Андрэй
Латыголец
Ніколі Не Прыручай Звера
Цяпер ужо дакладна ніхто і не ўзгадае, калі людзі пачалі зачыняцца ў сваіх кватэрах-логвішчах і выходзіць на двор бліжэй да вечара, як толькі зоры на небе запальвалі трывожныя сігнальныя маячкі, нібыта і там, у далёкіх галактыках і сонечных сістэмах, адбылося штосьці жахлівае і Сусвет, бы змовіўшыся, пасылаў сюды – на Зямлю – мірыяды паведамленняў SOS.
Ванька таксама не памятаў, калі тое было. Ужо як з год ён прызвычаіўся рабаваць краму па суседстве. Яшчэ напярэдадні глабальнай пандэміі гаспадар «Прадуктовага» павесіў на дзверы замок і змыўся ў нявысветленым накірунку.
Добра, што крама знаходзілася пад самым акном Ванькінай двухпакаёўкі, і ён у свой час нядрэнна пасябраваў з Элькай, тлустай прадаўшчыцай, якую пры выпадку любіў ушчыкнуць за дупу; нават колькі разоў прыводзіў да сябе на гэтак званую «палачку гарбаты». Цяпер жа здавалася, тыя часы прайшлі, як і не было. Дзе ўжо зараз тая таўстазадая прадаўшчыца Элька і негаваркі гаспадар Эдзік?
Неяк, падчас чарговага рандэву, Элька на п’яную галаву прагаварылася, што хавае ключ ад склада ля рампы пад гумавым кілімком, каб раніцай хутчэй адчыняць дзверы, і ўрэшце дзе-небудзь не згубіць яго – дурная задума, але няхай гэта будзе на яе сумленні. Не дзіва, што адразу пасля таго, як свет пайшоў на скрут, а ў краіне ўсцяўся сапраўдны пярэпалах – Ванька прыбраў ключ сабе.
Зараз жа вокны ў краме павыбівалі і шчыльна абрабавалі яе невялікае прастакутае памяшканне. Да складу ж ніхто дабрацца не даўмеў. Ніхто, акрамя Ванькі.
Добрая справа. У жыцці яму асабліва ніколі не шанцавала. У школе яго цкавалі за знешні выгляд: ён панкаваў і фарбаваў свае кучаравыя валасы; у войску даймалі «дзяды», а на працы ён так і не прапіхнуўся далей слесара пятага разраду. Таму, калі пачалася ўся гэтая трасца з вірусам, урэшце і на Ванькінай вуліцы адбылося свята.
Цяпер жыццё біла ключом і хлопцу было ніштавата. Днём ён граў у «плойку», а па вечарах браў сабе пляшку чаго крапчэйшага, глядзеў фільмы, і ўжо без энтузіязму мастурбаваў на порна, якое паспеў напампапваць, пакуль канчаткова не злёг увесь Інтэрнэт, амаль адразу з наступствамі сусветнага крызісу і з’яўленнем вампіраў першай хвалі.
Лічылася, што людзі, якія адразу падхапілі і перахварэлі COVID-19, разам з вірусам перанялі ад кажаноў якісьці дужа небяспечны ген, і ўжо праз год пачалі хварэць зноў, паступова адмаўляючыся ад натуральнай ежы. Неўзабаве пачасціліся выпадкі нападаў пацыентаў на звычайных, здаровых людзей, якіх масава дастаўлялі ў шпіталі са шматлікімі ўкусамі па ўсім целе. Потым і наогул пачалося сапраўднае паляванне. Вампіры, як з ланцуга сарваліся. Нападалі і кусалі, ледзь запрыкмеціўшы ахвяру. Па дзіўным збегу абставінаў, крывасмокі былі асабліва актыўнымі днём, пад вечар жа, набегаўшыся па вуліцах горада, хаваліся ў цёплых падвалах і адпачывалі, набіраючыся сіл.
Але тут, на сваім раёне, Ванька ўжо даўно іх не назіраў.
Спачатку, выходзіў на двор апоўначы, а потым, трохі асмялеўшы, вылазіў пасля шасці.
Яму пашчасціла, напярэдадні закрыцця крамы на склад пад завязку завязлі тавар. Хлопец адразу скеміў, што ўвесь гэты крызіс на доўга, таму зрабіў імгненную рэвізію, падлічыўшы колькасць пітва і ежы, ён вырашыў эканоміць. Браў не больш за паўтара літры алкаголю: піва, чарніла, віна і гарэлкі.
Чыпсы і арэхі скончыліся амаль адразу. Цяпер прыходзілася не грэбаваць і крупамі. Рыбу ён падчысціў за першы месяц.
А калі запасы пачалі сканчацца, бавіў час адной бутэлькай, і тое спрабаваў не дапіваць, каб засталося на другі дзень.
Як і ў гэты раз.
Ён выйшаў на двор пасля дзевяці. Восень ужо набліжалася да зімы і сваімі нахабнымі, халоднымі рукамі пранікала праз вопратку, выклікаючы дрыжыкі і раздражненне.
А ўрэшце добра, што сама па сабе адпала патрэба ў куплі зімовага абутку і капоты, думаў Ванька.
Грошай вялікіх у яго ніколі не вадзілася, а тут старыя бацінкі трэці год даношваў.
Аднак у краму заўжды выпраўляўся ўлегцы, нібыта злодзей. Апранаў ірваныя кеды, каб не пакідаць слядоў, пальчаткі і маску. Усё адно гаспадар не вернецца, а калі, крый Божа, усё ж і надумае аб’явіцца, да Ванькі ніякіх прэтэнзій не будзе. Хіба, што толькі Элька магла выдаць. Аднак хлопец шчыра спадзяваўся, што гэтая тлустая карова, ад якой вечна патыхала тытунем, даўно харчавалася крывёй.
Ванька ціха адамкнуў дзверы. На агульным калідорчыку нікога не было. Суседзі па пляцоўцы, бы сведкі Прышэсця, ад самага пачатку пандэміі амаль ніколі не выходзілі вонкі і нават смецце спраўлялі па вяроўцы цераз акно, прынамсі пры Ванькінай памяці. Як у іх хапала сродкаў на жыццё, ён не ведаў, але яму было дастаткова, што яны ніякім чынам яго не клапацілі, толькі часам грукалі ў батарэю, калі ён дужа гучна слухаў музыку.
На ліфце хлопец не ездзіў, гэта было рызыкоўна. Спускаўся з восьмага паверха па лесвіцы, кожны пралёт прыслухоўваючыся, ці няма каго побач. Часцяком, на чацвёртым паліў Фядун з 36-ай кватэры. Тый яшчэ даймала.
– Што, зноў вампаў карміць? – дэбільна падцкоўваў Ваньку сусед. Ужо б што новага прыдумаў, крэтын.
– Ды паветрам я падыхаць іду, адчапіся! – у звыклай манеры адказваў яму хлопец.
Але на гэты раз пранесла. У пад’ездзе нікога не было і ён спакойна сышоў на першы паверх.
Асцярожна адчыніў дзверы. Дамафон выдаў абрыдлы піскучы гук. Ванька хутка прычыніў за сабой і трохі пастаяў на ганку.
На двары было ціха. Крама віднелася адразу цераз дарогу. Невялікае памяшканне з аблезлым ужо надпісам «Прадукты» у двухпавярховым будынку «ЖЭСа».
Склад знаходзіўся якраз за ім, з тыльнага боку ад пад’езда.
Хлопец нішком, бы пацук, прашмыгнуў наперад, на імгненне прыпыніўся, зрабіў выгляд, быццам штосьці шукае ў кішэні, на выпадак, калі хто-небудзь глядзеў з акна кватэры на двор, і спрытна забег за брыль будынка. Як заўжды, як і кожны такі раз па вывераным уласным плане.
Добра, што склад размяшчаўся за крамай, ва ўнутранай утуліне будынка, і сюды не дасягалі ніякія дапытлівыя вочы.
Ванька адамкнуў засланку на жалезных дзвярах і павольна, каб шумам і грукатам не прыцягваць да сябе ўвагі, пачаў расчыняць іх. Спярша трэба было адчыніць адну палову дзвярэй, потым другую. Дзверы былі старыя і дужа рыпелі, калі праходзілі па ганку ніжняй часткай папярочкі.
Ванька не спяшаўся і акуратна прарабіў усе неабходныя махінацыі.
Аказаўшыся ўсярэдзіне, ён уключыў святло.
Склад і яго маёмасць былі на месцы. Хто тут яшчэ мог швэндацца? Але хлопец на ўсялякі выпадак рассыпаў па падлозе пачак мукі, каб адразу засведчыць, прыходзіў сюды хто-небудзь ці не.
На шчасце, па муцэ ступалі толькі яго ірваныя кеды.
Ванька ўсміхнуўся самому сабе і напрасткі пашыбаваў да стэлажоў з алкаголем.
Настрой быў выпіць віна. Белае скончылася. Прыйшлося выбіраць з таго, што ёсць.
Узяў чырвонага, айчыннай вытворчасці. Кошт на бутэльцы стаяў шэсць рублёў. Не Гішпанія, канешне, але піць можна.
Павярнуў да кансервантаў. Схапіў бляшанку алівак і марынаваных ананасаў.
Пастаяў на месцы і зноў вярнуўся да алкаголю. Піва было на зыходзе, а гарэлку браць не хацелася. Хлопец пачухаў патыліцу і ўчапіў яшчэ адну бутэльку віна.
Вырашыў паспытаць па палове ад кожнай, каб засталося на заўтра і выходзіць не прыйшлося.
Яго ўжо даўно не клапаціла, што ў сітуацыі, якая склалася ў краіне, дый наогул ва ўсім свеце – ён патроху співаўся.
А што вы прапануеце? Мяркуйце самі: на вуліцу выходзіць рызыкоўнай, паўсюль сноўдаюць гэтыя вампіры, простыя людзі пазбаўленыя ўсялякай інфармацыі акрамя той, якую падаюць па радыё – усім раяць не высоўвацца, сядзець па сваіх кухнях і радавацца тым, што ўсё не так і дрэнна, і ты яшчэ прынамсі жывы.
Ванька не нудзіўся. Яму ўсяго хапала. На працу не трэба. Грашовая неабходнасць адпала сама па сабе. Запасаў на складзе хопіць яшчэ няхай сабе і на год, а там паглядзім.
Ён пагасіў святло. Зачыніў дзверы і, вынурнуўшы з-пад брыля, зразумеў, што забыў апрануць маску.
Як жа хлопец ненавідзеў гэты наморднік. Спачатку ўвялі абавязковым насіць аднаразовыя маскі, потым з усялікімі клапанамі і фільтрамі, пакуль дзялкі ўрэшце не даўмелі рабіць на гэтым бізнес. Ванька насіў маску, якую яму выдалі яшчэ на заводзе і спецыяльна яе ня мыў. Што сказаць: ён асабліва і ў вірус гэты ня верыў, і ва ўсе наступствы, які з яго зыходзілі. Ён нават наўмысна хацеў захварэць і на ўласнай скуры адчуць, што ж гэта такое, быць носьбітам, як падавалі ў СМІ, шалёнай і небяспечнай заразы. Аднак ніякай трасца яго не брала. Здавалася, хварэлі толькі тыя, хто рабіў усе самыя неабходныя высілкі, каб засцерагчыся ад небяспкі, а лабідудаў кшталту яго – праносіла звышнатуральным чынам.
Ванька плюнуў і ступіў у цемрадзь двара. Па шляху да пад’езда было недалёка – усяго дзесяць-пятнаццаць крокаў і ён ля мэты.
Цень, які шугануў да яго з глыбіні начы быў невыразным. Спачатку хлопец наогул падумаў, што яму падалося, аднак гэтае звар’яцелае лясканне зубоў і галодны хрып звера, адразу абудзілі ў ім інстынкт самазахавання.
Вампір кінуўся на Ваньку знянацку і амаль напаткаў яго. Хлопец паспеў толькі выставіць перад сабой рукі і з усяя моцы мязнуў лоў-кік. Драпежнік адляцеў на метр, а калі праз імгненне пачуліся жаласлівыя ўсхліпы начнога ваўкалака, Ванька зразумеў, што звер быў асобінай жаночага полу.
– Я проста хачу есці... – данесліся да хлопца словы расчараванага кусакі.
Голас вампіра быў крыўдлівы, ад чаго Ваньку стала ніякавата.
Ён ніколі не біў жанчын, і якая тут розніца: пьюць яны кроў ці проста пазбаўленыя логікі.
– Сука, ты хацела мяне пакусаць? – пагардліва кінуў Ванька ў яе бок. – Тут, у маім двары? Адкуль ты ўзялася, брыдота?
– Есці, піць... Дзе ўсе людзі, чаму нікога няма? – скуголіў вампір.
– Курва, тупая! Каменданцкая гадзіна! Ты аб гэтым нічога не чула?
Вампір замаўчаў.
– Вось нястача, гэта ж зараз трэба «касманаўтаў» выклікаць. Акты, праверкі. Хто, адкуль? А я, між іншым, віна выпіць хацеў, «Last of us 2» паюзаць, «гуся ўрэшце падушыць». Вось жа падла якая! Усе планы на скрут... – пачаў услых жаліцца хлопец.
– Не трэба, – вампір падняўся з зямлі. – Я пайду, мяне тут не было, калі ласка, не кажы нікому!
– Ага, зараз жа...
Ванька ведаў, што без крыві вампіры маглі працягнуць не больш за тыдзень. Аднак колькі ім жыць і харчавацца ў такім рытме, яму было не вядома. Наконт вечнага жыцця хадзілі толькі жарты, маўляў, паглядзім праз гадоў сто, хто з гэтых крывасмокаў застанецца ў тым жа стане.
Хлопец уважліва прыгледзеўся да дзяўчыны. У суцэльнай цемрадзі цяжка было выразна разгледзець яе рысы, але адно ён засведчыў дакладна: дзяўчына была худой і ледзь ліпела на гэтым паўночным ветры і холадзе. І вочы, вочы мігцелі чырвоным агнём, бы ў якойсьці пякельнай коткі.
– Як цябе завуць? – пасля паўзы, для прыліку спытаў у яе Ванька.
– Арэвік... – ледзь чутна прамямліла тая.
– Гэта па-вашаму? Вы ўжо і імёны сабе выдумляеце?
– Гэта армянская імя, ёлуп. Мая маці армянка.
З-за шчыльнай начной заслоны цяжка было адразу ўгледзеў яе сярэднеазіяцкія карані. Толькі валасы – чорны, як смоль, чарней за гэтую самую ноч.
Хлопец насупіўся.
– Ну добра, Арэвік. Ідзі адсюль і больш не трапляйся мне! Я жыву ў гэтым двары з маленства, не хапала яшчэ, каб якаясьці сіфозніца вірусовая мяне тут пакусала. Пабачу яшчэ раз – так і ведай, засаджу кол між тваіх пляскатых грудзей! Не жартуй з гэтым! Ці чуеш?
Дзяўчына на крок наблізілася да яго.
– Хлопец, вазьмі мяне з сабой.
– Дурня знайшла. Ідзі, пакуль я не перадумаў!
– Ды дазволь хаця б абагрэцца і адпачыць! Мне і ісьці ўжо няма куды…
Ванька паглядзеў у вокны дома. Там-сям гарэла святло. А што, калі хтосьці ўжо сачыў за імі, тым самым засведчыў і выкрыў усе яго рабаўніцтвы і размовы з пракажоннай?
– Падыдзеш бліжэй – дам па зубах! – сур’ёзна прамовіў хлопец, і павольна пачаў адступаць да пад’езда.
Арэвік з сумам паглядзела, як ён падышоў да дома і сарамліва прашмыгнуў за дзверы.
Па лесвіцы Ванька ўздымаўся з трывогай. Вось дык нястача. Ніколі такога не было і во табе…
Ён зачыніўся ў кватрэры і падышоў да акна. Вампіра нідзе не было бачна, відаць сышоў, але адчуванне страху і неспакою ўжо назаўжды пасяліліся ў Ванькіным нутры. Цяпер на двор трэба было выходзіць хіба што з якой арматурынай. Хлопцу крута пашанцавала, што яго не ўкусілі. Яшчэ б імгненне і ён труп. Чарговы крывасмок і начны бадзяга.
Вечар быў безнадзейна сапсаваны. Кладучыся спаць, Ванька ніяк не мог пераадолець думку, што ў двары з’явіўся сапраўдны вампір, аб месцазнаходжанні якога ён адразу не паведаміў у міліцыю.
Аднак чорт пабірай, было ў гэтай дзяўчыне штосьці прыцягальнае, і яшчэ гэтыя чырвоныя вочы, бы забаронены плён з райскага саду.
Мастурбуючы ў цемень, хлопец на імгненне пашкадаваў, што не прытуліў яе ў сябе. Яшчэ ні разу ў жыцці дзяўчына так настойліва не прасіліся да яго на кватэру. Няхай і проста дзеля такога, каб паесці і абагрэцца. Д’ябл, няхай нават і тое, што гэтая дзяўчына была інфікаваным вампірам, але з такім дзіўным і прыемным у тутэйшых мясцінах імем Арэвік.
На раніцу ён прачнуўся з цвёрдым усведамленнем, што калі зноўку пойдзе на склад і сустрэне гэтае гаротнае дзяўчо – абавязкова забярэ яе з сабой, як беспрытульнае кацяна. У сучасным глабальным локдаўне і невядомасці таго, што будзе далей, гэта не такое і дрэннае рашэнне. Прынамсі, не будзе сумна. А можа, калі яму атрымаецца яе ўтаймаваць і прыручыць, Арэвік перастане на яго кідацца? Тым больш на складзе яшчэ былі запасы тушонкі. Цяліціну Ванька ня еў і пакідаў на чорны дзень.
Засталося толькі вынайсці добры план, як незаўважна для ўсіх у доме правесці вампіра ў кватэру, і зрабіць усё неабходнае, каб ніхто не здагадаўся, што з імі па-суседству месціцца крывапіўца.
Але Арэвік больш не прыходзіла. Хлопец сачыў за дваром з акна. Падоўгу затрымліваўся на складзе. Выходзіў пазней шасці, і ўсё дарма. Яе нідзе не было паблізу. Ён нават занатаваў у лядоўні колькі бляшанак кількі ў таматным соўсе, мяркуючы, што кансерва часова зможа замяніць ёй кроў, хаця б на візуальным узроўні.
І вось адным вечарам, калі яму надакучыла пільнаваць – з двара пачуўся лямант. Хтосьці моцна крычаў.
Ванька зірнуў у акно і пабачыў, як Сёмка, алкаш з суседняга дома, беспаспяхова спрабаваў адбіцца ад нападаў нечаканага вампіра.
Хлопец хутка збег па лесвіцы на вуліцу і заспеў наступную карціну: Арэвік, асядлаўшы бедачыну-калдыра, сквапна грызла яго за гарляк. Сёмка ўжо паспеў адкінуць капыты і абезрухомеў.
Ніхто не прыйшоў яму на дапамогу, мусіць не адважваючыся выходзіць вонкі, пакінуўшы ахвяру сам насам сам сваім горам. Здаецца, усім было ўсё адно, а мабыць большасць і наогул лічыла, што Сёмка напіўся і галёкаў на ўвёсь двор без аніякай патрэбы. Пад час пандэміі людзі развучыліся заўважаць адзін аднаго. Усе пражывалі сваё жыццё, бы пасля якогасьці апакаліпсісу. Хто як мог.
Трэба было дзейнічаць. Тутсама і адразу.
Ванька падскочыў да вампіра і з разбегу даў яму па галаве, бы па мячы, як у дзяцінстве, граючы летам у дваравы футбол.
Арэвік перакулілася цераз Сёмку і замерла.
Здаецца, вырубіў…
Сэрцэ ў хлопца запульсавала, як пры моцным ціску. Ён наблізіўся да дзяўчыны, схапіў за ногі і, не губляючы часу, поцягам пасунуў яе да пад’езда.
Мо забіў, падумалася яму. Дзяўчына не выдавала ніякіх стогнаў і гуку.
Ванька заўважыў, што ладна расьсек ёй брыво, і калі ўжо пачаў перацягваць вампіра цераз ганак, пачуў прыдушаны хрып.
Жывая, куды яна падзенецца!
Ці не першы раз за гэты год ён вырашыў скарыстацца ліфтам.
Увапхнуў беспрытомнае цела ў вузкую кабіну і падняўся на восьмы паверх. Ліфт не захраснуў, і яны ўдваіх вываліліся на лесвічную пляцоўку.
Арэвік паступова ажывала і прыходзіла ў сябе.
Ванька адчыніў дзверы агульнага калідорчыка. Суседзі маўчалі.
Асцярожна перацягнуў дзяўчыну да сябе ў кватрэру, і зачыніўся на замок.
Тэрмінова трэба было абезрушыць вампіра, каб пазбегнуць усялякіх кіданняў і кусання.
Ванька зацягнуў крывасмока ў залю і прывязаў за рукі да батарэі. Спярша скарыстаўся ўласным зімовым шалікам, а потым у бакоўцы знайшоў стары бацькоўскі трос ад «Масквіча».
Засцярогшы сябе ад вампіра, хлопец урэшце добра разгледзець тавар Арэвік.
Яна была сапраўды прывабнай дзяўчынай. Яе чорныя, як смоль бровы, здавалася, намалявалі сажай. Белая скура і трохі вузкія вочы выдавалі ў ёй толіку сур’ёзнасці і стрыманай арыстакратычнасьці, а тонкі нос і пульхныя вусны – рабілі ўсю астатнюю справу, падкрэсліваючы вобраз і натуру дзяўчыны. У такіх, звычайна, улюбляліся з першага позірку.
Ня гледзячы на тое, што вока Арэвік паспела заплысці, яна не на жарт вабіла і ўзбуждала Ванькіну юрлівасць.
Урэшце дзяўчына застагнала.
– Есці хочаш? – спытаў хлопец.
– Піць... – праскавытала яна пасмяглымі вуснамі.
– Ёсць віно... чырвонае.
Вампір нічога не адказаў і Ванька порстка кінуўся да лядоўні, адкаркаваў бутэльку ўчорашняй нормы і падсунуў ёй пад нос.
Дзяўчына зрабіла прагны глыток і гідліва выплюнула ў твар хлопцу ўжо вычвахлую «Масандру».
Арэвік пачало трэсці, быццам яе ахапіў эпілептычны прыпадак.
Ванька ізноў выскачыў на кухню, набраў у келіх вады і абдаў ёй дрыготкую дзяўчыну. Вампір супакоіўся і аціх.
– Ты сама хацела, каб цябе прытулілі, – услых пачаў разважаць хлопец. – Скажы, што табе трэба? Паспрабую дапамагчы!
– Крыві, – Арэвік па-ваўчынаму паглядзела на яго праз мокрыя пасмы валасоў.
Ванька адчуў сябе экзарцыстам, які беспяспяхова спрабаваў выгнаць з пакутніцы д’ябла.
– Дзе ж табе яе дастану? У мяне ёсць толькі віно і кілька ў таматным соўсе. Будзеш?
– Нацадзі з сябе...
– Здурнела...
Ён ужо пачаў расчароўвацца, што прыпёр яе ў кватэру. Аднак фільмы, порна, алкашка па вечарах, мастурбацыя, сухпай, і зноў усё па тым жа сцэнары – сапраўды ўжо надакучвала.
– Раскажы лепш, што значыць быць вампірам, падзяліся адчуваннямі, мо і я таксама захачу ператварыцца, – сказаў Ванька, каб трохі залагодзіць напружанасць і блытаніну, якая адразу ўсталявалася між імі.
– Табе што, больш спытаць няма чаго? – голас Арэвік стаў крыўдлівым, але разам з тым у ім пачалі нараджацца ноткі жорсткасці і азлаблення.
– Ну а калі я дам табе крыві, што мне за гэта будзе, які гешэфт?
– Усё што пажадаеш. Магу рассунуць ногі, спяваць джаз. Танцаваць ужо цяжка. Што табе даспадобы?
Ванька сумеўся. Не чакаў ён пачуць такіх адкрытых і брыдкіх слоў ад дзяўчыны, знешнасць якой ніякім чынам не вылучала ў ёй пахабства і распусты. Хаця, магчыма, вірус цалкам змяняў гэтых людзей і прыўносіў ім дагэтуль неверагодныя і неўласцівыя якасці.
Неспадзёўкі хлопец узгадаў, як у дзяцінстве на лецішчы ў бабулі прыдушваў кацяня. Кацяня было стракатым і такім безабаронным і слабым, што рукі самі пацягнуліся да яго крохкай шыі.
Спярша Ванька злёгку прыдушыў яго, прамацваючы пульс, і сачыў за рэакцыяй. Кацянятка здзіўлена вылупляла вочкі і смешна высалаплівала маленькі, ружовы язычок. Хлопец асмялеў і ўжо з ўсяя моцы пачаў душыць катка, які павольна абмякаў на яго карэлых руках. Забава працягвалася хвілін пяць. Ванька душыў, а потым гладзіў кацяня, зноў душыў і назіраў за яго асфексіяй.
Калі ж Ваньку ўрэшце абрыдла гэтая гульня, ён набіў у лобік Стракаціку балючых пстрычак і, схапіўшы за хвост, шпурляў яго куды па-далей.
Кацяня, як апаранае кінулася пад плот і больш ніколі не падыходзілася лашчыцца да гэтага дзіўнага дзецюка.
Цяпер безабароннасць Арэвік таксама развязвала перад ім рукі і падбухторвала да рашучых захадаў прыніжэння яе кволай асобы. Ваньку захацелася прыдушыць дзяўчыну і надаваць ёй пстрычак, каб на яе ілбу з’явіліся крывавыя падцёкі.
Хлопец прынёс з кухні чарку. Узяў лязо і адчайна паласнуў сябе па пальцу. Кроў тоненькім струменчыкам палілася на донца; Ванька пачаў ціснуць на фалангу, каб хучэй напоўніць чарку.
– Цісні мацней! – раіла Арэвік, сквапна гледзячы, як ён у рашучым намаганні, квапіўся вынайсці ёй ежу.
У выніку чарка напоўнілася на траціну, і хлопец падсунуў пітво да яе вуснаў.
– Давай ужо! – пачала круціцца на месцы дзяўчына. – Не мучай мяне!
– І чым вас так гэтая кроў вабіць? Што ў ёй смачнага? Я вось нічога не разумею. Спярша гэты вірус, потым маскі, потым другая, трэцяя хваля…
Арэвік з крыўдай паглядзела на яго.
– А я думаеш, ведаю. Дай мне папіць і я ўсё табе раскажу.
Ванька адставіў чарку ў бок.
– Хачу зараз.
Дзяўчына выдала брыдкі піск, падобны на енк дзікай коткі.
– Я захварэла ў верасні, – урэшце авалодала сабой Арэвік. – У мяне была звычайная тэмпература. Потым пачалі чырванець вочы, знік усялякі густ. Я пачула навіну аб першых выпадках нападаў на людзей і вырашыла паспытаць крыві. Парэзала сабе палец і адчула густ. Такі насычаны і салодкі, як больш нішто на свеце. У мяне адразу ж з’явіліся моцы. Тэмпература знікла і я сышла ад мужа. Я не хацела яго піць, баючыся, што перастараюся і заб’ю. Дома ў нас засталася непаўналетняя дачка. Я не магла прычыняць ім боль. А далей ужо ва ўсё цяжкія. Спярша мяне кармілі неабыякавыя людзі, а потым прыйшлося спаць з кім патрапіць. Аднак я ўсё ж разлічваю, што навукоўцы вынайдуць вакцыну і я вярнуся да сям’і.
– Ці прымуць яны цябе, пасля такога экспірыенса?..
– Не твая справа, дай папіць, ты абяцаў!
Ванька пасунуў ёй чарку і Арэвік нагбом асушыла сасуд.
– Мала, трэба яшчэ.
– Яшчэ, гэта колькі?
– Каб прайшла смага.
– Добра, схаджу, пашукаю. Толькі сядзі тут ціха і не гуку, паняла? Ніхто ў доме не павінен ведаць, што з імі па-суседству вампір прытуліўся, бо ў горшым выпадку табе смерць, у лепшым – смерць галодная. Хочаш жыць – слухай мяне? Андэрстэнд мі?
– Оф коз…
Ён выйшаў з залі, зачыніў дзверы на засланку і пайшоў у другі пакой граць у «плойку», дапіваючы рэшткі ўчорашняга віна.
Усю ноч Арэвік сядзела ціха, не выдаўшы ні гуку.
На раніцу Ванька нават паспеў забыцца, што прыцягнуў да сябе небяспечную прыблуду і, праходзячы на кухню, папіць вады, прыадчыніў дзверы ў залю. Арэвік бы атручаная пачала гойсацца на падлозе, коўзацца вакол батарэі на чацвярэньках, спрабуючы вызваліцца з-пад путаў вяроўкі.
Трэба тэрмінова, як злую сабаку, пасадзіць яе на ланцуг, каб яна дакладна не змагла выблытацца, падумаў хлопец.
– Ты падмануў мяне, гнюс! Я сядзела моўчкі і чакала, калі ты прыйдзеш! Ты не прыйшоў! Дзе ты быў?
– Вось добрая дзяўчынка, так трымаць, – заўхмыляўся Ванька. – Крыві не знайшоў, паспрабую сёння.
– Я перагрызу табе глотку, калі ты мяне не накорміш! Што ты за мужчына? Не можаш накарміць сваю жанчыну?!
– А ты ўжо мая жанчына?
– Цяпер твая, на пэўны тэрмін, вось і клапаціся аба мне!
Хлопец наблізіўся да вампіра і прысеў на кукішкі.
– Ніякая ты мне не жанчына, ад цябе смярдзіць і ты зусім не ўзбуджаеш...
– Дык адмый мяне, накармі і адмый!
Ванька паглядзеў у чорныя, як пераспелая сліва вочы Арэвік. Брыво за ноч паспела загаіцца. Пад вокам застаўся толькі некрыкменты сіняк.
– Ты цікавіш мяне іншым.
Ён запусціў ёй рукі на шыю і як след сціснуў. Дзяўчына паспрабавала абараняцца. Хлопец даў ёй кухталя і зноў пачаў сціскаць яе гонкую бледную шыю. Калі Арэвік захрыпела, Ванька адпіхнуў яе ў бок і адразу адчуў, як кроў падступіла да скроняў, а па целу разлілася дагэтуль нязведаная і прыемная асалода. Яму спадабалася гэтае адчуванне. Ён даўно заўважаў за сабой пэўную ненармальнасць і дэфектыўнасць. Раней, усялякім чынам спрабаваў прыхаваць гэтыя якасці, але цяпер, навошта і дзеля каго саромецца? У часы пандэміі кожны сам за сябе.
А што, калі мне наканавана стаць сапраўдным вынішчальнікам усіх гэтых нячысцікаў. Беларускі Блэйд, не даць, не ўзяць! Вы яшчэ не чулі аб Ваньку Гнаціку? Дык зараз пачуеце! Так думаў ён, апраўдваючы грубыя ўчынкі да гэтай дзяўчыны.
Хлопец адключыў стрыманасць. Яму хацелася душыць і біць Арэвік, таму, чаго ўжо ўтойваць, яму падабалася ламаць і крашыць штосьці прывабнае, крохкае і бездапаможнае. Ён адчуваў гэта ўсёй натурай. Хопіць баяцца і прыхоўваць жаданні. Цяпер ён паўнавартасны творца свайго жыцця.
Ванька выйшаў за дзверы, пакінуўшы дзяўчыну ляжаць на падлозе. Арэвік зайшлася ў істэрыцы, скалынаючыся ад дрыготкі плачу.
Усё ж трэба дастаць ёй крыві, падумаў хлопец, так яна і да вечара не працягне.
Ён неахвотна пасунуўся на двор. Ля пад’езда боўтаўся Фядун.
– О, Ванька, ці чуў, што Грыню ўчора загрызлі? Вамп у нас на раёне з’явіўся! Сабакі ўжо ўсю кроў з асфальту злізаць паспелі!
Ванька павітаўся на адлегласці і пасунуўся на пошукі ежы.
– Глядзі асцярожна там, кажуць гэта баба, а яны галодныя – хужэй за звера, – кінуў яму ў спіну сусед-даймала.
Першае, аб чым падумаў хлопец, адышоўшы ад дома на колькі кварталаў, гэта адшукаць якога ката, няхай харчуецца. Але дзе ты іх зараз знойдзеш? Усіх даўно сабакі паперагрызалі.
Далёка раёну заходзіць было рызыкоўна. Ён выйшаў на праспект. Паблізу – ні душы, толькі перасохлае лістоўе шкрабала па нячышчаным асфальце і чулася, як дзесьці па кальцавой праязджалі нешматлікія машыны.
Ванька павярнуў зваротна. Прайшоў праз суседнія дамы і пабачыў ля адной сметніцы здыхлага голуба. Падышоў, піхнуў нагой. Азірнуўся. Жыхары, як сычы сядзелі па сваіх логвішчах, а там хоць трава не расці. Хлопец хутка падхапіў тушку і заклаў сабе за пазуху.
Скажу, што самаруч задушыў, здыхатой харчуйся, са злобай падумаў хлапчук. Няма чаго тут па дварах бадзяцца.
Новая забава і якія-ніякі сэнс жыцця змушалі яго ісці на ахвяры. У іншым разе ён бы ніколі і ні для каго б не выпаўз на двор. Падумаўшы пра гэта, хлопцу нават брыдка стала.
«Што я, як валацуга які, як грэбаны бічара сноўдаюся тут па завуголлях?»
Аднак, уяўляючы хударлявую шыю Арэвік, і гэтую белую скуру, бы з казках пра Снягурку, з ледзь прагляднымі сінюшнымі жылкамі крыві, Ваньку аж перасмыквала. За ўсё трэба плаціць, нават у часы забыцця.
«Калі будзе шалець, прынясу ёй у наступны раз сабаку. Паглядзім на яе паводзіць. А там можна і павысіць градус дазволенага. Зараз у горадзе шмат людзей, якія не маюць ніякага маральнага права на жыццё, а мне ўсяго ткі і трэба, што павольна папіваць алкашку, граць на прыстаўцы, мастурбаваць, нічога ж крымінальнага, толькі што часам прыдушваць ўласнага вязьня. Прынамсі, я заслугоўваю і для сябе крыху шчасця».
Так думаў Ванька, бадзёра шпацыруючы дамоў.
Ля пад’езда па-ранейшаму круціўся Фядун, бы ў яго іншай справы не было. І ў гэты самы момант хлоца ахінула. Куды ён раней глядзеў? Гэты ж смоўж можа быць выдатнай ахвярай для Арэвік!
Фядун ніколі яму не падабаўся. Вечна гарлапаніў на ўвесь двор, толькі запрыкмеціць, заўжды ў яго была якасьці справа, заўжды трэба было штосьці спытаць, уцікнуць, падцвяліць. Такі ўжо чалавек. Але Ванька разумеў, што ўсё гэта зыходзіла ад нэндзы і зайздрасці. Дый і як яму – Ваньку – можна было не зайздросціць. Кватэра дасталася ад бацькоў, калі хлопцу яшчэ і трыццаці не споўнілася. Ванька, вядома любіў даць за каўнер, але мясцовых алканаўтаў цураўся, бы яны былі ніжэйшай кастай. Фядун ведаў Ванькінага бацьку, такога ж нелюдзімага і змрочнага мужыка, які грозна глядзеў на гэты свет з-пад чорных брэжнеўскіх брывоў.
Вырублю яго ззаду і аднясу гэты сухашчавы азадак да Арэвік. Будзе менш за аднаго балбатуна, падыходзячы бліжэй, ва ўсю ўжо планаваў свае дзеянні хлопец.
– І халера яго ведае, адкуль яна ўзялася? – усё не сунімаўся Фядун. – Я чуў, што мянты іх трохі падчышчаюць, нядаўна ж і рэйд быў. Вось падла! А Грыня, ты ж яго памятаеш, такі сіплы, сівы дзядзька.
На гэты раз Ванька падышоў да Фядуна амаль упрытык.
– Жах, што дзеяцца... Слухай, а што ты сёння робіш?
Пытанне знянацку збіла суседа з панталыку.
– Нічога... Домя сяджу.
– Дык, мо заходзь? Задзяўбло ўжо аднаму сівуху піць...
Фядун хціва пачаў чухаць сваё тлустае, як у пелікан, другое падбароддзе.
– Заўжды ведаў, што ў цябе ёсць, чым пажывіцца. Што ж ты раней не казаў?
– Толькі маўчок – нікому?! Сёе-тое маю! Мне сведкі і лішнія раты не патрэбныя.
– Паняў – магіла.
Ванька ведаў, што Фядун жыў адзін, ведаў, чым яго можна прывабіць, таму ляпнуўшы па плячы, сказаў:
– Ну дык давай пасля дзевяці!
– Магу і раней...
– Раней не трэба. Чакаю а дзевятай гадзіне!
Ванька вярнуўся ў кватэру. Праслізнуў на кухню і выняў з-за пазухі голуба. Трэба было нацэдзіць крыві і як мага больш.
Ён дастаў нож і паласнуў птушку па гарляку, нахіліў дагары, і прадставіў пад яе шклянку. Кроў зусім не ішла. Відаць, голуб добра падмерз. Прыйшлося запхнуць тушку ў мікрахвалёўку і трохі пачакаць.
Падагрэўшы голуба, хлопец зрабіў яшчэ колькі надрэзаў на цельцы і паклаў яго у міску, каб яна набрыняла крывёй.
Арэвік ляжала ў пакоі ніцма, і як толькі Ванька адчыніў дзверы, раз’ятрана паглядзела на свайго паланіцеля.
– Не гізуй! Трохі знайшоў. І я з добрымі навінамі.
Дзяўчына ўмольна слухала кожнае яго слова.
– На вечар дамовіўся з адным абрыганам. Ведаеш, ён мяне яшчэ з дзяцінства падбешваў. Дастаў нарэшце. Хопіць! Ніхто і не заўважыць яго знікнення. План такі: у дзевяць гадзін я прывяду да нас гэтага боўдзілу, і як толькі ён пяройдзе ганак – мязну яму па патыліцы малатком, а далей справа за табой.
– Ды мне ўсяго б толькі трыста грам выпіць.
– Ну ў чалавека літраў пяць маецца, табе на месяц хопіць. Пытанне адно: як ад трупа пазбавіцца потым?
Дзяўчына нічога яму не адказала.
Ванька вярнуўся на кухню і выліў ў чарачку кроў. Не багата. Вадкасць мела цёмны колер. Брыдота. Хлопец выкінуў тушку праз акно і аднёс пітво дзяўчыне.
– Галубіная? – нагбом выпіўшы сваю порцыю, спытала Арэвік.
– Ты і ў гатунках разбіраешся?
– Ужо пратухла. Мне здаецца, гэта тый голуб, якога я прыдушыла мінулай ноччу.
Ванька змаўчаў. Праверыў вузлы.
– Слухай, а зубы вашыя, яны наогул неяк праяўляюцца? Ну іклы ў сэнсе? Нешта я ў цябе іх не заўважыў, – чамусьці спытаў у яе хлопец.
Арэвік з пагардай выцерла вусны. Было відаць, што кроў і сапраўды была гідкай.
– Не ведаю, мне здаецца, гэта казка для дарослых. Год прайшоў, як я заразілася, але ніякіх іклаў у мяне так і не прарэзалася.
Яна вышчарыла на Ваньку роўныя белыя зубы. Хлопец нічога падазронага не ўгледзеў. Яму толькі зноў захацелася сціснуць яе за шыю і надаваць аплявух.
– Арэвік, – ён сумеўся. – Я тут часам цябе пабіваць і прыдушваць буду. Ты не хвалюйся, у межах дапушчальнага. Але паслуга за паслугу. Усё справядліва.
Арэвік паглядзела на яго позіркам партызана, якога асудзілі на смерць.
– Глядзі, каб я не адказала!
– Дый табе можа і самой спадабаецца...
Фядун аказаўся пунктуальным, нават прыйшоў раней за вызначаны час. Зрабіў колькі працяжных званкоў у дзверы, мо хваляваўся, што Ванька заснуў, ці наогул забыў аб сваім запрашэнні.
Аднак Ванька ўсё памятаў. Ці можна было забыцца на такі выдатны план? Каля дзвярэй ужо быў прыхаваны малаток – бацькоўскі, хлопец ужо нават і не памятаў, калі апошнім разам дзелаваў ім.
Хлопец думаў так: агаломшу Фядуна па рэпе і запхну ў пакой да Арэвік. Калі што якое – я не вінны – усю брудную справу зрабілася яна – крыважэрны вампір з тварыкам анёла сярэднеазіяцкага тыпу. Зрэшты, потым можна будзе сказаць, што яна ўтрымлівала мяне ў закладніках і прымушала прыводзіць ахвяр. Ад такіх думак у яго жылах шалёна пульсаваў ціск, а ад ўяўлення таго, што часам гэтую дзеўку можна будзе прыдушваць і як след урэзаць па твары – ніжэй паху пачынала цвярдзець.
Пачуўшы званок у дзверы, Ванька хуценька адамкнуў замок і ўпусціў Фядуна ў кватрэру, перад гэтым наляпіўшы ў тамбуры на вочка суседскіх дзвярэй скарыстаную жуванку.
Фядун па-гаспарачцы, без дазвалення, сходу накіраваўся на кухню. Агаломсіць яго на калідоры не атрымалася.
– Не чакаў? – здзівіўся той, пабачыўшы пусты стол. – Дый я сам са сваім, – і паставіў бутэльку гарэлкі.
– Адкуль у цябе? – здзівіўся Ванька.
– Адкуль, вядома адкуль. Зараз кожны круціцца, як можа. Ну, нясі чаркі.
Хлопец дастаў шклянкі, паклаў чэрствы хлеб і бляшанку кількі.
– Я загадзя чуў, што ў краіне будзе дупа, зарыхтаваўся на год напярод, –паясніў ён Фядуну.
Селі, выпілі, закусілі.
– Дык што ты такі нелюдзімы, хлопец, як пустэльнік які? – адразу спытаў сусед. – Колькі год тут жывеш?
– Ды з маленства, – Ванька занерваваў. Напівацца яму не хацелася, трэба было быць цвярозым, і ў што б не ставала ажыццявіць задуманае. Таму не больш трох чарак, вырашыў хлопец. Для прыліку.
– Во, а не здрасце, ні нассяру... – канстатаваў Фядун. – Я ж бацьку твайго добра ведаю. Як ён зараз, дарэчы?
– Дый на лецішчы з маці, натуральным прадуктам харчуюцца.
– Малайцы, я таксама думаў з’ехаць на сяло, толькі няма з кім, сап’юся ж там адзін...
Ванька пацягнуўся да бутэлькі.
– Ну, перад першай і другой...
– Налівай!
Аформіў.
– Дык ці адкажаш ты мне, ці не, чаму такі дзікі, га?
Каўтанулі па другой. Хлопец закусіў кільчынай і тыльным бокам далоні выцер вусны. Гарэлка была паганай.
– А што тут казаць? Я вам што, замінаю? Ну сам па сабе. Я ж не бамж які, у пад’ездзе не паскуджу, вяду нармалёвы лад жыцця…
– Я не пра тое! Ты ж пралетар, свой, тутэйшы, а паводзіш сябе, як інтэлігент задрыпаны. Чаго нас цураешся, не здароўкаешся, рукі ня ціснеш, пры магчымасці абмінуць спрабуеш. Я ж бачу ўсё, яно адразу ў вочы кідаецца. А мы што, пракажонныя якія? Ды не – звычайныя мужыкі.
Ванька ляпнуў сябе па каленах.
– Ат, што тут скажаш. Людзі розныя бываюць... Ты чуў калі-небудзь аб двух тыпах асобы: экстраверт і інтраверт? Не? Першыя – людзі адкрытыя, гэткія кашуля-хлапцы; другія – людзі зачыненыя, усе ў сабе. Я ж не магу папярод прыроды сваёй ісці. Такі чалавек. Але я да вас з павагай. Не думай там.
– Во так бы адразу і сказаў, а то інтраверт, шмынтраверт. Давай тады па трэцяй і папалім!
Ванька начысліў.
Ці зараз, ці ніколі! Трэба дзейнічаць. Тым больш пасля трох чарак смеласць і рашучасць узраслі ў хлопца да сваёй крытычнай адзнакі.
– Пайшлі да мяне на балкон, там і пасмалім, – выправаджваючы Фядуна ў калідор, сказаў хлопец.
Той не ўпарціўся: на балкон, дык на балкон. Гаспадар-барын.
Ванька асцярожна падыйшоў да дзвярэй пакойчыка. На імгненне прыслухаўся, прыадчыніў і запрасіў рукой Фядуна заходзіць.
– Ну і пах тут у цябе, – паспеў сказаць сусед, зрабіўшы крок наперад.
Хлопцу хапіла колькі секунд, каб схапіць прыхаваны малаток. Ён імпэтна падбег да Фядуна і з усяя моцы мязнуў яго па чэрапе. Той не выстаяў і ніцма даўся долу. Другі раз біць не прыйшлося. Кроў чырвонай юшкай пачала распаўсюджвацца па старым бясколерным ліноліуме. Кілім ён прыбраў загадзя.
Фядун не выдаў ні гуку. Здаецца забіў, падумаў Ванька. Але дзе ж Арэвік? У залі, на месцы, дзе ён прывязаў дзяўчыну да батарэі нікога не было – толькі вяроўка-трос.
Хлопец кінуўся цераз беспрытомнае цела суседа ў пакой. І сапраўды, куды яна падзелася?
Ён азірнуўся. Фядун выдаў цяжкі стогн.
У гэты момант з кута пад столлю пачулася шыпенне. Так шыпелі каты, калі іх зацкавалі, ці наступілі на хвост. Ванька падняў вочы вышэй.
Арэвік, як вялікі тарантул прыліпла да кута столі і чырвоным агнём шалёных вачэй, глядзела на яго зверху ўніз.
– Вось, як і абацяў, здабыў табе крыві, – разгублена сказаў ён вампіру.
Арэвік не адказала і рэзкім рухам саскочыла яму на шыю.
Ванька нічога не адчуў. Шок і нечаканасць цалкам паралізавалі яго.
Апошняе, што ён бачыў у сваім жыцці, гэта вострыя іклы драпежніка, якія з хцівай пажадай упіваліся яму ў горла.
Усё, ня будзе больш алкаголю па вечарах, фільмаў, размоў сама-насам, урэшце мастурбавання, гульняў у «плойку». Гэта канец, бясслаўны, ганебны і беспаваротны.
«Ніколі не прыручайце звера», – неяк казала Ваньку ў маленстве бабуля.
Менавіта гэтыя словы ўспыхнулі ў яго свядомасці, якая марудна згасала пад напорам галодных і прагных укусаў вампіра.
Руская Печка
Ён глядзеў у цемень лабавога шкла. Яна, трохі счакаўшы, запаліла агні далёкага бачання. На двары стаяла зімняя ноч. Быў снежань. Каляды. Яны толькі селі ў машыну, таму яшчэ не паспелі сагрэцца. Пара вылятала з рота і носа. Хлопец з прыкрасцю пацёр далоні.
– Ключы ад хаты хоць не забыў? – спытала ў яго дзяўчына.
– Узяў.
– Маці нам у дарогу нават паесці сабрала.
– Ты сказала ёй, куды едзеш? – хлопец паглядзеў на яе сур’ёзна.
– А што тут такога? – дурасліва перапытала яна.
Ён прамаўчаў.
Яна завяла рухавік.
– Дрэнна ўсё ж такі, што мы так позна выязджаем. Пакуль даедзем, ужо будзе поўнач, – сказаў хлопец, бы самому сабе.
– Нічога, я люблю неспадзяваныя вандроўкі, – нібы суцішаючы сябе, адказала дзяўчына.
Машына выехала з двара змрочнага мікрараёна на ўскрайку Мінска і накіравалася да кальцавой.
Дзяўчына патэлефанавала хлопцу за гадзіну да гэтай размовы, і ён, доўга не думаючы, пагадзіўся, усё ж дзесьці падсвядома разумеючы, што ім вырашылі скарыстацца. Аднак жаданне апынуцца з ёй сам-насам перабольшвала. Хлопец прагнуў гэтага даўно і чакаў, калі яна ўрэшце вырашыцца.
Праз колькі кіламетраў яны заехалі на першую запраўку, купілі гарачай кавы. Узялі алкаголю, і ён падліў сабе ў кубак трохі каньяку. Размова не ладзілася – дзяўчына ўключыла радыё.
Вёска, куды яны ехалі, знаходзілася непадалёк ад Мінска. Там стаяла старая, даўно занядбалая хата, якую хлопец часцяком выкарыстоўваў для адпачынкаў з сябрамі і летніх пікнікоў. Выязджаць туды зімой раней не вырашаўся. Аднак цяпер ім патрэбна было паўнавартаснае адасабленне, і яны гэта ведалі.
Па радыё зайграла песня «Offspring», хлопец зрабіў грамчэй.
– Табе падабаецца такая музыка?
– Класны гурт і класныя спевы…
Яна хмыкнула.
– Ты ніколі не задумваўся, што паміж намі няма нічога агульнага? Вось нават твая музыка?..
Ён злосна глынуў з кубка.
Машына ўрэшце звярнула з шашы, і яны выехалі на лясную дарогу. Колы цяжка рыпелі пад пластам снегу, якога надоечы намяло ладна, і адусюль над імі надвісала вусцішная цішыня. Паўсюль была цемень, і толькі яркія агні фар беспрытульна гойсалі па дарозе наперад, усё далей углыб лесу.
Неўзабаве шчыльная цемень адступіла, і ім паказаўся прасвет – пачыналася вёска. Вёска была невялікай, з тузін хат. Патрэбная хата стаяла напачатку, і яны хутка пад’ехалі да месца прызначэння.
Дзесьці забрахалі сабакі. Хлопец хутка адчыніў весніцы. Дзяўчына заехала на падворак і выключыла фары.
На двары было сапраўды холадна, і, пакуль ён адчыняў дзверы, пальцы на руках здранцвелі, нібы ён доўгі час трымаў у іх кавалак лёду.
Аднак у хаце аказалася яшчэ халадней. Хлопец пашукаў у шафе «коркі» для электрычнасці і запаліў святло.
– Зачыняй за сабой дзверы! – крыкнуў ён дзяўчыне, калі тая зайшла ўслед за ім. – Зараз трэба максімальна ўтрымліваць цяпло ў хаце.
Яна засталася, а ён накіраваўся да паветкі па дровы. Зрабіў колькі ходак, нацягаўшы да печы купу хваёвых пален. Печ была старая, вялікая, як калісьці казала яму бабуля-нябожчыца – сапраўдная руская печ.
2
Распалка ішла марудна. Відаць, у комін набілася ладна снегу, таму што, як толькі загарэлася папера, дым пацягнула ў хату і хлопцу прыйшлося адчыніць усе дзверы на двор.
Ён на ўсю адцягнуў юшку і прыняўся падкідваць дровы. Трэба было хутчэй здабыць цяпло.
Дзяўчына ж тым часам пачала шукаць коўдру ды пакрывала.
– Паспрабую зрабіць для нас маленькае і ўтульнае гняздзечка, – прамармытала яна.
Хлопец закінуў яшчэ з дзясятак пален, сеў каля печы і адкаркаваў бутэльку каньяку. Дома ён не вячэраў, таму алкаголь адразу даў па мазгах, бо на галодны страўнік такая артылерыя дзейнічала непазбежна і наводмаш.
Дзяўчына паклала на ложак колькі ватовых коўдраў і, абкруціўшы сябе адной з іх, з келіхам у руцэ, падсела да хлопца, таксама спрабуючы сагрэцца спіртным.
– Як лічыш, доўга прыйдзецца чакаць? – спытала яна.
– Я ж казаў, што позна прыехалі, зараз пакуль не згараць усе дровы і ў печы не ўтворыцца прысак, які будзе награваць хату і ад якога ў яе пойдзе сапраўднае цяпло, пройдзе колькі гадзін, – панура адказаў ён.
– Доўга… – ціха прашаптала яна.
Выйшлі на двор папаліць. Неба было зорным, і хлопец паспрабаваў знайсці на чорным палотнішчы найбліжэйшыя планеты. Зорка Венера свяціла ярчэй за астатнія, і ён згадаў верш Багдановіча.
Дзяўчына аб нечым лепятала, але ён не слухаў, цяпер ужо злуючыся на самога сябе, што згадзіўся на дурную задуму: прыехаць сюды пасярод ночы.
Па вяртанні ў хату каханкам падалося, што трохі пацяплела, прынамсі на шчоках узнікла прыемная чырвань. Яны перабраліся ў ложак і ўзялі з сабой бутэльку каньяку.
У хаце між тым не так ужо і цяплела. Сагрэць мог толькі алкаголь.
Дзяўчына павесялела, і ў хлопца таксама развязаўся язык. Праз паўгадзіны ён перастаў злавацца і цяпер яму было ўсё адно, што да холаду, што да гэтай задумы прыцягнуцца сюды на Каляды, хай іх ліха.
Здавалася нават, між імі ўзнікла ледзь улоўная блізкасць, і хлопец першым пацалаваў дзяўчыну ў вусны.
– Давай залезем пад коўдру, – прапанавала яна.
Яны забурыліся пад халодныя ватовыя коўдры і прыціснуліся адно да аднаго. Пачалі дурэць і абдымацца.
Калі ўрэшце ўсімі гэтымі гульнямі хлопец сагрэў сабе здранцвелыя пальцы, не вытрымаў і адразу ж намацаў пад кофтай мяккія грудзі дзяўчыны, якія лічыў яе галоўнай каштоўнасцю, і рукамі пачаў сунуцца ніжэй.
Пад коўдрай з-за ўсіх гэтых рухаў утварылася якое-ніякае цяпло, аднак распранацца было рана.
Яны цалаваліся і коўзаліся па ложку, а калі дзяўчына ўжо была гатовая і хлопец больш не мог трываць, ён раптам плюнуў на ўсё, падскочыў да печы. Схапіў качаргу і роспачна пачаў абіваць недапаленыя чуркі ад агню. Прыйшлося трохі папацець.
Збольшага расцерушыўшы дровы да вуглёў, ён раскідаў прысак па ўсёй даўжыні пячурка і шчыльна зачыніў юшку, мяркуючы, што цяпло хутчэй пойдзе ў хату.
– Зараз дакладна пацяплее, – залазячы пад коўдру, сказаў ён.
Прэлюдыя зацягнулася. Рухі сталі больш павольнымі. У хату і сапраўды пацягнула цяплом. Рукі сагрэліся. У галаву грукнуў алкаголь, і каханкі сталі больш разняволенымі. Яны з галавой накрыліся коўдрай, і хлопец павольна сцягнуў з дзяўчыны трусікі. Сэрца ў яе грудзях затрымцела, і ён ўрэшце з’яднаўся з ёй. Па целе паплылі прыемныя хвалі. Рухі пачалі паскарацца, пакуль не перайшлі ў адзін устойлівы рытм разам з пульсам.
– Адкінь коўдру, дай больш паветра, – сціснута прамовіла яна.
Ён выканаў яе пажаданне.
У цьмяным святле пакоя хлопец бачыў расчырванелы твар дзяўчыны і ласкава гладзіў яе па валасах.
Неўзабаве ён прыкмеціў, як яе твар пачаў набываць незадаволеную грымасу пакуты.
– Цішэй, – нечакана сказала дзяўчына, а потым: – Спыніся.
Ён замёр.
– Усё добра? – насцярожана спытала яна ў яго.
– Так.
– Нешта мне нядобра.
Хлопец лёг на спіну і толькі цяпер зразумеў, што алкаголь моцна прайшоўся па яго розуме. Перад вачыма паплылі кругі. Столь пачала вібраваць і скажацца ў прасторы, нібы ён наглытаўся апіятаў.
– Ты адчуваеш пах? Якісьці непрыемны пах, – голас дзяўчыны трымцеў неспакоем.
Ён хутка падскочыў з месца і адразу адчуў, што ногі яго больш не слухаюцца. Рыўком прыўзняўся зноў і цяжка грымнуўся на падлогу.
Яна прыкрыла далоняй рот і перакулілася набок. Спрабуючы ўзняцца, хлопец пачуў, як дзяўчыну званітавала. Зразумеўшы прычыну, ён пасунуўся да печы. Галаву круціла на ўсе трыста шэсцьдзесят градусаў.
Хлопец адцягнуў юшку, з нагі расчыніў дзверы на двор і выбег на вуліцу. Было такое адчуванне, што ён п’яны ўшчэнт.
З цяжкасцю ліпеючы на нагах, паплёўся па снезе да драўлянага туалета, ледзь стрымліваючы ваніты. Аднак, не дайшоўшы да мэты, падкасіўся і пачаў ванітаваць, як ніколі ў сваім жыцці.
«Няўжо ўчадзелі?» – роспачна беглі ў яго затлумленай галаве трывожныя думкі.
Вяртацца ў хату не хацелася. Хлопца разбіраў сорам, што ён нікчэмная бесталач, і страх перад адказнасцю за дурны ўчынак. Ён сядзеў на кукішках у снезе і жадаў толькі хутчэй працверазець ад чаду і алкаголю.
Як толькі холад пачаў пранізваць да самых костак, ён вырашыў вярнуцца.
У хаце стаяў прысмак гару. Хлопец заўважыў дзяўчыну на ложку. Яе злёгку трэсла і яна скруцілася эмбрыёнам пад коўдрай. Ён зачыніў дзверы і паглядзеў печку. Усе вуглі выгаралі і пашарэлі. Хлопец шчыльна зачыніў пячурку. Юшку пакінуў адчыненай. Лепш замерзнуць, чым задыхнуцца гарам, падумаў ён.
Калі ужо лёг да дзяўчыны, яна ціха спала, трывожным было толькі яе дыханне. Так і не прагнаўшы з галавы роспач, хлопец таксама заснуў.
3
На раніцу ён прачнуўся ад моцнага галаўнога болю. Яна варочалася з боку на бок. Хата канчаткова выстудзілася, холадна ўжо было і пад коўдрай.
Хлопец вылез з ложка і пасунуўся да печы. Прысак даўно астыў. Прыйшлося ўкінуць у пячурак пяць паленцаў. Цяпло было проста неабходным.
– Што ты робіш? – пачуўся незадаволены голас дзяўчыны.
– Спрабую нармальна растапіць печку, без спешкі і цвярозым.
– Не трэба, я хутка буду збірацца, паедзем дамоў.
Ён усё ж не паслухаў яе і распаліў. Няхай збіраецца, няма чаго тут мерзнуць, седзячы.
На стале стаяла недапітая пляшка каньяку, і хлопец нагбом глытнуў яе змесціва.
Праз колькі хвілін дзяўчына знайшла ў сабе сілы падняцца і выйсці на кухню. Агонь ужо ладна ўзяўся, і хлопец, прыадчыніўшы заслонку, грэў свае рукі.
– Есці будзеш? – спытала дзяўчына, у яе голасе чуўся выклік.
– Не патрахаліся, дык хоць паснедаем, – скрушна прамовіла яна.
Ён падагрэў на газнічку матчынай сачавіцы. Тая яшчэ і перасоленай аказалася і зусім не лезла ў горла.
Дзяўчына ела з апетытам, а хлопец, каб нікога не пакрыўдзіць, нехаця дзёўбаў відэльцам па талерцы.
– Колькі нам трэба часу, каб сабрацца? – урэшце спытала яна.
– Я зараз не паеду.
– А калі?
– Вечарам.
Яна незадаволена ўздыхнула.
Дзень правялі амаль у маўклівым бадзянні з вугла ў вугал. Добра, што ў хаце неўзабаве з’явілася цяпло і атрымалася сагрэцца.
– Бачыш, калі б мы ўчора выехалі раней, не спяшаючыся растапілі печ – усё б было добра.
– Ты мог нас забіць... – сказала дзяўчына. – Мы маглі заснуць, і тады б ужо неадкладна ўкурэлі і невядома калі і як бы нас тут знайшлі – мёртвых, змерзлых і голых.
– Не трэба пра дрэннае, мы усё ж жывыя.
Выехалі надвячоркам. Маўчалі. Усю дарогу між імі лунала чаканне скандалу. Здавалася, трэба толькі чыркнуць запалку, і салон ўспыхне агнём нянавісці і крыку.
Калі хлопец пасунуўся да радыё, каб уключыць музыку і разбавіць гэтае напружанне, дзяўчына злосна адштурхнула яго руку ўбок.
– Якая ж я дурніца! – істэрычна распачала яна. – Ты ж мне нават не падабаешся... Дый я і за мужчыну цябе не лічу. Так, дзяцюк звычайны. Ты ніколі не задавальняў мяне ў сэксе, і я ўжо ў цэлым сумняваюся ў тваіх здольнасцях. Між намі няма нічога агульнага. Ніякай хіміі. Мне нават пах твой не падабаецца.
– Хоць у нечым у нас усё ж ёсць агульнае: мяне таксама ад твайго ванітуе, – паспрабаваў у адказ упікнуць ён дзяўчыну, моцна сціскаючы кулакі, каб стрымаць гнеў і не нарабіць глупстваў.
Пасля такіх слоў яму хацелася праваліцца скрозь зямлю. Аднак хлопец вытрымаў, цяжка выдыхнуўшы. Яна не заслугоўвала ўбачыць яго слабасці.
– Запомні гэты дзень – сёння апошні раз, калі мы знаходзімся разам, больш ты мяне не пабачыш.
– Дамовіліся.
Цяпер больш за Каляды ён не любіць яшчэ і дзяўчат з агністымі валасамі: штосьці сярэдняе між чырвоным адценнем і палымянай рудасцю лістапада. Не любіць спевы «Offspring», каньяк і імя Вераніка.
– Можаш нават у календары пазначыць гэты дзень, – не сунімалася яна.
– Я запомню – Каляды.
Праўда, колькі разоў ім усё ж давялося сустрэцца. Яны нялоўка муляліся на месцы, для прыліку цікавіліся апошнімі навінамі, пазбягаючы доўгіх позіркаў.
А рускую печ яго бацькі даўно разабралі, зрабіўшы з яе куды меншы пячурак.
Хочаш дапамагчы часопicу?
-
Часопіс Мінкульт пераехаў у Вільню, і цяпер плануе выдаваць тут неверагодна цікавыя тэксты, апавяданні, назіранні і гісторыі! Запрашаем пісменнікаў на супрацоўніцтва! нам цікавыя празаічныя тэксты: мастацкая проза, п'есы, інтэрвію, нарысы.