудар. Дзяўчына вызвалася прачытаць яго вершы на Ночы паэтаў, а ва ўніверы яна пісала курсавую па яго творчасці – у заплечніку дагэтуль ляжаў патрапаны зборнік твораў паэты. Цікава, якім ён быў? Гэты пастаянна недаверлівы позірк на старых фотаздымках. Зойцы заўжды здавалася, што Дудар глядзіць на яе з асуджэннем, нібы расчараваўся ў ёй. Хм, здаецца, гэты Грышка трохі да яго падобны. Дзяўчына ўсміхнулася.

Шум дарогі нарастаў. Зоя выйшла да пешаходнага тунэля пад кальцавой. Ёй ніколі не падабалася гэтая частка маршруту – цесны, часцей за ўсё цёмны, бо ўсе лямпачкі былі паразбіваныя, калідор, які больш нагадваў сутарэнні вязніцы, чым грамадскае месца. Гук абцасаў гулка адбіваецца ад сцен, і здаецца, што гэта не пешаход ідзе, а накіроўваецца да тваёй камеры, чаканячы крок, начны канвой, каб адвесці цябе ў расстрэльны пакой. Зойка мімаволі схамянулася ад наляцелых асацыяцый, але хады не сцішыла і зрабіла першы смелы крок у тунэль.

Гэтым разам у тунэлі было надзвычай няўтульна. Унутры гарэла толькі адна лямпачка пасярэдзіне шляху, але ад яе было мала карысці. Там, дзе заслона кволага святла абрывалася, пачынала клубіцца непраглядная цемра – нельга было разабраць, што на тым баку перахода. Зоя яшчэ паскорыла крокі, каб хутчэй прайсці тунэль наскрозь. Калі дзяўчына параўнялася са свяцільняй, лямпачка ўспыхнула на імгненне яскравым агеньчыкам і пагасла. Наваколле паглынула чарната. Зоя ад нечаканасці спынілася. Азірнулася назад, паглядзела наперад – паўсюль адна толькі цемень. Дзяўчына думала, што вочы хутка прызвычаяцца да цемры і яна пачне бачыць хаця б сілуэты выхадаў. Але гэтага не адбывалася, чарната, што запаўняла наваколле, не спяшалася адступаць. Сэрца шалёна закалацілася.

Зоя зразумела, што, апроч цемры, навокал пануе яшчэ і абсалютная цішыня. Дзяўчына знаходзілася літаральна ў пары метраў ад паверхні шумнай шашы, але ў тунэль не залятала ані гуку. Зоя зрабіла крок у бок выхаду. Прынамсі, яна думала, што выхад менавіта там, разабраць, праўда гэта ці не, было немагчыма.

Гуку кроку яна таксама не пачула, нібы і не ступала. Яшчэ крок. Зоя выцягнула наперад рукі, каб не сутыкнуцца са сцяной. Зрабіла яшчэ некалькі крокаў. Сцяны не было.

На імгненне ёй падалося, што яна пачала разбіраць сілуэты ў цемры. Наперадзе, куды глядзела дзяўчына, з’явіўся згустак, які нейкім незразумелым чынам падаваўся больш цёмным чым навакольная чарната. Зоя спынілася, узіраючыся ў сілуэт. Пляма, што нерухома вісела ў паветры, раптам пачала набліжацца да дзяўчыны. Зоя закрычала, але гуку свайго голасу не пачула. Паспрабавала пабегчы, ды ногі не паслухаліся яе. Дзяўчына закрыла твар далонямі і пачала маліцца, вымаўляючы замест малітвы радкі Дудара:

Я не знаю, што будзе заўтра…

* * *

Яркае святло, што ўрывалася ў пакой з-за прыадчыненых завесаў, рэзала вочы. Зоя інстынктыўна засланіла твар далонню і адвярнулася ў іншы бок.

– Прачнуўся нарэшце, – невядомы жаночы голас напужаў дзяўчыну.

Зоя прыўзняла галаву, каб паглядзець, хто гаворыць. Перад вачыма ўсё плыло, немагчыма было зачапіцца за нешта пэўнае. Нарэшце позірк сфакусаваўся на светлай пляме, якая паступова праяўлялася ў жаночы твар.

– Хто вы? – сэрца дзяўчыны раптам пакрылася ледзяной коркай – свой голас яна таксама не пазнала. Хоць ён і быў больш падобны да хрыпату, Зоя адразу зразумела, што гэты голас адрозны ад тых гукаў, якія яна прызвычаілася чуць у сваёй галаве.

– Зусім упіўся са сваімі дружкамі, – жанчына адвярнулася. – Падымайся, а то на службу спознішся.

Зоя з цяжкасцю паднялася з ложка і спусціла ногі на падлогу. Галава шалёна круцілася. Дзяўчына ўзялася рукамі за скроні, каб суцішыць хістанні. Пальцы ўперліся ў жорсткі вожык кароткіх валасоў, ад даўгіх локанаў не засталося і следу. Зоя са здзіўленнем адсунула рукі і пачала ўзірацца ў далоні. Гэта былі шырокія мужчынскія далоні з тонкімі, але моцнымі пальцамі. Пакуль Зойка разглядала шматлікія валаскі на тыльным баку, у пакой вярнулася жанчына з медзяным тазам і збанам цёплай вады ў руках.

– На. Прывядзі сябе ў парадак, – кінула тая.

Зоя мімаволі паглядзела на твар жанчыны. Зрок супакоіўся, і дзяўчына нарэшце змагла разгледзець незнаёмку. Гэта была маладая жанчына гадоў трыццаці, з прыемным акруглым тварам і даўгімі русымі валасамі, сабранымі зараз у гульку на патыліцы. На шчацэ ў жанчыны распоўзся чорнай плямай вялікі сіняк.

– Хто гэта вас так? – запытала Зоя. Жанчына толькі зыркнула ў адказ і паспешліва выйшла з пакоя, па дарозе зачапіўшы малога, які стаяў у дзвярах. Праз імгненне з калідора пачуліся ўсхліпванні.

Зойка пабачыла хлопчыка і машынальна яму падміргнула, той у адказ нясмела пасміхнуўся. Дзяўчына абвяла вачыма пакой – абстаноўка была даволі сціплай: шафа, ложак, некалькі тумбачак, пара зэдляў і ўсё. Ніякай тэхнікі. На адной з тумбачак Зоя заўважыла невялікае авальнае люстэрка з металічнай ножкай.

– Калі ласка, падай мне гэта, – звярнулася дзяўчына да хлопчыка, паказваючы пальцам на люстэрка. Той моўчкі падпарадкаваўся.

Сэрца Зоі моцна закалацілася, калі жаданы прадмет апынуўся ў руках. Дзяўчына баялася таго, што яна пабачыць у адлюстраванні. Дрыжачымі рукамі Зоя накіравала авал люстэрка на сябе. З-за шкла на дзяўчыну глядзеў троху выцягнуты мужчынскі твар з тонкім шляхетным носам, вузкай рыскай вуснаў і выразнымі чорнымі вачыма, у якіх, здавалася, сабралася ўся стомленасць свету.

У Зоі пахаладзела ўнутры. Яна пазнала гэтага чалавека. Дзяўчына бачыла яго партрэт у артыкуле, прысвечаным ахвярам сталінскага тэрору. Гэта быў кат, звер, вычварэнец і садыст. Лейтэнант дзяржбяспекі Віктар Быхоўскі.

* * *

Зоя падумала, што зараз страціць прытомнасць, люстэрка выпала з яе рук, зрок затуманіўся. Дзяўчына заплюшчыла вочы і глыбока ўдыхнула.

«Гэтага не можа быць. Як я тут апынулася? Як я трапіла ў гэтае цела?» Яна ўзгадала Курапаты, працу каля крыжоў, дарогу да аўтобуса і тунэль. Тунэль. Што было ў тунэлі і далей, дзяўчына не памятала.

– Чаго сядзіш? – істэрычны голас жанчыны вырваў Зою з палону цёмных думак. – Хочаш спазніцца? Хочаш як тады? – жанчына адчайна махала рукой. На яе твары яшчэ захаваліся сляды ад нядаўніх слёз.

– Света, Святлана, – Зоя раптам зразумела, што ўзгадала імя жанчыны. Гэтая інфармацыя з’явілася ў галаве нібыта па падказцы суфлёра. Святлана Быхоўская – жонка Віктара.

– Што «Света»? – не супакойвалася жанчына. – Давай збірайся, – яна кінула на калені Зоі льняную кашулю.

Далей Зоя дзейнічала на аўтамаце: абмыла твар у тазе, развяла пену і пагалілася, апранула форму і самастойна зацягнула ўсе зашпількі на партупеі. Ёй не прыйшлося вывучаць усе гэтыя дзеянні з нуля – цяглічная памяць цела Быхоўскага рабіла ўсё сама. Зоя адчувала сябе начальнікам – яна проста давала загады, а цела іх выконвала, паўтарала тое, што рабіла гадамі. Прысутнасці самога Быхоўскага ў сваёй галаве Зоя не адчувала. Не было ніякага ўнутранага голасу, які б крычаў: «Выпусці мяне!» – як гэта любяць паказваць у кіно ці кнігах. Розум дзяўчыны ўзаемадзейнічаў з памяццю цела Быхоўскага наўпрост, без пасярэднікаў.

Зоя пад пільным наглядам раззлаванай жонкі Быхоўскага хутка праглынула прыгатаваную яешню, накінула скураны плашч, узяла з вешалкі фуражку і выйшла з кватэры, не сказаўшы ані слова. Дзяўчына вырашыла, што варта менш размаўляць, каб як мага даўжэй не выдаваць сябе.

Калі Зойка выйшла з дома на двор, то спачатку падумала, што зноў вярнулася ў Мінск свайго часу. Але радасць хутка сышла, калі дзяўчына пачала ўглядацца ў дэталі.

Быхоўскі жыў на вуліцы Карла Маркса, якая, здавалася, мала змянілася з даваеннага часу. Такі ж асфальт, такія ж невысокія дамы з дробнымі крамкамі на першых паверхах, гэтак жа сама прыпаркаваныя на ўзбочынах аўтамабілі. Толькі калі ўважліва паглядзець, становіцца зразумела, што надпісы на шыльдах крам незнаёмыя. Напрыклад, што гэта за звер такі – «Менхарчгандаль»? Машыны ўсе старых марак і па выглядзе нібы з музеяў узятыя. Дый і дамы на праўду аказаліся не такія ўжо і знаёмыя. Напрыклад, такога шэрага прастакутніка з вялікім надпісам «АТС» пад дахам дзяўчына на вуліцы Карла Маркса прыпомніць не магла.

Зойка зрабіла некалькі няпэўных крокаў па вуліцы і нарэшце дадумалася агучыць у думках загад: ідзі на службу. Цела Быхоўскага падпарадкавалася, і хромавыя боты хутка пакрочылі па маставой у бок будынка Народнага камісарыята ўнутраных спраў. Зойка адчувала сябе пасажырам экскурсійнага аўтобуса і толькі азіралася па баках. Цэнтр гэтага Мінска не надта адрозніваўся ад таго старога Мінска, якім яго ведала дзяўчына. Адзінае што праспект Незалежнасці – называўся ён тут Савецкай вуліцай – быў значна вузейшы, тут хадзіў трамвай і забудавана вуліца была менш маштабнай архітэктурай, чым цяпер.

– Якое цяпер? – Зоя раптоўна абарвала назіранні за горадам. Цела Быхоўскага ад нечаканасці спынілася. – Цяпер, – дзяўчына мімаволі звярнулася да суфлёра ў галаве. – Цяпер трыццаць сёмы год, і як трапіць у тое іншае цяпер, невядома.

Па шчацэ лейтэнанта дзяржбяспекі пакацілася сляза. Зоя змахнула яе рукой у скураной пальчатцы і азірнулася. Яна стаяла перад будынкам, які за дзесяцігоддзі не памяняўся – у яе часы тут размяшчалася міністэрства ўнутраных спраў, а цяпер – наркамат усё тых жа спраў. Дзяўчына рушыла да ўвахода на рагу дома. Над высокімі дзвярыма на ўзроўні даху стаяла статуя жанчыны ў атачэнні двух дзетак. Зойка ведала, што гэта багіня ўрадлівасці Дэметра, усталяваная на будынку яшчэ да рэвалюцыі, калі тут размяшчалася земляробчае таварыства ўзаемадапамогі.

Вартавы ля ўвахода пры набліжэнні Зоі ў целе Быхоўскага адчыніў цяжкую створку. Дзяўчына павіталася з міліцыянерам і ўвайшла ўнутр. Тут знаходзіўся яшчэ адзін пост аховы. Зоя машынальна дастала з унутранай кішэні пасведчанне НКУС і запісалася ў журнал наведванняў. Мімаходзь яна заўважыла, што почырк, якім выводзіла сваёімя рука Быхоўскага, таксама быў не падобны да яе ўласнага.

Зоя рушыла па вялікім фае ў бок галоўнай лесвіцы. З пралёта ёй насустрач хутка спускаўся малады мужчына ў форме з сяржанцкімі квадратамі ў пятліцах. Пабачыўшы дзяўчыну, мужчына гучна на ўсю залю прамовіў:

– Ты здурэў, Быхоўскі? – амаль крычаў Кунцэвіч – Зоя з дапамогай суфлёра ў галаве ўзгадала прозвішча мужчыны. – Дзе ты швэндаешся? Праз хвіліну нарада ў галоўнага!

– Здароў. Зараз буду, – толькі і адказала Зойка.

– Давай, не затрымлівайся, – Кунцэвіч зло глянуў на Зою – яго акруглы шырокі твар з прыўзнятым носам-бульбінай у гэты момант быў падобны да пысы маладога бульдога.

* * *

У прыёмнай наркама Зоі стала адразу моташна. З два дзясяткі мужчын у форме моўчкі чакалі пачатку нарады ў даволі цесным памяшканні. Было душна, і ноздры рэзаў густы пах мужчынскага поту. З-за дзвярэй начальскага кабінета даносіўся зычны голас Бермана. Наркам з мацюкамі і пагрозамі прабіраў кагосьці па тэлефоне.

Нарэшце наркам кінуў трубку – адчайны звон апарата пачулі ўсе. Зойка засумнявалася, ці застаўся ён цэлы. Вялікая створка прыадчынілася, і пачуўся голас:

– Усе тут? Давайце.

Мужчыны з прыёмнай гэтак жа моўчкі, як стаялі, перамясціліся ў велічэзны кабінет наркама. Суворыя следчыя ў шэра-зялёных гімнасцёрках і рыпучых партупеях выстраіліся сціпла каля сценкі і нясмела пазіралі на начальніка. Берман жа выглядаў надзіва спакойным, нягледзячы на нядаўнюю лаянку.

– Дазвольце зачытаць даклад па… – быў пачаў Воўчак, непасрэдны начальнік Быхоўскага, але наркам прыпыніў яго жэстам.

– Канчай. Не да гэтага.

Берман паправіў каўнер гімнасцёркі з камісарскімі ромбамі ў пятліцах, азірнуў натоўп следчых прыжмураным вокам і пачаў:

– Хуёва работаеце, таварышы, – спакойны тон наркама не прадвяшчаў нічога добрага. – Зверху сказалі, што наша ардэнаносная рэспубліка, наша родная Савецкая Беларусь адстае! Блядзь, вы ўяўляеце, адстае! І ў чым? У справе выяўлення ворагаў савецкага народа. А гэта значыць, што не рэспубліка адстае, а наш наркамат адстае! Лічбы, блядзь, храмаюць! Таварыш Яжоў даручыў нам лічбы, партыя зацвердзіла, а вы, прыпіздкі, іх не выконваеце. Міндальнічаеце з ворагамі. У джэнтльменаў гуляеце. Думаеце, ворагі б сталі з вам цырымоніцца, калі б іх планы здзейсніліся? Бац і ўсё!

Наркам склаў далонь у імправізаваны пісталет і стрэліў у Воўчака, той нервова хмыкнуў.

– Трэба працаваць, як Быхоўскі, – Берман тыцнуў пальцам у бок Зоі. У дзяўчыны ўнутры ўсё пахаладзела, яна злавіла на сабе некалькі злых позіркаў ад калег Быхоўскага. – О-о-о, я бачыў, як лоўка ён раскалоў аднаго нацдэмчыка, – працягнуў Берман. – Хрусь і папалам, – наркам засмяяўся. – На ордэн ідзеш, Быхоўскі! Толькі трэба яшчэ папрацаваць. Усім вам трэба папрацаваць, іначай мне піздзец. А калі мне піздзец, то вам зусім не пазайздросціш. Там, – Берман махнуў рукой угару, – намякаюць на тое, што, можа, і ў нас у органах засела контра. Можа, таму мы лічбы не даем? Памятайце пра гэта, саколікі. З сённяшняга дня, з гэтага самага моманту ніхто, блядзь, не выйдзе з канторы, пакуль не выканае план! Панятна? А цяпер па месцах.

Зашоргалі па дубовым паркеце хромавыя боты – натоўп следчых накіраваўся да выхаду. Зоя пераступала з нагі на нагу, знаходзячыся ў паўшокавым стане. Толькі цяпер яна насамрэч зразумела, у якую пастку патрапіла. Дзяўчына цудоўна ведала, пра якія лічбы казаў наркам. Яна чытала пра іх у кнігах і артыкулах. Лічбы рэпрэсаваных, якія спускаліся зверху. Вінаваты, не вінаваты – нікога не цікавіць. План ёсць план.

Незаўважна каля Зоі з’явіўся Воўчак, узяў пад локаць і пачаў хрыпаватым паўшэптам нагаворваць:

– Быхоўскі, блядзь, не падвядзі. Там твае нацфашысты засталіся, ты ж з імі па-хуценькаму. Прашу, – у голасе начальніка адчуваўся непрыхаваны адчай, – не зробім лічбы – самі туды сядзем. Ён жа разбірацца не будзе. Быў ордэн, стане ордэр.

Зоя ківала галавой і ліхаманкава думала, што рабіць, як выкруціцца. У мітусні Воўчак адстаў, і да кабінета Быхоўскага дзяўчына ішла адна. У роспачы прайшла невялікі пакой наскрозь і стала каля акна, што выходзіла на галоўную вуліцу Мінска. Па маставой звінелі трамваі і праносіліся легкавікі, але дзяўчына іх не заўважала. Яна паглыбілася ў змрочныя думкі.

Метады працы Быхоўскага з ворагамі Зоя ведала добра са сведчанняў тых, хто цудам выжыў у віры рэпрэсій. Гэты тып пакінуў пра сябе злавесную памяць. І праз дзясяткі гадоў было жудасна чытаць пра тое, што ён рабіў з вязнямі турмы НКУС, каб выцягнуць з іх прызнанне.

Нечакана дзверы адчыніліся і ў кабінет уварваўся малады белавалосы хлопец у форме канвойнага.

– Ну што? Заводзіць першага? – вочы маладзёна гарэлі агнём нецярплівасці.

Філістовіч, узгадала Зоя. Малодшы памагаты з аддзелу Быхоўскага.

– Так, – нясмела адказала дзяўчына.

Хлопец знік у калідоры, пакінуўшы дзверы кабінета адчыненымі. Зоя глянула ў чорны прастакутнік выхаду і зрабіла першы крок у кірунку пакоя для допытаў.

* * *

Гэты пакой не меў вокнаў. Сцены яго былі пафарбаваныя зялёнай алейнай фарбай, а падлога пакрытая кафляй. Пасярод памяшкання стаяў стол з лямпай, з двух бакоў стала, адно насупраць другога, стаялі два крэслы. На адным з іх сядзеў першы паддопытны.

Зоя пазнала яго, як толькі ўвайшла ў пакой. Гэта быў Алесь Дудар. Ужо не такі малады, як на фотаздымках 1920-х, кудлаты, са шматдзённай шчацінай на шчоках. Чым даўжэй дзяўчына ўглядалася ў твар паэта, там больш халадзела яе нутро. Пад вачыма Дудара набухлі сінія мяшкі, вусны растрэскаліся, нос быў чырвоны і пахілены трохі набок, правае вуха парванае, а з вушніцы да шыі цягнуўся след закарэлай крыві. Рукі былі скручаны за спінай, вочы заплюшчаны, здавалася, што паэт спіць.

У кроку за крэслам Дудара стаяў Філістовіч. Было бачна, што малады чалавек ледзь не падскоквае ад нецярпення. Так яму хацелася хутчэй пачаць допыт.

Зоя з цяжкасцю прымусіла сябе зрабіць крок да стала, затым павольна апусцілася ў крэсла і ўздыхнула. Філістовіч увесь гэты час не зводзіў вачэй з твару Быхоўскага – чакаў сігналу, здагадалася Зоя. Дзяўчына апусціла зрок на тэчку, што ляжала на стале ў святле лямпы, і ў гэты момант Філістовіч пачаў дзейнічаць – відаць, прыняў гэты позірк за пачатак допыту.

Хлопец зрабіў крок да Дудара, запусціў далонь у паэтаву шавялюру на патыліцы і з усяго маху даў галавой аб стальніцу. Пачуўся хруст, з носа пырснула густая кроў у перамешку са сліззю.

– Не спаць! – гаркнуў Філістовіч, і на яго твары з’явілася злосная ўсмешка. Ён паглядзеў на Зою, шукаючы адабрэння, маўляў, зірніце, як я яго.

Ад нечаканасці ўчынку канвойнага сэрца дзяўчыны сышло ў пяткі. Ад віду крыві закружылася галава і пацягнула ванітаваць, але Зоя з усяе моцы стрымлівала позыў. Яна пацягнулася да асадкі, што ляжала на стале і пачала яе вярцець у руках, пільна ўглядаючыся ў блікі лямпы на чорным эбанітавым корпусе – абы не глядзець на скрываўлены твар Дудара.

– Выйдзі, – прашаптала Зоя.

– Што? – не адразу пачуў Філістовіч.

– Я сказаў, выйдзі, – цвёрда паўтарыла дзяўчына.

– Так точна, – хлопец перавёў позірк з твару на асадку, якую Зоя круціла ў руках, і падміргнуў. Маўляў, зразумела, як Быхоўскі далей будзе весці допыт.

Цяжкія дзверы зарыпелі, і канвойны выйшаў у калідор. Толькі тады, калі створка з металічным грукатам зачынілася, Зоя дала волю пачуццям і зарыдала. Праплакаўшы хвіліну, яна выцерла вочы рукавом гімнасцёркі Быхоўскага і паглядзела на Дудара.

Той, здавалася, працягваў спаць, апусціўшы галаву долу. Толькі цяпер з растоўчанага носа звісала даўгая нітка крыві.

– Алесь, – Зоя першы раз нясмела звярнулася да паэта. – Алесь Дудар.

Той працягваў ледзь чутна сіпець пашкоджаным носам і, здавалася, не звяртаў ніякай увагі на дзяўчыну.

– Алесь, – гучна шаптала Зоя, – я насамрэч не гэты Быхоўскі, якога вы ведаеце. Я з будучыні, мяне завуць Зоя Камінская, я трапіла ў яго цела выпадкова, – Зоя казала і адначасова разумела наколькі дзіка гэта гучыць: дзяўчына з будучыні ў целе ката. – Мы там, у будучыні, вывучаем вашу творчасць у школах, ва ўніверсітэтах, пішам пра вас кнігі.

Дудар маўчаў.

– Вы… вы мой любімы паэт, – Зоя зноў расплакалася, па твары следчага Быхоўскага адна за адной пацяклі слёзы.

– Я не знаю, што будзе заўтра, – ціха зацягнула дзяўчына, – Мне сягоння апошняй мяжой...

Дудар раптам кашлянуў і захрыпеў:

– Не…

Зоя замоўкла і скіравала ўсю сваю ўвагу на паэта.

– Не іграйце са мной, таварыш следчы. У вас дрэнна атрымліваецца.

– Але я насамрэч не ён… – тыраду Зоі перарваў зацяжны кашаль Дудара – стол перад ім пакрыўся дробнымі кропелькамі крыві.

Дзяўчына замаўчала і ўзялася рукамі за галаву.

– Я вас вызвалю, – прашаптала Зоя, – я вас абавязкова вызвалю.

Некалькі хвілін дзяўчына разглядала Дудара, які зноў вярнуўся да стану паўсну – звесіў галаву на грудзі і павольна сіпеў носам. Затым яна паднялася і адчыніла дзверы.

– Выведзі яго, – сказала Зоя Філістовічу. Радасны хлопец зайшоў у пакой паглядзець на вынікі допыту, але хутка вярнуўся і запытальна паглядзеў на дзяўчыну.

– Ён падпісаў?

– Не. Выведзі яго, – у вачах Філістовіча чыталася неразуменне і нават расчараванне. З падказкі суфлёра Зоя ведала, што малады канвойны захапляўся метадамі Быхоўскага і ва ўсім хацеў быць падобным да яго, як кажуць, глядзеў у рот. Зараз, відаць, кумір расчараваў паслядоўніка.

Філістовіч зло штурхнуў Дудара, так, што той проста вываліўся з крэсла. Маладзён уздзёрнуў паэта з падлогі і пацягнуў да выхаду. Дудар ледзь трымаўся на нагах. Калі паэта правялі міма Зоі, той узняў галаву і паглядзеў на дзяўчыну. Зоі падалося, што ў тым позірку стомленых чырвоных вачэй на імгненне мільганула іскарка надзеі.

* * *

Наступным паддопытным быў Міхась Чарот. У Зоі апусціліся рукі, калі яна пабачыла змардаванае аблічча паэта, якога ўводзіў у пакой Філістовіч. Усе, каго яна ў апошнія гады ўшаноўвала на вечарах памяці, чые вершы чытала на імпрэзах, усе былі тут, і пакуль што жывыя. Пакуль што.

Канвойны шпурнуў Чарота ў крэсла і з усяго размаху заляпіў аплявуху.

– Павітайся з таварышам следчым, сука!

Паэт прахрыпеў нешта ледзь чутнае.

– Не чую, – Філістовіч пляснуў далонню па твары Чарота другі раз.

У Зоі ад злосці далоні сціснуліся ў кулакі, яна ўжо паднялася з месца каб спыніць памагатага, але раптам дзверы ў пакой адчыніліся і на парозе паказаўся сілуэт наркама.

– Быхоўскі, блядзь, я цябе не пазнаю – ужо гадзіна прайшла, а ніводнага пратакола не падпісана. Што за хуйня, Быхоўскі? – тон Бермана быў яшчэ паблажліва-спакойны, але ў ім ужо праскоквалі ноткі ярасці.

– Стараюся, – Зоя расціснула кулакі.

– Хуёва стараешся. Мне тут далажылі, – наркам зірнуў на Філістовіча, – што ты нават не выкарыстоўваеш свае метады ўздзеяння, за якія я цябе хваліў перад усімі. Паўтараю другі раз: што за хуйня, Быхоўскі?

– Я… – Зоя адчувала, што ходзіць па краі. – Учора…

– Што ты ўчора нажраўся, я ведаю. Але твае дружкі, з якімі ты паддаваў, ужо закрылі па дзве-тры лічбы. Кунцэвіч і той траіх ужо апрацаваў, а ты з гэтым цацкаешся.

Берман нечакана падышоў да Чарота і з адцяжкай ударыў таму кулаком у твар. Галава паэта бязвольна хіснулася.

– Вось так трэба працаваць, Быхоўскі! – наркам пацёр выцятыя касцяшкі пальцаў. – Давай, блядзь, працягвай допыт, а я пагляджу.

Зоя пад позіркамі Бермана і Філістовіча наблізілася да стала. Яна не думаючы стала перабіраць тэчкі са справамі зняволеных. Танюткія кардонкі ўтрымлівалі ў сабе літаральна па некалькі паперак: санкцыю пракурора на арышт, пратакол арышту і вобшуку, пратакол допыту.

Звычайна апошні дакумент быў пусты. Справа Чарота была такая ж танюткая, як і астатнія.

– Ты што, хочаш яму ў жопу паперу засунуць, блядзь? – прарычаў Берман. – Я не поняў, цябе вучыць трэба, як весці допыты? Быхоўскі, блядзь, у мяне мала часу.

Зоя паклала тэчку на стол і падышла да Чарота. Паэт прыўзняў галаву, каб паглядзець, хто засланіў святло лямпы. На пасінелым ад пабояў твары прарэзалася няўлоўная ўсмешка.

– Таварыш следчы, – ледзь чутна прахрыпеў Чарот, – я не вінаваты.

Зоя азірнулася на Бермана. Той глядзеў на дзяўчыну, зло насупіўшы бровы, у позірку Філістовіча, які стаяў побач з наркамам, чыталася зларадства. Дзяўчына адчула, як у глыбіні яе галавы нараджаецца тоненькі галасок: «Дай толькі загад – і я ўсё зраблю. Адзін загад – і ўсё скончыцца», – пішчэў гэты галасок, у якім чыталіся інтанацыі Быхоўскага. Зоя разумела, што, сапраўды, варта ёй толькі падумаць – і цела следчага, натрэніраванае за сотні допытаў, зробіць усё як мае быць. Апрацуе Чарота да паўсмерці, выдрапае з яго прызнанне на пацеху Берману і Філістовічу. Адзін знак – і на яе не будуць глядзець як на ворага, зразумеюць, што яна свая.

Зоя страсянула галавой і адкінула думку як мага далей у глыбіні розуму.

– Блядзь, Быхоўскі, хуй з табой, – разарваў цішыню наркам. – Канчай гэты цырк. Бачу, ты сапраўды стаміўся за гэтыя дні. Бывае. Адпачні гадзінку – і за справу, – Берман па-бацькоўску пахлопаў Зою па спіне. – Толькі далей без фокусаў.

– Выведзі яго – і свабодны на гадзіну, – кінула дзяўчына Філістовічу, калі наркам выйшаў за дзверы. – Ты ўсё чуў.

Зоя выйшла на калідор і накіравалася ад допытных камер у бок адміністрацыйнай часткі будынка. За паваротам яна ледзь не наляцела на Кунцэвіча. Той мыў скрываўленыя рукі ва ўсталяваным на калідоры ўмывальніку. Дзяўчына выбачылася, але калега ў адказ прамаўчаў і, зло ўсміхнуўшыся, праводзіў Зою позіркам. Злавеснасці яго ўхмылцы дадавалі дробныя плямкі крыві, што пакрывалі твар следчага.

* * *

Як толькі Зоя аказалася ў кабінеце Быхоўскага, то адразу зачыніла за сабой дзверы на засаўку. Пра адпачынак не было гаворкі, дзяўчына ліхаманкава думала, што рабіць далей. Яна пачала аглядаць паліцы шафаў і шуфляды стала, што стаялі ў кабінеце. Можа, што-небудзь знойдзенае дасць адказ, як дзейнічаць?

У першай жа шуфлядзе стала ляжаў чорны рэвальвер – узнагародны «наган», аб чым сведчыла медзяная таблічка на рукаятцы. Зоя ўзважыла зброю ў руцэ. Унутраны суфлёр падказаў ёй, што Быхоўскі быў неважнецкім стралком. Да таго ж у барабане рэвальвера было толькі сем патронаў, і не факт, што ўсе баявыя. Тым не менш дзяўчына паклала наган у кішэнь галіфэ. На ўсялякі выпадак.

Зоя працягнула пошукі, і ў гэты момант зазвінеў тэлефон на стале. Дзяўчына аслупянела, некалькі імгненняў вагалася, браць трубку ці не, але затым падумала, што гэта можа быць начальства, і падышла да апарата.

– Слухаю.

– Віця, гэта ты? – запытаў незнаёмы жаночы голас на тым баку. Зоя зразумела, што гэта была не жонка Быхоўскага. – Я цябе ўчора ўвесь вечар чакала, а ты не прыйшоў. Віцечка, давай ты сёння прыйдзеш. Я вельмі сумую.

Унутраны суфлёр нарэшце адкапаў для дзяўчыны інфармацыю – званіла палюбоўніца Быхоўскага, былая машыністка з наркамата Марыся.

– Я казаў: не звані мне на службовы, – адрэзала Зоя і кінула трубку. Затым агледзела апарат і вырвала з яго шнур, які звязваў тэлефон з сеткай. Больш ніхто не пазвоніць.

Дзяўчына працягнула пошукі па кабінеце. На паліцы знайшоўся стос розных афіцыйных бланкаў, які зацікавіў Зою. Яна раскідала паперы па стале і пачала ліхаманкава шукаць патрэбнае. Вось! Бланк перавода вязня з турэмнай камеры на допыт. НКУС быў надзвычай бюракратызаванай структурай, любы крок павінны быў мець папяровае пацверджанне.

Зоя адкінула лішнія паперы, узяла асадку, абмакнула ў чарніла і ў графе «імя паддопытнага» вывела: Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч. Сапраўднае імя Алеся Дудара. Паставіла роспіс. Намацала ў шуфлядзе скрынку з пячаткай і зрабіла адбітак. Заставалася адна дробязь – роспіс начальніка. Дзяўчына пачала корпацца ў паперах на стале і нарэшце вывудзіла патрэбны дакумент з подпісам Воўчака. Прыкінула, як весці пяром, зрабіла некалькі спроб на іншым аркушы і нарэшце скапіявала подпіс начальніка на бланк. Атрымалася амаль неадрозна.

Зоя машынальна пагайдала паперай у паветры, каб чарнілы хутчэй высахлі, і паклала бланк у кішэнь гімнасцёркі. Зірнула на гадзіннік на сцяне – прайшло ўсяго пятнаццаць хвілін «адпачынку».

Дзяўчына намацала рэвальвер у кішэні, глыбока ўздыхнула, адчыніла дзверы кабінета і выйшла ў калідор.

Зоя вырашыла ісці да ўнутранай турмы не праз допытныя камеры, адкуль толькі прыйшла, а праз двор, каб не наткнуцца на калег Быхоўскага. На вуліцы было пахмурна, цяжкія свінцовыя хмары навіслі над цэнтрам Мінска. Дзяўчына ішла па забрукаванай пляцоўцы, аточанай карпусамі НКУС, і азіралася па баках у пошуках магчымага шляху ўцёкаў.

Вялікая брама для грузавога транспарту, праз якую завозілі новых арыштаваных, была пад прыглядам двух узброеных вартавых. У двары стаялі два грузавікі з прастакутнымі кузавамі. Зоя з расчараваннем даведалася ад унутранага суфлёра, што Быхоўскі не ўмее імі кіраваць. Легкавых машын у двары не было.

Дзяўчына наблізілася да цыліндрычнага будынка з вузкімі вокнамі-байніцамі – унутранай турмы НКУС, якую ў літаратуры пра рэпрэсіі заўжды называлі «амерыканкай». Ля ўвахода стаяў вартавы, якому Зоя працягнула пропуск. Унутры недалёка ад дзвярэй размяшчаўся кабінет начальніка турмы. Зоя накіравалася туды, на хаду выцягваючы з кішэні падроблены бланк.

Сакалоў, так звалі начальніка, быў на месцы. Калі Зоя зайшла, той наварочваў суп з металічнай міскі.

– О, якія людзі! – узрадаваўся начальнік. – Сам Быхоўскі пажалаваў! Якім лёсам?

– Мне патрэбны Дайлідовіч, – сказала дзяўчына максімальна будзённым тонам і працягнула бланк.

– А дзе гэты твой шныр? – Сакалоў узяў паперу з рук Зоі і, амаль не гледзячы, падмахнуў свой подпіс. – Як яго там? Філістовіч! Бегаў тут пастаянна па кліентаў.

– Адпачывае. Стаміўся.

– Ясна-панятна, – Сакалоў падміргнуў дзяўчыне. – Што ж, пойдзем.

Начальнік падняўся, паклікаў вартавога, які стаяў недалёка, і разам з Зояй яны пайшлі да патрэбнай камеры. Зазвінелі ключы, створка пасунулася ўбок, і перад дзяўчынай адкрылася жудасная карціна: усё невялікае памяшканне камеры было забіта людскімі целамі. Абадраныя, скрываўленыя людзі проста не маглі апусціцца на падлогу, бо там не было месца не тое каб легчы, а нават каб шырэй паставіць ногі. Вартавы ўзяў ружжо ў дзве рукі і прытрымліваў спіны зняволеных, каб тыя не вываліся за межы камеры праз дзверы.

– Давайце сюды мне гэтага вашага Дудара, – пракрычаў Сакалоў.

Натоўп зашоргаў, і праз некалькі імгненняў у праёме паказалася знаёмае аблічча. Зоя ледзь стрымлівала слёзы. Начальнік рэзка выцягнуў Дудара з людской масы і перадаў дзяўчыне.

– Вось твой Дайлідовіч, – Сакалоў грэбліва абцёр далоні аб галіфэ і даў загад вартавому зачыняць камеру. – Вы ж давайце з імі там хутчэй, а то ў мяне хата не гумовая. А тут яшчэ і новых абяцаюць прыслаць.

– Так, – толькі і змагла адказаць Зоя. Яна падтрымлівала цела Дудара, які з цяжкасцю трымаўся на нагах.

– Табе дапамагчы? – начальнік заўважыў, што паэт хутка паваліцца.

– Не, я сам, – Зоя пацягнула Дудара да выхаду, праз які нядаўна заходзіла.

– А чаму туды? Допытныя ж там, – зноў запытаў Сакалоў.

Дзяўчына зразумела, што ў начальніка турмы пачалі нараджацца пэўныя падазрэнні.

– Ды новенькіх практыкантаў раптам прывялі. Хачу ў сябе паказаць ім, як трэба працаваць, – зманіла дзяўчына.

– А-а-а, ну, справа добрая, плённай працы! – хмыкнуў Сакалоў і пайшоў да свайго кабінета.

Калі Зоя з Дударам пакінулі будынак турмы, на вуліцы ўжо пачынаўся дождж. Дзяўчына накіравалася да бліжэйшага двухпавярховага корпуса. З памяці Быхоўскага яна ведала, што там знаходзіцца службовы выхад на вуліцу, каля якога звычайна быў толькі адзін вартавы. Зоя на хаду намацала рукаятку нагана і дастала яго з кішэні.

Дзверы ў корпус былі адчыненыя, і ніхто іх не ахоўваў. Дзяўчына навалілася на створку плячом і апынулася ў даўгім калідоры, які быў ярка асветлены электрычнымі свяцільнямі.

– Хутка будзем на волі, – прашаптала Зоя. Дудар маўчаў.

Дзяўчына літаральна ўзваліла паэта на спіну і павольна пайшла ўздоўж калідора ў бок іншага выхаду. З кожным зробленым крокам ноша станавілася цяжэйшай. Зоя пачала заўважаць, што святло ад лямпачак стала настолькі яскравым, што балюча было проста глядзець наперад. Дзяўчына заплюшчыла вочы і працягнула хаду ўсляпую. Скроні і лоб Зоі пакрыліся потам, вочы залівала пякучая вадкасць. Дзяўчына змахнула пот рукой, у якой трымала пісталет, не разлічыла наступны крок, страціла раўнавагу і грымнулася разам з Дударам на халодную падлогу. Цела паэта навалілася на спіну Зоі так, што ёй цяжка было зварухнуцца. Не было чым дыхаць. Дзяўчына адкінула пісталет і выцягнула наперад руку, каб хоць за штосьці ўчапіцца і паспрабаваць вызваліцца з-пад цяжару. Нічога не было. Сама падлога, здавалася, растварылася ў паветры. Зоя расплюшчыла вочы і не пабачыла нічога, апроч нясцерпна балючай белі.

* * *

У кволым водбліску падсветкі мабільніка быў бачны толькі заклапочаны твар Грышкі.

– Зоя, Зоя, ты мяне чуеш? – прыгаворваў хлопец і лёгка пляскаў дзяўчыну па шчоках.

– Хопіць! – Зоя падняла руку, каб засланіць твар, хлопец тут жа прыпыніў свае рэанімацыйныя дзеянні.

– Я думаў, у цябе прыступ, – Грышка імгненна адхіліўся і вінавата паглядзеў на Зою.

Дзяўчына кінула на яго адзін толькі позірк і пачала ліхаманкава азірацца па баках. Дудара не было, пісталета не было, белага святла не было. Зоя глянула на сваю далонь – звычайная дзявочая рука. Яе рука. Вакол быў цёмны неасветлены тунэль пад МКАД, і шум руху шматлікіх машын працінаў яго наскрозь.

– Што здарылася? – спытала дзяўчына.

– Я… – нясмела пачаў Грышка, – я вырашыў таксама закончыць работу. Ішоў за табой. Калі ты зайшла ў тунэль, там раптам пагасла святло. Я кінуўся ўслед, а тут ты ляжыш.

Дзяўчына рэзка павярнула галаву ў бок супрацьлеглага выхаду і краем вока зачапіла нейкі цень, які прамільгнуў на фоне праёма. Зоя міргнула – і ад ценю не засталося і следу.

– Тут нікога больш не было?

– Здаецца не, – здзіўлена адказаў Грышка. – З табой усё добра?

– Так, – адказала Зоя. Грышка працягнуў руку і дапамог ёй падняцца. – Са мной усё добра.

Хочаш дапамагчы часопicу?

Андрэй Пакроўскі