Вінцэсь
Мудроў

VM

Беларускі празаік і журналіст. У 2-й палове 1970-1980-х актыўна займаўся капіраваннем і распаўсюджваннем забароненай у СССР літаратуры. Лаўрэат прэміі часопіса «Крыніца» (1998), Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2010), Трэцяе месца Прэміі Гедройца (2014) за зборнік апавяданняў «Багун».

Халхінголка

Прымацаваўшы падшлемнік, Кастан нацубіў каску на галаву, падышоў да люстра і не пазнаў сябе. На яго глядзеў сапраўдны эсэсавец. Дарма, што замест чорнага мундзіра на ім была саколка з выявай Мікі Маўса. Адкінуўшыся крыху назад, Кастан пстрыкнуў пальцам па метале і пачуў глухі зык. Штальхельм М-40. Шэсцьдзесят гадоў на гарышчы адваляўся. Працёр шчаўевай кіслатой – і стаў як навюткі. Можна было не фарбаваць.

Кастан задаволена пацёр рукі, паставіў «штальхельм» на паліцу, поруч з шыхтом адрэстаўраваных нямецкіх касак, і злёгку спахмурнеў. Трэба выпраўляцца ў Маскву, а ехаць не хацелася. Свойчас каскі сплаўлялі на «Беларусьфільм». Грошы там плацілі невялікія, але затое не трэба было за свет перціся. Але цяпер кінастудыя фільмы пра партызан не здымала, таму і даводзілася збываць адрэстаўраваны рыштунак у Маскве ды Піцеры.

У кішэні перапэцканых фарбай і прапаленых кіслатой нагавіц казытліва зумкнуў мабільнік. Хтосьці «кідаў глушца» – набіраў нумар і адразу ж адключаўся. Кастан дастаў тэлефон, зірнуў на асветлены экран. Зрэшты, ён і так ведаў: званілі мальцы з Ясіновікаў.

– Ты, Дадон? – пераселым голасам выгукнуў Кастан і адкерхаўся. – Ну, што там у вас?

– Шэф, Сява нямецкі крыж падняў, – ясіновікаўцы мелі звычку называць Кастана шэфам, – у жалезным футарале.

– Першага ці другога класа?

– А ... яго ведае, – мацюкнуўся ў адказ Дадон і пасля паўзы дадаў: – А я медаль знайшоў. Здаецца, срэбны.

– І што на ім напісана?

– Штосьці па-нямецку, але не разабраць. А на самім медалі нейкія вароты, ці нешта такое...

– Відаць, «За ўзяцце Парыжа», – прамармытаў шэф.

– Ну яшчэ гузікаў дзясятак паднялі, пару жэтонаў...

– Ладна, не па тэлефоне, – абарваў Кастан суразмоўцу і сцішана прамовіў: – Папярэдзь Сяву: у нядзелю аб адзінаццатай буду ў вас.

Адкапаным у зямлі хломаздам Кастан займаўся на пару са стрыечным братам. Братан насіў дзіўнае імя Лаўрысцін і быў інвалідам: служыў у Афгане і ў самым пачатку службы ўзбіўся на душманскую міну.

Небараку адарвала ступак на правай назе, і дахаты вярнуўся на мыліцах. Добра яшчэ, бацька іхны працаваў інжынерам на гадзіннікавым заводзе. Уладкаваў у свой цэх гравёрам. Там Лаўрык і набіў руку, і пасля таго як завод загавеў душою, зладзіў у бацькавым гаражы саматужную майстэрню. Рамантаваў гадзіннікі, літаваў старыя медніцы, давялося нават царкоўнае начынне рэстаўраваць па замове папа Яўлампія. А аднойчы яны ехалі ў машыне і ўбачылі ў прыдарожнай канаве іржавую нямецкую каску. Кастан яе і прыхапіў, прапанаваўшы брату давесці да ладу. Лаўрык спачатку махнуў рукой, але потым знайшоў недзе пацёхканы атлас з намаляванымі каскамі ды ўзяўся за працу. Першы «штальхельм» атрымаўся – вачэй не адарваць. Як новы. З падшлемнікам, рэменем і эсэсаўскай познамкай на баку. Здалі аднаму паляку за добрыя бабкі. А наступным днём, ад самай раніцы, Кастан завёў легкавік і паехаў па навакольных вёсках шукаць тыя самыя каскі. Набываў у дзятвы за шакаладзіну ці ў мужыкоў за пляшку «чарніла». А неўзабаве падбіў мясцовых п’яніц на «археалогію» – старыя траншэі ды нямецкія могілкі раскопваць. Братан тым часам налаўчыўся нямецкія рэгаліі аднаўляць, а потым і падробкі стаў гнаць: падрабляў алюмініевыя спражкі. І так спраўна, што адмыслоўцы не маглі падкапацца. Толькі аднойчы ў Маскве, на Ізмайлаўскім кірмашы, падышоў адзін сівагаловы дзядзька, зірнуў праз павелічальнае шкло на спражку і з уздыхам прамовіў: «Фуфло».

«Пад сядлом» у іх было пяць чорных капальнікаў. Сява з Дадонам, якія жылі ў вёсцы Ясіновікі, самыя актыўныя. У трох кіламетрах ад вёскі ваеннай парой месціўся нямецкі палявы лазарэт, поруч пахаванні, так што мальцам было дзе разгарнуцца. Сява з Дадонам за пляшку гарэлкі гатовыя ўвесь Азярышчанскі раён перакапаць. Надоечы ля руінаў царквы папоркаліся. Раскапалі сярод ночы магілу святара і срэбны крыж паднялі. Сярэдзіна дзевятнаццатага стагоддзя! А галоўнае, выдатна захаваўся. Эмаль, праўда, сям-там аблупілася. Звычайна Кастан усе знаходкі аддаваў Лаўрыку, а вось крыж вырашыў заныкаць. Такія рэчы ў Маскве і без рэстаўрацыі возьмуць.

Менавіта пра крыж і думаў Кастан, едучы нядзельным ранкам у Ясіновікі. А яшчэ маракаваў – ці не заныкаць заадно і Жалезны крыж, які знайшлі ясіновіцкія «археолагі». Калі ў добрым стане, можна таксама без рэстаўрацыі здаць. Праўда, кошты на іх апошнім часам збілі: фуфлагоны налаўчыліся падрабляюць.

Кастан быў у гуморы, і толькі адно псавала настрой: яго абганялі нават нямоглыя «жыгулі». Ды і не дзіва: дабіў машыну на вясковых праселіцах, і цяпер з яе больш за дзевяноста кіламетраў не выціснеш.

«Грошы за папоўскі крыж дахаты не павязу. Пакладу ў маскоўскі банк. На чорны дзень», – падумаў Кастан якраз у той момант, калі звонку паўстаў дарожны ўказальнік з надпісам «Ясіновікі 5». «Мэрс» скаціўся з асфальту, наехаў з разгону на калдабан, і летуценныя думкі вылецелі з галавы.

У саму вёску заязджаць не стаў: загнаў машыну ў прыдарожныя кусты. Не хацелася лішні раз патрапляць на вочы вяскоўцам.

Па старой завядзёнцы ён сустракаўся з «падначаленымі» на ўскраіне вёскі – каля лазні крайняй ясіновіцкай хаты. Разгоністым крокам Кастан рушыў у бок лазні і здалёк убачыў Дадона – мядзведжага выгляду боўдзілу з гламаздаватай, бобрыкам стрыжанай галавой. Аднак ягонага напарніка Сявы – хударлявага, з даўгімі, як у папа Яўлампія, пэцаламі – не было бачна.

– Дзе Сява? – запытаўся Кастан, калі яны парукаліся. – Зноў напіўся?

Замест адказу Дадон шморгнуў носам.

– Ну а дзе тавар? – у голасе Кастанавым прагучалі ноткі незадаволення.

Дадон з летуценнай павольнасцю, нібыта шукаючы сярод травы той самы тавар, панурыў вочы і не зусім цвяроза пралепятаў:

– Нічога няма, шэф. Учора ўсё здалі.

– Здалі? Каму? – гэтым разам у голасе шэфавым гучала лёгкая паніка.

– Каму-каму... бандосам, – паныла азваўся Дадон. – Прыехалі на джыпе з маскоўскімі нумарамі. У іх, відаць, і пісталеты за пазухай. Як тут не здасі.

Галава ў Кастана закружылася, а ў вушах нарадзіўся замарачны шум.

– А як на вас выйшлі?

– Ды як... Сява патэлефанаваў па аб’яве. Аб’ява была ў газеце: «Набываем старыя рэчы». А на тэлефоне іхны чалавек сядзеў. Вось і заявіліся.

– Ну ўсё, хана табе, Сява! – Кастан ляпнуў кулаком па далоні, і Дадон, азірнуўшыся, сцішана прамармытаў:

– Яшчэ невядома, каму хана. Сява ім пра крыж распавёў. Ну... які ля царквы адкапалі. Так што яны і табой зацікавіліся. Зараз па раёне гойсаюць. Цяпер у Азярышча паехалі некага трэсці.

Заклаўшы рукі за спіну, шэф нервовым крокам, як Ленін у кастрычніку, прайшоўся да лазні і вярнуўся назад. Надарылася тое, чаго яны з братам заўсёды баяліся: расейскія бандосы вырашылі накласці лапу на іх бізнес.

– І што, усё забралі? – спытаў нарэшце Кастан, прычым проста так, каб нечым заняць самлелы язык.

– Халхінголка засталася. У маёй цёткі на печцы ляжыць. Даўно хачу аддаць, ды ўсё забываю.

Халхінголка – даваенная, падобная на пажарную, каска з грэбнем на макаўцы – сустракалася даволі рэдка. Сталь тонкая, іржа раз’ядала каску дарэшты. Толькі адну і знайшлі. Старая бабця ў ёй хатнія кветкі гадавала. Аніяк не хацела аддаваць. Гэта ўжо як гаршчок прывезлі з дэкаратыўным кашпо – тады аддала.

Кастан шыбаваў па вёсцы, нібыта ветрам гнаны, ловячы ліхаманкавым позіркам рухавыя мыскі сваіх зношаных чаравікаў і маракуючы – як адбіцца ад бандосаў.

– Гэта ўсё Сява, – прабачальным тонам мармытаў Дадон, паспяваючы за шэфам. – Цэлы год скуголіў, што ты нам не даплачваеш.

– Ну а бандосы хоць заплацілі?

– Заплацілі! Далярамі! – жвава адгукнуўся Дадон.

– Заплаці-ілі... даля-арамі... – перадражніў суразмоўцу Кастан. – Замятуць вас каля абменніка, тады мяне згадаеце. Баксы няйначай фальшывыя.

– Ды я ніжэй травы... гэта Сява шукае прыгод. Кажу яму: сядзім ціха, а то і сапраўды замятуць за тыя раскопкі. Днямі ўчастковы з Азярышча прыязджаў. Пытаўся – хто там ля царквы поркаўся.

Дадонава балбатня не давала засяродзіцца на ўласных думках, таму Кастан незадаволена страсянуў галавой, і далей ішлі моўчкі.

Хата, у якую ўбіліся, была беднай і цёмнай. Гаспадыня – сухарлявая, падобная на мумію, бабуля – ляжала на ложку і нават не зварухнулася, пабачыўшы гасцей.

– Восемдзесят сем стукнула, – паведаміў пляменнік, кіўнуўшы на цётку. – Мой бацька маладзейшы, а немаведама калі памёр, а гэтая ўсё вохкае ды свет смуродзіць.

Кастан дакорліва перакрывіўся, маўляў, не варта казаць такое пра родных людзей, і суразмоўнік з вясёлым смяшком патлумачыў:

– Ды яна як пень глухая. Нездарма Цецярухай клічуць. Чуе толькі, калі ў вуха гракнеш.

Узлезшы на ўслон, Дадон пашнарыў рукой на печы і выцягнуў прапыленую каску. Дзьмухнуў, адчайдушна чхнуў і стаў хуценька мыць пад рукамыйнікам.

Халхінголка лагодзіла позірк. Нават падшлемнік захаваўся. Толькі тканіна спарахнела. Кастан правёў пальцам па грэбні – фарба ў тым месцы крыху аблезла.

– З вайны на печы ляжыць, – Дадон пачухаў стрыжаную макаўку ў спадзеўцы адразу ж атрымаць грошы за тавар.

– А хто яе туды паклаў?

Дадон перахапіў каску, падышоў да ложка і, пастукаўшы па халхінголцы косткамі пальцаў, крыкнуў цётухне на вуха:

– Тут чалавек прыйшоў. Пытаецца – хто яе на печку закінуў?

Цётухна адарвала галаву ад падушкі, улякнута глянула на госця.

– Йоп... каска, кажу... – пляменнік пхнуў халхінголку цётухне пад нос, – адкуль узялася?

– Дык гэта ж шапка такая жалезная. У вайну насілі, – зацкаваным голасам азвалася старая.

– А чыя яна? – гракнуў пляменнік, ды так, што ў Кастана зазвінела ўвушшу.

– Галапупенкі. Салдат гэта, акружэнец. Аднекуль з Украіны. Прыбіўся да маёй маткі. Амаль два гады ў нас жыў. А потым, ноччу, партызаны прыйшлі. Кажуць: альбо ідзеш з намі, альбо мы цябе прыстрэлім. Ну і пайшоў. Матка па ім усю ноч галасіла. І шапку жалезную ўсё жыццё берагла, думала, той прымак вернецца.

– А як ён да вас прыбіўся? – запытаўся Кастан, і Дадон гучна паўтарыў пытанне.

– Ды як... вайна пачалася, міма нашай хаты салдаты ішлі... чырвонаармейцы. Страшныя, галодныя... Галапупенка гэты да нас і забег. Есці папрасіў. Матка штосьці ўзялася яму гатаваць, а той як стаяў пасярод хаты, так і грымнуў на падлогу. Думалі, памёр. А ён ад знямогі паваліўся. І як стаў храпці! Аж саганы загулі на чарэні. Мы ўжо і тармасілі, і вадой у твар пырскалі – ані ў знак. А недзе пад вечар матацыкл пад вокнамі залескатаў. Тут ён і прыхапіўся. Кінуўся да вакна, а на двары, ля калодзежа, немцы мыюцца. Памыліся і, па пояс голыя, да хаты пасунулі. А Галапупенка з перапуду ў падмосце сігануў. Потым заўсёды там хаваўся, як немцы ў вёску прыязджалі.

– Ну а што немцы? – разам запыталіся Кастан з Дадонам.

– Хадзілі з кута ў кут, усё рукамі мацалі ды галовамі ківалі. І матцы нешта рукамі паказвалі. Б’юць пальцамі па кулаку, а мы стаім, да смерці перапужаныя, і нічога не разумеем. Аказваецца, прасілі ў печы запаліць ды вады нагрэць – пагаліцца хацелі. Матка ім чыгунок і нагрэла. Пагаліліся, значыцца, з’елі па бляшанцы тушонкі і гарбату сталі піць. І такое ў іх было смакоцце пад гарбату! Топленае масла, з мёдам перамяшанае. Яны і нам, дзятве, далі пакаштаваць... – старая відавочна ўзрадавалася, што знайшліся ахвочыя паслухаць яе байкі, таму, перавёўшы дых, працягвала: – А праз месяц яшчэ адзін салдат прыбіўся. Прозвішча ўжо і не памятаю. Дужа добра на гармоніку граў. Дзеўкі на вячоркі з усяго наваколля збіраліся, каб паслухаць. Гарманіст, праўда, у нас нядоўга жыў. Прыйшлі партызаны і таксама загадалі з імі ісці, а ён адмовіўся. Яны яго і застрэлілі. І гармонік забралі...

«Ну і ваякі, – падумаў Кастан, слухаючы старэчую балбатню, – адзін у падвале сядзеў, другі на гармоніку пілікаў».

За тонкай перабойкай, якая аддзяляла кухню ад святліцы, радасна засквірчэла яечня. Дадон завіхаўся, даючы зразумець, што закусон ужо гатуецца, а грошай на бутэльку ён так і не атрымаў.

Кастан агледзеў халхінголку з усіх бакоў. Каска нагадвала нямецкую. Нездарма ў дзяцінстве, калі глядзелі «кіны», знятыя падчас вайны ў Алма-Аце, увесь час спрачаліся – каго паказваюць на экране: нашых ці немцаў. Бо ў «нашых» на галовах былі халхінголкі. Уздыхнуўшы, Кастан ляпнуў далонямі па сцёгнах, згадваючы, у якой кішэні ляжаць грошы, ды так і замёр у нерухомасці. Пад вакном, узняўшы воблака пылу, спыніўся серабрысты «чэрокі», з якога выйшлі тры бамбізы ў скуранках.

– Яны! – выдыхнуў Дадон, і шэф, імпэтна, нібыта рыхтуючыся да бою, насунуў на голаў каску.

Кастан матлянуўся да парога, але быў схоплены за рукаво.

– Позна, – пралепятаў Дадон, зганяючы нагой убок даматканую дарожку.

З задышлівым крэканнем Дадон узняў люк.

– Сюды!

Папярочына лесвіцы глуха трэснула, і Кастан паляцеў долу, стукнуўшыся патыліцай аб штосьці цаглянае. І хаця на галаве была каска, яго добра-такі аглушыла. Сэрца парывіста білася, глухім звонам адбіваючыся ў вушах. У падмосці панавала апраметная цемра, пранізліва пахла гнілой бульбай і не хапала паветра. Над галавой рыпнулі масніцы, па іх хтосьці капытліва прайшоўся. Галасы гучалі глуха, няўцямна, і немагчыма было разабраць аніводнага слова.

«Сяджу тут, як Галапупенка, – Кастан рашуча заміргаў вачыма: веі ад вільгаці заліпалі, быццам на марозе. – Той ад акупантаў хаваўся, цяпер і мне давялося. А гэтыя акупанты страшней ад нямецкіх. Бач ты... гойсаюць, нібыта ў сябе дома. Хахлы б ім даўно далі выспятку, а нашы людзі і пікнуць баяцца», – халодны страх у душы паволі саступаў месца палкаму абурэнню.

Грукатлівыя крокі аціхлі. Кастан наструніўся, спадзеючыся, што люк адчыніцца, ды той не адчыняўся.

«Але ж адкуль даведаліся, што мы ў глухой Цецярухі?» – мільганула гарачкавая думка, і ў свядомасці ўзнік кудлаты Сява.

– Яшчэ з табой, кудла, сустрэнемся, – уголас прасіпеў Кастан і люк з гнятлівым рыпам прыўзняўся.

– Сказаў, што ты да машыны пабег, – выдаў Дадон, дапамагаючы шэфу выбрацца са спрату.

Хвіліну шэф парывіста дыхаў, потым рушыў да дзвярэй, а ўзяўшыся за клямку, схамянуўся, запусціў руку ў кішэнь і, скамячыўшы колькі цупкіх паперак, тыцнуў іх у Дадонаву далонь.

Кастан бег, убіўшы, як падчас артабстрэлу, галаву ў плечы, а падляцеўшы да машыны, пастукаў нагой па колах – бандосы маглі пракалоць скаты. Зморана налёг на стырно і толькі тады адчуў, што на галаве халхінголка. Ён зняў каску, кінуў на сядзенне, крутнуў нягнуткімі пальцамі ключ запальвання. Нага рашуча прытапіла понаж газу, «мэрс» тузануўся, выехаў на дарогу, і ў тое ж імгненне з-за прыдарожных кустоў яму напярэймы вынырнуў серабрысты джып. Сэрца абарвалася, і рука машынальна паляпала па цёплай паверхні каскі. Маўляў, не хвалюйся, браток, прарвёмся.

Першым з джыпа выскачыў Сява. Ён і сапраўды быў падобны да айца Яўлампія, якому Лаўрык зрабіў масянжовы крыж і які, замест таго каб заплаціць за працу, перахрысціў брата і гамзатым казлятонам праспяваў: «И воздастся нам за грехи наши». Кастан яшчэ раз паляпаў па касцы і з усведамленнем таго, што яго зараз будуць біць, вылез з машыны.

Хочаш дапамагчы часопicу?

Андрэй Пакроўскі