Кацярына
Парыжаская
Гандлярка пернікамі
Гандлярка пернікамі
На Высокім рынку мітульга: людзі спяшаюцца на калядны кірмаш, каб купіць ваўняныя шкарпэткі, таўкачыкі, цацкі на ялінку або каб пакаштаваць «чорта з Локшыц» – чорную крывянку і скавароднікі з сырам.
Дзеці з захапленнем глядзяць, як шкляр выдзімае дзівосных звяркоў. Ласыя на смажаныя арэхі ў цукры і марцыпанавых свінак, яны прагна шукаюць шапік са слодычамі. Якія там пернікі! Карычневыя, сакавітыя, з белай і каляровай глазурай. А якія духмяныя! Не пашкадавалі ні мёду, ні цынамону, ні імбіру. Акінуўшы позіркам усё гэта багацце, Аксана звярнулася да дзяцей, што прычапіліся да яе па дарозе на кірмаш: «У мяне ёсць казка! Але спачатку купім пернікаў». Кожны ўзяў сабе па адным – хто зорку, хто сэрца. А для мамы Юш выбралі вялікі, круглы, з белымі елачкамі і надпісам «З Калядамі!».
Што пачулі дзеці па абедзе, калі яны, зварыўшы какаву, закруціліся ў коўдры і паселі вакол Аксаны? Сядайце, мы пачынаем свой аповед.
Янка і Міхась любілі палятаць. Хлопчыкі неяк навучыліся і кожную вольную хвілінку прысвячалі гэтаму занятку. «Сцеражыцеся Грызэль! – папярэджвалі іх матулі. – Яна крадзе дзяцей і тыя больш ніколі не ўбачаць сваіх мам».
Але хто яна такая і дзе жыве, чамусьці ніколі не казалі. А дарма! Не здарылася б той бяды!
У чацвер, паснедаўшы булачкамі з малаком, Янка пабег да сябра і прапанаваў палятаць вакол касцёла. Было вельмі рана, таму плошча, дзе, акрамя касцёла, месціліся ратуша і дамы самых багатых жыхароў горада, была пустой. Нават дым над комінамі яшчэ не курыўся.
Яны луналі, пакуль не прытаміліся. На адным з дахаў заўважылі хатку і вельмі мілы садочак з заснежанымі дрэвамі.
– Ну што, бусляняты, змарыліся? Як вас клічуць? – маленькая бабуля ў шэрай хустцы на плячах прыязна ўсміхалася.
– Янка! – адгукнуўся Янка.
– Міхась!
– Якія мілыя імёны. Хочаце, я вас пернікамі пачастую?
У доміку было вельмі ўтульна. Ля акна стаяла крэсла-гойдалка з даматканай посцілкай. Насупраць была куханька: выбеленая печ, на паліцы збаны і гарлачыкі. Пахла цынамонам і нечым прыемным. Нічога не ўказвала на тое, што тут жыве страшная вядзьмарка, якая крадзе дзяцей. Хіба толькі чорны кот – заўсёдны прадвеснік бяды. А пах той быў чароўнага мёду. І ўсё тут было чароўным. Варта было хлопцам дакрануцца да стала, дзе была расцярушана мука, як яны тут жа ператварыліся ў пернікі. Хатка знікла, а на плошчы, дзе ў той дзень меў адбыцца кірмаш, з’явілася дабрадушная бабуля, якая прадавала лахардзікі. Яе ўсмешка была салодкай, як цукар, але ў маленькіх вачах прабягалі злыя іскаркі.
Агаце, маме Янкі, было блага. Адчувала, што сын у бядзе. І яна пабегла шукаць. Насустрач ёй ішла мама Міхася Ганна:
– Агата, што з табой? Чаму ты такая пераляканая?
– Вох, Ганна, добра, што цябе сустрэла. Ты хлопцаў даўно бачыла?
– Ды з раніцы некуды пабеглі, жэўжыкі. Чаго пераймацца?
– Млосна мне, ведаю, нешта здарылася. Трэба іх знайсці, але як?
А людзей прыбывала. Коні, свінні, куры, посуд, скрынкі і куфары, крыкі і гвалт – хутка ўся плошча была паўнюсенькай.
Агата ўглядалася ў кожны твар, шукала якія-кольвек дробязі, што дапамаглі б знайсці хлопчыкаў.
«Літасцівы Пане, дапамажы мне», – прасіла Агата. Раптам ударыла яе ў грудзі: «Маліся мацней!»
«Літасцівы Пане, уратуй нашых дзяцей!»
І тут Агаце здалося, што яна чуе шэпт: «Шукай гандлярку...»
Агата пабегла! Яна зноў углядалася ў абліччы, але больш усвядомлена. Спачатку яна западозрыла гандлярку зёлкамі. Але наблізіўшыся і пабачыўшы на твары абыякавасць, паспяшалася далей. Затое гандлярка прысмакамі ва ўсю расхвальвала свой тавар. А паглядзець было на што: пірожныя з сочывам, вішнёвыя пірагі, шакаладныя вафлі і шмат яшчэ якой радасці для ласуноў. Але найбольш увагу прыцягвалі пернікі: залаціста-карычневыя, прыгожа аздобленыя, розных форм і памераў.
Грукнула сэрца – маці пачала назіраць за старой. Добразычлівасць нібы сіверны вецер змёў:
– Прэч! Не чапайце слодычы рукамі!
Агата зразумела ўсё: у аднаго пернікавага чалавечка засталася глазуровая слязінка. Схапіўшы яго разам з суседнім, панеслася яна да касцёла, дзе ў той час цэлебравалася Святая імша. Агата прачытала «Ойча наш» – і вось хлопчыкі ўжо абдымаюць яе. Прыбегла Ганна, якая, пабачыўшы сына, заплакала.
– Дзеткі, тое была страшная Грызэль, аб якой мы вас папярэджвалі.
– Але вы не казалі, што яна можа выглядаць такой добрай бабуляй, – зарумзалі спужаныя Янка і Міхась.
– Таму, – скончыла свой аповед Аксана, – будзьце пільныя, не бярыце нічога ў незнаёмцаў: ні кацянят, ні прысмакаў. Гэта можа быць смяротна небяспечна.
Калядная казка
У зацепленай зале стаяла ялінка. Яе ўпрыгожвалі валоскія арэхі, цукеркі, свечкі і картанажы1. На вяршыні паблісквала бэтлеемская зорка. Над камінам віселі паласатыя шкарпэткі. Яны былі такімі вясёлымі і смешнымі, што сумнявацца не выпадала: кожны з трох дзяцей атрымае цудоўныя падарункі.
Але трынаццацігадовай Касі нічога не хацелася. Верш не ствараўся, свята не хвалявала, як раней. Нуда апавіла сэрца.
За ёй назіраў злы чараўнік. Дакладней, ён не быў злым, хутчэй наравістым. Яму не падабалася, калі дзеці пакутавалі ад суму.
Раптам Кася, якая чакала бацькоў з гасцей, здзіўлена паглядзела на гадзіннік. Ёй падалося, што стрэлкі перашэптваліся паміж сабой. Бум! Пачало адбіваць дванаццаць удараў. Бум! Бум! Бум!
Кася не заўважыла, як сцены расталі і яна апынулася на караблі падчас шторму. Замест лёгкай шаўковай сукенкі – кашуля, замест залатога тарканка – хустка. Яе скура набыла колер медзі, ад чаго зялёныя вочы яшчэ больш пазелянелі.
– Капітан! Яно набліжаецца! – крыкнулі Касі.
– Дзе? Што?
Калі Кася пабачыла, ШТО яе сэрца напоўнілася страхам. Пачвара цягнула свае жахлівыя шчупальцы да карабля. Нельга чакаць! Кася палезла ў «вароніна гняздо».
– Капітан, куды Вы?
– Закладвай налева! Трэба трапіць да яго як мага бліжэй!
Карабель закруціўся, бы кола, яго хваляй вынесла амаль у пашчу велізарнага васьмінога. Кася прыладзілася, выцягнула свой нож і кінулася наперад. Трапіла пачвары між вачэй! Зашугала, пачвара з выццём уплывала. Кася звалілася на палубу і страціла прытомнасць.
Ачомаўшыся, пабачыла, што сядзіць у той жа зале з ялінкай, у мокрым адзенні і з хусткай на галаве. Гэта была каюта капітана, за сценамі якой узмацнялася бура. Раптам з гадзінніка замест зязюлі вылезла галава са злым вокам. «Не сумуй, дзяўчо!» – прахрыпела галава. Стрэлкі шалёна закруцілася. Той жа твар глядзеў праз акно ў пакой: «Не сумуй, дзяўчо!»
Кася апрытомнела. На ёй была ружовая сукенка. Да дома пад’ехала карэта.
– Мама! Тата! Што я вам раскажу!!!
– А мы табе нешта прывезлі, – сказаў тата, працягваючы ёй вялікую шакаладку ў папяровай абгортцы і ліст.
У канверце Кася знайшла верш, які спрабавала напісаць увесь вечар.
«Не сумуй, дзяўчо! Каляды блізка!»
Хочаш дапамагчы часопicу?
-
Часопіс Мінкульт пераехаў у Вільню, і цяпер плануе выдаваць тут неверагодна цікавыя тэксты, апавяданні, назіранні і гісторыі! Запрашаем пісменнікаў на супрацоўніцтва! нам цікавыя празаічныя тэксты: мастацкая проза, п'есы, інтэрвію, нарысы.