Карная экспэдыцыя
Аднойчы мы вырашылі ўсё ж сабрацца і пакараць Жэрдачку.
За што, мы і самі ўяўлялі даволі цьмяна. Але той Жэрдачка заслугоўваў пакараньня, я вам гавару. Можа, за свой чырвоны шалік – такіх шалікаў ва ўсім раёне ніхто не насіў. Калі Жэрдачка выходзіў у сваім шаліку, усім было ясна: ён яго не таму начапіў, што на дварэ сабачы холад і ў нас машыны не заводзяцца. А таму, што ён выгульвае гэты свой фацэтны шалік, рыхтык пудзеля. Я вам гавару, чырвоны і дужа мяккі шалік – такі, ведаеце, быццам голас у тэлефоне, які кажа, што табе націснуць: краткі або зорачку. Мы заўжды мацалі гэты шалік, калі сустракалі Жэрдачку, мацалі з розных канцоў, а ён стаяў і чакаў, пакуль мы нагуляемся.
А можа, яго трэба было пакараць за тое, што Жэрдачка меў чорныя зубы і ўсе яго любілі. Чалавека, у якога чорныя зубы, ніхто ня мусіць любіць, ён павінен пачувацца няшчасным, непаўнавартасным, насіць на шыі сваю адзіноту, а ня нейкія там яркія шалікі, – я вам гавару. А гэты гадамі хадзіў сабе з чорнымі зубамі – і хоць бы што. Яшчэ і ўсьміхаўся нам пры сустрэчы: ва ўвесь рот, з усёй вышыні свайго паліто, якое ён ніколі не зашпільваў.
Хаця што я вам кажу: мы ж не дурныя, каб караць дарослага мужчыну за паліто, чырвоны шалік або чорныя зубы. Усё гэта проста сымбалі, знакі чагосьці іншага. Я вам гавару. А мы ня тыя людзі, каб весьці барацьбу з сымбалічным. Проста мы за справядлівасьць. А справядлівасьць – гэта было не пра Жэрдачку. Проста было ў ім нешта такое… Ну, вы разумееце. Што немагчыма было далей трываць.
Карацей, з Жэрдачкам трэба было тэрмінова нешта рабіць.
І тады мы сабраліся на рагу вуліцы: я, Пень і Драпеза. Холад быў сабачы, і мы нацягнулі на сябе ўсё, што маглі, Пень нават калготкі пад штаны надзеў, хоць і не прызнаваўся, – але мы заўважылі, пасьмяяліся зь яго: «Пянёк у панчохах», але ўпотай, канешне, пазайздросьцілі. У Драпезы быў з сабой вялікі пісталет, і калі мы стаялі там, на рагу, ён пастрэльваў па мінаках: труп, труп, труп. Нейкая баба яму заўвагу зрабіла, але потым паглядзела на нашыя насупленыя твары, зразумела, што мы мужыкі сур’ёзныя, і пабегла ад бяды падалей.
«Ну што, – сказаў я, бо быў старэйшы ў нашай бандзе. – Я лічу, што трэба пакараць Жэрдачку. Каб надоўга запомніў, што так нельга».
Усе са мной пагадзіліся, бо мы ўжо месяц – я вам гавару! – не маглі ні пра што іншае думаць, толькі пра гэтага Жэрдачку і пра тое, як яго пакараць. Мы былі настроеныя так рашуча, што ў нас ажно сьліна пацякла па падбародзьдзях, асабліва ў Драпезы. Падумаць нам было пра што. Мы ведалі, што, каб кагосьці пакараць, трэба даведацца, што для яго самае дарагое. Толькі так можна зрабіць некаму па-сапраўднаму балюча. А нам хацелася, каб Жэрдачка адчуў праўдзівы, моцны, пякучы боль. Такі, каб ён заплакаў і сказаў: я няшчасны і адзінокі чарназубы гаўнюк. Але дзе ў людзей захоўваецца самае каштоўнае і дарагое? Вядома, дома. Там, дзе яго можна ў любы час пагладзіць, дзе ім можна палюбавацца ўдалечыні ад чужых вачэй.
І вось мы пайшлі грэцца і караць Жэрдачку. Мы ведалі, дзе яго дом, дзе жыве гэтая гнілазубая тварына. Прыйшлі да ягонага пад’езду і агледзеліся. Жэрдачка быў дома – мы бачылі, што ў ягоных вокнах на трэцім паверсе гарыць сьвятло, і ён там, напэўна, у цеплыні і спакоі любаваўся і гладзіў сваё самае дарагое. Мы пастаялі крыху, патупалі, пакідаліся адзін у аднаго камякамі замерзлай зямлі. Але з пад’езду ніхто не выходзіў. Тады Пень стаў каля дамафону, Драпеза залез яму на сьпіну, а я ўскараскаўся на Драпезу і пазваніў.
Спачатку ніхто не адгукаўся. Пень над намі жаласьліва крактаў, а ў Драпезы сьпіна была такая круглая, што я ўвесь час зь яе спаўзаў і хапаўся за ягоныя вушы, каб ня ўпасьці. Я зь нянавісьцю ўяўляў сабе Жэрдачку: чамусьці ў купальным халаце. Вось ён стаіць перад люстэркам, увесь разамлелы ад свайго самага дарагога, расчырванелы і чысты, як вымытая перад духоўкай курыца. І тут ён чуе званок дамафону, усьміхаецца, ён чакае гасьцей, ён наўмысна да іх прыходу памыўся, пагаліўся, валасы ў носе пастрыг, надушыўся пад пахамі чырвоным і мяккім водарам. Ён нясьпешна ідзе адчыняць праз усю сваю вялікую кватэру, праз усе свае прасторныя пакоі, ногі ўтапаюць у дыванах… (Хаця я ведаў, што ў гэтым доме адны двухпакаёўкі, аднак ня мог сабе ўявіць, каб Жэрдачка жыў у такой цеснаце.)
«Няма яго, – выціснуў зь сябе Пень. – Давайце заўтра? А?»
І тут у дамафоне пачуўся шоргат і тонкі голас Жэрдачкі спытаў:
«Гэта ты, мая Немінучасьць?»
«Так, ты ўгадаў, – адказаў я нарасьпеў. – Адчыняй».
«Які ў цябе дзіцячы голас», – прамовіў Жэрдачка зь нейкай дзіўнаватай інтанацыяй. Але адчыніў. Я вам гавару – ён спакойна адчыніў нам, ні пра што не падазраючы.
Мы падняліся на трэці паверх і паторгалі за ручку. «Іду, іду», – стомлена сказаў голас Жэрдачкі – і вось ён ужо стаяў на парозе. Зусім не ў купальным халаце, а ў агіднай кашулі і чорных штанах, зарослы шчэцьцю і з насмаркам, што няўлоўна ўгадваўся ў рысах ягонага чырвонага твару.
«Добры дзень, – сказаў ён зьдзіўлена. – Вы куды?»
Але мы не зьвярнулі на яго ўвагу і без усялякіх цырымоній прайшлі ў кватэру, абмінуўшы гэтыя даўгія ногі і з пагардай зірнуўшы на паліто, якое зьвісала зь нізкай вешалкі амаль да падлогі. Пень нават плюнуў на гэтае паліто, і мы з надзеяй зірнулі Жэрдачку ў твар – але ён ніяк не адрэагаваў, толькі ўздыхнуў, выцер харкаціньне анучкай і рушыў за намі.
Мы не сьпяшаючыся разьмясьціліся ў ягонай цеснай залі, застаўленай кнігамі так, што – я вам гавару! – не зусім зразумела было, як тут можа сядзець сам Жэрдачка зь ягонымі бусьлінымі лапамі. Так, вакол былі кнігі і розныя скрынкі. Тут і для нас месца не хапала. Я ўладкаваўся на невялікай канапе, падклаўшы пад сябе падушку і злавесна закінуўшы нагу на нагу, Драпеза залез на пісьмовы стол, скінуўшы на падлогу паперкі, якія там ляжалі, а Пень загарадзіў сабой дзьверы, упёршыся ў іх локцямі. Жэрдачка так і застаўся стаяць пасярод пакоя, не наважваючыся прысесьці. Ён склаў на грудзях рукі і пакорліва чакаў нашага суду.
Мы маўчалі, грэліся і думалі, як жа яго пакараць.
«Можа, вам какавы зрабіць гарачай?» – прапанаваў Жэрдачка, мільгаючы сваімі чорнымі зубамі і з надзеяй паглядваючы ў бок кухні.
«Ну зрабі, – дазволіў я літасьціва пад запытальнымі позіркамі Пня і Драпезы. – Толькі цукру паболей. Холад сабачы, у мяне сёньня машына не завялася».
Жэрдачка паслужліва кінуўся на кухню, як афіцыянт.
«Глядзі, што я знайшоў, – сказаў Драпеза і выцягнуў аднекуль чырвоны шалік. – Можа, яго таго, а?..»
І ён шматзначна паглядзеў на нас. Я ўзяў у яго канец шаліка, мяккага, як валасы маёй маці, і чырвонага, як аксамітнае дно яе куфэрачкаў.
«Гэй, Жэрдачка! – паклікаў я ўладна, і ён вызірнуў з кухні. – Глядзі, што мы знайшлі!»
І я на ягоных вачах парэзаў гэтае дзіва нажніцамі для паперы, а потым засунуў кавалкі шаліка сабе ў штаны. Было прыемна і козытна. Жэрдачка зморшчыўся, заплюшчыў вочы, але паціснуў плячыма і зноў схаваўся на кухні, бразгаючы там лыжкамі. Я дастаў ашмецьце са штаноў і высмаркаўся ў яго, а потым кінуў на падлогу.
Значыць, усё ж ня шалік быў для Жэрдачкі самым дарагім. Але што? Я абводзіў вачыма цесны паўцёмны пакой, уключыў лямпу. Як жа нам пакараць Жэрдачку? Пень, быццам чытаючы мае думкі, пачаў нагой сшыбаць кнігі і скрынкі, накрыўкі зьляталі лёгка, як капелюшы, са скрынак сыпаліся нейкія фатаздымкі, капэрты, каменьчыкі, выцьвілыя каляровыя стужкі, старыя дыскеты, фенечкі, пігулкі… Шмат, шмат пігулак і каляровых флякончыкаў. Гэты Жэрдачка, напэўна, наркаман, падумаў я. Столькі лекаў – ды ў яго столькі ня ўлезе. Пень з задавальненьнем таптаў усё гэта, катаў па падлозе, яму заўжды падабалася рабіць гармідар дзе толькі можна. Жэрдачка пазіраў на ўсё гэта з кухні, адкуль смачна пахла какавай, і гнятліва ўздыхаў. А Драпеза тым часам страляў са свайго вялізнага пісталета па фатаграфіях у рамках, якімі былі завешаныя ўсе сьцены: труп, труп, труп!
Урэшце Жэрдачка вынес на падносе тры кубкі і падсунуў да канапы нізкі столік. Мы шматзначна паглядзелі на яго – і ён уручыў кожнаму з нас какаву. Трымаць кубак было нязручна, такі ў Жэрдачкі дома быў вялікі посуд. Я дык сваю какаву ледзь не разьліў – але не таму, што ня мог яе ўтрымаць, а таму што дзьверы суседняга пакоя адчыніліся і адтуль выйшла незнаёмая нам жанчына. Такая прыгожая, як мая мама, – я вам гавару!
«Ад вас так кепска пахне, – сказала яна, уважліва агледзеўшы кожнага з нас. – Я ажно прачнулася ад гэтага смуроду. Вы што, ня мыецеся перад тым, як выходзіць з дому?»
Драпеза схаваўся за падушкамі, а Пень ажно папярхнуўся. А я зьняў з галавы вязаную шапачку, у якой з самага пачатку так і сядзеў, каб паказаць Жэрдачку сур’ёзнасьць нашых намераў, – сам ня ведаю, чаму я яе зьняў, але шапачка пякла мне макаўку, як быццам туды какавы налілі.
«Зрабі і мне какавы, – папрасіла жанчына Жэрдачку ўладным голасам, і ён зноў пашыбаваў на кухню. – Толькі бяз цукру. І тост з маслам і мёдам, вялікі, ну, ты ведаеш».
Яна пайшла на сярэдзіну пакоя і спынілася, строга і няўхвальна разглядваючы нас. Яна была зусім не такая высокая, як Жэрдачка, але падавалася, што ён быў ёй па плячо. У такой шалік на вуліцы не памацаеш, падумаў я, робячы вачыма адчайныя знакі Драпезу – ён быў адзіны з нас, хто меў зброю. Жанчыну трэба было загнаць назад, хай і пад дулам пісталета, бо яна замінала нам вяршыць справядлівы суд і наогул была тут зусім недарэчы.
«Калі ў мяне былі сыны, я ніколі не дазваляла ім выходзіць з дому непамытымі», – прамовіла жанчына, спыніўшы свой позірк на маіх пазногцях. Я засунуў далоні пад плед, робячы выгляд, што мерзну. Какава стаяла на століку і, напэўна, зусім ужо астыла. Пень сеў на падлогу і калупаў пальцам нейкую ракавінку. А Драпеза ніяк не хацеў заўважаць маіх знакаў, ён сядзеў і глядзеў на гэтую ўладную жанчыну, як загіпнатызаваны. І я яго разумеў: гэтыя доўгія валасы, гэтая сукенка, уся сшытая з тонкіх складак, гэтыя вусны, якія крывіліся ў горкай усьмешцы. І вочы, якія гарэлі спакойным і маркотным сьвятлом, ад якога мне рабілася ўсё больш няўтульна. Але я не зьбіраўся здавацца і з усяе моцы трымаў яе позірк. Нам няма чаго было саромецца, мы прыйшлі пакараць Жэрдачку, бо ён заслугоўваў пакараньня.
«Вы яго сябры? – спытала яна хутчэй у мяне, чым ва ўсіх. Здагадалася, што я тут старэйшы. – Ён пра вас ніколі не расказваў».
«Мы прыйшлі да Жэрдачкі, каб яго пакараць!» – раптам сказаў хрыпатым голасам Пень і пачырванеў.
«Пакараць? – выцягнула яна прыгожыя вусны, у тысячу разоў прыгажэйшыя, мякчэйшыя і лагоднейшыя, у тысячу разоў больш нахабныя за той чырвоны шалік, рэшткі якога валяліся на падлозе. – За што?»
Я паціснуў плячыма.
«І што вы тут нарабілі, у гэтым доме? – працягвала яна, абвёўшы рукой учынены намі беспарадак. – Я заўжды вучыла сваіх сыноў, каб яны самі прыбіралі свае рэчы. І яны запомнілі, што, калі гэтага не рабіць, усё ў жыцьці так і будзе: як раскіданыя па цёмным пакоі цацкі…»
Жэрдачка прынес ёй какаву і тост, любоўна намазаны маслам і мёдам, і цяпер яна ела ўсё гэта і піла, і Жэрдачка глядзеў на яе і любаваўся. І мы таксама сядзелі і ня рухаліся, заварожана гледзячы, як яна адкусвае залаты тост.
«Як жа вы хацелі яго пакараць? – спытала яна, даеўшы і аблізаўшы пальцы. – Вы такія маленькія і тоўстыя, ад вас так кепска пахне – хіба вам прыйшло ў галаву, што кагосьці можна па-сапраўднаму пакараць, толькі дакладна ведаючы, што для яго самае дарагое?»
Яна абняла Жэрдачку за плечы, і ён распрастаў іх, і адразу стаў яшчэ вышэйшы. Горда і крыху тужліва ён глядзеў на яе валасы, на яе маленькае вуха, на яе голую шыю, дзе жыла блакітная жылка, і яны былі так далёка ад нас, што мы пачалі падскокваць на сваіх месцах, як мячыкі, якія ніяк ня могуць узьляцець, каб трапіць на той бок сеткі, або як пацучкі перад навальніцай. А наш малы недарэка Пень абняў жанчыну за нагу і соладка прымружыўся, быццам над ім гучала калыханка. Я вам гавару – Пень, наш дурнаваты Пянёк, самы малады з нас, абняў яе за тонкую нагу пад мяккай тканінай, а мы глядзелі на ўсё гэта і на душы ў нас быў такі неспакой, што хацелася схавацца пад пледам і жыць там, не выходзячы больш на сьвятло.
Мы б, мабыць, так і зрабілі, але Жэрдачка і жанчына раптам расчапілі свае абдымкі, і Пень пакаціўся ў кут. А я ўспомніў, навошта мы сюды прыйшлі, і ў ва мне змагаліся сорам і страх. Сорам за сябе, за сваю няздольнасьць давесьці пачатае да канца, бо хто ж яшчэ пакарае Жэрдачку, як ня мы. І страх перад гэтай жанчынай, якая, як мне падавалася, спапяліць усё, што яе не паслухаецца. Хаця я адчуваў, што насамрэч яна толькі ўдае, што спакойная. Ва ўсялякім разе, мы былі ня самай важнай падзеяй ні ў яе жыцьці, ні ў яе сёньняшнім дні. Па-мойму, яна нават забылася на нашае існаваньне. Жэрдачка і яна часам беспакойна пазіралі ў калідор – і я быў адзіны з нашай банды, хто гэта заўважыў. Цяжка быць старэйшым і вяршыць суд. Цяжка быць справядлівым, калі з табой размаўляюць такім строгім голасам.
«Вы дапілі сваю какаву? – спытала жанчына, заклапочана агледзеўшы нас, быццам бачыла апошні раз. – Тады, я думаю, вам самы час сыходзіць. Мы чакаем гасьцей, і я ня думаю, што вам варта зь імі сустракацца».
«Па-твойму, яна прыйдзе не адна?» – спытаў у яе Жэрдачка і нахіліўся, расстаўляючы на месцы кнігі і зграбаючы ўвесь свой друз у скрынкі.
«Не палохай іх, – сказала яна Жэрдачку, кіўнуўшы ў наш бок. – Вядома, адна. Але ім ня варта тут заставацца, праўда?»
Ён разгублена і нецярпліва паглядзеў на нас. Жанчына падышла да канапы і насунула на маю галаву шапку, а Пню паправіла калготкі.
«Вам трэба сьпяшацца, – сказала яна і лёганька падштурхнула мяне ў шыю, як самага старэйшага. – Бяжыце ўніз і не азірайцеся, бо я адчуваю, што яна ўжо тут».
«Хто?» – спытаў Драпеза, і вусны яго задрыжалі. Жанчына схапіла пісталет і засунула яму за пояс курткі.
«Здаецца, гэта тваё. Не забудзь».
Мы пайшлі да дзьвярэй, але рухаліся зусім ня так хутка, як яна хацела. Пень зачапіўся рукавом за ручку і давялося яго вызваляць. А ў мяне, як назло, разьвязаўся матузок. Яна сказала, што іхная госьця ўжо тут. І ад гэтага слова нам стала настолькі не па сабе, што не хацелася нікуды выходзіць, а хацелася залезьці пад канапу і сядзець там ціха, як пацучкам. Але рэчы ня слухаліся, рэчы чапляліся за гэтую дзіўную кватэру ўсімі сваімі кутамі. Нашыя маленькія рэчы, маленькія рэчы маленькіх і злых людзей, якія хацелі ведаць, так пакутліва хацелі ведаць толькі адно…
«…Хто? Пра каго вы кажаце? – крычалі мы нецярпліва, адчуваючы, як холадна робіцца ў нашых маленькіх жыватах, як жах пранікае ў нашыя кволыя храбты. – Хто ўжо тут? Чаму?»
«Хто? Немінучасьць, – коратка сказала жанчына, выпіхваючы нас з кватэры. – Так, яна ўжо тут. Чуеце? Вам нельга трапляцца ёй на вочы. Мой маленькі, мой сьмешны і злы народзец, дома вас чакаюць мамы і таты, вашыя машыны не заводзяцца на гэтым холадзе, вашыя пясочніцы зусім замяло, вашыя зубы такія белыя, у вас унутры адно паветра, але ёсьць іншы холад, іншы, той, які забівае вас. Хутчэй!»
І мы і праўда пачулі, як нехта ўнізе ўвайшоў у пад’езд, і ўдушлівая хваля жаху адразу ж паднялася да трэцяга паверху і прыціснула нас да сьценаў. Я вам гавару – прыціснула, быццам нехта сеў нам на грудзі. Крокі рабіліся ўсё гучней, крокі і роўнае, як тахканьне гадзіньніка, дыханьне. Але мы не маглі заставацца тут. Я штурхнуў Драпезу, Драпеза тыцнуў пад бок Пня, і ўся нашая тройца кінулася да ліфта, але ён быў намертва заціснуты ў сваёй шахце, ён быў паралізаваны – і нам не заставалася нічога, як пабегчы ўніз па лесьвіцы. Прыкрываючы рукамі твары і моцна заплюшчыўшы вочы, мы беглі па сходах уніз, мы ведалі, што калі нам пашанцуе, мы праскочым міма гэтай белай постаці, якая мільгала між парэнчаў у сіняй аблупленай фарбе. Яна падымалася ўсё вышэй, але мы былі маленькія і злыя, мы не займалі шмат месца, мы былі малыя пацучкі і ведалі, што праскочым. Бо мы не жывем тут. Мы проста хацелі пакараць Жэрдачку, але мы не жывем тут. Так мы скажам Немінучасьці, калі яна нас спыніць. Раз, два, тры. Ніжэй, ніжэй, ніжэй. Патыхнула непрыветнай вуліцай, нашыя ногі знаходзілі прыступкі беспамылкова, як быццам пад імі круціліся пэдалі ровара. Яшчэ ніжэй. Вось ужо цягне холадам, сабачым холадам, белым холадам. Яна падымаецца, яна не трымаецца за парэнчы, яна ідзе проста пасярэдзіне сходаў. І мы бяжым ёй насустрач.
Мы ня бачылі, мы проста адчулі гэта.
Адчулі вейкамі і порамі скуры, адчулі ледзянымі кончыкамі пальцаў і хвастоў. Адчулі, што апынуліся перад самым яе тварам.
Яна спынілася, прапускаючы нас, і мы гурбаю кінуліся пад яе рукой у гэты літасьціва дадзены нам праход. Інакш і здарыцца не магло, бо мы былі ня з гэтага дому і ня з гэтага пад’езду. Мы беглі нахабна і апасьліва, як маленькія пацукі, тупаючы ножкамі, і кожны пасьпеў пачуць, як нехта за нашымі сьпінамі асуджальна і гучна зацокаў языком – мэлянхалічна, мерна і роўна, як вялікае белае сэрца.